змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ТРЫЦЦАЦЬ ГАДОЎ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДНАМУ ФРОНТУ «АДРАДЖЭНЬНЕ»

Паважаныя спадарыні і спадары, вітаю Вас і віншую з трыццацігоддзем Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» – знакамітай арганізацыі ў нацыянальнай беларускай гісторыі.

У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя народныя франты былі створаныя ва ўсіх эўрапейскіх акупаваных краінах былога СССР. Але самае глыбокае і самае рэвалюцыйнае значэньне мела стварэньне Фронту для Беларусі.

За 70 гадоў савецкай акупацыі і антынацыянальнай палітыкі Беларуская нацыя была ўжо, практычна, паралізаваная. Беларуская школа ў гарадах зьнішчана, гістарычная памяць ліквідаваная, адміністрацыя зрусіфікаваная, рэальна, ня гледзячы на Канстытуцыю БССР, не існавала ніякага суверэнітэту, ніякіх нацыянальных правоў. Стаяла "жалезная заслона". Людзі ня ведалі, што ў сапраўднасьці адбываецца на сьвеце. Забароненая была прыватная ўласнасьць. Чалавек цалкам залежыў ад адміністрацыйнай сістэмы.

Гаварыць у той час у беларускім грамадзтве пра свабоду, дэмакратыю, дзяржаўную незалежнасьць было ня тое што бессэнсоўна, але небясьпечна. Такіх людзей лічылі вар'ятамі, хворымі на галаву, якія гавораць пра незразумелыя нерэальныя рэчы. Альбо ўспрымалі іх як дыверсантаў Захаду, нястойкіх элемэнтаў, што падпалі пад уплыў буржуазнай прапаганды.

Азіраючыся на той час, уражліва пераконваешся, якую змрочную сілу мае таталітарная прапаганда і індактрынацыя ў несвабодзе. Практычна, на працягу аднаго-двух пакаленьняў грамадзтва ператвараецца ў натоўп балваноў, які паўтарае ўбітае ў мазгі акупантамі і думае, што так уладкаваны ўвесь сьвет.

Перад усімі франтамі стаяла тады, практычна, адна задача -- незалежнасьць краіны, выхад з СССР. Усё астатняе -- было ўсьлед.

Але бадай што толькі перад Беларускім Народным Фронтам стаяла яшчэ першасная перадумова -- адраджэньне нацыі. "Ненацыі", натоўпу саўкоў -- незалежнасьць і свабода непатрэбныя. І вось над гэтымі дзьвума задачамі пачалася праца нешматлікіх вольных людзей. Беларускі Народны Фронт быў названы "Адраджэньне". Праз два гады пасьля яго ўтварэньня было пастаўлена пытаньне пра незалежнасьць Беларусі. Яшчэ праз год -- дасягнута незалежнасьць. Усё разьвівалася вельмі хутка. Так хутка, што грамадзтва не пасьпявала за авангардам. Патрэбны быў час на станаўленьне. А яго не было.

Для грунтоўных пераменаў у грамадзтве мусіў бы быць палітычны клас, здольны тыя перамены ажыцьцяўляць. Гэта перш за ўсё людзі узростам 40-50 гадоў з вопытам жыцьця і грамадзкай дзейнасьці. На шчасьце, такія людзі былі.

Аснова пад незалежнасьць і вольную дзяржаву была закладзена яшчэ ў 1960-х гадах, ці, як тады казалі, у час хрушчоўскай адлігі. Гэта быў даволі рамантычны час, калі прачнуліся маладыя нацыянальна жывыя сілы. Рэпрэсіі прыдушылі шасьцідзесятнікаў, але ня зьнішчылі іх. Праз 20 гадоў у 80-х яны ўзвалілі на свае плечы лёс незалежнасьці краіны. Гэта людзі, якія ў 80-х ужо былі ў сістэме гаспадаркі, навукі, войска, рабочых спэцыяльнасьцяў, адукацыі ды абслугі. Гэта ўжо былі асобы, улучаныя ў сацыяльныя структуры грамадзтва, на якіх трымалася жыцьцё. Сярэдні ўзрост Фронта напачатку 90-х быў 40-50 гадоў (зрэшты, як і паўсюдна ў фронтах таго часу). Сацыяльны ўзровень ёсьць важны аспэкт палітыкі, які спрыяў падтрымцы грамадзтва і адчыняў магчымасьці пераабраньня ўлады.

У васьмідзесятыя гады, у часы перабудовы, гэтак жа, як і ў шасьцідзесятых гадах, зьявіўся маладзёвы беларускі рух, абаперты на гісторыю і культуру. Характэрна, што гэты рух, рэагуючы на ўладнае асяроддзе, быў таксама безаглядна антыкамуністычны і антысавецкі. Як і ў 60-х, тут закладвалася будучая аснова вольнай Беларусі. Палітычна здольныя прадстаўнікі моладзі ўключыліся ў Народны Фронт, некаторыя былі выбраныя ў Вярхоўны Савет.

Авангард беларускага Адраджэньня сфармаваўся тады даволі моцны. Не было б невырашальных праблемаў з уладкаваньнем і функцыянаваньнем беларускай дэмакратычнай дзяржавы. Але адсутнасьць улады беларускага Адраджэньня, умяшаньне зьнешніх варожых расейскіх сілаў у справы Беларусі сыграла фатальную ролю ў палітычна неакрэпшым беларускім грамадзтве. Аднак незалежнасьць была ўжо дасягнута. Яна была.

Тым часам абставіны былі такія, што Беларускі Народны Фронт, ставячы задачу незалежнасьці Беларусі, адначасна рыхтаваў адраджэньне нацыі, мовы, сьведамасьці, гістарычнай памяці, культуры і г. д. Гэта значыць -- рыхтаваў тое асяроддзе, якое павінна было падтрымаць барацьбу і змагацца за незалежнасьць Беларусі. Гэта была неабходнасьць часу. Мы бачылі, што пачынаецца агульны рух за незалежнасьць у акупаваных краінах СССР, і калі мы не скарыстаем той гістарычны момант і агульны ўздым за свабоду ад СССР, то ў адзіночку мы ўжо ня збавімся ад Масквы і свабоды не здабудзем.

Нацыянальнае становішча ў беларусаў было найгоршае. Тут амаль усё жывое было выбіта і татальна вытраўлена акупантамі. Камунізмам гвазьдзілі, як молатам, нішчачы мову, школу, гісторыю. Зьнішчаючы Беларусь, рускія імпэрцы засланяліся камунізмам. Гэта яны, маўляў, камунізм будавалі.

Як сьведчыць гістарычная практыка, на нацыянальную асьвету народа, як правіла, ішло дзясяткі гадоў. Тым часам Беларускі Народны Фронт мусіў тое зрабіць за год-два. Інакш магло б стацца, што пра незалежнасьць не было б каму казаць.

Другі аспэкт складанасьці Адраджэньня быў у тым, што ў выніку татальных рэпрэсыяў, забойстваў і жорсткай антынацыянальнай палітыкі, камуністычная партыя ў Беларусі, асабліва яе верхавіна і намэнклятура, была яра антыбеларускай і праводзіла пасьлядоўную антынацыянальную дзейнасьць. Гэтым тлумачыцца тое, што Беларускі Народны Фронт стаў самым антыкамуністычным з усіх франтоў у Савецкім саюзе. У БССР не было нацыянал-камунізму і нацыянал-камуністаў (за выключэньнем, хіба, некалькіх асобаў).

Такім чынам, калі пераходзіць да дэфініцыяў, то Беларускі Народны Фронт – гэта народны рух і палітычная арганізацыя адначасна, якая змагалася ў Беларусі з камунізмам за дэмакратыю і незалежнасьць краіны. Аргкамітэт Фронту быў утвораны 19 кастрычніка 1988 года. 23-24 чэрвеня 1989 года ў Вільні (у Менску ўлада не дазволіла) адбыўся Першы ўстаноўчы Зьезд БНФ. 25 жніўня 1991 года Народны Фронт дамогся рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і спыніў дзейнасьць КПСС-КПБ. Упершыню за 200 гадоў расейскай акупацыі Беларусь рэальна стала незалежнай дзяржавай. Камунізм як палітычная сістэма і ідэалёгія быў ліквідаваны. Але ўся структура дзяржаўнай улады засталася ў руках старой камуністычнай, і што істотна – прамаскоўскай каланіяльнай адміністрацыі. Гэта прадвызначыла далейшы ход падзей. Сілы былі несувымерныя, а грамадзкі ўздым пасьля фармальнай ліквідацыі КПСС пайшоў на спад.

