змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Зянон ПАЗЬНЯК: РАЗВАГІ ПРА МЯККІ ЗНАК

У 90-х гадах, збавіўшыся фармальна ад саветчыны, беларусы дыскутавалі аб правапісе. Людзей абураў гвалт над правапісам беларускай мовы, які ўчыніла Масква ў 30-х і пазьней. Самае істотнае, чаго ўвесь час ўпарта трымаліся (і трымаюцца) акупанты-русіфікатары і непрыяцелі беларушчыны, – гэта не дапусьціць напісаньня мяккага знака згодна фанэтычных асаблівасьцяў беларускай мовы (пасьля зычных с, з, ц, дз перад мяккімі зычнымі, паміж падвойных зычных і г. д. паводле клясычнага беларускага правапісу). Беларусы ўжо нават неяк прывыклі да такога дзікунства, калі прадстаўнікі чужой улады на сьмерць ваююць супраць літары ў граматыцы чужой для іх мовы. Тут тыповае і непрыкрытае палітычнае русіфікатарства і фанэтычнае разбурэньне Беларускай мовы – пытаньне нумар адзін у расейскай імпэрскай палітыцы.

Пасьля вайны пад ціскам практычных абставінаў імпэрцы нават пагаджаліся на вуснае правіла, якое (абмежавана) дазваляла мяккае вымаўленьне, але адлюстраваньне таго на пісьме не дазволена па сёньняшні дзень. Тут улада русіфікатараў стаіць непахісна.

Яны адчуваюць, відаць, што ў гэтым выпадку выяўляецца найпрыгажэйшая якасьць беларускай мовы, і ім гэта не падабаецца.

Беларуская мова дасканалая ў сваёй структуры (асабліва ў лексічным складзе) і вельмі прыгожая па гучаньні. Тут гарманічнае злучэньне мяккасьці і звонкасьці з характэрнай мэлёдыкай мовы, якая супакойвае і тонам, і рытмам.

Палітычныя абставіны склаліся так, што канчаткова вырашыць пытаньне з правапісам мовы аказалася немагчыма з прычыны антыбеларускай пазыцыі ўлады і ўплыву на яе Масквы. Культурнае грамадзтва ўбачыла альтэрнатыву «наркомаўцы» (правапісу, папсаванаму русіфікатарамі) у граматыцы Браніслава Тарашкевіча. За гэтую граматыку ўхапіліся з энтузіязмам. Клясычны правапіс («Тарашкевіца») выкарыстоўваецца нефармальна шмат дзе па сёньняшні дзень і ўвесь час (як натуральная зьява) пашыраецца ў друкаваным ужытку. У малаўжываным афіцыйным выкарыстаньні мовы працягваюць друкаваць палепшаным наркомаўскім «папсуем»

Мая пазыцыя тут (засьведчаная ня раз), што калі ва ўмовах антынацыянальнай улады не дазваляюць на дзяржаўным узроўні карыстацца адзіным ўнармаваным беларускім клясычным правапісам, то няхай людзі пакуль што (да лепшага часу) карыстаюцца нефармальна рознымі правапісамі, абы па-беларуску. Пазыцыя кульгавая, але такія ёсьць умовы, якія інакш ня выкарыстаеш. Час пакажа, якое напісаньне лепшае і неабходнае. Пасьля палітычных пераменаў і вяртаньня да нацыянальнай дзяржаўнай палітыкі, усё вернецца ў норму.

Так яно і рухаецца. Нехта ўжывае «клясыку», нехта піша на «наркомаўцы», часопіс «Дзеяслоў» выпрацаваў сваю норму напісаньня, і нават асобныя пісьменьнікі ўключыліся ў пошукі ўнівэрсальнага падыходу. (Я адношу сябе да такіх пішучых людзей, якія не ўжываюць наркомаўскага сурагату, але і ад «клясыкі» не ўсё мэханічна бяруць, стараюцца зыходзіць з прыроды беларускай мовы.)

Мяркую, што гэты працэс, які доўжыцца ўжо чвэрць стагоддзя, дае натуральным чынам адказы на пытаньні. Без сумніву мусяць быць адкінутыя рэшткі наркомаўскага калецтва ў правапісе. Але зразумела таксама, што правапіс па Тарашкевічу таксама патрабаваў беларускага падыходу і ўдакладненьняў. Некаторыя неарганічныя формы слоў ня варта ажыўляць, не прыжывуцца, колькі б ні казалі энтузіясты «філёлёгія» ды «архэолёгія», «філёляг» ды «архэоляг». Тут спаланізаваны, скручаны заўзятарамі варыянт віленскай гаворкі, тыповы анахранізм. Варыянт «філалогія», «археалогія» – лепшы. Так усе беларусы (акрамя самых цьвёрдых і некрытычных прыхільнікаў граматыкі Тарашкевіча) і гавораць. Не забывайма, таксама, што ў правілах бываюць выключэньні.

У 2005 годзе ў выніку шматгадовай працы філолагаў-энтузіястаў быў распрацаваны мадэрнізаваны варыянт клясычнага правапісу. Ён не прызнаны рэжымнай уладай, але справа зроблена. Удакладнены і сістэматызаваны клясычны правапіс існуе. Нацыязьберагаючае і моватворнае значэньне ён набудзе толькі тады, калі пойдзе ў школы, ва ўнівэрсітэт, на радыё і тэлебачаньне, у газэты і выдавецтвы. А пакуль што застаецца яму месца часткова ў Сеціве, часткова ў замежным друку, часткова на радыё і ў тэлебачаньні з-за мяжы.

Па вялікаму кошту (зноў вяртаюся да пачатку разваг), калі ўвесьці неабходнае ўжываньне мяккага знаку (па граматыцы Тарашкевіча) нават у цяперашні, прыняты ўжо пры рэжыме правапіс, то ён (гэты правапіс) таксама выконваў бы неабходную і адэкватную функцыю ў мове і быў бы шырэй запатрабаваны ў грамадзтве. Беларуская мова загучэла б так, як вымагае яе прырода. Тут, аднак, ужо справа будучыні.

29 верасьня 2017 г.

Зянон Пазьняк / 10-10-2017
Зянон Пазьняк Беларуская мова Родная мова Мова Граматыка Тарашкевіца Браніслаў Тарашкевіч
Абмеркаваньне
слушна Аўтар: Vital Z 2017-10-10

Усе менавіта так, Зянон Станіслававіч! І што датычна мелодыкі мовы (поўная адсутнасьць рэдукцыі галосных): беларусы, асабліва беларускія палешукі, цягнуць галосныя гукі. Але беларусы ў два разы павольней гавораць за ўкраінцаў (у апошніх таксама меладычная мова, але гутарка хутчэйшая) - таксама важная адметнасьць; беларусы выказваюць (спяваюць) сваю думку нібы ўжо добра падумаўшы. Трэба таксама казаць ня віленская гаворка, а віленска-менска-гомельская - цэнтральны дыялект.

Бяз тэмы Аўтар: Ілія 2017-10-10

Я траткую так. Трэба вяртацца да тарашкевіцы. Наркамаўка -- гэта спосаб русіфікацыі, набліжэньне да маскальшчыны.

Бяз тэмы Аўтар: студэнт з правінцыі 2017-10-10

Я памятаю, так сьмяяўся, калі ў слоўніку ўбачыў: Парусник -- Паруснік. Каб жа затаптаць нашае слова "ветразьнік". І так, з кожным выданьнем слоўнікаў...

Бяз тэмы Аўтар: журботны 2017-10-10

У любым выпадку, мы адменім усё тое, што было навязана нам масквой. потым жа, зразумела, мова разьвіваецца, і толькі наш народ будзе вырашаць як гэта будзе.

Бяз тэмы Аўтар: mikola))) 2017-10-10

усё цалкам слушна, за выняткам л/ль. Тая ж -лёгія была ўжо ў 16 ст. дастаткова прачытаць пісьмовыя помнікі.

Бяз тэмы Аўтар: Radykal 2017-10-10

У галіне беларускага правапісу нічога ня трэба выдумляць: дастаткова аднавіць літаратурную норму да 1934 году. Аднавіць яе трэба цалкам, у тым ліку і філёлёґію з архэолёґіяй. Псыхіка чалавека працуе такім чынам, што пасьля таго, як ён міліён разоў пачуў расейскае "археалогія", гэтая форма пачне яму здавацца не толькі мілагучнай і натуральнай, але нават адзіна магчымай. На вымаўленьне людзей тут нельга спасылацца, бо падобныя словы ніколі не ўваходзяць у актыўны запас народных гаворак, інтэліґенцыя-ж цяпер цалкам зрусыфікаваная. Іначай кажучы, сучасны беларус кажа "філалогія" не таму, што гэта нейкая больш "натуральная" форма (хаця менавіта падобныя антынавуковыя цьверджаньні можна пачуць ад мовазнаўцаў у цывільным), а толькі і выключна таму, што так гавораць па-расейску.

У сапраўднасьці форма "архэолёґія" ані трохі ня больш "ненатуральная", "польская" ці "віленская", чымся словы "калёквіум" (вы ведалі, што менавіта так гэтае слова запісана ў "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы"?), "лямпа", "люлька", "лёхі", "бэлька", "бутэлька". Менавіта такім чынам беларуская мова запазычвала заходнія словы на працягу шасьцісот гадоў, ажно да хвалі жорсткай русыфікацыі апошніх 50-і гадоў. Гэта, паўтару, вынікае ня з нейкага польскага ўплыву на віленскіх беларусаў на пачатку дваццатага стагодзьдзя, а з самое структуры нашае мовы і з стагодзьдзяў ейнай гісторыі.

Не падабаецца "архэолёґія"? Значыцца, "лямпа" павінна быць "лампай" (дарэчы, цяпер гэтае слова ў выніку русыфікацыі вымаўляецца менавіта так!), "люлька" - "лулкай", "бутэлька" - "буцелкай", "бэлька" - "белкай", а "лёхі" - "лохамі".

Бяз тэмы Аўтар: Каваленка 2017-10-12

Усе што зьнішчыў вораг, павінна быць вернута. Інакш вораг будзе адчуваць сваю значнасьць і сілу, а беларус сваю слабасьць і нікчэмнасьць. Трэба так рабіць каб маскаліна аж выла спачатку ад злосьці, а потым ад бясьсільля.

2 Radykal Аўтар: Vital Z 2017-10-12

Калі я быў юнаком і прыехаў вучыцца ў Менск, то думаў, што змагары размаўляюць па-беларуску правільна - а мне трэба ў іх вучыцца, бо як і ўсе я змаскалены. Але аказалася, што маё беларуска-паляшуцкае вымаўленьне (працяглае, з дыфтонгамі) значна мацнейшае чымсі “правільнае віленскае”. Калі хочаце, то гаварыце так, як вам падабаецца. А я ж для сябе ведаю, што гэта троху гвалт над маім моўным апаратам. Мой беларускі менскі сябр кпіў зь мяне, што “даўно заўважыў, што ты спрабуеш размаўляць нібы хутчэй чым можаш”.

Пісаў раней каменты да папярэдніх эсэ Зянона пра мову: рабіў заўвагу пра больш цьвёрды гук "л" на беларускім Заходнім Палесьсі. Гадаваўся ў вёсцы дзеда, дзе па сёньня размаўляюць па-беларуску (Ганцавіцкі раён) - чаму, дарэчы, у 1993 бацькі аддалі ў беларускамоўны клас. Таму маю сваё падсьвядомае пачуцьцё роднага слова. Гэта маё бачаньне. Дыялекты нікуды ня зніклі - іх адметнасьці жывуць у артаэпіі. Вось у Менску бачу “змагароў”, якія хоць і гавораць па-беларуску, але ніколі не гадаваліся ў натуральным беларускім асяродзьдзі. І гэта праблема.

Не сьцвярджаю, што мая пазіцыя і думка правільныя. Але заўвагі аўтарытэтных для мяне філолагаў прывялі да такіх высноваў.

Бяз тэмы Аўтар: НП 2017-10-12

Заўвагі Віталая Зэ вельмі карысныя. Але ня трэба ставіцца са скепсісам да людзей, якія зрабілі ўчынак і перайшлі на беларушчыну. Бо яны, практычна, выпаўзьлі з лінгвістычнай магільнай ямы, куды мільёны нашых людзей заштурхнуў маскоўскі вораг. Вельмі многія там і засталіся (многім нават там цёпла, сьветла і камфортна -- "и закусочка на бугорке!..") няхай людзі пераадольваюць комплекс "недасканаласьці". Гэта самае важнае.

да Vital Z Аўтар: Radykal 2017-10-13

Шаноўны Vital Z

Ня зусім зразумеў, чаму Вы зьвярнуліся менавіта да мяне, але бачу, што Вас цікавяць моўныя пытаньні.

Цяжка сказаць, што Вы маеце на ўвазе, калі пішаце пра "больш цьвёрды гук 'л'" на Заходнім Палесьсі (тым больш, што ганцавіцкія гаворкі, уласна кажучы, не зьяўляюцца заходнепалескімі). У беларускіх гаворках гук можа быць альбо мяккім (паляталізаваным), альбо цьвёрдым (вэлярызаваным). Ступень вэлярызацыі сапраўды можа быць - у нязначнай меры - рознай у розных гаворках альбо ў розных носьбітаў мовы, але само па сабе гэта ніяк ня ўплывае на засваеньне запазычаньяў. Старабеларускія пісьмовыя крыніцы і запісы сучасных гаворак з сярэдзіны 19-га па 60-я гады 20-га стагодьдзя паказваюць, што засваеньне слоў тыпу "die Lampe", "die Klasse" як "лямпа" і "кляса", а ня "лампа" і "класа" было аднолькавым ва ўсе часы (прынамсі ад 15-16-га ст.) і ва ўсіх вялікалітоўскіх гаворках. Новыя формы з цьвёрдым "л" у замежных словах (тыпу "клас", "план", а ў трасянцы і "лампа") - гэта вынік г.зв. паўторнага запазычаньня заходніх слоў з расейскай мовы, якое адбылося ненатуральна і адносна нядаўна. Уводзячы падобныя расейскія формы ў беларускую літаратурную мову ў 1934 годзе, Масква скрэсьліла папярэднія пяццот гадоў нашай гісторыі, змусіла беларусаў думаць, што ўся культура, цывілізацыя й навука да нас прыйшла ня з захаду, а з усходу, а да "ўзьяднаньня" з Масквою на гэтай зямлі ня было нікога й нічога.

Дам Вам прыклад ганцавіцкага слова заходнеэўропэйскага паходжаньня. Гэта "вэлюм" з лац. velum. Знаеце такое слова? Заўважце, ня *вЕлУм, а вЭлЮм. Гэтак-жа маем лёс, а ня *лОс, а гэта такое-ж запазычаньне з заходніх моў, як і лямпа, і кляса, і плян, і, выбачайце, філёлёґія.

Вельмі добра, што Вы цікавіцеся моўнымі пытаньнямі. Магчыма, Вам будзе цікава пачытаць спэцыяльную літаратуру на тэму беларускае фонэтыкі. У Інтэрнэце можна знайсьці кнігу Падлужнага й Чэкмана "Гукі беларускай мовы". Таксама можаце пашукаць "Фонэтыку" Язэпа Лёсіка, якая напісана больш популярна.

пішу каротка і праставата, бо з мабілы Аўтар: Мікола))) 2017-10-13

Клясу чуў на Полаччыне, лямпу ля Магілеўшчыны, калёквіюм на Меншчыне, філёлёгію (менавіта так, філёлёгія, філёлёг, політолёгія, бяз аканьня ды яканьня) - гістарычная Берасьцейшчына. Мяккае л у запазычаных словах (з выняткам лубін, з -ла - формула, словы з ангельскае мовы... і да т.п.) напоўніцу адпавядае нашай традыцыі. Беларускі клясычны правапіс 2005 выдатна ўнармаваў усе ранейшыя распрацоўкі па дарэформенным правапісе. Таму пільнае вока і заўважа, што ў адных і тых сама тэкстах Зянона Станіслававіча трапляе і археолаг і археалёгія, бо ён чуў адобва варыянты.

А што да таго, што л мяккае амаль поўнасьцю выцесьнена цьвёрдым, дык прабачце, у нашых вёсках кажуць цяпер: дзярэўня, прадсядацяль калхозу, сьціхі, забор, цялявідзяньня і г.д. Бо акупацыйнае кісялёўска-бэтэшнае тэлебачаньне вынішчае нашую лексыку - як акупацыйныя мясьніковічы эканоміку і бізнэсмэнаў.

Бяз тэмы Аўтар: Radykal 2017-10-15

З дыскусыі на форуме "НН" ужо відаць, што шуканьне компромісаў з русыфікатарамі - марная справа. Пазьняк супраць "філёлёґіі"? Вот видите, даже Поздняк раз в жизни что-то умное сказал. Пазьняк за мяккі знак? Да кто он такой, этот Поздняк, чтобы обращать на него внимание.

Не на часе былі гэтыя развагі. Русыфікатары выкарыстаюць йіх для ўласных мэтаў, не саступіўшы пры гэтым ні на мілімэтар. Пытаньне трэба ставіць толькі аб поўным скасаваньні ўсіх совецка-постсовецка-антысовецкіх (прынятых дыяспорай і вячоркаўцамі) "рэформаў" і вяртаньне да правапісу 1918-1933 гадоў без аніякіх зьмен. Потым трэба будзе правесьці навуковы аналіз нашых гаворак з дапамогай сучасных мовазнаўчых модэляў і мэтодаў. На Беларусі практычна няма сучаснага мовазнаўтва. Тое, што маецца, састарэла на 50-70 гадоў. Каб падрыхтаваць спэцыялістых з сучасным навуковым узроўнем і без фанатычнай адданасьці справе русыфікацыі, патрэбны час.

Да Міколы Аўтар: Radykal 2017-10-16

Што тычыцца адсутнасьці аканьня ў запазычаньнях, то на Берасьцейшчыне і Гомельшчыне багата гаворак, дзе аканьне абмежаванае альбо адсутнічае нават у спрадвечных словах, таму трэба паглядзець на рысы адпаведнай гаворкі. Але магу пацьвердзіць, што старэйшыя (дасовецкія) запазычаньні можна пачуць без аканьня нават у моцна акаючых гаворках (да прыкладу, "монэта"). Што тычыцца слоў тыпу "філёлёґія" ці "політолёґія" (а ў сучасных умовах гэта было-б нешта накшталт "ф(хв)ілалоґ(г)ія" і "паліталоґ(г)ія" з расейскай мовы), то імавернасьць больш-менш сталага пранікненьня падобных слоў у народныя гаворкі практычна нулявая. "Кляса" сапраўды фіксуецца да гэтага часу. А "даляры" ўвайшлі нават у перасьпеўкі знанай на Палесьсі жартоўнай песьні: "Ой, гарный Сэмэнэ, ходы сядь коло мэнэ, а ў мэнэ доляры е, візьмы-ж замуж ты мэнэ".

2 Мікола Аўтар: Vital 2017-10-16

"у нашых вёсках кажуць цяпер: дзярэўня, прадсядацяль калхозу, сьціхі, забор, цялявідзяньня"

Але кажуць па нормах беларускай артаэпіі - аканьне, яканьне, дзеканьне і цеканьне (сьтіхі замест стіхі). Ня ўсё так сумна.

з мабілы Аўтар: Мікола))) 2017-10-20

РАДЫКАЛУ. Філёлёгія і г.д. мне казалі адукаваныя людзі 1930-х гг. нараджэньня: "гэто ўсё ерунда, твая політолёгія - балталёгія". гады 2009-2013.

"відаць, што шуканьне компромісаў з русыфікатарамі - марная справа"---------- згодзен на 100000000000000000%.

Vitalю. Спачатку зьнікне лексыка - затым вымаўленьне.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Маналог “героя перестройки” (відэа)
За Попом-Гапоном, товарищи! (відэа)
Нячысты міф на тэму БНФ
Гэтага пэрсанажа нельга пускаць у Курапаты!