змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Міраслаў Кулеба, пераклад: Валеры Буйвал
Старонка 6

            У сьнежні 1929 г. моцныя атрады Чырвонай арміі выцесьнілі паўстанцаў у горы. У траўні 1930 г. расейцы занялі апошні пункт супраціву – Бэной, які пакінулі ўсе жыхары. Масква часова адмовілася ад арганізацыі калгасаў, вывела войскі і абвясьціла амністыю. Калі паўстанцы спусьціліся з гор, супраць іх пачаліся масавыя рэпрэсіі. Кіраўнік руху Шыта Істамулаў быў падступна застрэлены ў кабінэце начальніка мясцовага ГПУ. Тады ягоны брат Хасан арганізаваў новы аддзел, які ваяваў да 1935 г.

            Антысавецкае паўстаньне, якое выбухнула ў гарах у сакавіку 1932 г., чэкісты разграмілі праз два тыдні. Рэпрэсіі ахапілі 3 тысячы чалавек, зь якіх шмат каго расстралялі.

            У 1933 г. выбухнула паўстаньне, якім кіраваў былы бальшавіцкі партызан Ібрагім Гэльдэген. На наступны год ён загінуў ад рук чэкістаў.

            У студзені 1940 г. горы здрыгануліся ад новага паўстаньня супраць камуністычнай улады. Яго кіраўнікамі былі юрыст Майрбэк Шэрыпаў, брат славутага бальшавіка 1917-га года, і пісьменьнік Хасан Ісраілаў. У лютым 1940 г. быў утвораны Часовы Ўрад Хасана Ісраілава. Горцы, натхнёныя посьпехамі фінаў у вайне з савецкай агрэсіяй, хацелі ў сваёй маленькай краіне утварыць другі фронт супраць Расеі. Іхныя надзеі ўзмацніла агрэсія гітлерскай Нямеччыны на СССР. У гарах Каўказа зьявіліся парашутысты з элітнай горнай брыгады “Эдэльвайс”. Пазьней гэта дало Сталіну прэтэкст для абвінавачваньня чачэнцаў у супрацоўніцтве з немцамі, хаця падчас акупацыі паўночнага Каўказа ўлетку 1942 г. гітлераўцам не ўдалося заняць Чачэна-Інгушэцію. Разумеючы пагрозу, войскі НКВД ў 1943 г. правялі шырокамаштабны наступ ў горных раёнах Чачэніі. Было зьнішчана больш за 40 аулаў, расстраляны іх жыхары, усё мужчынскае насельніцтва збунтаваных раёнаў выслалі ў канцлягеры. Тым ня менш Крэмль увесь час баяўся новага паўстаньня. Сьпела рашэньне аб дэпартацыі цэлага народу з ягоных спрадвечных земляў.

            Масавая дэпартацыя, якую Сталін правёў 23 лютага 1944 г., была найтрагічнейшай старонкай у гісторыі чачэнцаў.  Большасьць баяздольных мужчын ваявала ў той час на франтах ІІ Сусьветнай вайны. Войскі НКВД зьявіліся ў Чачэніі пад прэтэкстам, што яны вяртаюцца з фронту і патрабуюць адпачынку. Чачэнцы прынялі іх у адпаведнасьці з традыцыямі сваёй гасьціннасьці. Праз два тыдні усё насельніцтва пагрузілі ў вагоны-цялятнікі і выслалі ў Сібір, у Паўночны Казахстан і ў Кіргізію. Тых, якіх не маглі вывезьці, забілі. У вёсцы Хайбах спалілі жыўцом 700 чалавек, затрыманых у гарах сьнежнымі заносамі. За гады ў ссылцы з голаду і хваробаў загінула амаль палова народа. Чачэнцы здолелі вярнуцца на айчыну толькі ў часы Хрушчова, у 1957 г.

            Сьведчаньне таго, як чачэнцы паводзілі сябе ў ссылцы, даў Аляксандр Салжаніцын у “Архіпелагу ГУЛАГ”: “Быў адзін народ, які зусім не паддаўся псіхалогіі пакорлівасьці – не самотнікі, не збунтаваныя, а менавіта цэлы народ. Гэта былі чачэнцы.”

            Джахар Дудаеў некалі сказаў, што генэтычны код народу фармуецца ў вайне. Чачэнцы ваявалі з Расеяй за сваю волю каля трохсот гадоў. Сусьветная гісторыя напэўна ня ведае больш трывалага супраціву агрэсарам.

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:39