змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Сьвет крамлёўскага абсурда

Пуцін і Бомы

Калі былы канцлер Нямеччыны пайшоў служыць лакеям на пуцінскай бензакалёнцы за нейкія мізэрныя 2 мільёна жўраў на год, ён зганьбіў перш за ўсё сябе самога, а не сваю дзяржаву. Ягонае імя стала назоўным, і ўласная сацыял-дэмакратычная партыя саромеецца запрашаць яго на свае зьезды.

Калі Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Французкай Рэспублікі Жан дэ Глініасьці пакорліва зьявіўся, як хлорчык па выкліку, у Юсупаўскі палац у Пецярбурзе, каб уручыць вышэйшую ўзнагароду Францыі – Ордэн Ганаровага Легіёна – крымінальніку па мянушцы Гангрэна, які скраў на пару са сваім паханом Міхал Іванычам дзесяткі мільярдаў даляраў у расейскага народа, ганьбай накрыла сябе французкая дзяржава. Здавалася, гэта было дно.

Але зьнізу пастукаўся і папрасіўся прысесьці на акрайчыку крэсьліца на Санк-Пецярбургскім эканамічным форуме і паласавацца блінамі зь ікрой, абмяркоўваючы лёс Сянцова, Прэзыдэнт Французкай Рэспублікі Эмануэль Макрон. Ён апынуўся там вельмі дарэчы, калі сэрыйны забойца вырабляўся над ахвярамі катастрофы малайзійскага “Боінга”, зьдзекліва парадыруючы рэпліку ўркі Кірпіча: “Самалёт, самалёт… Які самалёт?”

А калі ўвайшоўшы ў густ, “Пахан Зямной кулі” жорстка патузаў апушчанага Макрона за загрывак, прапануючы Францыі гарантыі ваеннай бясьпекі, я ўрэшце зразумеў, што гэтае ток-шоў так нагадвае мне ад самага пачатку. Ну, зразумела, гэта выяздная сэсія “Час пакажа”, дзе брутальны гопнік Шэйнін, які забіваў, куражыцца зноў і зноў над мізэрным батанікам Бомам. Да жыцьцесьцьвярджальнай максімы Гэса-Валодзіна “Пуцін – гэта Расея, Расея – гэта Пуцін” я б дадаў яшчэ адну – “Шэйнін – гэта Пуцін, Пуцін – гэта Шэйнін”. Паводле закону транзытыўнасьці, належыць крыху абразьлівая для сапраўдных расейскіх патрыётаў, але справядлівая формула “Шэйнін – гэта Расея, Расея – гэта Шэйнін”.

Так, але Бому за ягоныя штодзённыя прыніжэньні ў наўпроставым эфіры плоцяць вельмі някепскія грошы. А што ж прывяло на ганебнае шоў ягонага французкага дублёра? Вось гэта вялікая загадка. Яшчэ год таму на іхняй першай сустрэчы ў Парыжы ашалелы ад актыўнага ўмяшальніцтва Крамля ў французкія выбары на баку ягоных праціўнікаў, Макрон шчыра зьдзекваўся з “нашага ўсяго”, паставіўшы яго на месца. Пуцін быў мізэрным і ад нечаканасьці разгубіўся.

Гэта ня першая мэтамарфоза ў адносінах Пуціна з французкімі прэзыдэнтамі. Тая ж гісторыя адбылася ў 2007 годзе з толькі што абраным прэзыдэнтам Францыі Сарказі. Той таксама пачаў з даволі рэзкіх ацэнак ў адносінах да Пуціна. Але на першай жа вялікай васьмёрцы Пуцін наведаў Сарказі ў ягоным намёце (такая была фішка на тым саміце ў ФРГ), прад’явіў яму нейкія аргуманты (або дакуманты) і выйшаў з намёта на сумесную прэс-канфэрэнцыю разам з зусім іншым чалавекам. Паводле зьвестак відавочцаў, Сарказі быў “у накаўце”, “прыніжаны” жорсткай размовай з прэзыдэнтам Расеі. З тае пары ён верна насьлядоўваў лінію пуцінфэрштэйн, выканаўшы, у прыватнасьці, вельмі карысную для Крамля місію ў жніўні 2008 года.

