змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: "ВІЛЕНСКІ ФЭЛЬЕТОН"

(З нагоды 20-х угодкаў галадоўкі дэпутатаў Апазыцыі БНФ і «разбойнай ночы»)

Украінская армія патрабуе дапамогі зброяй. Гэта рэальны шлях, каб Украіна магла абараніцца і адкінуць ворага. Захад (найперш Эўропа) ня хоча прадаць зброю Украіне. На Захадзе баяцца, што Расея зазлуецца і яшчэ больш палезе на Украіну, і тады Эўропе прыдзецца дапамагаць украінцам шмат і ўвесь час. Эўрапейцы баяцца, што іх уцягнуць у вайну і пазбавяць камфорту. Што рабіць, яны ня ведаюць. Але зразумела, што калі пагроза вайны павялічыцца, то Украінай яны гатовыя ахвяравацца, каб залагодзіць Пуціна. (Яны думаюць, што яго можна залагодзіць.)

Гэтакае маразматычнае філісьцерства нядаўна з правінцыйнай лапідарнасьцю агучыў былы міністар Замежных справаў Летувы спадар Ушчацкі(Ушчацкас), які атрымаў пасаду ў Эўразьвязе(і не абы якую– амбасадара ЭЗ у Расеі). Ён сказаў, што ЗША занепакоены, «якія будуць наступствы, калі будзе прадстаўлена вайсковая дапамога, ваенная тэхніка; якім можа быць адказ Расеі».  «Трэба шукаць кропкі судакрананьня, – кажа сп. Ушчацкас, – як мы можам («мы» – гэта Эўразьвяз) пры дапамозе перамоваў з Расеяй спыніць эскалацыю канфлікта». А ў канцы гэты чыноўнік з усходу выдаў сакрамэнтальнае эўразьвязаўскае: «Мы ня пойдзем ваяваць і паміраць за Украіну, і мы ня пойдзем мяняць Расею».

Цынізм зашкальвае. Чэмбэрлены адпачываюць. Гэта ж трэба, якім эўрапейцам стаў спадар Ушчацкас, як скокнуў. Пуцін яшчэ і пальцам не кіўнуў, а ён ужо гатовы Украіну прадаць, І паміраць за яе ня будзе. (Былі некалі нават больш разумныя, што не хацелі паміраць за Гданьск, дык сапраўды, памерлі з камфортам ва ўласным доме пад бомбамі.)

Хітраватая Эўропка заўсёды выбірае нейкую маленькую краінку, тыпу Даніі ці Летувы, каб агучыць сваё самае скрытае. Вось Ушчацкас як умеў, так і агучыў.

Але я зьвяртаю на гэта ўвагу з другой нагоды. Надыходзіць 20-я гадавіна «разбойнай ночы». У 1995 годзе, у ноч з 11 на 12 красавіка, пасьля першага ўдалага эфэкту ад галадоўкі дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце (праваліліся на галасаваньні антынародныя незаконныя пытаньні, якія выносіў на рэфэрэндум новы рэжым) у парлямант былі ўведзены войскі, батальён спэцназу і гэбоўская група Альфа, якія зьбілі дэпутатаў і вынесьлі іх з залі Вярхоўнага Савета.

Разбоем па патрабаваньні Масквы кіраваў асабіста Лукашэнка. За гэта яму павінен быў быць гарантаваны стоадсоткавы імпічмант і турма. Ужо на раніцы, у 8 гадзін, Гэнэральны пракурор Васіль Шаладонаў узбудзіў крымінальную справу па факту зьбіцьця дэпутатаў і ўводу войска ў будынак парляманту. Рэжымныя функцыянеры забегалі, як пацукі, усіх палохаючы, хлусячы і пагражаючы. На раніцы вывелі ўнутраныя войскі на плошчу Незалежнасьці і акружылі Вярхоўны Савет. Дэпутатаў Апазыцыі БНФ не прапускалі ў залю паседжаньняў. Усё гэта ўжо ня раз падрабязна апісана.

Некаторыя людзі, якія думалі катэгорыямі дэмакратычнай краіны, меркавалі, што «ўсё!» -- антынацыянальнаму рэжыму канец, зараз абурыцца і падымецца ўвесь 10-мільённы беларускі народ і ўвесь сьвет, злачынцаў чакае турма.

Першай салідарна адрэагавала Польшча. Сэйм Польшчы выказаў падтрымку беларускай дэмакратыі. Ужо назаўтра да нас прыехала трохасабовая дэлегацыя польскага Сэйму начале з Багданам Барусэвічам.

Але потым аказалася, што Польшча – адзіная краіна, якая падтрымала Беларусь і асудзіла спробу правальнага путчу Лукашэнкі.

Маўчаў 10-мільённы беларускі савецкі народ, радасна паціралі ручкі камуністы і ветэраны НКВД.

На спатканьнях зь людзьмі мы казалі: «Дарагія землякі, сёньня спэцвойскі рэжыму ўварваліся ў парлямант і зьбілі нас, вашых дэпутатаў. Вы змаўчалі. І рэжым зразумеў, што так можна. Заўтра ўварвуцца ў вашыя дамы і пацягнуць вас за нішто, і будуць біць вас на вуліцах і ў пастарунках за Беларусь, як рабоў, ачмураныя хлусьнёй рэжымныя вырадкі. Зьбіцьцё вашых дэпутатаў – гэта тэст на вашу няволю». Людзі маўчалі.

Інфармацыя пра зьбіцьцё дэпутатаў ужо на раніцы была паслана ў эўрапейскія парляманты і сродкі масавай інфармацыі. У адказ палітыкі выяўлялі «заклапочанасьць», газэты пісалі.

Але найбольш нас уразіў летувіскі Сэйм у Вільні. Там абмяркоўвалі надзвычайныя падзеі ў Менску і рашылі ўстрымацца ад падтрымкі законнасьці і дэмакратыі, каб не псаваць адносіны з новым рэжымам і каб не раззлаваць Лукашэнку. За асуджэньне путчу і зьбіцьця ў Менску дэпутатаў парляманту пры галасаваньні выказалася толькі трох летувіскіх дэпутатаў Сэйму.

Мне ўспамінаюцца 1990-1991 гады, калі прыходзілася колькі разоў падтрымліваць летувісаў на паваротных этапах іхняй гісторыі, нават сядзець, па просьбе Ляндсбэргіса, у яго кабінэце ў Сэйме ў якасьці сьведкі, калі з хвіліны на хвіліну чакалі ўварваньня савецкіх танкаў.

Калі 13-га студзеня 1991 года па загаду Крамля ўзброеныя сілы СССР пачалі штурм віленскай тэлевежы, мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, імгненна арганізавалі палітычную падтрымку Летуве ў Вярхоўным Савеце. Была прынята палітычная заява, дзе быў выказаны «рашучы пратэст» супраць палітыкі Гарбачова ў дачыненьні да краінаў Прыбалтыкі. Мы змусілі Вярхоўны Савет нават утварыць афіцыйную дэлегацыю Вярхоўнага Савета БССР і паслаць яе ў Вільню. Тым часам па маёй прапанове была створана яшчэ адна дэлегацыя ад Апазыцыі БНФ, якая тут жа выехала ў Вільню. Там нашыя дэпутаты БНФ (С. Навумчык, В. Голубеў, І. Пырх, Б. Гюнтар) выступілі ў Сэйме, начавалі ў абложаным будынку парляманту, вялі перамовы (І. Пырх) з Ляндсбэргісам аб зброі і г. д.

Успамінаюцца таксама надзвычайныя падзеі 1990 года. 11 сакавіка Летува абвясьціла аднаўленьне незалежнай дзяржаўнасьці. Масква абурылася, і 29 сакавіка 1990 года Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР (за подпісам М. Дземянцея) запатрабаваў ад ЛССР вярнуць Беларусі Вільню і прылеглыя беларускія тэрыторыі.

У Вільні шок. З Саюдзіса пастаянна званілі ў БНФ, прасілі прыехаць дапамагчы ўладзіць пытаньне. Мы цудоўна разумелі, што гэта несур'ёзная маскоўская гульня, што М. Дземянцей  круглая пешка і што Крэмль хоча зьнішчыць БНФ і ўмацаваць у Вільні камуністаў.

Трэцяга красавіка ў адмысловым паведамленьні БНФ ацаніў намеры Масквы і выступ Дземянцея як «палітычны шантаж». Ня больш. Ніхто сур'ёзна заявы Дземянцея не ўспрымаў. Такія, як Дземянцей, ніколі ня будуць змагацца за вяртаньне Вільні. Яны (камуна-расейскае кіраўніцтва БССР) не пярэчылі Сталіну і здалі Вільню, растаптаўшы волю віленчукоў (70-тысячны мітынг аб далучэньні да Беларусі), гатовыя былі прадаць Маскве ўсю Беларусь і сто разоў самы прадацца.

14 красавіка БНФ накіраваў дэлегацыю ў Вільню, дзе мы супакоілі напалоханых саюдзістаў і прынялі сумесную заяву дэпутатаў Сэйму ад Саюдзіса і дэлегацыі БНФ. Згодна гэтай заявы ў Вільні павінны былі зьявіцца і беларускае радыё, і тэлебачаньне, і беларуская школа, і інш. Пакуль там ва ўладзе быў Саюдзіс усё гэта больш-менш выконвалася. Потым да ўлады прышлі людзі з кароткай памяцьцю і, ужо будучы ў эміграцыі, я ўвесь час меў праблемы з уязнымі візамі ў Вільню.

Нягледзячы на тое, у 2009 годзе, напрыклад, дэлегацыя кіраўніцтва КХП – БНФ мела вельмі прыстойныя палітычныя перамовы са старшынёй Камісіі Сэйма Летувы па Замежных справах, з намесьнікам міністра Замежных спраў і іншымі прыстойнымі спадарамі. Шмат аб чым добрым дамовіліся, але выканалі ўсё нашы прыяцелі на адзін адсотак.

Вышэйшы пілатаж сучаснай мэнтальнасьці адбыўся восеньню 2010 года. Зь беларускай  здымачнай групай я выехаў зь Вільні ў Дзявенішкі і аказалася, што забыўся ўзяць з сабой патрэбны дакумант (пасьведчаньне асобы) неабходны ў памежнай зоне. Заехалі ў памежны атрад. Там мяне памяталі яшчэ з часоў Саюдзісу, папілі кавы, пагаварылі, успомнілі былыя гады і зьбіраліся расставацца без складаньня фармальнасьцяў. Але старэйшы кажа, што па інструкцыі варта ўсё ж праінфармаваць у гару (гэта значыць туды, нашым знаёмцам, дзе мы год таму міла перамаўляліся). Пасьля званка да нашых партнёраў па перамовах старэйшы вярнуўся зьбянтэжаны да крайнасьці і ў вочы не глядзіць. Прышлося мне званіць у Вільню і прасіць, каб сябры прывезьлі мой дакумант асобы. Прывезьлі. Нумар яго запісалі ў патрэбную графу і мы, страціўшы амаль дзьве гадзіны часу, ад'ехалі, суправаджаемыя словамі прабачэньня памежнікаў.

З гэтай асаблівасьці летувіскай палітбюракратыі я заўсёды толькі пасьмейваюся, ведаючы іхнюю натуру. Але кожны год, бываючы на Віленшчыне, бачу, што ўсё тут ціхенька робіцца так, каб беларусы на сваёй карэннай зямлі ня мелі ніякіх пэрспэктываў. Дарэчы, новыя ўлады паперараблялі татальна ўсе гістарычныя тапонімы і гідронімы на Віленшчыне, нейкае варварства адбываецца (ёсьць жа правілы, прынятыя ў цывілізаванай навуцы). Асабліва бянтэжыць становішча з зямлёй. Даўно пад прыкрыцьцем Эўразьвязу ціхенька йдзе палітыка выштурхоўваньня карэннага насельніцтва Віленшчыны за межы краю. Ўзамен зьяўляюцца перасяленцы. Не кажу ўжо пра тое, што дваццаць гадоў назіраю ад Друскенік да Вільні і далей, як вокам абняць, абшары зарослай бур'яном зьдзічэлай зямлі, якую ніхто не апрацоўвае (бо ўжо няма каму – зьехалі). Такога я нават на цяперашняй Смаленшчыне ня бачыў.

Над ўсім гэтым ужо даўно варта задумацца. А тут яшчэ гэты «мудры келб» Ушчацкас са сваімі прапановамі не дапамагаць зброяй Украіне. Прытым якая там ад Летувы дапамога (яны і зброі ня маюць). Гэта тут спадар Ушчацкас удае ролю важнага эўрачыноўніка. Ён, бачыце, ужо клапоціцца пра Эўропу.

Гледзячы на ўсё такое словаблудзтва, часам думаеш, а ці трэба было ўвогуле нам падтрымліваць такіх няверных сяброў? Нават камуністы (Бразаўскас) паспрыялі нам у 1989 годзе (1-ы Зьезд БНФ у Вільні і інш.). Гэтыя ж ніколі рэальна не падтрымалі Беларускі Народны Фронт, нават калі маскоўска-лукашысцкія гарылы зьбівалі нас у парляманце.

А наперадзе цяпер можа быць шмат падзей. Вось, напрыклад, Захад возьме паслухае «мудрага кялба» зь Вільні і не дапаможа зброяй Украіне. Масква зьнішчыць украінскую армію і забярэ Кіеў (у іх жа і тактычная атамная зброя ёсьць, якая прадаецца ў «ваенторгу»). Тады адразу ўзьнікне пытаньне пра калідор да Калінінграда (Кралеўца). І што нам рабіць? Зноў падтрымаць «мудрых кялбоў» зь іхнай хутаранскай сьведамасьцю? А можа хай маскоўцы робяць сабе той калінінградзкі калідор разам з Лукашэнкам (беларусы ж у Кралеўцы здаўна жывуць).  Галоўнае, каб Пуціна не раззлаваць.

Зрабіўшы калідор і не раззлаваўшыся, Пуцін можа гэтак міратворна глянуць на Лукашэнку і вымавіць:

«Слушай, Саша, а не пора ли возвратить Вильню, а? Давай вперёд, мы поддержим, шарахнем и дело с концом.»

«Толька умесьце, Вова, из любви к России, толька умесьце», – адкажа Саша.

І што нам тады, беларусам, рабіць? Зноў ехаць у Вільню і супакойваць перапалоханых «мудрых кялбоў». Ці можа махнуць рукой і сказаць: «Гары яно ўсё гарам! Абое рабое. Як будзе, так і будзе. Мы ж эўрапейцы. Ня стане  Эўропа паміраць за Вільню. Ды й Вільня наша. А то яшчэ раззлуем Пуціна».

10 красавіка 2015 г.

Зянон Пазьняк / 11-04-2015
Зянон Пазьняк Расея Пуцін Вільня Украіна Масква Лукашэнка Народны Фронт Беларусь БНФ Змаганьне Барацьба Летува Расейска-украінская вайна Расейска-беларуская вайна
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: Сашык 2015-04-11

Так, давялося пабачыць і паслухаць гэтых самазамілаваных-хутарскіх віленскіх палітыкаў. Гэта нешта неапісуемае! Давядуць сваю краіну да новай маскальскай акупацыі.

Бяз тэмы Аўтар: PMJ 2015-04-11

Бедалагі мікраскапічныя, прысабечылі нашу гісторыю і сталіцу. Вось жывуць комплексамі непаўнавартасьці.

Бяз тэмы Аўтар: микола))) 2015-04-11

Самы лепшы тэкст ад Зянона Станислававича за апошния гады...

Бяз тэмы Аўтар: працяг 2015-04-11

Сказаць па шчырасци бачачы як ва Украину запрашали Лукашэнку, як яго там па братэрску прымали, як у Лукаша была стопрацэнтная падтрымка у студыи, як Па их тэлебачанни пускали сюжэты дзе казали што у Беларуси 90% ватникау. Як Яны пастаянна на форумах пишуць: лука малайчына.

вільня наша Аўтар: воўк 2015-04-11

Хіба ЭЗ рассыпецца разам з Ната, Расея распадецца і мы разам з Польшчай выставім рахункі і за Прывіленскі край і за Латгалію. Я бачу з усіх суседзяў найменьш праблем з палякамі, хіба толькі па 17 верасня трэ будзе прыйсьці да паразуменьня.

Бяз тэмы Аўтар: Sigizmund 2015-04-12

Згодзен з Міколай - сапраўды, тэкст - проста выдатнейшы.

Бяз тэмы Аўтар: не белая руская 2015-04-12

Ну, нарэшце, уцямиу пане Зянон, каму ен дапамагау, абы супрауь руских, можна и Виленски край аддаць суседу, абы не руским..дык з рускими м хоць у адной хаце разам пад акупацыяй,и потым мы набыли незалежнасць у хутким часе и засталися без Виленшчыны..гэта урок пра тое, што николи свае земли дарыць навам быццам бы сябрам - злачынства..кали ужо жмудзь скарысталася нашаю назваю и гисторыяй на сваю карысць, што было бачна яшчэ да савецкага часу, то чаго можна чакаць было ад яе? Спадзяюся Берасцейшчыну и Палессе Украинцам не аддамо?

Бяз тэмы Аўтар: Мікола ))) 2015-04-12

Воўк, Качыньскі ў свой час таксама распавядаў пра "польскія" гарады Вільню, гародню і Львоў

Бяз тэмы Аўтар: Андрусь 2015-04-12

Сапраўды, гэты тэкст неяк адрозьніваецца ад папярэдніх. Тут ужо няма трывогі. Мяркуецца, што час Зянона Станіслававіча прыйшоў. :)

"Падобна, час Пазьняка яшчэ не настаў, хаця можа падацца, што ён мiнуў." Васіль Быкаў

Параўнаньне Аўтар: Раман Тык 2015-04-12

У садамаўскім Іраку (да 2003 г.) было паўтара мільёна хрысьціянаў, многія зь якіх належалі да Ўсходне-Каталіцкіх цэркваў. Тагачасны прэм'ер-міністар Ірака Тарык Азыз - каталік халдэйскага абраду.

Зараз у Іраку налічваецца толькі 150 000 хрысьціянаў - гэта значыць, за 12 год колькасьць паменела ў дзесяць разоў.

(Паводле Каталіцкага Агенства навінаў - www.catholicnewsagency.com)

Зараз жа найбольш церпяць хрысьціяне ў Сырыі напрацягу ўсёй "вайны за дэмакратыю", а таксама ў Эгіпце пасьля рэвалюцыі 2011 г.

Мафія дзейнічае рознымі спосабамі, каб зьнішчыць тыя супольнасьці ў сьвеце, якія маюць патэнцыял даваць сумленных і шляхетных людзей - будуць гэта беларусы-ліцьвіны або хрысьціяне Блізкага Ўсходу.

Масква лічыцца толькі з сілай. Аўтар: Раман 2015-04-13

Гэты выдатны артыкул Зянона трэба пачытаць "эўрапейцам" накшталт Ушчацкаса ды ўсім іншым. На мімікрыю й канфармізм такіх "эўрапейцаў" вельмі разьлічвае Пуцін.

Бяз тэмы Аўтар: Каваленка 2015-04-13

Дык можа пара вяртаць усё наша скрадзенае: і землі, і гісторыю і чыей крыві князі і кіраўнікі паўстаньняў і г.д., бо нас хочуць усе знішчыць: ад маскалей да жмудзінаў.

wergfv Аўтар: syjuilo;ilk 2015-04-16

і сапраўды, калі глянуць на гісторыю, то і пытаньне ўзьнікае: а ці варта падтрымліваць патэнцыйных хаўрусьнікаў (Летуву, Польшчу), калі яны часта дзейнічаюць супраць нас?! канешне можна доўга спрачацца чыя акупацыя была для беларусаў лепей, польская чы савецка-расейская, чылі летувіская, ці яшчэ чорт ведае якая (у 1918-1939 ды й некаторыя землі і зараз)? у складзе Летувы Вільня беларускай вельмі сумніўна можа стаць, як і пад рассеяй.. шкада толькі беларусаў якія мучаюцца на сваёй жа зямлі і вымушаныя жыць пад штодзённым прыгнётам і зьдзекам на кожным кроку

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: