змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ АХВЯРАМ СТАЛІНСКАГА ГЕНАЦЫДУ, ЗАБІТЫМ У КУРАПАТАХ

(Выступ у Дзень памяці пра генацыд)

Дарагія землякі, дарагія беларусы! Сёньня, 3-га чэрвеня, спаўняецца 30 гадоў з таго дня, які перамяніў Беларусь, які ўзьняў у гару Беларускі дух народнага сумленьня і прагу справядлівасьці. У гэты дзень Беларусь пачула рэальную народную праўду пра сталінскі генацыд, і гэтая праўда ўскалыхнула людзкія душы.

Гэтая праўда прагучэла як атамны выбух. На яе адгукнулася ўся краіна. Масква і яе камуністычная ўлада, якія думалі, што задушылі ў Беларусі ўсё жывое, што ўсю нацыю ўжо затапталі ў друз, затахцілі ў небыцьцё, -- яны памыліліся. Аказалася, што Беларусь духоўна жывая і сьмела дэманструе свой гнеў.

Мне здаецца, што ворагі чалавецтва і па сёньняшні дзень не зразумелі сутнасьці такога паўстаньня Беларускага духуамаль зь небыцьця. Рэакцыя на адкрыцьцё Курапатаў -- гэта быў люстраны адбітак маштабаў савецкага генацыду ў Беларусі. Маштаб быў такі вялікі, такі пачварны, што закрануў, практычна, кожную беларускую сям'ю, кожнага чалавека. І вось праўда пра Курапаты ўскаланула ў кожным ягонае баленьне, ягоныя страты і гнеў, ягоную прагу справядлівасьці і непрыняцьце забойцаў людзей. Беларусь выбухнула, не дамаўляючыся, бо кожны памятаў і кожнаму балела сваё. Узьнік народны рэзананс памяці і нясплочанага гневу, які вывеў людзей на вуліцы і плошчы, стварыў народны рух, павёў за Народным Фронтам, разьвітаўся з камунізмам і сустрэў незалежнасьць Айчыны.

Вось што такое Курапаты ў гісторыі нашай свабоды і незалежнага існаваньня.

Ці трэба зьдзіўляцца, што ворагі чалавецтва хацелі зьнішчыць і абылгаць Курапаты. Курапаты ёсьць сымвал і сакральнае месца, зь якога пачалося наша новае Беларускае Адраджэньне ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.

У Беларускім Народным Фронце бальшыня людзей была з тых сем'яў і з тых родаў, якія пацярпелі ад саветаў, трапілі пад рэпрэсіі і генацыд. І так ёсьць па сёньняшні дзень. І тут таксама сёньня стаяць нашчадкі без віны расстраляных людзей. І таксама іх ёсьць тут бальшыня. Курапаты -- нацыянальны магільнік і нацыянальны мартыралог беларускага народа. Вось што такое Курапаты.

Расстрэлы ў гэтым месцы пачаліся ў 1937 годзе. Арыштаваных прывозілі машынамі, расстрэльвалі з наганаў у патыліцу дзень і ноч і ськідвалі ў ямы. Людзі з ваколічных вёсак усё чулі і ведалі. Я апытаў шмат сьведак яшчэ ў 70-х гадах і чакаў спрыяльнага моманту. Такі момант зьявіўся ў 1988 годзе перад 19-й канфэрэнцыяй КПСС, калі сістэма была паралізаваная ў чаканьні невядомых рашэньняў з Масквы. У траўні 1988 года я зрабіў першыя археалагічныя раскопкі Курапатаў, апытаў жывых сьведак і пра ўсё напісаў. 3-га чэрвеня 1988 года артыкул "Курапаты -- дарога сьмерці" быў надрукаваны ў газэце "Літаратура і мастацтва" пры поўнай падтрымцы рэдакцыі, якая ўступіла нават у канфрантацыю з ЦК кампартыі БССР.

І тут я хачу ўспомніць цёплым словам майго сябра Яўгена Ігнатавіча Шмыгалёва. Гэта быў выдатны, крыштальнай сумленнасьці чалавек, працаваў інжэнерам на заводзе, патрыятычны беларус; да выслугі гадоў быў капітанам у савецкай арміі. Я прасіў яго хадзіць разам са мной па вёсках і апытваць сьведкаў расстрэлаў у Курапатах, бо аднаму рабіць тое псіхалагічна не выпадала. Мусіў быць большы давер людзей да апытаньня і такі напарнік, які ўмеў трымаць таямніцу.

Мы абышлі навакольныя вёскі і апыталі шмат сьведак. Потым па маральным абавязку я прапанаваў яму падпісаць разам напісаны мной артыкул. Яўген Ігнатавіч наадрэз адмовіўся. Ён ня быў публічнай асобай, ніколі нічога не пісаў, не друкаваў. Тады я пайшоў на невялікую хітрасьць: уключыў у артыкул ягоны расповяд пра сталінскую дэпартацыю і вынішчэньне крымскіх татар і ўгаварыў падпісаць, паколькі і ягоныя зьвесткі былі ўключаны ў тэкст.

Яўген Ігнатавіч хаваў таямніцу пра Курапаты разам са мной, заслугоўвае добрай памяці і пашаны. Ён памёр у 2000-м годзе ад невылечнай хваробы. Вечная яму памяць.

Нас, нашчадкаў расстраляных беларусаў, зноў чакаюць выпрабаваньні. Ворагі чалавецтва ня спыняцца ніколі перад спробамі разбурыць і зьнішчыць Народны Мэмарыял Курапаты, які паўстаў, дзякуючы стараньням беларускіх людзей, і перш за ўсё -- сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ.

Народны Мэмарыял Курапаты створаны людзьмі. Рэжымная ўлада увесь час перашкаджала, арганізоўвала перашкоды і зьнішчэньне працы народных энтузіястаў. І вось цяпер, калі нягледзячы на перашкоды, Народны Мэмарыял існуе,псавальнікі Беларусі, пад'юджаныя антынародным рэжымам, хочуць залезьці сюды пад выглядам нібыта сваёй казённай мэмарыялізацыі гэтага месца і пад выглядам гэтых намераў разбурыць Мэмарыял, выбіць клін клінам.

Ненавісьнікі Беларусі зноў рыхтуюць правакацыю з рэстаранам бардэльнага тыпу, які маскоўцы незаконна пабудавалі ў ахоўнай зоне Курапатаў. Яны сьпяшаюцца яго адчыніць, пачаць тут сваё "ядзеньне", пітво і танцы. Ім напляваць на нашы пакуты, ахвяры і расстрэльныя магілы, якія пакінулі тут іхныя маскоўскія папярэднікі, бальшавікі. Закон тут груба парушаны ад самага пачатку. У ахоўнай зоне Курапатаў у змове з уладай была ажыцьцёўлена маскоўская дыверсія – пабудаваны рэстаран-бардэль пад ганебнай назвай «Бульбаш-хол». Калі гэтая афёра раскрылася, тады была зроблена наступная афёра – ліквідавана ахоўная зона Курапатаў у гэтым месцы. Тыя хто тое зрабіў, думалі такім чынам вывесьці з-пад адказнасьці незаконных забудоўшчыкаў. Але закон зваротнай сілы ня мае. Дыверсанты павінны быць прыцягнуты да адказнасьці, а ганебны рэстаран зьнесены па-закону.

Цяпер парушальнікі, каб замесьці сьляды парушэньня, выдалі праз агентуру трэцюю афёру – гандлярскую ініцыятыву,маўляў, трэба не разбураць «самабуд», а выкупіць яго (і нават перадаць) пад музей Курапатаў. Прафанскі гандаль распачынаюць, каб гандлявацца і не гаварыць пра злачынства, усіх абдурыць і ўцячы ад пакараньня. Падсумоўваючы тэму я выкажу вам верагоднасьць якой будзе чацьвёртая афёра і працяг «Бульбаш-хола». Чацьвертая афёра простая, як кол. Самабуд застрахуюць і спаляць, зваліўшы падпал на «нацыяналістаў» (з прыветам ад Масквы і Валгадонска).

Рыхтуймася да абароны курапацкіх магіл! Па вялікаму кошту, мы павінны разумець, што Курапаты сталі знакавай прыкметай узроўню нашай нацыянальнай годнасьці. Калі мы папусьцімся і акупацыйная чэрнь будзе скакаць і галдзець побач з магіламі нашых забітых продкаў, значыць грош нам цана, тады мы нават ужо не народ.

Але ня будзе таго. У Беларусі ёсьць абаронцы -- сыны і дочкі Бацькаўшчыны, якія не здадуць у крыўду ні жывых, ні мёртвых, і будучыня нашай краіны будзе сьветлай і прыгожай, такой, пра якую марылі лепшыя яе сыны, што паклалі галовы і сэрцы за яе свабоду. Вечная слава беларускім героям! Слава Айчыне.

3 чэрвеня 2018 г.

Зянон Пазьняк / 04-06-2018
Зянон Пазьняк Курапаты 3 чэрвеня 2018 г.
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: беларуска 2018-06-04

Мая матуля і яе сёстры галадалі і былі выкінутыя з хаты,калі арыштавалі і зьвезьзлі майго дзядулю будаваць г.Магадан. Гэты шлейф дзеці ворага народа цягнуйся за імі ўсё савецкае жыцьцё. Не забудзем,не прабачым!

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
ЗАЦЕМКІ ПРА ТВОРЧАСЬЦЬ МУЛЯВІНА І КУПАЛЫ
Галеча і шлях да вайны
Народнае адзінства: Дзюнкерцкі цуд (3)
Масква – “Трэці Рым”?