Дарэчы, пра вялікую васьмёрку. Апафэозам макронаўскага хаджэньня ў паўночную Каносу стала ягоная прапанова вярнуць Пуціна ў G8. Якая цудоўная пэрспэктыва для Вялікай Расеі, што ўстае з каленяў. Пуцін-Шэйнін і сем ягоных Бомаў. Першы ўжо пайшоў!.

Андрэй Піянткоўскі

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://www.kasparov.ru/material.php?id=5B0ACAD4C5913

 

На карысьць пуцінскага фашызма

Не сакрэт, што спорт стаў бізнэсам. На Алімпіядзе 1936 года ў Бэрліне пэўныя людзі таксама зарабілі прыстойныя грошы. А цяпер спытайце ў сябе: ці вартыя былі гэтыя грошы таго, што адбылося потым ў Эўропе і ў сьвеце? І ці ня надта дорага ў выніку цывілізацыі абыйшоўся гэты арыйскі спартовы піяр?

Я ня буду глядзець мундыяль, хаця вельмі люблю гэтае відовішча. Але ня буду. Ня трэба пра “футбольнае сьвята”, ня трэба пра “нічога асабістага, проста бізнэс”…

Проста ўявіце, што дзядзькі на поле будуць гуляцца не зь мячом, а з адарванымі галовамі сірыйскіх і чачэнскіх дзяцей, галовамі загіблых у малайзійскім Boeing, састрэленым над Данбасам, галовамі тых, чый самалёт упаў пад Смаленскам…

Я ня буду глядзець гэты страшны ногамяч. Разумею, яго будуць глядзець і безь мяне, а страта аднаго гледача – зусім не страта. Але яшчэ раз: успомніце сьвята Алімпіяды 1936 года і кошт, выстаўлены чалавецтву пасьля яе. Тое сьвята было таго вартае? Калі вы адкажаце для сябе станоўча, тады ўключайце тэлевізар і рыхтуйцеся атрымаць страшны адказ. Разгормны лік на карысьць пуцінскага фашызма.

Саша Сотнік

Пераклад з расейскай.

Крыніца: Фэйсбук.

 

Класічны тэракт

Забойства расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі магло быць зьдзейсьнена наўздагон фінала Лігі Чэмпіёнаў, які завершыўся ў Кіеве.

Спэцслужбы Украіны мелі даставерную інфармацыю пра падрыхтоўку тэракта ў сталіцы, які распрацоўвала расейская разьведка. З-за гатоўнасьці СБУ і Нацпаліцыі альбо ў выніку форс-мажора зьдзейсьніць задуманае расейскім спэцслужбам не ўдалося.

Верагодна, што Аркадзь Бабчанка мог стаць ахвярай выпадковага выбару з асяроддзя расейскай эміграцыі ва Украіне, бо выбар мэты павінен быў адпавядаць некалькім патрабаваньням: быць публічным і выразна асацыявацца з антыпуцінскай апазыцыяй. То бок на ягоным месцы мог апынуцца любы іншы расеец, які адпавядаў вышэйпералічаным крытэрыям.

Ніякіх асаблівых прычын забіваць Бабчанку не было. Ён быў папулярным блогерам, таленавіта пісаў пра пуцінскі рэжым і распавядаў праўду пра вайну на Данбасе і анэксію Крыму. Але ў самой Расеі ён ня быў вядомы так, як па-за яе межамі.

Верагодней за ўсё, ён быў абраны з-за цэйт-ноту і неабходнасьці выканаць замову ў сьціснутыя тэрміны. Пры гэтым пасьпяховы замах на расейскага ўцекача Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры паказвае, што поўнай абароны ад тэрарыстычнай тактыкі ФСЬ і ГРУ не існуе нават на Захадзе.

