змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Марк Салонін, пераклад: Валеры Буйвал
Старонка 6

Сёньня ўжо ніхто ня зможа сказаць дакладна – ці мела вярхоўнае камандваньне намер дэблакаваць акружаную каля Менску групоўку альбо паведамленьне аб падыходзе сьвежага мэхкорпуса было пасланае “для падняцьця духа” Паўлава. Аднак у Журнале баявых дзеяньняў 1-й мд ёсьць запіс аб тым, што а 13.00 25 чэрвеня быў атрыманы загад “працягваць рух на Менск” (7)

Фактычна ж ніводная частка 7 МК да Менску не дайшла. Загад №1 штаба 7 МК, падпісаны а 9.30 27 чэрвеня, змрочна канстатаваў: “Мотамэхчасткі праціўніка а 6.00 26.6.41 выйшлі ў раён Менску і рухаюцца ва ўсходнім накірунку” і паставіў задачу танкавым дывізіям корпуса сканцэнтравацца ў раёне ст. Рудня, Завольша, Зуя (55 км на паўднёвы ўсход ад Віцебска) “у гатоўнасьці ўдарам на поўдзень прыціснуць танкі праціўніка да р. Дняпро і зьнішчыць”. (8) Іншымі словамі, корпус меркавалася выкарыстаць для адбіцьця магчымага прарыву немцаў па аўтастрадзе №1 праз Барысаў на Смаленск.

26 чэрвеня загадам камандуючага 20-й арміяй 1-й матарызаванай дывізіі было даручана заняць абарону ў 12-15 км на поўдзень ад Воршы. Там яна прастаяла да раніцы 1 ліпеня. Далейшыя падзеі ў баявым данясеньні №08 камандзёра 1-й мд апісаныя так: “А 3.40 1.7 праз начальніка штаба 16-й (так у тэксьце – М.С.) Арміі атрымаў баявы загад камандуючага Заходнім фронтам генэрала арміі Паўлава высунуцца на р. Бярэзіну, фронт Зэмбін, Барысаў, Чарняўка, да 12.00 1.7.41 з задачай не дапусьціць пераправаў праціўніка праз р. Бярэзіну”.(9) Выконваючы гэты загад, “першая пралетарская” канчаткова выйшла з падпарадкаваньня 7 МК і далей вяла баявыя дзеяньні ў паласе Барысаў, Талачын у адрыве ад асноўных сілаў корпуса.

Тым часам танкавыя дывізіі 7-на мэхкорпуса (14 і 18-я) канцэнтраваліся на паўднёвым усходзе ад Віцебска, падсоўвалі аддзелы, якія адсталі, папаўнялі запасы паліва і баепрыпасаў. Да 29-30 чэрвеня канцэнтрацыя аддзелаў 7 МК была завершана, гэта пацьвярджаецца дакумантамі штабоў корпуса і дывізій. У наступныя дні, як вынікае з справаздачы аб баявых дзеяньнях корпуса, “усімі аддзеламі корпуса вялася бесперапынная выведка на шырокім фронце да рубяжа Полацк, Лепель, Барысаў… Адначасна сродкамі дывізій і корпуса рабілася абсталяваньне, рамонт дарог і пабудова мастоў на маршрутах мяркуемых контратак… Вывучана мясцовасьць, вызначаны рубяжы разгортваньня і распрацаваны планы дзеяньняў на мясцовасьці з камандзёрамі злучэньняў і частак”.(10)

Канцэнтрацыя 5-га мэхкорпуса (13 і 17 тд, 109-я мд) адбывалася ў непараўнальна больш складаных умовах. Паводле перадваенных планаў, гэтыя злучэньні перавозіліся па чыгунцы з Забайкальля ва Украіну, і 21-24 чэрвеня першыя эшалёны пачалі прыбываць на ст. Бярдзічаў, Праскураў, Шапятоўка. Тут іх і прысьпела рашэньне вышэйшага камандваньня аб экстрэнай перадыслакацыі ў паласу Заходняга фронта. Праблемай стала нават не сама адлегласьць (600 км паравоз праедзе за суткі), а непазьбежнае ў такой сытуацыі перамешваньне частак і аддзелаў; у асабліва цяжкую сытуацыю патрапіла 13 тд, якая страціла свой батальён сувязі і разьведбат (яны так і засталіся ў паласе Паўднёва-Заходняга фронту).

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:7
No files found