Сітуацыя вымагае тлумачэньня для сучаснага малаінфармаванага чалавека, чаму ў 1991 годзе пасьля краху КПСС у Эстоніі, Латвіі і Летуве ўладу лёгка перанялі нацыянальныя сілы, а ў Беларусі і на Ўкраіне засталіся старыя каланіяльныя ўлады.

Адказ просты: таму што ў Прыбалтыйскіх савецкіх рэспубліках нацыянальныя сілы былі ва ўладзе пры камунізме, а ў Беларусі і на Ўкраіне – не.

У савецкай Беларусі нацыянальная адміністрацыя была вынішчана ў выніку рэпрэсіяў яшчэ ў 30-х гадах, усе беларускія школы ў гарадах зачыненыя, нацыянальная ідэя аб’яўлена буржуазнай і антысавецкай, а беларуская мова ў публічным ужываньні – праявай антысавецкага нацыяналізму.

На месца забітых адміністратараў беларусаў прысылалі кадры з Расеі. Прытым абы каго, абы не беларус. Гэта балі так званыя партыйныя «выдвіжэнцы». Яны, плюс кіроўныя партызаны НКВД, якія вайной вынішчалі беларусаў, а пасьля вайны перанялі ўсю ўладу ў Беларусі, стварылі тут атмасфэру нянавісьці да ўсяго беларускага. Уся кіроўная камуністычна-савецкая адміністрацыя ў БССР была антынацыянальнай.

Менавіта правячая камуністычная партыя БССР была першым і галоўным ворагам беларускай незалежнасьці, мовы і культуры. Менавіта зь мясцовай камуністычнай адміністрацыяй найперш змагаўся не на жыцьцё, а на сьмерць за незалежнасьць, дэмакратыю і суверэнітэт Беларусі Беларускі Народны Фронт.

Кіруючыя камуністычныя партыі Прыбалтыйскіх савецкіх рэспублік не выступалі супраць суверэнітэту сваіх краінаў, далі магчымасьць вольна дзейнічаць Народным Франтам і шмат у чым нават спрыялі іхняе дзейнасьці. Незалежнасьць там не зьяўлялася унутраннай грамадзкай праблемай, а толькі пытаньнем часу.

Для таго каб нацыя рэалізавалася цалкам як культурная і дзяржаўна-гістарычная агульнасьць людзей, патрэбны пэрыяд яе дзяржаўна-культурнага станаўленьня. Гэта ў сярэднім 20 гадоў – адно пакаленьне. Пэрыяд дзяржаўнага незалежнага станаўленьня мелі ўсе нацыі, якія стварыліся ў ХІХ-ХХ стагоддзях. 22 гады прыбалтыйскай нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасьці зрабілі гэтыя нацыі незьнішчальнымі. Сталінскія рэпрэсіі не падрэзалі іхняе нацыянальнае выжываньне, бо сьведамым быў ужо ня толькі нацыянальны авангард, але ўвесь народ, усё пакаленьне. Нацыянальнае прарастала натуральна нават у камуністычнай форме.

Беларусь ня мела пэрыяду незалежна-дзяржаўнага нацыянальнага станаўленьня. БНР была задушана ў зародку. Пад савецкай акупацыяй сярод тых, што засталіся жывымі, вырасла пакаленьне няпомнячых і няведаючых. І вось у такіх умовах нешматлікая нацыянальная эліта – Беларускі Народны Фронт – распачала барацьбу з камунізмам за волю і незалежнасьць краіны.

(У ацэнках зазначу, чаму я лічу Лукашэнку самым вялікім палітычным злачынцам у Беларускай гісторыі. Ён сьведама скалечыў маладосьць нацыі, сьведама ня даў ёй нацыянальна-культурна рэалізавацца ў дзяржаве, вырасьці, стаць на ногі. Каб направіць калецтва, спатрэбіцца яшчэ мінімум адно пакаленьне ў вольнай нацыянальнай Беларусі, а ў рэчаіснасьці – два).

Стварэньне і дзейнасьць Беларускага Народнага Фронту стала сапраўды ўнікальнай і адметнай старонкай у барацьбе за свабоду на ўсім абшары СССР.

Нагадаю становішча. У 1980-х гадах Савецкі Саюз зайшоў у фінансавы і эканамічны тупік. Крах быў непазьбежны. Ратуючыся, камуністы аб’явілі пра перабудову сістэмы, зьмякчылі цэнзуру і абвясьцілі галоснасьць, магчымасьць людзям удзельнічаць у выбарах. Грамадзтва прышло ў рух. У 1988 годзе ў Эстоніі ў асяроддзі нацыянальнай камуністычнай і творчай інтэлігенцыі ўзьнікла ідэя стварэньня Народнага Фронту – руху за дэмакратыю, свабоду і суверэнітэт.

Пасьля Эстоніі наступны Народны Фронт быў створаны ў Латвіі, потым у Летуве і, нарэшце, нечакана для Масквы і мясцовых камуністаў – у Беларусі.

Усе сілы каланіяльна-камуністычнай сістэмы ў Беларусі былі кінутыя на недапушчэньне зьяўленьня Народнага Фронту. Кіраўнікі КПБ урачыста паабяцалі ў Маскве, што ў Беларусі Народнага Фронту ня будзе. Выношваліся нават планы стварыць свой “народны фронт” зь ліку камуністаў, каб забегчы наперад і скампрамэтаваць ідэю.

Усё прышло ў рух пасьля адкрыцьця Курапатаў. Падзея перавярнула сьведамасьць грамадзтва, узьняла людзей да актыўнай пазыцыі. Беларускі народ засьведчыў, што ён духоўна жывы і яму не абыякавы лёс свайго мінулага і будучыні краіны.

Адкрыцьцё Курапатаў паўздзейнічала на становішча ва ўсім СССР. У Курапатах упершыню былі выяўлены рэальныя ўлікі генацыду беларускага народа, улікі, якія маглі стаць доказам у судзе над камунізмам. Камуністы ўспалашыліся, мабілізавалі свае сілы і… ўпершыню прайгралі. Нічога ім не дапамагло. Вымушаны былі прызнаць факт расстрэлаў нявінных людзей ворганамі НКВД. Гэта быў удар, ад якога КПСС ужо не паднялася, і першы цьвік у труну расейскага камунізму.

Вось чаму пакуль будзе існаваць КГБ, Лубянка, расейская імпэрыя, «русский мір» і халуі «русского мира» – усе яны любым спосабам будуць імкнуцца абылгаць і зьнішчыць Курапаты.

Пасьля адкрыцьця Курапатаў ідэя Народнага Фронту вісела ў паветры. Але арганізаваць яго фармальна было вельмі цяжка. Кагэбісты і агентура, як кажуць, сядзелі ў кожнага на карку. Небясьпеку ўяўлялі таксама розныя актыўныя балбатуны, якія пачалі зьбірацца ў розныя клубы, кшталту “Современник” і выступаць па-руску пра дэмакратыю ды эканоміку, абмяркоўваючы прачытанае ды пачутае, ды шкадуючы, што няма ў Беларусі яшчэ народнага фронта. Калі б такая дэмакратычна-касмапалітычная тусоўка выскачыла б, раптам, з заявай пра стварэньне народнага фронту, то ідэя была б спрафанаваная, а грамадзтва дэзарыентаванае. А менавіта такія намеры тады і ўзьнікалі сярод маргіналаў.

Народны Фронт (як паказалі таксама падзеі ў Прыбалтыцы) – гэта перш за ўсё нацыянальна-дэмакратычны рух за суверэнітэт і незалежнасьць краіны. Толькі на нацыянальнай ідэі можна было аб’яднаць нацыю на змаганьне за ідэалы свабоды і незалежнасьці. Любая прафанацыя (асабліва ў беларускіх умовах) магла б фатальна пашкодзіць справе.

Усё гэта змусіла прысьпешваць працу. Летам 1988 года ў Менску пад уплывам адкрыцьця Курапатаў была створана арганізацыйная група “Камітэт 58”, якая пачала рыхтаваць дакуманты і канфэрэнцыю па стварэньні арганізацыі “Мартыралог Беларусі”. Тут рыхтаваўся той траянскі конь, на якім можна было ўехаць у Беларускі Народны Фронт. У “Камітэце 58”, аднак, пра гэта ня ведаў ніхто. Інакш ідэя магла б не ажыцьцявіцца.

