змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Валеры Буйвал
Старонка 1

 

 

Валеры   БУЙВАЛ

 

 

 

 

ДАВІД   І   ГАЛІЯф

(аб змаганьні народаў за сваю Дзяржаву)

 

 

 

 

 

 

                                                           Будзе бура, павінна быць навальніца…

                                                                                               Якуб Колас

 1918 ГОД - ВЯСНА НАРОДАЎ

 

Традыцыйна ў гісторыяграфіі тэрмін “Вясна Народаў” ужываецца датычна эўрапейскіх падзеяў 1848-49 гадоў, рэвалюцыйнага ўздыму народаў, сапраўды апагэю 19 стагоддзя. Але ў прыродзе за вясной настае лета, цараваньне сонца. А Вясна Народаў 1848-49 гг. скончылася катастрофай і змрочнай рэакцыяй, паразай нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый. Засталіся стаяць на гліняных нагах фэадальныя імпэрыі. І хаця сучасьнікі называлі менавіта Асманскую імпэрыю “хворым чалавекам Эўропы”, такога дыягназу заслугоўваў кожны з дынастычных рэліктаў - Расейская, Аўстра-Угорская, Нямецкая (хаця большасьць яе калёній знаходзілася па-за Эўропай) імпэрыі.

Вялікая вайна (так сучасьнікі называлі Першую сусьветную) 1914-18 гг. выклікала на нашым кантынэнце палітычны катаклізм, маштабы і сілу якога можна суадносіць хіба з эпохай напалеёнаўскіх войнаў. У 1918 г. і на працягу некалькіх наступных гадоў рассыпаліся і сышлі ў нябыт імпэрскія валадараньні, якія ўтвараліся і існавалі стагоддзямі. Карта Эўропы кардынальна зьмянілася, паўсталі новыя нацыянальныя і шматнацыянальныя дзяржавы, перамогай скончылася барацьба многіх пакаленьняў за свабоду і незалежнасьць. Ня будзе перабольшваньнем казаць пра эпоху Вясны Народаў. Настолькі быў спрэсаваны, поўны падзеяў гістарычны час гэтых трох гадоў. Сімвалічна прагучалі словы лідэра Ірляндзкай рэвалюцыі Майкла Колінза. Калі ў 1921 г. ён зьявіўся са сваімі генэраламі ў Дублінскім замку дзеля ўзьняцьця ірляндзкага сьцягу, што сімвалізавала канец брытанскай акупацыі, брытанцы заявілі, што, маўляў, не настаў яшчэ вызначаны пратаколам час распачынаць цырымонію. Колінз зірнуў на гадзіньнік і сказаў з усьмешкай: “Мы чакалі гэты момант васемсот гадоў, пачакаем жа восем хвілін...” Менавіта перамогай ірляндзкага народу й завершылася Вясна Народаў.

У 1918-21 гг. у Эўропе нарадзілася больш незалежных дзяржаваў, чым за ўсё папярэдняе стагоддзе. У першай палове 19 ст. заваявала незалежнасьць Грэцыя і скончылася перамогай Бэльгійская рэвалюцыя. У другой палове 19 ст. вызваліліся ад асманскага іга Баўгарыя, Румынія і Сэрбія, узьнікла Італія, дзе пачалося стварэньне адзінай нацыі ў сучасным сэнсе слова. Пасьля паразы 1848-49 гг. працэс нацыянальнага адраджэньня разьвіваўся прыкладна ў аднолькавых формах у розных этнасаў: асьветніцтва, адраджэньне літаратурнай мовы, культурнай і гістарычнай традыцыі. Да 1918 г. нават не фармуляваліся праграмы нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасьці. Чэхі, харваты, угорцы, фіны і г.д. бачылі сваю будучыню ў рамках аўтаноміі ў межах існуючых імпэрый. Выключэньне складалі хіба толькі палякі ды ірляндцы, а таксама нешматлікія нацыянальныя групоўкі, якія ўпарта змагаліся за поўную дзяржаўную незалежнасьць. Афіцыйная імпэрская прапаганда абзывала іх “нацыянал-радыкаламі, бандытамі, тэрарыстамі, экстрэмістамі” (знаёмая нам і сёньня лексіка, ці не праўда?). Першым сігналам аб набліжэньні новай эпохі было нацыянальна-дзяржаўнае вызваленьне Нарвэгіі ў 1905 г. На рэфэрэндуме па пытаньні выйсьця з уніі са Швэцыяй з паўтарамільённага насельніцтва Нарвэгіі толькі 183 асобы прагаласавалі супраць незалежнасьці (!).

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:73