змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Украінская рэвалюцыя і ўкраінская Царква

Гул званоў, які загучаў а першай уначы 11 сьнежня 2013 года са званьніцы Міхайлаўскага кляштара, забыцца немагчыма. Пра тое, што пачалася зачыстка Майдана, сам дзякан Іван Сідор ня ведаў: бо ў багаслоўскай акадэміі, дзе ён тады вучыўся, аб 11-й увечары ўжо давалі адбой. Тэлевізара або радыё ў корпусе інтэрната не было, і студэнты нават не здагадваліся, што на цэнтральнай плошчы краіны сілавікі зьбіваюць і раняць людзей. Пасьля поўначы айца Івана абудзіла тэлефанаваньне. Незнаёмая жанчына, рыдаючы, маліла яго ўстаць і пайсьці званіць у званы, бо на Майдане распачаўся штурм. Адразу ж прышло тэлефанаваньне зь іншага нумару, потым яшчэ з аднаго… За ноч дзякан прыняў больш за сотню тэлефанаваньняў з усіх куткоў Украіны, а таксама з Італіі, ЗША, Канады.

– Людзі нібыта змовіліся – прыгадвае падзеі той начы 25-гадовы дзякан Іван Сідор. – Яны тэлефанавалі адзін за адным і прасілі мяне званіць у званы. Я ня ведаў, што менавіта здарылася, але зразумеў, што павінен зрабіць тое, аб чым мяне просяць. Атрымаў багаслаўленьне ў намесьніка кляштара ігумена Агапіта і пабег на званьніцу. Як біць у набат, ня ведаў, бо апошнім разам такое адбывалася ў 1240 годзе, калі пад Кіевам стаяла татара-мангольская арда. Але намагаўся ўкласьці ў перазвон усю душу і званіў так моцна і так доўга, каб увесь горад пачуў і прышоў на Майдан.

“Ніколі не адчуваў сябе героем”

– У Міхайлаўскі Залатагорны кляштар я ўпершыню патрапіў яшчэ дзіцем, калі прыехаў на экскурсію ў Кіеў разам з аднакласьнікамі з Гарохава Валынскай вобласьці, -- распавядае айцец Іван. – Памятаю, мяне тады ўразілі прыгажосьць і веліч горада. Потым я падрос і вырашыў пайсьці па сьлядах бацькі – ён служыў сьвятаром ужо больш за дваццаць пяць гадоў. Паступіў у Кіеўскую праваслаўную багаслоўскую акадэмію і з першага ж курса пачаў хадзіць на званьніцу Міхайлаўскага сабору. Ніхто мне асабліва не тлумачыў, як званіць у званы, я – самавук. Але дабравест заўжды быў для мяне нечым адмысловым. Ня толькі таму, што мне блізкая музыка (усе восем гадоў вучобы я сьпяваў у царкоўным хоры, а раней скончыў музычную школу, іграў на акардэёне і сьпяваў у ансамблі), але яшчэ й таму, што перазвон – незаменны лек для душы і цела. Бо нават навукоўцы-атэісты сыходзяццп ў думцы, што гук званоў мае асаблівую частату гучаньня, якая можа лекаваць многія хваробы. Пераканаўся ў гэтым на сабе: калі раней у халодны пэрыяд года заўсёды ляжаў у хаце з грыпам і вельмі высокай тэмпэратурай, то за апошнія дзевяць гадоў нічога страшней за насмарк са мной не здаралася.

Яшчэ адным пацьверджаньнем гаючай моцы гучаньня званоў стала ноч з 10-га на 11 сьнежня 2013 года. Зразумела, набат вельмі адрозьніваўся ад радаснага дабравесьця, які зазвычай гучыць са званьніцы перад усеначнай або літургіяй. Гэта быў хуткі, трывожны, максімальна громкі гук. Ён ня толькі склікаў усіх на Майдан, каб супрацьстаяць жорсткім атакам “Беркута”, але і супакойваў людзей, даючы ім веру, што з намі Бог.

 

Украінская царква

 

З першых дзён супрацьстаяньня на Майдане манахі Міхайлаўскага кляштара давалі прытул пратэстоўцам, кармілі людзей і аказвалі першую мэдычную дапамогу.

–Кажуць, была нават група сілавікоў, якая спыніла зачыстку, калі загучаў набат…

– Я таксама чуў пра гэта ад людзей, якія, пачынаючы з дзьвюх гадзін ночы і на працягу наступных некалькіх дзён пісалі і тэлефанавалі мне са словамі падзякі за тое, што падтрымаў іх гукам званоў, што вярнуў ім веру ў Бога і Царкву… Вялізная колькасьць незнаёмцаў дадалі мяне ў сябры ў сацыяльных сетках. Пісалі, што я герой. Але я сябе героем ніколі не адчуваў – бо ў той момант проста нельга было рабіць інакш, адвярнуцца, выключыць тэлефон і пайсьці спаць далей. З тае ж прычыны я ня мог дапісваць сваю кандыдацкую дысэртацыю, хаця мяне ўжо падціскалі ўсе тэрміны, калі на Майдане пачалі раніць і забіваць актывістаў. Мы ўсе ішлі туды, каб быць разам з людзьмі, дапамагаць ім, маліцца аб іх. Браты і настаяцель Міхайлаўскага кляштара з самых першых дзён рэвалюцыі вырашылі прысьці на дапамогу актывістам. У тую лістападаўскую ноч, калі “беркутаўцы” зьбілі мірных студэнтаў, менавіта наш кляштар адчыніў дзьверы і прытуліў моладзь. І манахі, і студэнты багаслоўскай акадэміі супакойвалі і аказвалі першую дапамогу пацярпелым. Мы перавязвалі раны студэнтам і паілі іх гарачай гарбатай у кляштарнай трапезнай.

– Калі пачалася зачыстка Майдана 11 сьнежня, параненых таксама несьлі да нас – ужо ведалі, што мы дапаможам, -- працягвае айцец Іван. Калі я ўпершыню ўдарыў у набат, абудзіўся ўвесь кляштар. Студэнты і манахі разам з мэдыкамі-валанцёрамі аказвалі першую дапамогу параненым. А я ўсю ноч, да пяці раніцы, званіў у званы. З непрывычкі гэта было надзвычай складана фізычна. Бо для таго, каб на карыльёне (адмысловы мэханізм, з дапамогай якога прыводзяцца ў рух званы – Аўт.) націснуць клавішу, што адказвае за малы звон, трэба адчувальна стукнуць па ей кулаком. А каб прывесьці ў дзеяньне самы вялікі (і, адпаведна, самы громкі) звон, даводзіцца навальвацца на клавішу ўсім целам. Звычайны перазвон цягнецца ня больш за пятнаццаць хвілін, і нават за гэты час можна даволі стаміцца. Што ўжо казаць пра цэлую ноч? Я пачаў губляць сілы пад канец першай гадзіны. Добра, што мне на дапамогу прышлі студэнты. За чатыры гадзіны мы ўшасьцёх парвалі чатыры трасы на званах! У мяне пасьпелі нарасьці і ляснуць крывавыя мазалі, сьцер сабе рукі ў кроў, але болю амаль не заўважаў. На душы было адначасна трывожна ад падзей і радасна ад гука званоў.

– Ваш учынак быў вельмі сьмелым, улічваючы напружаную сытуацыю ў горадзе ў той момант. Мабыць, сямейнікі ганарыліся вамі…

– Казалі, што ганарацца. Першай я паведаміў пра падзеі сваёй жонцы Яне. Падняўшыся на званьніцу, адной рукой ударыў у набат, а другой адразу ж напісаў ёй смс-ку: “Званю ў званы. Пачаўся штурм Майдана, Уключай тэлевізар”. Яна ў той час была далёка – у Валынскай вобласьці. Зь Янай мы разам хадзілі ў школу, гэта мая першая і адзіная дзяўчына, зь якой мы сустракаліся восем гадоў і толькі два гады таму пабраліся шлюбам. Падчас Эўрамайдана я яшчэ быў аспірантам багаслоўскай акадэміі, жыў у мужчынскім інтэрнаце, таму жонку прывезьці з сабой ня мог. Яна пераехала ў Кіеў толькі летась, калі я застаўся ў Міхайлаўскіх кляштары выкладчыкам і сакратаром-рэфэрэнтам Пераяслаў-Хмяльніцкай япархіі. Яна ўладкавалася настаўніцай ангельскай мовы ў школе, нам зь ёю выдзелілі асобны пакой у інтэрнаце для выкладчыкаў пры кляштары. Дарэчы, на адным са званоў я, яшчэ рамантычны малады першакурсьнік, напісаў чорным маркэрам нашы імёны – Ваня+Яна. Верыў, што пакуль яны не сьцяруцца, з намі ўсё будзе добра. Нядаўна зірнуў – надпіс цэлы!

– 19 і 20 лютага снайпэры расстрэльвалі Нябесную сотню. Тады на званьніцы Міхайлаўскага кляштара таксама цэлымі начамі званілі званы…

– Да таго часу я ўжо ня быў званаром – якраз пачаў праходзіць дзяканскую практыку ва Уладзімірскім саборы. Штораніца і штовечар павінен быў хадзіць на богаслужбы. Але ўвесь астатні час, зразумела, быў у кляштары і разам з братамі дапамагаў актывістам чым мог. Зразумела, і ў набат біў, і скрыні з гуманітарнай дапамогай для актывістаў цягаў, пераносіў у кляштар параненых і загіблых, у тым ліку тое абпаленае цела, якое знайшлі 19 лютага ў Доме прафсаюзаў. “Хуткія” у тыя дні на Майдан даехаць не маглі, таму целы забітых хлопцаў мы хавалі –па-за мурамі Міхайлаўскага, каб іх было менш бачна і ў людзей не пачалася паніка. Як мы самы вытрымалі гэтую нэрвовую напругу, ня ведаю. Мабыць, агульная бяда згуртавала нас і прымусіла сабраць волю ў кулак. Я раней ніколі ня бачыў забітых і пашкуматаных трупаў. Гэта страшнае відовішча. Асабліва калі ты выходзіш з кляштара і бачыш пад мурамі пяць целаў, што ляжаць. А вяртаешся праз колькі гадзін – іх ужо чатырнацаць! Адзін з нашых сьвятароў адслужыў па іх кароткую паніхіду, а ўжо потым, калі целы былі апазнаны, сваякі прывозілі іх да нас на адпяваньне. Успамінаць падзеі тых дзён балюча дагэтуль.

– Як вы ацэньваеце Рэвалюцыю годнасьці цяпер?

– Я ганаруся, што быў датычны да гэтых падзей і здолеў у меру свах сілаў дапамагчы людзям, чыя сьмеласьць, самаадданасьць і сіла духа мяне захапляюць. Дагэтуль я памятаю бабулю – згорбленую, у вясковай хустцы і старэнькім паліце, якая цяжкім ломам пракалупвала ў бруку канаўкі, каб вада з “беркутаўскіх” вадамётаў не стаяла і не ператваралася ў лёд, а сьцякала ўніз. А хлопцы на барыкадах! Бачучы, што іхніх таварышаў забіваюць са снайпэрскіх вінтовак, яны не хаваліся ў паніцы, а беглі наперад даваць ворагу адлуп. Я вырас ва ўкраінскай, вельмі патрыятычнай сям’і, але падзеі Майдана перавярнулі мае адносіны да ўласнай нацыі.

Цяпер я разумею, адчуваю – наш народ нерепаможны. Адзінай памылкай стала тое, што людзі потым разышліся па хатах і супакоіліся. Для іх перамога Майдана была нечым казачным, як перамога Кацігарошка над цмокам. Маўляў, калі вытурылі прэзыдэнта і зрабілі рэвалюцыю – зажывем, як у казцы. А чыноўнікі працягваюць красьці і падманваць. Каб гэтага не было, мы павінны ў любы момант зьбіраць Майдан і самы вырашаць, якая ўлада і якія законы нам патрэбныя.

Зараз ва Украіне вельмі цяжкая сытуацыя, а адзінства ў народзе няма. Адны ваююць, іншыя сядзяць у рэстаранах. Гэта сорам. Я хачу заклікаць кожнага: рабіце ўсё, што ў вашых сілах. Ня можаце браць у рукі зброю – станавіцеся валанцёрамі, дапамагайце арміі грашыма. Я вось, напрыклад, вельмі хачу паехаць на ўсход, але АТА – не экскурсія, дзе паглядзіш на вайскоўцаў, танкі і БТРы і вернешся дахаты. Хлопцам патрэбная дапамога, і ехаць трэба тады, калі ты рэальна можаш яе аказаць. Зараз у мяне вялізная нагрузка і ў кляштары, і ў багаслоўскай акадэміі, дзе я выкладаю чатыры дысцыпліны. Працую без выходных. Але калі зьяўляецца вольная хвілінка – займаюся перадачай на ўсход пасылак з гуманітарнай дапамогай, рэчамі, абуткам, ежай. Раблю гэта з любоўю і спадзяюся, што гэтыя пасылкі, як і гул званоў у тую ноч на Майдане, прынясуць у душы байцоў радасьць і веру ў перамогу.

Пераклад з расейскай.

 

Украінская царква

 

Украінская царква

Крыніца: http://fakty.ua/195710-zvonar

/ 24-12-2017
Украіна Царква Вера Кіеў Майдан Рэвалюцыя Годнасьці
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Імпэрыя. Распад
Навіны РПЦ або Дерзай, дщерь!..
Саша Сотнік: Страшную рэч скажу…
Віталь Портнікаў: Добра Жыць ва Украіне