змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Зянон ПАЗЬНЯК : Лошыца стукае ў сэрцы

(Выступ на Дзяды на месцы савецкіх расстрэлаў у Лошыцы)

Працягваюцца восеньскія Дзяды. Мы з вамі каля Лошыцкага крыжа, пастаўленага Беларускім Народным Фронтам у памяць аб расстраляных беларусах. Побач, у 80-х гадах, знаходзіўся вялікі яр, у якім раней, перад вайной (канкрэтна ў 1937 годзе) расейскія энкавэдзісты расстрэльвалі людзей. На расстрэлы прывозілі рана ў 5 – 6 гадзін на бартавых грузавіках. У людзей былі зьвязаныя рукі. Перад ямамі арыштаваных па аднаму сьцягвалі з машыны і расстрэльвалі. Сьведка расстрэлаў Вера Шумская мне расказвала, што да месца расстрэлаў (энкавэдзісты не хаваліся) часам падбягалі камсамольцы і прасілі пастраляць у ворагаў народа. Ім ахвотна давалі такую магчымасьць і прыплочвалі 20 сталінскіх капеек (гэта цана пачкі запалак) за адзін стрэл і аднаго забойства.

У 1937 годзе тут расстрэльвалі людзей кожны дзень. Па агульных падліках расейцы забілі ў Лошыцы і закапалі ня менш дзесяці тысячаў чалавек.

У 1937 годзе людзей забівалі вельмі шмат. Курапаты, дзе расстрэльвалі кругласутачна, былі перагружаныя. І таму людзей вазілі тады забіваць у розныя іншыя месцы вакол Менска. Акрамя Курапатаў і Лошыцы расстрэльвалі яшчэ ў лесе Ваньковіча (ці так зв. “Камароўскім лесе”) на той час “Парк Чалюскінцаў”, потым у мясціне Інтэрбуршчына, каля Баравой, ськідвалі трупы ў балота каля Кунцаўшчыны, забівалі ля Трасьцянца і інш. Маскоўска-лубянская машына забойства людзей працавала ў Беларусі з перанапругай, але безадказна.

Сучасны дасьледчык тэрору ў СССР Цімаці Снайдар падлічыў, што ў Беларусі ў час генацыду было расстраляна і замардавана на сьмерць у 25 разоў больш людзей, чым у Расеі. Беларусь згодна Снайдэра была на той час самай страшнай зонай сьмерці ў сьвеце. Прытым варвары расстрэльвалі тут адмыслова лепшых людзей: навукоўцаў, інтэлігенцыю, настаўнікаў, паэтаў і пісьменьнікаў, працавітых сялян, сьвятароў, выхадцаў са шляхты, беларускую адміністрацыю і беларускую верхавіну кампартыі.

Гэта быў генацыд ня толькі па этнічным, але і па нацыянальна-месніцкім прынцыпе. Зьнішчалі ўсю мясцовую вышэйшую праслойку грамадзтва. Вывучэньне статыстыкі і засакрэчаных улікаў насельніцтва паказвае, што з 1921 па 1941 год у Беларусі зьнікла каля 2-х мільёнаў людзей. (Тут трэба ўлічваць высылку і Сібір-турму таксама).

Гісторыя Лошыцкага яру – гэта навучка, як трэба і як ня трэба сябе паводзіць дасьледчыкам у дачыненьнях з акупацыйным рэжымам. Пра Лошыцкія расстрэлы я даведаўся ў 1988 годзе. Тады ж апытваў людзей у мястэчку Лошыца і запісаў сьведкаў. Але дасьледваньне адклаў на год, бо якраз дасьледваў Курапаты. Калі я 1989 годзе прыйшоў сюды, каб зрабіць разьметку пад археалагічныя раскопкі, то ўбачыў, што велізарны яр засыпаны галечным жвірам, суседнія ўзгоркі з ябланевым садам скапаныя экскаватарамі і ссунутыя бульдозерамі ў яр. Неўзабаве там разьмясьцілі мэталёвыя гаражы.

Усё тлумачылася тым, што савецкая гэбоўская агентура адсачыла мае рухі ў Лошыцы і, зразумеўшы маю задуму, ажыцьцявіла прэвентыўныя меры праз дзяржаўныя ворганы ўлады, каб схаваць сьляды злачынства.

Дасьледваць археалагічна Лошыцкі яр ужо, практычна, немагчыма. Праўда, я тады адчайна насуперак логіцы спрабаваў з групай моладзі (тагачаснай “Талакой”) пракапаць (наўгад) галечны жвір. Але не ўдалося.

Выснова такая — першасныя дасьледваньні, якія мусяць прывесьці да адкрыцьця, павінны быць пры акупацыйным рэжыме строга засакрэчаныя. Інакш ворагі могуць апярэдзіць і схаваць альбо зьнішчыць сьведчаньні сваіх злачынстваў. У Курапатах усё было зроблена дасканала і таму адбыліся дасьледваньні і сьвет даведаўся праўду.

Лошыцкі яр трэба было дасьледваць адразу пасьля адкрыцьця ў 1988 годзе паралельна з Курапатамі (хоць фізічна тое было цяжка), не даючы злачынцам апамятацца, каб дзейнічаць.

Але па вялікаму кошту кроў людзкая не вада і лошыцкая кансэрвацыя злачынства яшчэ дачакаецца свайго часу, бо ні сьвет, ні навука не стаяць на месцы.

Паважаныя сябры, я вырашыў яшчэ раз нагадаць Вам ужо вядомае і напісанае мной пра Лошыцу, каб аднавіць нашу памяць, трымаць яе ў належным стане і заўсёды памятаць нашых дзядоў, тых, што жылі перад намі і былі забітыя ворагамі чалавецтва толькі за тое, што былі людзьмі.

Памятайма нашых дзядоў, каб не вярнулася варварства, сьмерць і паняверка. Больш ніколі ня будзе масковец забіваць наш народ.

Слава Айчыне! Слава нашым дзядам! Памятаючы – зьберажэм краіну.

11 лістапад 2017 г.

Зянон Пазьняк / 12-11-2017
Дзяды Зянон Пазьняк Лошыцкі Яр Дзяды-2017
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: беларуска 2017-11-15

От вы мне скажыце,чаму ў незалежных СМІ вядуцца спрэчкі,трызьненьне,пошукі лідара для беларусаў.Вось ЁН ЛІДАР Беларусі,ЛІДАР беларусаў! Пытаньнечка да СМІ,гэта выпадковасьць ці замоўчваньне для грамадства,каб не ведалі дзе Праўда?

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Пачатак канца (відэа)
“Ня трэба перабольшваць іхнія разумовыя здольнасьці…”
Прагрэс у змаганьні за ўкраінскую мову
Зянон ПАЗЬНЯК: Лепшае наперадзе