змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ДЗЕНЬ СЬЦЯГА І ПАГОНІ

Паважаныя землякі, дарагія беларусы. Сёньня, 19 верасьня, вялікае сьвята. 27 гадоў таму Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь з ініцыятывы дэпутатаў Беларускага Народнага Фронту зацьвердзіў канстытуцыйным законам і прыняў у якасьці дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. Таксама былі прынятыя эталоны гэрба і сьцяга і вострае наверша сьцяга з шасьціканцовым крыжам у сярэдзіне. Аўтарам эталона дзяржаўнага гэрба Пагоня зьяўляецца мастак Яўген Кулік.

Зацьвярджэньне гістарычных нацыянальных сімвалаў у якасьці дзяржаўных сімвалаў мае велізарнае значэньне для нашай краіны і дзяржавы, сьведчыць пра моцнае гістарычнае права яе існаваньня, паказвае на грунт і цягласьць яе дзяржаўнасьці ад Вялікага Княства Літоўскага, робіць яе пазнавальнай ва ўсім сьвеце, паказвае на высокі цывілізацыйны і культурны ўзровень нацыі.

У 1995 годзе антыбеларускі рэжым прэзыдэнцкай улады, які стаў насаджаць прамаскоўскую акупацыйную палітыку, незаконным чынам скасаваў беларускія дзяржаўныя сімвалы і вярнуў пазнакі савецкай акупацыі.

Як толькі зьнікне прамаскоўскі рэжым -- зьнікнуць і ягоныя ганебныя пазнакі акупацыйнай палітыкі. Зноў вернецца на дзяржаўны пасад наш сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і старажытны гэрб Пагоня, народжаны нашай гісторыяй. Калі ворагі нападалі на беларускую (літоўскую) зямлю, нішчылі паселішчы і ўцякалі з нарабаваным майном, то ўсьлед ім абавязкова стваралася збройная пагоня, якая даганяла ворагаў, зьнішчала іх, адбірала і вяртала дабро. Вобразам пагоні стаў рыцыр з узьнятым мечам на ўздыбленым кані.

Гэта моцны сакральны сімвал абароны нашага быцьця, укарэнены ў народную сьведамасьць продкаў. Ён сьведчыць, што справядлівасьць мусіць быць, нападнікі пакараныя, нашае -- вернута. Пагоня кажа нам, што мусіць быць вернута наша Вялікае Княства Літоўскае, гісторыя, гонар і слава і ўсё забранае. Старадаўняй Літоўскай Пагоні не спыніць, не стрымаць. Бойцеся Пагоні ўся варажнеча, зладзеі, забойцы і таці! Яна дападзе, дагоніць іх.

Наш старажытны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, дасканала асэнсаваны ў БНР на аснове гістарычных ваярскіх традыцыяў сімвала сьвятога Юрыя, зьяўляецца яго мадыфікацыяй, таксама пацьверджанай у гісторыі і ў сімволіцы Ісуса Хрыста. Вось што абазначае наш сьвяты Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

Віншую ўсіх са слаўнай датай! Памятайма і сьвяткуйма Дзень Сьцяга і Пагоні. Шануйма нашыя нацыянальныя дзяржаўныя сімвалы. Уздымайма высока наш Беларускі Сьцяг!

19 верасень 2018 г.

 

Беларускія сымбалі

Зянон Пазьняк / 26-09-2018
Зянон Пазьняк Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Беларусь Сьцяг Хрыста Сьцяг Пагоня Герб Сымболіка
Абмеркаваньне
кноно Аўтар: Менчанин 2018-10-02

Русский мир является ответом РФ на распад СССР.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: