змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Марк Салонін, пераклад: Валеры Буйвал
Старонка 5

У выніку ў першых чыслах ліпеня на паўночным беразе ракі Заходняя Дзьвіна ад Дзісны да Віцебска занялі абарону чатыры сьвежыя стралковыя дывізіі (112 сд, 98 сд, 174 сд, 186 сд), і гэта ня лічачы рэштак разгромленых злучэньняў Паўночна-Заходняга фронту, што адыходзілі да Дзьвіны. Яшчэ адна дывізія (153 сд) 22-й арміі была высунута на захад ад Віцебска для абароны рубяжа азёрнага дэфіле каля Чарнагосьця. Непасрэдна у “смаленскай браме” разгортваліся чатыры стралковыя дывізіі (73 сд, 229 сд, 233 сд, 137 сд) і далей па рацэ Дняпро ад Воршы да Шклова – яшчэ тры стралковыя дывізіі (18 сд, 172 сд) 20-й арміі.

Прынятае разьмеркаваньне сілаў сьведчыць аб тым, што чакалася нанясеньне немцамі галоўнага ўдару праз “смаленскую браму”; у рэчаіснасьці, аднак, як было зазначана вышэй, рухомыя злучэньні 3-й ТГр наступалі на поўначы, праз Заходнюю Дзьвіну каля Полацка. І тым ня менш наяўнасьць магутнага натуральнага рубяжа (паўнаводная рака) у злучэньні зь дзьвюма сотнямі жалезабэтонных дотаў Полацкага УРа (так, такіх жа прымітыўных, як і фінскія на лініі Манэргейма) дазваляла разьлічваць на тое, што наступ праціўніка ўдасца прытармазіць. У большым і не было патрэбы, бо ў раён міжрэчча Дзьвіны і Дняпра высоўваліся (зноў жа з Украіны) яшчэ дзьве арміі РГК (16 і 19-я), а ў глыбіні ствараемага новага фронту – ад Старой Русы да Бранска разгортваліся шэсьць армій “трэцяга эшалёну” (29, 30, 24, 31 і 32-я).

Два апошнія мэхкарпусы

Абарона павінна быць актыўнай. Такое ўказаньне было зафіксавана на першай жа старонцы баявога статута Чырвонай арміі (ПУ-39). Адпаведна камандваньне новага Заходняга фронту (а з 4 ліпеня пасаду камфронту заняў сам наркам абароны маршал Цімашэнка) не зьбіралася абмяжоўвацца разбудовай “ланцужкоў” стралковых дывізій паўз рачныя рубяжы, але і рыхтавала магутны контрудар танкавымі злучэньнямі.

У Чырвонай арміі буйное танкавае злучэньне (дзьве танкавыя і адна матарызаваная дывізіі плюс асобны матацыклетны полк) называлася на той момант мэханізаваным корпусам. Намінальна такіх мэхкарпусоў да чэрвеня 41-га года было сфармавана 29, фактычна ж хаця б да паловы штатнай колькасьці было ўкамплектавана ня больш за 14-15. Бальшыня зь іх ужо растала ў полыме памежных бітваў. Заставаліся толькі два буйных баездольных мэхкорпуса, іх і вырашылі кінуць у контрнаступ.

7-ы мэхкорпус (камандзёр – генэрал-маёр Вінаградаў) быў сфармаваны ў Маскоўскай ваеннай акрузе. Гэта быў “сталічны” корпус, што даволі карысна сказалася на яго забесьпячэньні і ўкамплектаванасьці. У прыватнасьці, танкавы полк 1-й чырвонасьцяжнай імя Маскоўскага пралетарыяту матарызаванай дывізіі, што ўваходзіла ў склад мэхкорпуса, быў узброены найноўшымі дызельнымі танкамі БТ-7м. На шашы гэты лёгкі танк з 500-магутным маторам абганяў грузавыя газікі. Артылерыйскі полк дывізіі атрымаў 36 гаўбіц пры штатнай колькасьці ў 28 адзінак.

7 МК распачаў высоўваньне на захад увечары 24 чэрвеня. Гусенічную тэхніку загрузілі на чыгуначныя плятформы, колавыя машыны вырушылі сваім ходам. Абстаноўка на фронце ў Беларусі мянялася хутчэй, чым стукалі колы па рэйках, і задача корпуса некалькі разоў мянялася, прычым рознымі начальнікамі. Першапачаткова меркавалася сканцэнтравацца ў раёне Вязьмы, потым (раніцай 26 чэрвеня) з Генштаба па тэлефоне паступіў вусны загад рухацца далей на захад на Смаленск.(5) Прыкметна, што за суткі да гэтага, а 8.20 25 чэрвеня камандуючаму Заходнім фронтам Паўлаву з Генштаба была накіраваная тэлеграма: “У вашае распараджэньне прыбудзе 25.6.41 у Менск 7-ы мэхкорпус з МВА”. (6)

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:7
No files found