У кастрычніку мы (арганізацыйная група «Камітэту-58) рэзка прысьпешылі скліканьне ўстаноўчай канфэрэнцыі Мартыралога, бо была засьцярога, каб камуністы не скарысталі маргінальных дэмакратаў і не справакавалі прафанацыі ідэі Фронту.

Камуністы былі супраць арганізацыі Мартыралога. Нас падтрымаў Саюз Кінематаграфістаў і дазволіў правесьці канфэрэнцыю ў Доме Кіно (будынак касьцёла сьвятых Сымона і Алены, так званы “Чырвоны Касьцёл”). На сход мы запрасілі прадстаўнікоў Менгарсавета, Пракуратуры БССР, Міністэрства Ўнутраных Справаў і іншыя ўлады. Усе яны прышлі, каб даць нам бой. І далі бой, але прайгралі, бо нас было больш. Людзі зьехаліся з усёй Беларусі і прагаласавалі за Мартыралог.

І тут камуністычныя ўлады трапілі ў фатальную пастку, што выклікала потым паніку ў шэрагах іхняга начальства. Пасьля таго, як мяне абралі на старшыню Мартыралога, я паставіў пытаньне аб стварэньні Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту і аб ператварэньні дэлегатаў канфэрэнцыі ў арганізацыйны сход па стварэньні БНФ. Заля ўзарвалася ад воплескаў і грому энтузіязма. Прытым кожны меў права галасаваць (у тым ліку і запрошаныя камуністычныя начальнікі). Трэба было бачыць іхнія фізіяноміі. Яны ў большасьці не галасавалі, альбо галасавалі супраць і такім чынам супраць волі ўдзельнічалі ў стварэньні БНФ. Начальства і агентуры было больш за сто асобаў. Але гэта менш 1/3 дэлегатаў, і камуністы не маглі ўжо сарваць стварэньне БНФ, а іхны ўдзел засьведчыў унікальны дэмакратызм сходу, калі ў стварэньні Фронту вымушана прынялі ўдзел нават яго ворагі (паўтаруся, хоць і самы таго не жадаючы).

Праз два тыдні, 30-га кастрычніка 1988 года, у час масавага сьвяткаваньня “Дзядоў”, камуністы вырашылі адпомсьціць Фронту за ганьбу і рагромнае паражэньне. Рыхтавалі крывавую лазьню кшталту Алма-Аты 1986 года з задумкай зваліць віну на Фронт і, абазваўшы ўсіх фронтаўцаў фашыстамі, расправіцца і разграміць народны рух. Тады ўпершыню ўлады выкарысталі сьлезацечны газ, зьбілі шмат людзей. Але мы разгадалі злавесную задумку камуністаў. Пра гэта намі было гучна аб’яўлена з просьбай не паддавацца на правакацыю (не аказваць фізічнага супраціву) . І ніхто не паддаўся. Творчая інтэлігенцыя пасьля гэтых падзей адвярнулася ад камуністаў. Правакацыя ганеба правалілася, а водгульле яе пракацілася па ўсім СССР і мела вырашальнае значэньне для далейшых падзей у Савецкім Саюзе.

30-га кастрычніка 1988 года Беларускі Народны Фронт засьведчыў для ўсёй савецкай імпэрыі, што грубую камуністычную сілу можна перамагчы розумам і вытрымкай. Гэтая маральна-палітычная перамога БНФ была вызначальнай. Фронт стаў пашырацца па ўсёй Беларусі хуткімі крокамі.

Калі б жа беларусы не зразумелі тады планаў правакатараў і ўвязаліся ў бойку (унутраным войскам, як потым высьветлілася, былі раздадзеныя баявыя патроны), то камуністы патапілі б Менск у крыві, і кроў палілася б па ўсёй савецкай імпэрыі.

Характэрна, што ад самага пачатку Фронту, ад самай яго арганізацыі у немагчымых умовах – увесь час былі спрэс пасьпяховыя акцыі і Фронт імкліва пашыраўся, нягледзячы на жудасную камуністычную прапаганду і адміністрацыйнае супрацьдзеяньне.

