змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Марк Салонін, пераклад: Валеры Буйвал
Старонка 8

Зыходная задума Лепельскай апэрацыі – нанесьці ўдар па танкавых злучэньнях праціўніка перш, чым падцягнецца ад Менску нямецкая пяхота – цалкам адпавядаў базавым прынцыпам ваеннага мастацтва: біць ворага па частках. Да агульнага дадавалася прыватнае: канкрэтны досьвед першых двух тыдняў вайны не даваў абгрунтаваньняў для вясёлкавых спадзяваньняў на тое, што “ланцужок” стралковых дывізій здолее спыніць альбо, прынамсі, надоўга затрымаць і абяскровіць нямецкі танкавы “таран”; разумней было нанесьці папераджальны ўдар і выбіць танкі праціўніка раней, чым яны “раскатаюць” чатыры стралковыя дывізіі, што занялі абарону ў “Смаленскай браме”.

Фактычна ж абстаноўка на момант пачатку апэрацыі склалася нават лепш, чым меркавалі ў штабе Заходняга фронту. Як ужо было азначана вышэй, галоўныя сілы 3-й ТГр вэрмахту наносілі ўдар не на ўсход, а на паўночны ўсход, фарсуючы р. Заходнюю Дзьвіну на ўчастку Дзісна, Полаць, Ула. Непасрэдна ў паласе запланаванага ўдару мэхкарпусоў (міжрэчча Дзьвіны, Дняпра і Улы) знаходзілася ўсяго дзьве нямецкія дывізіі (7-я і 17-я танкавыя), і гэта сутнасна мяняла адносіны сілаў на карысьць Чырвонай арміі.

Позна ўвечары 4 ліпеня Ваенны Савет Заходняга фронту (Цімашэнка, Маландзін, Мэхліс) зацьвердзіў Дырэктыву №16. У ёй, у прыватнасьці, ставілася задача: “Падрыхтаваць контрудар 7-м і 5-м мэхкарпусамі ва ўзаемадзеяньні з авіяцыяй у накірунку Астроўна (н.п. каля шашы за 22 км на захад ад Віцебска) і Сянно. Посьпех разьвіваць 7-м мэхкорпусам ў накірунку Камень, Кублічы і 5-м мэхкорпусам – на Лепель”. (18) Пры гэтым падпісаная на гадзіну раней Разьведзводка №18 штаба ЗФ прадугледжвала, што “асноўная групоўка [праціўніка] на лепельскім накірунку, дзе сканцэнтравана да дзьвюх танкавых і адной-дзьвюх матарызаваных дывізій”. (19) Такая ж (памылковая) ацэнка была накіраваная ў Стаўку ГК увечары 5 ліпеня: “Асноўная групоўка праціўніка да дзьвюх танкавых і дзьвюх мотадывізій у раёне Лепеля, адкуль яна разьвівае дзеяньне ў віцебскім накірунку… Успамагальныя дзеяньні праціўнік вядзе на полацкім і варшанскім накірунках”. (20)

Адэкватная ацэнка групоўкі і планаў праціўніка зьяўляецца толькі ўначы з 5 на 6 ліпеня, у загадзе камандуючага 20-й Арміі: “Праціўнік, прыкрываючыся супраць 20-й арміі, галоўны ўдар танкавымі і матарызаванымі злучэньнямі наносіць праз р. Заходняя Дзьвіна ў полацкім накірунку. 20-я армія а 5:00 6 ліпеня 41 г. сваімі мэханізаванымі карпусамі наносіць удар у фланг і тыл (падкрэсьлена мною – М.С.) полацкай групоўцы праціўніка”. (21) Такім чынам, замест удару “у лоб” галоўнай танкавай групоўкі ворага (менавіта такое, абцяжаране цяжкімі стратамі разьвіцьцё падзей прадугледжвала Дырэктыва Ваеннага савету ЗФ) фактычна мелася нанесьці ўдар у фланг адносна малалікіх сілаў праціўніка.

Суадносіны сілаў бакоў

Нямецкая 7 PzD(тут і далей мы будзем выкарыстоўваць лацінскія абрэвіятуры, каб чытач ня блытаўся паміж савецкімі і нямецкімі дывізіямі з аднолькавымі нумарамі) мела дастаткова рэдкую структуру (у яе складзе было чатыры танкавыя батальёны) і рэкордная сярод усіх дывізій на Усходнім фронце колькасьць танкаў – 265 (праўда, калі адняць “узброеныя” макетам гарматы камандзёрскія машыны, то атрымаецца роўна 250). Так шмат іх было раніцай 22 чэрвеня, і калі б справаздачы штабоў злучэньняў Чырвонай Арміі, якія пасьпелі разграміць і адкінуць на ўсход 7 PzD, былі хаця б напалову праўдай, то ад нямецкай дывізіі да 6 ліпеня павінен быў застацца нумар і куча спаленых танкаў.

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:7
No files found