змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку
Аўтар: Марк Салонін, пераклад: Валеры Буйвал
Старонка 1

На пачатак ліпеня 41-га заставалася толькі два баездольныя мэхкарпусы, іх і вырашана было кінуць у контрнаступ.

17 ліпеня 1941 года ў раёне пасёлка Лёзна (Віцебская вобласьць) сярод многіх тысячаў іншых палонных немцамі быў знойдзены старэйшы лейтэнант Якаў Джугашвілі. Родны сын бацькі народаў, камандзёр артылерыйскай батарэі з 14-й танкавай дывізіі 7-га мэхкорпуса. Гэты эпізод – безумоўна, трагічны, але й нікчэмна малы ў гістарычным маштабе – па сёньня застаецца адзінай вядомай шырокай публіцы падзеяй, зьвязанай з контрударам мэхкарпусоў Заходняга фронту каля Лепеля, Сянна. А шкада, бо йдзецца пра буйную апэрацыю, якая па колькасьці задзейнічаных у ёй танкаў і мэханізаваных злучэньняў стаяла ў адным шэрагу з буйнейшымі танкавымі бітвамі Другой сусьветнай вайны.

Бітва каля Лепеля, Сянна – гэта апошняе намаганьне, апошняя спроба камандваньня Чырвонай арміі нанесьці сакрушальны ўдар танкавымі злучэньнямі; мэхкарпусы на гэтай бітве скончыліся, і ўсе наступныя намаганьні перахапіць у ворага ініцыятыву зводзіліся ў 41-м годзе да лабавых атакаў пяхоты (большага альбо меншага маштабу).

Машына часу

Ёсьць яшчэ адна прычына, па якой бітва каля Лепеля, Сянна заслугоўвае самай абвостранай увагі гісторыкаў. “Што было б, калі б Сталін апярэдзіў Гітлера і першы ўдар нанесла б адмібілізаваная і разгорнутая для бою Чырвоная армія?” Вось сакрамэнтальнае пытаньне, у адказ на якое напісаныя горы паперы. На першы погляд, нічога, акрамя галаслоўных разважаньняў, выказаць з гэтай нагоды немагчыма (“гісторыя ня ведае умоўнага склону”), аднак менавіта лепельская апэрацыя прадстае перад намі сёньня як ідэальная “машына часу”, якая дазваляе адкінуць шматлікія “калі б”.

Адмабілізаваныя (па некаторых пазыцыях нават зь перавышэньнем штатных нормаў) мэхкарпусы загадзя (што да 7 МК, то гэтае сьцьверджаньне бясспрэчнае) сканцэнтраваныя ў зыходным раёне, страты на этапе высоўваньня і канцэнтраваньня былі мінімальнымі або зусім нулявымі. Маршруты маючага адбыцца наступа адпрацаваныя на мапе і на мясцовасьці, сама мясцовасьць зразумелая і звычайная для рускага жаўнера (усходняя Беларусь каля мяжы са Смаленшчынай). На календары – ліпень, сярэдзіна лета, аптымальны час для дзеяньняў мэханізаваных злучэньняў. Адносна малалікі праціўнік нават не здагадваецца аб падыходзе да фронту магутнага бранетанкавага “кулака”.

У гэтай практычна ідэальнай карціне быў толькі адзін жудасны штрых, які агаломшвае, -- на 16-ы дзень вайны раёнам канцэнтрацыі ўдарнай групоўкі сталіся Віцебск і Ворша. 500 кілёмэтраў на ўсход ад мяжы. Палова адлегласьці ад Берасьця да Масквы.

Цэнтральны ўчастак Усходняга фронту (лінія Менск, Смаленск, Масква) быў выбраны вышэйшым камандваньнем вэрмахта ў якасьці накірунка галоўнага – у маштабе ўсяе кампаніі супраць СССР – удара, там была разгорнутая самая магутная Група армій “Цэнтар”, што па некаторых паказчыках пераўзыходзіла дзьве іншыя (ГА “Поўнач” і “Поўдзень”) разам узятыя. Наяўнасьць у складзе ГА “Цэнтар” дзьвюх ударных мэханізаваных груповак (2-я і 3-я танкавыя групы, разам 9 танкавых і 7 матарызаваных дывізій) дазволіла спланаваць і зьдзейсьніць апэрацыю па глыбокім ахопе і акружэньню савецкіх войскаў.

Ацаніце матэрыял
Ваша адзнака:
Рэйтынг:4.5 / 5
Усяго галасоў:6
No files found