Што цяпер? Лішне казаць, што забойства Бабчанкі гэта класічны тэракт. Ягоная мэта – пасеяць паніку ў грамадзтве, паказаць няздольнасьць украінскіх спэцслужбаў запабегнуць падобным тэрактам, выклікаць недавер да ўласнай краіны. Украінскае грамадзтве падзьвяргаецца чарговаму хваравітаму выпрабаваньню. Пара ўрэшце адкінуць ілюзіі і зразумець, што гэта вайна, вайна супраць Украіны і ўсяго цывілізаванага сьвету. Вайна, на якой не бяруць палонных. Мэта якой з боку Крамля – перамога любым коштам, любой крывёй, любымі ахвярамі.

Тарас Беразавец

Пераклад з расейскай.

Крыніца: Фэйсбук.

 

Снарад з расейскага “гуманітарнага канвою”

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін падчас паседжаньня Рады Бясьпекі ААН 29 траўня заклікаў РФ спыніць ваенныя дзеяньні на Данбасе. Пра гэта паведамляе карэспандэнт выданьня “ГОРДОН”.

Клімкін прадэманстраваў фота школьніцы, якая загінула ў Данецкай вобласьці 28 траўня.

“Гэта Дар’я Каземірава. Тры дні таму ёй споўнілася 15. Учора яна загінула ў двары свайго дома ў ваніку выбуху снарада калібра 120 мм, які забаронены Менскімі дамоўленасьцямі, які выпусьцілі прарасейскія сілы. Гэта снарад з апошняга “гумканвою”, пытаюся я ў расейскай дэлегацыі? Або прарасейскія сілы купляюць цяжкія снарады ў мясцовых супэрмаркетах? На жаль, гэта рытарычнае пытаньне, яно не мае патрэбы ў адказе, асабліва з боку РФ”, -- заявіў Клімкін.

“Па сутнасьці, Расея і ейная далейшая ваенная дзейнасьць на акупаваных тэрыторыях – гэта грунтоўная перашкода для любога мірнага варыянта. Як толькі Масква прыме рашэньне спыніць гвалт, а такое рашэньне пакуль не прынята, канфлікт спыніцца. Я заклікаю Расею прыняць такое рашэньне”, -- сказаў міністр.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/war/klimkin-15-letnyaya-devochka-na-donbasse-pogibla-ot-snaryada-on-byl-iz-poslednego-gumkonvoya-ili-ih-pokupayut-v-mestnyh-supermarketah-248621.html

 

Латвія бароніцца

У Латвіі пачалі рассьледваньне магчымай датычнасьці банкаў краіны да перасоўваньня грошай з Расеі, якія выкарыстоўваліся для ўмяшальніцтва ў выбары і палітычнае жыцьцё іншых краін, паведаміла 29 траўня агенцыя Reuters са спасылкай на латвійскіх чыноўнікаў.

Меркаваньні, што Латвія выкарыстоўвалася як перавалачны пункт для расейскіх грошай, зьявіліся пасьля закрыцьця ў лютым аднаго з буйнейшых латвійскіх банкаў, што было справакавана абвінавачваньнямі з боку ЗША ў адмываньні гэтым банкам грошай.

Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс зазначыў у камэнтары Reuters, што грамадзяне Расеі і былых рэспублік СССР укладалі грашовыя сродкі ў латвійскія банкі. Па яго словах, сярод іх былі і тыя, хто ўнесены ў санкцыйныя сьпісы ЗША. Агенцыя зазначае, што частка грошай магла выкарыстоўвацца ў палітычных маніпуляцыях.

Рынкевічс распавёў, што зараз латвійскія праваабарончыя ворганы “рассьледуюць некаторыя зачэпкі, якія мы ім прадаставілі і якія стасуюцца да гібрыднай вайны”.

Міністр фінансаў Латвіі Дана Рэйзэньецэ-Озала паведаміла, што рассьледваньне пачалося пасьля атрыманьня праўдзівай інфармацыі ад стратэгічных партнёраў. Паводле дадзеных Reuters, йдзецца пра Злучаныя Штаты.

