змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Марк Салонін, пераклад: Валеры Буйвал
Старонка 7

Часткі 17-й танкавай дывізіі засяродзіліся ў раёне Краснае, Гусіна (65 км на ўсход ад Воршы) пад вечар 3 ліпеня(11), эшалёны 13-й танкавай дывізіі выгружаліся з 1 па 7 ліпеня.(12) Потым ужо сваім ходам часткі выйшлі ў раён Сялекта, Клюкаўка (15-25 км на поўнач ад Воршы). Пры ўсіх складанасьцях з перадыслакацыяй склад матчасткі танкавых дывізій 5 МК агаломшвае –такой колькасьці баявой і транспартнай тэхнікі не было нідзе, нават ва ўдарных мэхкарпусах першага эшалёну Кіеўскай АВА. Так, у 13-й тд налічвалася 948 грузавых і 248 спэцыяльных машын, 128 бэнзацыстэрнаў, 75 цягачоў розных тыпаў; (13) у 17-й тд набралося 156 бэнзацыстэрнаў(14) – абсалютны рэкорд сярод усіх танкавых дывізій Чырвонай арміі. Асабліва зьдзіўляцца тут няма чаму, бо дывізіі Забайкальскай акругі з канца 30-х гадоў фактычна знаходзіліся ў рэжыме ваеннага часу.

Матарызаваная дывізія 5-га мэхкорпуса (109-я мд) амаль у поўным складзе засталася на Паўднёва-Заходнім фронце. Да 30 чэрвеня ў раён Воршы па чыгунцы прыбылі толькі два стралковых і два танкавых батальёны зь некаторымі сапёрнымі, інжынэрнымі і зэнітнымі аддзеламі; усё гэта было зьведзена ў “атрад 109-й мд” пад камандваньнем начальніка штаба дывізіі маёра Мярнова. У “атрадзе” налічвалася 68 дзейсных танкаў БТ, 285 аўтамашынаў розных тыпаў, 2705 чалавек асабовага складу, што можна ўмоўна лічыць “адной чацьвертай танкавай дывізіі”.(15)

У суме 5-ы мэхкорпус да моманту пачатку контрнаступу меў на ўзбраеньні парадку 880 танкаў (13 КВ, 20 Т-34, 565 БТ, 281 Т-26) і 70 гарматных бронемашын БА-10. Па колькасьці бранетэхнікі гэта не саступала любой з танкавых групаў вэрмахта на Ўсходнім фронце. “Віцебская група” (7-ы мэхкорпус без 1-й мд) мела на ўзбраеньні парадку 510 танкаў (34 КВ, 29 Т-34, 187 БТ, 262 Т-26) і 72 БА-10.Варта зазначыць, што танкі “старых тыпаў” у сталічным 7 МК былі дастаткова сьвежыя: 933 машыны (52%) мелі запас мотарэсурсу ў 100 і больш гадзінаў. (17)

Задума контрудару

Апошнімі гадамі ў публікацыях на ваенна-гістарычную тэму стала даволі моднай дурная гульня “Аблай генэрала”. Выйшла ў сьвет нават цэлая кніжка пад назовам “Калі б не генэралы”.

Правіла гульні простыя: ЛЮБОЕ рашэньне, прынятае вышэйшым камандваньнем ЧА ўлетку 41-га года, трэба назваць “вар’яцкім”, “безадказным”, “самагубчым” і інш. Вырашылі наступаць? “Тупыя генэралы пагналі жаўнераў на забой!” Загадана заняць абарону? “Баязьлівае і безініцыятыўнае рашэньне загубіла армію!” Скажам наўпрост, у логіцы “гульцам” не адмовіш – трэба ж неяк тлумачыць публіцы, зь якой прычыны ў абстаноўцы “бяспрыкладнага ў гісторыі масавага гераізму Чырвонай арміі” немцы ўвосень 41-га дайшлі да Масквы, Таганрогу і Ціхвіна; выбіраючы паміж генэраламі, што даўно пайшлі з жыцьця, і Галоўным Савецкім Міфам, вырашана было ахвяраваць першымі для выратаваньня другога…

Гісторыяграфія Лепельскай апэрацыі ня стала выключэньнем. На думку шэрагу аўтараў, трэба было “ня гнаць мэхкарпусы ў самагубчы наступ”, а пакінуць іх на ўсход ад лініі Віцебск, Ворша з задачай “падперці абарону стралковых дывізій”. Ці так гэта? Перш за ўсё, трэба нагадаць, што любую рэч пажадана выкарыстоўваць па яе прамому прызначэньню. Мікраскоп – нават ня самы сучасны і магутны – лепш выкарыстоўваць для падліку лейкацытаў у крыві, а не падпіраць ім дзьверы ў лабараторыю. Буйныя бранетанкавыя злучэньні (дывізіі і мэхкарпусы) ствараліся як інструмант глыбокай наступальнай апэрацыі, а не для падпіраньня ўласнай пяхоты.

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:7
No files found