У студзені 1989 года ўзьнікла прынцыповае супрацьстаяньне з камуністамі. Фронт пачаў рыхтаваць усеагульны мітынг у Менску, нягледзячы на забарону ўлады. Урэшце, зразумеўшы, што БНФ не адступіцца і будуць завіхрэньні, улада здрыганулася і прапанавала стадыён Дынама (абы не на вуліцы). Сабралася 40 тысяч чалавек – поўны стадыён. Выступоўцы распляскалі камуністаў. Пасьля мітынгу маса вываліла на вуліцы і пад Бел-Чырвона-Белымі сьцагамі пайшлі па горадзе, гукаючы «Жыве Беларусь!» На той час гэта было ўпершыню, незвычайна і выглядала, як рэвалюцыя. Абывацель упаў у прастрацыю.

У красавіку гэтага ж года у Дзень Чарнобыльскай катастрофы Фронт арганізаваў на плошчы Леніна ў Менску несанкцыянаванае мерапрыемства – «Гадзіна смутку і маўчаньня». Сабралася дзесяць тысячаў чалавек з чорнымі харугвамі і чарнобыльскімі лёзунгамі на чорным палатне. Усе стаялі моўчкі цэлую гадзіну, трымалі ў руках запаленыя сьвечкі і кожныя паўмінуты чуўся удар вялікага звана, які мы прынесьлі з сабой. Званіў звон, гарэлі сьвечкі, маўчалі тысячы лэдзей. Узьдзеяньне на асяроддзе было незвычайнае. У гарвыканкаме, у ГАЛОЎАПУ, у педінстытуце, ва ўсіх дамах на плошчы людзі глядзелі ў вокны ўражаныя. А пасьля заканчэньня мінакі падыходзілі і выказвалі сваё ўзрушэньне.

У гэты ж час адбывалася проста фантастычная выбарчая кампанія ў Вярхоўны Савет СССР па хітрым гарбачоўскім выбарчым законе. Фронт зьбіраў дзясяткі тысячаў людзей, сістэма трашчэла, але адчайна трымалася за магчымасьці ўлады і адміністрацыйны рэсурс. Але нават тут удалося правесьці некалькі сваіх кандыдатаў (якіх не разглядзелі камуністы).

Летам былі магутныя экалягічныя мітынгі і барацьба за праўду пра Чарнобыль, за пакараньне вінавайцаў радыяцыйнага абпраменьваньня людзей. У чэрвені трыюмфальны ўстаноўчы зьезд БНФ у Вільні.

26 лютага 1990 года Беларускі Народны Фронт зноў паказаў прыклад змаганьня ўсяму Савецкаму Саюзу. На плошчы Незалежнасьці (тады – Леніна) БНФ сабраў масавы перадвыбарчы мітынг, больш за сто тысячаў людзей. На мітынгу было прынята рашэньне ісьці да будынка тэлебачаньня, браць тэлецэнтар у аблогу і выступіць у адкрытым эфіры з крытыкай камуністаў і са зваротам да народу падтрымліваць Народны Фронт. Усё так і было зроблена спакойна, без штурханьня і зьняваг. Тэлебачаньне і ахова проста капітулявалі перад народам. 15 хвілін мы казалі ў эфір тое, што лічылі патрэбным казаць.

Дзьве гадзіны пасьля нашага эфіру вісела на экране нерухомая застаўка. Потым яна адчынілася і на экране ўсе ўбачылі членаў бюро ЦК КПБ, сакратароў ЦК, міністраў і т.п. – усіх 11 асобаў, якія сядзелі з разгубленымі тварамі і мямлілі свой камуністычны “адлуп”. Заўважу, нічога падобнага ў СССР не было. Беларускі Народны Фронт быў наперадзе антыкамуністычнага змаганьня.

Вясной гэтага года частка фронтаўцаў прабілася на выбарах у Вярхоўны Савет. Была ўтворана легендарная цяпер дэпутацкая апазыцыя БНФ, якая здамінавала ўвесь камуністычны «парлямант». Ўвесь народ глядзеў па тэлебачаньні ў адкрытым эфіры паседжаньні Вярхоўнага Савета і прамовы фронтаўскіх дэпутатаў як яны «лупцавалі» ў выступах камуністычную намэнклятуру. У ліпені, дзякуючы найперш фронтаўскім дэпутатам, была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

У гэтым жа годзе 7-га лістапада Беларускі Народны Фронт арганізаваў і правёў першую ў СССР масавую антыкамуністычную дэманстрацыю. Трыццаць-сорак тысячаў дэманстрантаў ішлі па праспэкту і скандавалі “Далоў камунізм”, а на плошчы Леніна скінулі пад ногі помніка галоўнаму злачынцу атрыбуты ленінскага камунізма.