Міністры не ўдакладнілі, якія менавіта выпадкі рассьледуюцца. Тры высокапастаўленыя чыноўнікі сказалі агенцыі, што адзін зь іх зьвязаны з перасоўваньнем сродкаў з Расеі праз латвійскі банк для падтрымкі пераварота ў Чарнагорыі ў 2016 годзе.

Прэс-сакратар Крамля Дзімітры Пяскоў назваў інфармацыю пра выкарыстаньне Латвіі Расеяй для перасоўваньня грашовых сродкаў, выкарыстаньня гэтых грошай для арганізацыі спробы пераварота ў Чарнагорыі і наяўнасьці рахункаў у латвійскіх банках у грамадзянаў Расеі, якія знаходзяцца зараз у санкцыйных сьпісах ЗША, не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/worldnews/v-latvii-rassleduyut-ispolzovanie-deneg-iz-rossii-dlya-vmeshatelstva-v-vybory-i-politicheskuyu-zhizn-drugih-stran-248714.html

 

“Пад восень арышты стануцца павальнымі”…

У бліжэйшай будучыні Расею чакае падобнае на “вялікі тэрор”. З такім змрочным прагнозам выступіў кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Агора” Павел Чыкаў у сваім тэлеграм-канале.

Па словах праваабаронцы, перадвыбарчы мараторый на палітычныя “крыміналкі” зьняты. “Ужо пайшлі справы проста за ўдзел у мітынгу (Чалябінск), проста за крытыку кіраўніка рэгіёна (Інгушэція). “Тэрарыстычныя” і “дывэрсійныя” групы ствараюцца апэратыўнікамі ФСБ, не выходзячы з кабінэтаў. Катаваньні электрашокерам тлумачацца клапамі, а якое-кольвечы палітычнае злачынства з гэтай пары зьдзяйсьняецца з дапамогай Telegram”, -- піша Чыкаў.

Ён кажа, што па лініі ФСБ, ЦПЭ МУС і СКР выразна прашло ўказаньне фіксаваць датычнасьць мэсэнджэра да тэрарыстычнай і злачыннай дзейнасьці, і да канца года “такой ліпы насякуць на два чыгуначных цягніка”.

“Пад гэтым соўсам інтэрнэт чакаюць яшчэ больш суровыя часы, будуць адсякаць вядучыя сацсеткі, мэсэнджэры і глабальныя сэрвэры. Сілавікі выйдуць на паляваньне за карыстальнікамі шыфраванага трафіка, -- зазначае кіраўнік “Агоры”. – Улады не хаваюць, што знаходзяцца ў стане вайны, прычым актыўных баявых дзеяньняў. Любыя нападкі яны ўспрымаюць як атаку, пэрсанальныя мішэні становяцца героямі. У тыле актыўнічаюць заградатрады з ліку апэроў ФСБ, якія сякуць антыкарупцыйныя палкі на чыноўніках, што раскрадаюць бюджэт падчас вайны”.

На думку праваабаронцы, у гэтай вайне ягоныя калегі, а таксама журналісты, эколагі, апазыцыянэры і антыкарупцыйныя рассьледвальнікі ўспрымаюцца калабарантамі. І непадпарадкаваньне патрабаваньням паліцыі, нянавісьць да ўладаў расцэньваюцца як дзяржздрада і дывэрсія, “якія падлягаюць перасьледу паводле законаў ваеннага часу”.

У пэрспэктыве, мяркуе Чыкаў, можна чакаць шмат палітычных забойстваў. “Адказнасьці няма, гледачы каналаў схаваюць любое трызьненьне, а МЗС РФ зробіць чарговую заяву па-за межамі базавых паняцьцяў аб маралі. Пад восень арышты стануцца павальнымі, як і палітычныя крыміналкі. Чакае нас і масавае ўжываньне гвалту. Лайтавыя часы скончыліся, улады расчахляць вадамёты, электрашчыты і газ. Увосень 2017-га я абяцаў завінчваньне. Яно пачалося”.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: https://www.znak.com/2018-05-30/glava_agory_predrek_vozvrachenie_bolshogo_terrora_v_rossii

/ 11-06-2018
Расея Пуцін Крах Расеі Русский мир
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: