змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Выйсьце – выключна палітычнае

8 кастрычніка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Дзеім далей”. З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўца зрабіў агляд падзей апошняга месяца: актыўнай стадыі ваенных вучэньняў “Захад-2017” і становішча пасьля іх афіцыйнага заканчэньня. Пытаньняў і таямніц тут больш, чым фактаў і статыстыкі. Людзей па ўсіх раёнах Беларусі ўразіла велічэзная колькасьць расейскай ваеннай тэхнікі і расейскіх вайскоўцаў у тых рэгіёнах Беларусі, празь якія адбывалася транспартыроўка чужых войскаў і дзе праходзілі манэўры. Бачна было, што ўзброеныя чужынцы пачуваюцца тут “як дома”. Дарэчы, уся рэжымная прапаганда на розныя лады падкрэсьлівала гэтае акупанцкае “як дома”, настойліва даказваючы нашаму народу, што цяпер ён “пад надзейнай абаронай”.

З дэмагогіяй у іх усё наладжана, а вось праўдзівай інфармацыі ад іх не дачакаешся. Трэба па ўсёй краіне зьбіраць зьвесткі пра месцазнаходжаньне і колькасьць чужога войска, якое ў любым сэнсе (нават паводле рэжымных законаў) знаходзіцца на нашай тэрыторыі нелегальна. Людзей зьдзівіў той “неверагодны факт”, што расейскую ваеншчыну бесперапынна завозілі ў Беларусь на працягу 2,5 месяцаў, а заявілі пра яе вывад з нашай краіны праз два дні пасьля абвяшчэньня аб завяршэньні манэўраў. Зьвесткі пра расейскую ваеншчыну на нашай зямлі, пачалі ўжо пакрыху зьяўляцца ў Сеціве, трэба сачыць за гэтым. Чужое войска на нашай зямлі – гэта крыніца вялікай небясьпекі для дзяржавы і народа. Яно не мае права тут знаходзіцца і дэ факта зьяўляецца акупацыйным, падлягае ліквідацыі.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра далейшыя скарачэньні працоўных месцаў у гарадах, пра гаспадарчы хаос у сельскай мясцовасьці. Беларускія мужчыны працягваюць шукаць заробкаў у Расеі, хаця за цяжкую працу там плацяць усё менш. Бывае, што працоўны чалавек быў падмануты, пакрыўджаны ў Маскве, рады, што вярнуўся адтуль жывы, і паўтараў: “Ніколі больш не паеду ў гэтае пекла!” Але пасядзіць без працы некалькі месяцаў і зноўку вымушаны ехаць у маскоўскае рабства, бо тут працы няма.

Мадэль штучнага развалу беларускай гаспадаркі і бізнэсу, распрацаваная расейскімі спэцамі і культывуемая мясцовым антыбеларускім рэжымам, пакуль што спрацоўвае. З другога боку, у заходніх раёнах Беларусі многія беларусы бачаць паратунак у выезьдзе на пастаяннае жыхарства ў Польшчу. Вырысоўваецца карціна сацыяльнай катастрофы ў нашай краіне, утворанай рэжымам, які выконвае загады Масквы. Тым часам Расея па-варварску выкарыстоўвае нашы працоўныя сілы і таленты. Выйсьце з гэтага становішча – выключна палітычнае, праз цывілізаваную ліквідацыю антынароднага прамаскоўскага рэжыму і нармалізацыю нацыянальнага, сацыяльнага і эканамічнага жыцьця ў вызваленай ад унутранай акупацыі Радзіме.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

8 кастрычніка 2017 г.

Інфармацыйная камісія БНФ “Адраджэньне” і КХП–БНФ / 12-10-2017
КХП-БНФ Народны Фронт Беларусь БНФ Сойм КХП-БНФ
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: вясковы 2017-10-12

сядзіць маскальня за загароджай і пастамі, у ахоўваемых зонах. Нат выпадкова туды не зазірнеш.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
“Калі ня будзе правасуддзя – будзе самасуд”
Лянур Іслямаў: Крымскія татары будуць аказваць яшчэ большы супраціў
Калі на родную зямлю прыходзіць “Русский мир”
Прыгоды “усходняга партнёра” (фотафакт)