змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Марк Салонін, пераклад: Валеры Буйвал
Старонка 3

У прыватнасьці, страты 3-й ТГр (чатыры танкавыя і тры матарызаваныя дывізіі) з 22 чэрвеня па 2 ліпеня склалі ўсяго 1769 чалавек ( у тым ліку 583 беспаўротна), што ў пераліку дае ў сярэднім 24 чалавекі ў дзень на дывізію.(1) Наадварот, страты дывізій 47-га танкавага корпуса 2-й ТГр былі максімальнымі сярод ўсіх рухомых злучэньняў Усходняга фронту: 18-я танкавая страціла 1348 чалавек забітымі, параненымі і што прапалі бязь вестак, 29-я матапэхотная –1026 чалавек. (2) Але нават гэтыя ўжо цалкам адчувальныя страты склалі менш за 10% ад зыходнай колькасьці асабовага складу.

Страты баявой тэхнікі былі грунтоўна вышэй – танк пачатковага пэрыяду 2СВ, як гэта ні парадаксальна гучыць, быў даволі крохкай пабудовай, што патрабавала пастаяннага абслугоўваньня і частага рамонту: “супрацьтанкавыя” асаблівасьці беларускіх дарог таксама зрабілі свой унёсак. У выніку да пачатку ліпеня беспаўротныя страты танкаў (уключна з кулямётнымі танкеткамі Pz-I) 3-й ТГр склалі 81 адзінку(3), і прынамсі такая ж колькасьць патрабавала рамонту (лічылася часова неналаджаным). Іншымі словамі, парк гатовых да бою машын скараціўся прыкладна да 80% ад зыходнай колькасьці.

Страты 47-га танкавага корпуса 2-й ТГр і ў гэтым выпадку былі значна большымі. Магчыма, тут спрычынілася адсутнасьць у камандваньня досьведу кіраваньня танкавыі злучэньнем у баі – і 17 і 18-я танкавыя дывізіі былі сфармаваныя на базе пяхотных злучэньняў позьняй восеньню 40-га года. У выніку 17-я тд да 4 ліпеня мела ў шыхтах усяго 80 баявых машын (менш за 35% ад зыходнай колькасьці). Як бы там ні было, камандваньне вэрмахта ацэньвала свае рухомыя злучэньні як яшчэ цалкам баездольныя.

Другой прычынай, па якой немцы так сьпяшаліся аднавіць наступ, была фатальная недаацэнка праціўніка. Камандваньне вэрмахта ўсур’ёз меркавала, што тыя злучэньні Чырвонай арміі, якія яны здолелі разграміць у першыя два тыдні вайны, гэта і ёсьць “асноўныя сілы расейскіх сухапутных войскаў, якія знаходзяцца ў Заходняй Расеі”, і цяпер застаецца толькі гнаць разрозьненыя парэшткі разьбітай арміі на ўсход, на Ленінград і Маскву.

1 ліпеня 1941 года камандваньне 3-й ТГр выпусьціла “Указаньні па далейшаму вядзеньню баявых дзеяньняў”, у якіх бадзёра канстатуе: “Паводле зьвестак, што маюцца на гэты момант, няма прычыны для таго, каб меркаваць аб наяўнасьці сьвежых сілаў няпрыецеля на поўдзень ад вярхоўя р. Заходняя Дзьвіна” (у рэчаіснасьці на той момант ва ўказаным раёне разгортваліся дзьве (!) агульнавайсковыя арміі Другога стратэгічнага эшалёну). Далучаная да згаданага вышэй загаду 3-й ТГр ад 3 ліпеня разьведвальнае паведамленьне №10 дае такую ацэнку сілаў і намераў праціўніка: “Адзначаецца наяўнасьць паасобных разрозьненых частак у раёне Віцебск, Дзісна, воз. Нарач, Барысаў… Можна зрабіць выснову аб тым, што расейцы ня будуць абараняць сэктар Віцебск, Дзісна з прычыны адсутнасьці дастатковых сілаў і недахопу часу. Праціўнік, аднак, можа аказаць супраціў мясцовага маштаба ў раёне плацдармаў і пераправаў…”(4)

Зыходзячы з такой ацэнкі магчымасьцяў праціўніка камандваньне 3-й ТГр распрацавала зусім не трывіальны план наступу. Здавалася б, умовы мясцовасьці падказвалі аптымальны маршрут руху праз так званую смаленскую браму – паласу адкрытай мясцовасьці шырынёй 70 км ад Віцебска да Воршы, паміж рэкамі Заходняя Дзьвіна і Дняпро. Аднак дывізіі 3-й ТГр пасунуліся не на ўсход, а на поўнач ад Менску. Абыйшоўшы непралазны для танкаў лясіста-балоцісты раён у вярхоўях ракі Бярэзіны, яны павінны былі фарсаваць Заходнюю Дзьвіну ў раёне Полацку, выйсьці на шашу Полацк, Віцебск і далей на поўнач да Невеля, потым павярнуць на паўднёвы ўсход, вярнуцца на левы (паўднёвы) бераг Заходняй Дзьвіны і наступаць праз Вяліж на Ярцава (н.п. у 50 км на паўночны ўсход ад Смаленска).

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:7
No files found