змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Віктар Шандаровіч: Калі ў вас ёсьць агульныя пляны з адміністрацыяй канцлягеру…

Жыць у пролежні.

Мне дзіўныя людзі, якія ўсур’ёз цікавяцца падрабязнасьцямі так званай выбарчай кампаніі, інтрыгай будучага прэм’ерства і іншымі палітычнымі верагоднасьцямі новага, заранёў непазьбежнага, пуцінскага тэрміна. Ці варта разглядваць занядбаныя пролежні, гадаючы па іх малюнку, на манер аўгураў, аб мэдычных пэрспэктывах хворага?

Пры Пуціне мы жывем ужо дастаткова доўга, каб не гадаць, а ведаць. У пана Цмока, як зазначана не мной, тры башкі, і ён іх мяняе, калі захоча. На 19-м годзе гэтага атракцыёну пляскаць у ладкі зьяўленьню чарговай лібэральнай башкі можна толькі па наіўнасьці, якая мяжуе з ідыятызмам.

Пасьля “перадалімпійскага” вызваленьня МБХ здарылася анэксія Крыму з абвяшчэньнем “нацыянал-здраднікамі” усіх, хто гэтаму не рады; цяперашнія перадвыбарчыя паслабленьні, безумоўна, абернуцца, і вельмі хутка, самымі жорсткімі паваротамі паліцэйскага вінта.

Стратэгічныя інтарэсы надта відавочныя. Ад улады Пуціну сыходзіць позна: гэтая дзьвюхгаловая птушка завязла ўжо па самы скіпэтр. Утрымаць уладу ў вольнай краіне ён ня здолее: першыя ж па-сапраўднаму вольныя выбары зьмятуць яго і ягоных падзельнікаў да д’яблаў, і ён гэта разумее, як ніхто з нас. Значыць, вольнай пры ім Расея ня будзе. Гэта галоўнае.

Усё астатняе, уключна з часовым дазволам Ксеніі Анатольеўне Сабчак пагаварыць на вольныя тэмы, -- гэта кручэньне вужа на патэльне, разводка лібэральнай публікі і нэўтралізацыя Навальнага. За ўсімі гэтымі тактычнымі хадамі, пры першай магчымасьці і зусім хутка, настане яшчэ больш шчыльнае закаркоўваньне, паўтараю.

Яны і могуць толькі закаркоўваць. Перакрываць доступ да інфармацыі, да выбарчага права, да свабодаў. Могуць забіваць, што даказалі неаднойчы. Могуць красьці і хлусіць, што даказваюць штодня. Могуць забіваць, падкупляць, пудрыць мозгі, раскідваць пальцы… Але нічога з таго, што трэба сёньня Расеі і расейцам, яны ня зробяць і ня здолеюць зрабіць па самой сваёй прыродзе. Кракадзілы ня лётаюць, сечыны не падымаюць эканоміку, а страх не спрыяе патэнцыі. А яны вярнулі ў Расею страх – таму мы і бязмоцныя сёньня.

Расеі патрэбная свабода. Для пачатку – менавіта і зноў яна, у вялікіх дозах, неадкладна! Патрэбны вольны ўдых без болевых адчуваньняў. Для напаўненьня лёгкіх, для вяртаньня кровазвароту ў гэтыя пролежні, для рэалізацыі божага дару без абавязку нюхаць за гэта высачэйшую анучу. Для таго, каб з краіны не сьцяклі апошнія мозгі. Для таго, каб, можа, падумалі пра вяртаньне тых, хто ўжо зьехаў…

Пуцін – гэта гніеньне зажыва, і новага дзесяцігоддзя пад ім Расея можа проста не перажыць. Можа і перажыць, зразумела, але рызыка павялічваецца з кожным днём: мы ўжо ня ведаем, дзе знаходзіцца кропка невяртаньня, і арыентуемся толькі на гістарычныя аналагі.

У які момант аказаўся наканаваны на падзеньне Рым? На якім са сваіх ідыёцкіх апошніх імпэратараў здох бобік? Чый карупцыйны прыклад абваліў норавы канчаткова? На якім па ліку скарэньні бунтуючых правінцый імпэрыя з крыкам “ура” увайшла ў неабарачальную фазу распаду? Ды чорт яго ведае. Толькі аднойчы – глядзіш – а ўжо ні авідыяў, ні сэнэкаў, ні цыцэронаў, ні кацілінаў нават, адны гуны. Прычым са сваіх жа пераважна.

Расея займаецца ўпартым самазьнішчэньнем – больш за стагоддзе. Гэта было стагоддзе рукатворных войнаў, жорсткіх рэпрэсій і адмоўнай селекцыі. Тыя, хто забіваў акадэміка Вавілава, скончылі жыцьцё ў ордэнах і пашане, -- і гэта не паасобны пачварны выпадак, а мясцовая норма, якая з невялікмі перапынкамі дамінуе на падведамственай чэкістам тэрыторыі (тэрыторыі, якая, дарэчы, рэгулярна галадае, нібыта ў помсту за гібель вялікага генэтыка).

Зьнішчаныя не даюць нашчадкаў, а ацалелыя – даюць. Ад асінкі не нараджаюцца апэльсінкі, і гнілая злодзейская этыка даўно стала звычайнай, прадстаўнікі альтэрнатыўнага погляду на жыцьцё, калі ня зьнішчаны, то выкінуты прэч з краіны або выціснуты ў маргіналы. Працэс, распачаты Леніным, працягваецца. Унучка філосафа Льва Шастова суседствуе сёньня ў Парыжы з сямідзесятнікам Аскарам Рабіным і эмігрантамі новых хваляў, уключна з тымі, хто ўцёк ад рэпрэсій ужо пасьля разгрому Балотнай.

Берліну самы час успамінаць набокаўскія часы – падлік новых расейскіх эмігрантаў там зноў ідзе на дзесяткі тысяч. Амэрыка перапоўнена цудоўнымі маладымі расейскімі тварамі. Дзеці гэтых адукаваных і вольных людзей стануцца амэрыканскай элітай, і ўсьлед за Сяргеем Брынам вынайдуць нешта такое, што заваюе ўвесь сьвет, а салаўёў так і будзе расказваць тым, што засталіся, пакуль увесь гэты фэдэральны фрэнч не лясьне па швах.

“Зараз тут будзе да немагчымасьці брудна”, -- казаў з аналагічнай нагоды таварыш Ойра-Ойра. Яшчэ не зараз, зразумела. Але, безумоўна, будзе і брудна, і (ня выключана) крывава. Тых, што засталіся, шкада, але “церпячы, цярпець без падступнасьці ня можна”, ня варта і разьлічваць на хэпі-энд…

Цытаты пайшлі касяком, ужо даруйце. “Пясок – нягеглая замена аўсу”, сказана О. Генры. А замены свабодзе – вось дзіўная якая матэрыя! – няма наогул ніякай.

Увесну 2018 года нас чакае працяг нацыянальнай катастрофы, яшчэ больш драматычны таму, што нацыя нічога гэтага не зразумее, працягваючы качумаць каля тэлевізара у напоўнесьвядомым стане.

Што я прапаную, спытаеце вы?

Тэлегледачам, на жаль, я нічога запрапанаваць не магу – сваечасова адлучаны ад камунікацыі. А вось чытачам настойліва прапаную вярнуцца ў рэчаіснасьць (ім яшчэ ня позна). Кінуць дурыць сабе голаў будучымі пуцінскімі “адлігамі”, прэм’ерствам Грэфа і іншымі кардоннымі дурылкамі для асобаў са слабым зрокам. (Бо калі гэта нельга зьмяніць, да гэтага можна ставіцца з агідай – Сэнэка зноў жа). Пачаць называць рэчы сваімі імёнамі, уключна з называньнем будучай сакавіцкай працэдуры “гвалтоўным утрыманьнем улады” (арт. 278 КК РФ).

Забудзьцеся вы ўжо слова “выбары”! Права на выбар нам трэба заваяваць (ну, калі каму трэба). А пакуль што мы –закладнікі ў палоне ў бандытаў. Гэта трэба паўтараць сабе з раніцы, стаўшы каля люстра. Закладнікі ў палоне ў бандытаў. Шчымліва? Хто спрачаецца? Але ганьбы ў гэтым якраз няма: ганебна рабіць выгляд, што ўсё ў рамках нормы.

Адэкватнае ўспрыняцьце рэчаіснасьці – вялізны першы крок у заўтрашні дзень. А калі ў вас ёсьць агульныя пляны з адміністрацыяй канцлягеру, вам ніколі ня выйсьці на волю.

Віктар Шандаровіч

Пераклад з расейскай.

Крыніца: Фэйсбук.

/ 02-01-2018
Расея Пуцін Крах Расеі Крэмль
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: ttt 2018-01-02

Хто б у нас напісаў пра мясцовыя электаральныя пролежні? Сітуацыя абсалютна ідэнтычная.

Бяз тэмы Аўтар: Я 2018-01-02

Нам трэба ўцяміць,ня будзе СВАБОДЫ ня будзе і так пажаданай кілбасы. Таму змагаемся за СВАБОДУ!

ttt Аўтар: Лёкса 2018-01-03

Зянон Пазьняк іяго паплечнікі партыі КХП-БНФ усе гэтыя гады гавораць,крычаць,стукаюцца,што няма ў Беларусі выбараў ,а ёсць афёра па зацьверджываньню ўзурпатара і яго атачэньня на мясцовым узроўні. Мясцовыя "выбары"- тая ж афёра. Але ж для некаторых грошы не пахнуць,вось і сунуцца падтрымаць рэжым акупацыі.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Імпэрыя. Распад
Навіны РПЦ або Дерзай, дщерь!..
Саша Сотнік: Страшную рэч скажу…
Віталь Портнікаў: Добра Жыць ва Украіне