змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Зянон Пазьняк: Зацемкі для добрых сяброў

Асаблівасьць таленту такая дзівосная, што, практычна, няма мяжы ягонай творчасьці і свабоды. Я цалкам веру і ведаю, што былі такія выпадкі, калі камічны актор будзе чытаць рэстараннае меню, а гледачы пакатваюцца ад сьмеху. І наадварот, геніяльны трагік гэтае меню можа прачытаць так (і такое было), што ўсе будуць плакаць.

У тэатры бывае вельмі часта, калі нікчэмную п'есу з прыдуманымі пэрсанажамі акторы могуць сыграць так, што спэктакль стане зьявай, і глядач ня стоміцца на яго хадзіць. Тэатр -- гэта актор.

Прыкладаў шмат. Бадай што тыповы для нашай рэчаіснасьці -- гэта спэктакаль "Лявоніха на арбіце" мала знанага цяпер драматурга савецкага часу А. Макаёнка. Да непрыстойнасьці каньюнктурная п'еса (напісаная ў часы кукурузнага гаспадараньня М. Хрушчова) з прыдуманымі нежыцьцёвымі схемамі, пэрсанажамі і дурнаватым сюжэтам.

Тым часам бліскучы акторскі ансамбаль (асабліва Г. Макарава, Б. Платонаў, З. Стома, А. Бараноўскі, М. Зінкевіч і інш.) зрабілі з гэтага капусьніка сапраўдны камэдыйны шэдэўр, які доўга не сыходзіў са сцэны, нягледзячы на сюжэтны абсурд, фальш і ідэалагічна-савецкую прыдуманасьць п'есы.

Найцяжэй бывае са стэрыатыпамі і шаблонамі, дзе нават таленту не прабіцца. Ды й брацца ўжо ніхто ня хоча. Ёсьць, напрыклад, такая, вядомая яшчэ з часоў Другой Сусьветнай вайны песьня пра каханьне "Бэсамэ муча" (Bésame Mucho). Хто толькі яе ні сьпяваў -- сотні вядомых выканаўцаў ва ўсім сьвеце. А ўжо ў рэстаранах за саветамі (дзе граў аркестар і былі танцы) гэтую мэлёдыю зацягалі так, што яна ўжо стала банальнай

Просьценькія словы (якія мала хто разумеў) пра жаночае каханьне і галоўнае, вельмі характэрная пазнавальная мэлёдыя. Яна і зрабіла трыюмф гэтай песьні. У 60-х гадах я любіў паслухаць на кружэлцы, як яе выконваў ансамбаль "Лос-Панчос". Весела. Можна было падпяваць, падтанцоўваць. Адным словам, лёгкая музыка.

Зараз іншыя магчымасьці. У Сеціве можна праслухаць некалькі дзясяткаў выканаўцаў гэтай песьні. Ніхто не ўражвае. Прытым дрэннага густу -- напалову

І вось,пасьля ўсіх набіўшых аскоміну шаблонаў, мне здарылася паслухаць, як яе выконвае Лаўра Энгель -- сьпявачка знакамітага аркестра Андрэ Р'ё. Тое, што я быў уражаны -- ня тое слова. Ашаломлены, як з банальшчыны можна зрабіць вакальны шэдэўр, прачулы і эмацыйны, як опэрная арыя. Вось ізноў жа, прыклад, што такое талент. Ён нам у звычайным сьвеце можа адчыніць такое, пра што мы ніколі не здагадваліся. Дарэчы, тут падаю лінк са сьпяваньнем Лаўры Энгель. Калі хто з сяброў ня ведаў, не зьбіраўся слухаць, думаю, таксама будзе зьдзіўлены.

 

 

Тым часам зьвяртаю ўвагу на талент самога Андрэ Р'ё. Ягоны аркестар быў створаны найперш для выкананьня музыкі Штрауса, каб адрадзіць у Эўропе традыцыі музычнай Вены. Потым з гэтага зрабіўся вялікі калектыў з вакалам і індывідуальнымі выканаўцамі. Іграюць класіку і лёгкую клясычную музыку. Выступаюць на плошчах эўрапейскіх гарадоў, на стадыёнах, зьбіраюць дзясяткі тысяч гледачоў, прыхільнікаў і слухачоў. Раю паслухаць, напрыклад, як яны выконваюць "Алелюя" Леанарда Коэна (і ўвесь народ сьпявае разам). Вось адрас: https://www.youtube.com/watch?v=NZb-SVm7eLE

Зацемка мая пра аркестар Р'ё ў тым, каб зьвярнуць увагу на саму зьяву ў культуры, на тысячы прачулых гледачоў. Трэба ўгледзіцца ў іх прасьветленыя абліччы, убачыць, як яны па-людзку радуюцца прыгожай музыцы, як шчыра плачуць ад узрушэньня, абымаюцца ад радасьці мастацтва, як слухаюць заварожана і падпяваюць на ўсіх мовах. Іх так шмат. Вось гэта тая культурная, сапраўдная Эўропа, якую мы трацім і ўжо амаль ня бачым за вэрхалам і паскудзтвам лявацкага пустазвонства і сурагатнай музыкі, пабудаванай на антыэстэтыцы і штучным фанатызме. Вось гэта тая Эўропа культурных людзей, якая стварыла і Дантэ, і Штрауса, і Парсіваля. Яна яшчэ жыве, плача і сьмяецца. Вось тая Эўропа, якую варта паважаць і цаніць і якая, як мне здаецца, у загоне і паняверцы. Цяжка тое ўсё разумець. Але лепшае жыве.

4 лютага 2018 г.

Зянон Пазьняк / 26-02-2018
Зянон Пазьняк Відэа Эўропа Мастацтва Культура
Абмеркаваньне
Опппо Аўтар: Менчанин 2018-02-27

Постиндустриальное общество потребления на Западе привело к падению традиционной культуры и потере западных ценностей цивилизации. Глобализм не стал спасением,а еще больше добавил проблем , что привело к вульгаризации культуры.

Бяз тэмы Аўтар: В. Буйвал 2018-02-27

І мы ў юнацтве сьпявалі гэтую "Besame mucho" па-іспанску з піцерскімі і маскоўскімі студэнтамі. Лічылася мовэтонам нат дакранацца да вісклівай і безгалосай расейскай папсы. Час і досьвед паказалі, што калі не пускаць у душу маскоўскую папсу, то будзеш цаніць і сваё і сьпевы іншых народаў. Згаданая папса -- гэта нейкае антырэчыва.

Бяз тэмы Аўтар: Мікола))) 2018-02-27

https://nn.by/?c=ar&i=205446

======

Гэта проста жах

Бяз тэмы Аўтар: Radykal 2018-02-27

Гэта і ёсьць звычайная Эўропа: тая самая, якая часам слухае "суроґатную" музыку, дзе-нідзе адчыняе кавярні з марыхуанай і дазваляе парады сэксуальных меншасьцяў. Чалавечае йснаваньне там шматаблічнае, шматбаковае, шматколернае. Неадназначнае.

Аднак, Эўропа клясычнае музыкі не памірае, на концэртах там аншляґі, у мастацкіх музэях там натоўпы, у краінах з такім-жа насельніцтвам, як на Беларусі, выходзіць у сотні, у тысячы разоў больш кніг.

Гэта ў нас, а ня ў їх найвышэйшыя на сьвеце паказчыкі забойстваў, рабаваньняў, ґвалтаў, абортаў, разводаў, вэнэрычных хвароб, залежнасьці ад алькоголю. Кіньце вучыць Эўропу жыць, яны, хутчэй за ўсё, дадуць рады сваім проблемам. А ці мы дамо рады сваім?

кранае Аўтар: жанчына 2018-02-28

І я плакала.

2 Radykal Аўтар: Vital 2018-03-01

Ну хопіць гэтага крывадушніцтва наконт траўкі, бо ў Беларусі алкаголь. У хайтэкавых Штатах і Нідэрландах лічаць, што алкаголь значна больш шкодны.

Бяз тэмы Аўтар: L 2018-03-08

Дзякуй вялики паважанаму Зянону Станислававичу! Гэтая музыка вельми душэуная и кранае, такое выкананьне Besame mucho... Гэта проста нешта немагчымае!!

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: