змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Марк Салонін, пераклад: Валеры Буйвал
Старонка 2

Танкавыя карпусы вэрмахта за тыдзень прайшлі парадку 350 км (і гэта па простай лініі, без уліку рэальнай працягласьці дарог і баявога манэўраваньня) – ад Сувалак на Вільню, Менск і ад Берасьця на Баранавічы, Менск; пяхотныя дывізіі замкнулі “малое кальцо” атачэньня ў 50-70 км на захад ад Баранавічаў, а адзін з трох танкавых карпусоў 2-й ТГр праз Слуцк выйшаў на Бярэзіну каля Бабруйска. Апошнія ачагі арганізаванага супраціву войскаў Заходняга фронту былі здушаныя да 2-3 ліпеня. Дзьве траціны злучэньня фронту былі страчаныя цалкам, колькасьць асабовага складу дывізій, што выйшлі з “катла”, у лепшых і рэдкіх выпадках дасягала 1,5-2 тысячаў. Цяжкое ўзбраеньне (танкі, самалёты, артылерыя сярэдніх і вялікіх калібраў) было кінутае практычна цалкам, страцілі 520 тысячаў адзінак стралковай зброі, некалькі тысячаў вагонаў баепрыпасаў, дзесяткі тысячаў тон паліва. Камандваньне фронту было арыштаванае і пазьней расстралянае.

Планы нямецкага камандваньня

Тэорыя і (што значна важней) практыка ваеннага мастацтва даюць адназначны адказ на пытаньне аб тым, якія могуць быць планы пасьля завяршэньня наступальнай апэрацыі на глыбіню 300 км. Напраўляць і аднаўляць пашкоджаную баявую тэхніку, падцягваць тылы, папаўняць запасы паліва і баепрыпасаў, ацалеўшых людзей накарміць, даць ім выспацца і хаця б крыху адпачыць. Па навуцы гэта называецца апэратыўнай паўзай.

Працягласьць яе бывае рознай. Напрыклад, у тых жа самых месцах і такім жа сьпякотным летам, але ўжо 44-га года, савецкія войскі пасьля пасьпяховага завяршэньня наступу ў Беларусі (апэрацыя “Багратыён”) прастаялі на лініі ракі Віслы ўвесь жнівень, верасень, кастрычнік, лістапад, сьнежань. Пяць месяцаў да пачатку (12 студзеня 1945 года) Вісла-Одэрскай наступальнай апэрацыі. Так, зразумела, працягласьць апэратыўнай паўзы ў тым выпадку вызначалася галоўным чынам складанымі пэрыпэтыямі палітычнай барацьбы ўнутры антыгітлерскай кааліцыі. Але й пасьля таго, як на Ялцінскай канфэрэнцыі хаўрусьнікамі былі ўзгодненыя межы будучай Эўропы, апэратыўная паўза ад завяршэньня Вісла-Одэрскай да пачатку Берлінскай наступальнай апэрацыі заняла 72 дні.

У ліпені 41-га нямецкія войскі ГА “Цэнтар” аднавілі рух на ўсход пасьля таго, як перадавыя часткі 2 і 3-й танкавых групаў замкнулі кальцо акружэньня каля Менску. 28 чэрвеня 12-я танкавая дывізія 3-й ТГр увайшла ў Менск, і ўжо 3 ліпеня камандуючы групай генэрал-палкоўнік Г. Гот падпісвае загад аб пачатку новай наступальнай апэрацыі на глыбіню 250-300 км. 47-ы корпус (17 і 18-я танкавыя дывізіі), які дзейнічаў на левым “паўночным” флангу 2-й танкавай групы, практычна не спыніўшыся абышоў Менск з поўдня і па аўтамагістралі №1 (Менск, Смаленск, Масква) рухаўся да мастоў праз Бярэзіну каля горада Барысава.

Адсутнасьць выразнай апэратыўнай паўзы ў дзеяньнях ГА “Цэнтар” мела прынамсі дзьве прычыны. Па-першае, нямецкія войскі панесьлі на першым этапе ўсходняй выправы толькі мінімальныя (не па мерках сёньняшняга дня, а па маштабах зьнішчальнай сусьветнай вайны) страты. Беручы пад увагу непазьбежную пагрэшнасьць і непаўнату паведамленьняў, складзеных па гарачых сьлядах баёў, указаць страты з дакладнасьцю да аднаго чалавека ў прынцыпе немагчыма. Верхняй мяжой ацэнкі агульных (забітыя, параненыя, прапалі бязь вестак) стратаў асабовага складу ГА “Цэнтар” за першыя 10 дзён вайны будуць лічбы 19-20 тысячаў чалавек, г. зн. у сярэднім па 40 чалавек у дзень на 16-тысячную дывізію.

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:7
No files found