змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Марк Салонін, пераклад: Валеры Буйвал
Старонка 4

Такія дзіўныя манеўры мелі на мэце выкарыстаць дарогі з мулкім пакрыцьцем на поўнач ад Заходняй Дзьвіны, не перагружаючы надта галоўную магістраль Менск-Ворша-Смаленск, якую аддалі для руху 47-га танкавага корпуса 2-й ТГр. Зразумела, што рашыцца на двухразовае фарсаваньне паўнаводнай ракі можна было толькі мяркуючы, што “расейца ня будуць абараняць сэктар Віцебск, Дзісна з прычыны адсутнасьці дастатковых сілаў”.

Практычна да 4-5 ліпеня склалася наступная дыслакацыя рухомых злучэньня вэрмахта на паўночным флангу ГА “Цэнтар”. Чатыры дывізіі (19 тд, 20 тд, 14 мпд, 18 мпд) 3-й Тгр выйшлі на Заходнюю Дзьвіну і распачалі фарсаваньне ракі ў паласе ад Дзісны да Улы. 20-я матапяхотная дывізія падыходзіла да Лепеля, маючы задачу падтрымаць дзеяньні 20-й тд пры фарсаваньні Заходняй Дзьвіны, 12-я танкавая заставалася ў раёне Менску. Адзіным злучэньнем 3-й ТГр, якое апынулася на ўсход ад ракі Улы, была 7-я танкавая дывізія, якая вяла наступ паўз паўднёвы бераг Заходняй Дзьвіны на Бешанковічы, Віцебск. 18-я танкавая дывізія (47-ы танкавы корпус 2-й Тгр), прарваўшыся з боем праз пераправы на рэках Бярэзіна і Бобр, рухалася па аўтамагістралі на Талачын; другая танкавая дывізія гэтага корпуса (17 тд), пераправіўшыся праз Бярэзіну каля Барысава, гасьцінцамі ішла на Сянно.

Другі эшалён

Імклівы разгром войскаў Прыбалтыйскай і Заходняй ваенных акругаў (адпаведна Паўночна-Заходняга і Заходняга франтоў) ня стаў пралогам да падзеньня Ленінграда і Масквы толькі таму, што тав. Сталін да вайны рыхтаваўся. І не абстрактна-тэарэтычна, а цалкам канкрэтна – да вайны, якая павінна была распачацца ў ліпені-жніўні 1941 года.

Дакладныя даты пачатку стратэгічнага разгортваньня Чырвонай арміі назваць не прадстаўляецца магчымым, бо працэс быў пакрыты беспрыцыдэнтнай нават для Савецкага Саюзу заслонай сакрэтнасьці. З таго, што вядома, першымі 22 траўня 1941 года распачалі пагрузку ў эшалёны злучэньні 16-й арміі і 5-га мэхкорпуса; з улікам вялізнай адлегласьці (ад Забайкальля і Манголіі да Бярдзічава і Шапятоўкі) і захаваньня рэжыму працы чыгунак мірнага часу яны павінны былі прыбыць ва ўказаны раён з 17 чэрвеня па 10 ліпеня. На прыканцы траўня -- пачатку чэрвеня было прынятае рашэньне аб фармаваньні шасьцёх новых армій на базе камандваньня і войскаў унутраных акругаў: 19-й (Паўночна-Каўказкая акруга), 20-й (Арлоўская акруга), 21-й (Прыволжская акруга), 22-й (Уральская акруга), 24-й (Сібірская акруга) і 28-й (Архангельская акруга).

Першапачаткова меркавалася, што 22-я армія канцэнтруецца ў тыле Заходняга фронту ў раёне Віцебска, 19, 20 і 21-я – у глыбіні Паўднёва-Заходняга фронту ў паласе ад Чарнігава да Чаркасаў, 24 і 28-я арміі адпаведна – на паўднёвы захад і паўночны захад ад Масквы. Тэрміны завяршэньня ўсіх перавозак (а гэта парадку трох тысячаў чыгуначных эшалёнаў!) былі вызначаныя на 3-10 ліпеня. З захаваньнем самых строгіх захадаў маскіроўкі, пагрузіўшыся ўначы на закінутых паўстанках, у забітых фанэрнымі шчытамі вагонах сем армій вырушылі на захад.

На золку 22 чэрвеня “праціўнік, апярэдзіўшы нашыя войскі ў разгортваньні” (менавіта такая фармулёўка была выкарыстана ў Апэрпаведамленьні № 01 Генштаба Чырвонай арміі), распачаў інвазію. Планы выкарыстаньня армій РГК давялося тэрмінова мяняць, бо галоўнай задачай цяпер стаў не наступ з тэрыторыі Заходняй Украіны на Кракаў, Катовіцы, а абарона на смаленскім накірунку. Ужо 27 чэрвеня былі аддадзеныя загады аб разгортваньні 20 і 21-й армій у “смаленскай браме” і далей па рацэ Дняпро (на рубяжы Віцебск, Ворша, Магілеў, Рэчыца), 22-я армія, нагадаю, высоўвалася на рубеж Заходняй Дзьвіны яшчэ паводле даваенных планаў.

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:7
No files found