змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

У Менску адбыўся мэмарыяльны мітынг да гадавіны Чарнобыльскай катастрофы

26 красавіка ў Менску ў Кіеўскім сквэры на Булвары Шаўчэнкі адбыўся мэмарыяльны мітынг з нагоды 32-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, арганізаваны Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй – БНФ. Людзі прышлі ў гэты прыгожы сталічны цэнтр, пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. Сабраліся менчукі і беларусы зь іншых гарадоў краіны.

Грамада выслухала выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, -- “Чарнобыльскі шлях – наканаваньне, якое мусім прайсьці”. Старшыня Партыі акцэнтаваў свой выступ на дачарнобыльскай радыяцыі ў Беларусі, якую стварыла савецкае акупацыйнае войска ў 1950-1970-х гадах, калі таемна на беларускіх палігонах выпрабоўвала тактычную атамную зброю. Цяперашняя ўспышка анкалагічных і сардэчных захворваньняў насельніцтва зьвязана якраз з тымі схаванымі ад людзей атамнымі выпрабаваньнямі.

Выступіў сп. Георгі Лепін, фізік, доктар тэхнічных навук, дасьледчык наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, аўтар кніг на гэтую тэму. Навуковец казаў пра недапушчальнасьць пабудовы атамнай электрастанцыі ў Беларусі, пра небясьпечнасьць месца, дзе ідзе будаўніцтва Астравецкай АЭС, прыводзіў факты і статыстыку, якія сьведчаць пра адмоўны досьвед ва ўсіх адносінах з атамнымі электрастанцыямі ва ўсім сьвеце. Ён завершыў свой выступ патрабаваньнем спыніць будаўніцтва пад Астраўцом і мабілізаваць сілы грамадзтва для недапушчэньня пабудовы новага Чарнобыля для нашага народу і суседзяў Беларусі.

Адзін з арганізатараў мітынгу адказны сакратар Управы Фронту і Партыі сп. Алесь Чахольскі, ліквідатар наступстваў катастрофы, распавёў пра тое, як бяздарна і злачынным чынам савецкія ўлады праводзілі гэтую апэрацыю. Бессэнсоўна і бяздарна тысячы людзей займаліся так званай “дэзактывацыяй” на атручаных радыёнуклідамі тэрыторыях, зь якіх пазьней ўсяроўна давялося адсяляць насельніцтва і закапываць бульдозэрамі цэлыя вёскі. І вось зноў на нашай зямлі чужая і варожая сіла – Масква – рэалізуе злачынную задуму: будуе расейскую, чужую і непатрэбную нам АЭС у Астраўцы. Маўчаць і цярпець нельга. Увесь народ павінен змагацца за сваю будучыню, за сваіх дзяцей. Над краінай зноў навісла пагроза атамнай катастрофы.

З прамовай выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Ён падкрэсьліў, што супраць нашага народа вядзецца вайна. Як яшчэ можна назваць дзейнасьць Масквы, накіраваную на зьнішчэньне нашага народа, нашай культуры і цывілізацыі? Калі гэта так, то і мы павінны дзейнічаць, абараняцца. Імпэрскае зло пранікла паўсюль. На харчовых прадпрыемствах дзейнічаюць два канвэеры. Адзін канвэер для вырабніцтва чыстай і якаснай прадукцыі – гэта вывозіцца ў Маскву. Для беларусаў – другі канвэер, дзе вырабляюць атручаныя радыёнуклідамі харчовыя прадукты. Штогод рэжым пашырае пасяўныя плошчы на тэрыторыі, зараджаныя ў выніку Чарнобыльскай катастрофы. Ніякай гаспадарчай мэтазгоднасьці ў гэтым няма. Рэжым на загад Масквы праводзіць злачынны экспэрымэнт над нашым народам. На жаль, большасьць нашых грамадзян нават не задумваюцца над гэтым. Грамадзтва павінна ўсьведаміць, што так далей жыць нельга.

Сакратар Управы Фронту і Партыі сп. Валеры Буйвал нагадаў, хто адкрыў сьвету праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і абваліў мур рэжымнай хлусьні на гэтую тэму. У верасьні 1989 года БНФ “Адраджэньне” паслаў ва ўсе пацярпелыя раёны групы сваіх актывістаў на аўтамабілях. Фронтаўцы сустракаліся з людзьмі, наведвалі гаспадаркі, шпіталі, зьбіралі інфармацыю і подпісы грамадзян з патрабаваньнем арганізацыі дапамогі пацярпелым ад чарнобыльскай бяды. У Менску быў праведзены шматтысячны Чарнобыльскі шлях. У сьнежні БНФ арганізаваў у Чырвоным касьцёле міжнародную канфэрэнцыю на чарнобыльскую тэму і стварыў Чарнобыльскі Трыбунал. Сьвет даведаўся праўду, і ўжо з вясны 1990 года ў Беларусь пайшла гуманітарная дапамога з розных краін. Народны Фронт арганізаваў першыя групы дзяцей з пацярпелых раёнаў на аздараўленьне за мяжой. Ужо на пачатку 2000-х гадоў рэжыму ўдалося (дзякуючы пасіўнасьці насельніцтва) амаль поўнасьцю спыніць паступленьне гуманітарнай дапамогі і выезды дзяцей за мяжу, арганізаваць ізаляцыю нашага грамадзтва ад цывілізаванага сьвету. Рэжымныя ворагі робяць гэта дзеля “чысьціні экспэрымэнту” над беларусамі. Толькі грамадзкі супраціў можа разбурыць гэтую антычалавечую сістэму, якая пагражае самому існаваньню нашага народа. Рашэньне гэтай жыцьцёвай праблемы можа быць толькі палітычным. Наш народ вызваліцца ад імпэрскага кашмара і будзе жыць у вольнай дэмакратычнай краіне. Наперадзе аналаг Нюрнбэргскага працэсу над злачынцамі, якія праводзяць пачварны экспэрымэнт над беларусамі. Будучыня Беларусі будзе сьветлай і прыўкраснай.        

Свае пранікнёныя вершы прачытала паэтка Яўгенія Казлова (Ворша).

На прыканцы грамада засьпявала беларускі нацыянальны гімн “Магутны Божа”. Лунаў покліч “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”

26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

 

Мітынг да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка 2018 г.

Інфармацыйная камісія БНФ “Адраджэньне” і КХП–БНФ / 01-05-2018
КХП-БНФ Народны Фронт БНФ Чарнобыль 26 красавіка Мітынг
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
ЗАЦЕМКІ ПРА ТВОРЧАСЬЦЬ МУЛЯВІНА І КУПАЛЫ
Галеча і шлях да вайны
Народнае адзінства: Дзюнкерцкі цуд (3)
Масква – “Трэці Рым”?