змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Зянон Пазьняк: Чарнобыльскі шлях – наканаваньне, якое мусім прайсьці

Паважаныя землякі-беларусы.

Паважаныя спадарыні і спадары, сёньня ў гадавіну радыяцыйнай трагедыі нашага народа ўспомнім са скрухай, пашанай і жалем усіх загінулых і памерлых ад нябачнага і сьмяртэльнага дракона Чарнобыля. Скажам пра сутнасьць падзеі , якая называецца “Чарнобыльскі шлях”.

У 1989 годзе, калі я прапанаваў штогадовую помную акцыю “Чарнобыльскі шлях”, яна была ўспрынята ўсім Народным Фронтам і ўсім насельніцтвам Беларусі, бо ўсе разумелі, што нашае грамадзтва, уся нацыя ступіла на дарогу небывалай трагедыі, на шлях, які будзе доўжыцца пакаленьнямі, які наканавана мы мусім прайсьці, змагаючыся з радыяцыйным цмокам, дбаючы пра жыцьцё, здароў’е і будучыню. Гэта шлях выжываньня, хоць цемра будзе “ладзіць нам канвой”, як сьпявалася тады ў Фронтаўскім гімне. Але тады мы не баяліся цемры і перамагалі.

Камуністы, пануканыя з Масквы кінулі міліцыю, унутраныя войскі і заблякавалі, перакрылі ўсе дарогі ў Менск. Але ўсяроўна, ня гледзячы ні на што, і нават на праліўны дождж на першы “Чарнобыльскі шлях” сабраліся дзясяткі тысячаў людзей і прайшлі шэсьцем праз увесь горад, стварыўшы мітынг на плошчы, які ўвайшоў у гісторыю.

Чарнобыльскі шлях – гэта помны шлях пакаленьняў у выніку якога мы, Беларускі народ, мусім выжыць і перамагчы катастрофу, якая пачалася за савецкім заборам яшчэ да Чарнобыля, а Чарнобыль стаў кульмінацыяй вынішчэньня.

У 1950-1970-я гады савецкія акупацыйныя войскі, якія стаялі на тэрыторыі Беларусі, праводзілі стэльбы з атамных гарматаў, выпрабоўвалі тактычную атамную зброю на палігонах Гомельскай і Берасьцейскай вобласьцяў. Тады ад Каленкавічаў да Жыткавічаў праз лясы і балоты праклалі роўную як страла бетонную паласу для савецкіх атамных бамбардыроўшчыкаў. Эксперыментавалі на галовах беларускага народа, абвалілі на Палесьсе сьмяртэльны груз радыяцыі. І ўсё гэта акупанты засакрэцілі.

У пачатку 1970 гада былі ўзятыя пробы малака на прадмет выяўленьня радыяцыі па ўсёй Беларусі. Высьветлілася, што ўвесь поўдзень Беларусі ад Кармы, Рагачова, Чачэрска і аж да Берасьця і нават Івянца і Валожына – усё забруджана радыёактыўным ізатопам цэзія – 137. Канцэнтрацыя ад 50 кюры на літар малака да больш чым 1000 кюры на літар. Асабліва высокая радыяцыя (больш 1000 кюры на літар) у раёне Лельчыцаў – Петрыкава – Лунінца – Пінска – Давыд-Гарадка – Століна, Маларыты.

Менавіта з гэтай радыяцыяй зьвязана пагаршэньне здароўя і сьмяротнасьць беларускіх людзей, зьніжэньне нараджальнасьці і папуляцыі насельніцтва. Чарнобыль зьверху ўзмацніў няшчасьце нашай краіны.

Чарнобыльская аварыя, якую падрыхтавалі і зрабілі маскоўскія акупанты , доўжыцца па сёньняшні дзень як сэрыя злачынстваў супраць беларускага народа. Найперш усё засакрэцілі, не давалі людзям праўдзівай інфармацыі, ілгалі.

Другое – не зрабілі неабходных захадаў (простых, танных, і вядомых) дзеля прадухіленьня радыёактыўнага ўдару ад кароткажывучых ёдзістых ізатопаў, якя ападалі ў пачатку аварыі. Наадварот, рабілі ўсё, каб падставіць беларусаў пад абпраменьванье, пагналі тысячы дзяцей на першамайскія дэманстрацыі і наступныя савецкія сьвяты.

Трэцяе – засакрэцілі вынікі, маштабы і небясьпечнасьць катастрофы, не адсялялі людзей, не рабілі антырадыяцыйнай прафілактыкі, не стваралі ніякага заканадаўства. І так тры гады пасьля аварыі, пакуль Беларускі Народны Фронт, які ўзьнік у канцы 1988 года, цягам дзўгага змаганьня не прымусіў іх тое рабіць, для паратунку людзей.

Чацьвёртае – яны растрэльвалі спэцыяльнымі арэазолямі радыёактыўныя хмары і апускалі іх на голавы беларусаў Магілёўскай вобласьці, бо не хацелі, каб патрохі распадаліся яны над Расеяй. У выніку акупанты зрабілі яшчэ адну катастрофу ў Магілёўскай вобласьці, дзе ўзровень радыяцыі такі ж як і вакол Чарнобыля.

Сёньняшні антыбеларускі рэжым працягвае чарнобыльскі генацыд. Ён ліквідаваў льготы і дапамогі насельніцтву на радыяцыйна забруджаных тэрыторыях, уводзіць у севазварот радыяцыйна небясьпечныя землі. Прадукты з радыяцыйных земляў ідуць на ўнутраны рынак беларускаму насельніцтву, а прадукты з чыстых земляў накіроўваюць у Расею, карміць “руский мир”,нішчыцеляў Украіны і Беларусі.

Радыяцыйны генацыд Беларускага Народа працягваецца. Мы мусім змагацца з гэтай палітыкай нашага вынішчэньня ворагамі чалавецтва. Чарнобыльскі шлях тут напамін аб неабходнасьці змаганьня і яднаньня ўсіх пакаленьняў беларусаў дзеля нашай сьветлай будучыні і здаровага існаваньня.

Хай будуць праклятыя тыя людзі і тое царства, якое наканавала нам гэтае вынішчэньне! Хай ператворацца ў попел іхныя вежы і гарады! Хай спаткае іх доля, якую яны стварылі іншым, не пакаяўшыся і не спыніўшыся ў зле. Вечнае пракляцьце ворагам чалавецтва, якія ненавідзяць увесь сьвет.

Памятайма пра Чарнобыль і Чарнобыльскі шлях. Мы, беларусы, мусім па ім ісьці, каб уратавацца, выжыць і адрадзіцца. Будучыня будзе лепшай. Майма веру і салідарнасьць.

Жыве Беларусь і будзе жыць!

26.04.2018

Зянон Пазьняк / 01-05-2018
Зянон Пазьняк Чарнобыль Чарнобыльскі шлях 26 красавіка
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Помнік беларускаму герою
У мінулым
Маскоўскі лабірынт
Татары бароняць родную мову і школу