У камуністаў БССР пасьля гэтага была зацяжная гістэрыка, а ў маскоўскіх уладаў ціхі стаўбун. Камунізм трашчэў. Беларускі Народны Фронт быў на вастрыі барацьбы з камунізмам ва ўсім СССР.

У Прыбалтыцы ў гэты час адбываліся масавыя акцыі Народных Франтоў за сувэрэнітэт без канфліктаў і сутыкненьняў, а ў Беларусі – пік антыкамуністычнай барацьбы. Тут кожны з нас разумеў, што не ліквідаваўшы антыбеларускі прарасейскі камунізм, аб незалежнасьці Беларусі ня можа быць і гаворкі. Камунізм і правячыя тут камуністы, якія слухаліся Масквы, былі галоўнымі ворагамі незалежнасьці Беларусі. Масква дзейнічала празь іх.

Беларускаму Народнаму Фронту ўдалося зрабіць у Беларусі амаль што немагчымае – ліквідаваць камунізм і дамагчыся незалежнасьці краіны. Таму я часта паўтараю, што палітыка – гэта ёсьць мастацтва немагчымага.

Тыя надзвычаныя хвалюючыя дні змаганьня, асабліва, калі ў жніўні 1991-га мы дасягнулі Незалежнасьці, нібы сёньня стаяць у маіх вачах. І спадзяюся, у памяці маіх сяброў, якія яшчэ засталіся жыць. Кожны з нас тады адчуў і перажыў хвіліны незвычайнага шчасьця, якое ні з чым нельга параўнаць. І напэўна шмат хто з нас сабе падумаў, што дзеля гэтага, дзеля шчасьця дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі варта было жыць на сьвеце, якім бы цяжкім не сталася тое жыцьцё.

У 80–90-я гады пры ўсёй пачварнай моцы гнілога Савецкага Саюза была адна акалічнасьць, якая станоўча спрыяла ў нашай барацьбе. Мы былі не адны. Змагаліся ўсе ад Каўказу да Фінскага заліву. І Гэтая салідарнасьць, гэтае бачаньне адзін аднаго аказваецца вельмі дапамагала, натхняла на перамогу над агульным ворагам. Цяпер жа мы апынуліся адны толькі самы з сабой. Салідарызавацца няма з кім, а ворагаў – легіён.

Становішча пачало зьмяняцца тады (як гэта ні парадаксальна), калі Масква напала на Украіну і Украіна выстаяла. Салідарнасьць з Украінай ня толькі наш братэрскі абавязак, але і жыцьцёвая неабходнасьць. Бо зразумела, што наступная агрэсія Масквы будзе супраць нас. Перамога Украіны – гэта і нашая парамога. Той, хто можа трымаць зброю і гатовы да бою, павінен ехаць і дапамагаць украінцам ў барацьбе, памятаючы, што прыдзецца вярнуцца і ваяваць за свабоду Беларусі. Тут жа, у Беларусі – трэба рыхтавацца. Гэта справа сапраўдных мужчын. І кожны ўжо ведае, што трэба рабіць.

Мінула 30 гадоў калі быў створаны Беларускі Народны Фронт і запаліўся агонь свабоды. Іскры гэтага агню гараць і сьвецяць па сёньняшні дзень. Гэта быў Фронт палітычны, Фронт мірных людзей. Але настае час, які запатрабуе фронту зброі і мужных змагароў. Яны ёсьць і справа запачаткаваная 30 гадоў таму не загіне. Хай нішто не палохае нас! Ніякія выпрабаваньні. Беларусь вечная. Тут на гэтай зямлі пачаўся канец царскай імпэрыі. Тут сканаў СССР. Тут у Менску, пачаўся канец РПЦ і тут, калі палезе да нас, сканае Расея – прычына войнаў і гвалту і скопішча зла. І «тады, народзе,-- як пісаў Каліноўскі, – зажывеш шчасьліва, калі маскаля над табой ня будзе». Працуйма, змагаймася і набліжайма гэты дзень.

Слава Айчыне!

19 кастрычніка 2018 года. 

Зянон Пазьняк / 23-10-2018
Зянон Пазьняк Народны Фронт Беларусь БНФ Змаганьне Барацьба 1988 г. Беларускі Народны Фронт
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: