змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Супраціў Маскве. Салідарнасьць у абароне беларускай мовы і культуры

(Травеньскі Сойм 2018 г. КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

13 траўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Старшыня засяродзіў увагу на аналізе становішча і высновах для дзеяньняў, адзначыў важнасьць падрыхтоўкі пасьлядоўнікаў Адраджэньня, прапанаваў рыхтавацца да правядзеньня «Дзён Памяці пра генацыд» з нагоды гадавіны адкрыцьця Курапатаў.

З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, нам. старшыні Партыі і Фронту. Выступоўца паведаміў пра ўзмацненьне дзейнасьці рэжыму па ліквідацыі беларускай культуры і мовы. Аналіз статыстыкі, тэндэнцый і фактаў паказвае, што, выконваючы загад Масквы і пад яе кіраўніцтвам, мясцовы рэжым разбурае беларускую адукацыю, грунтуючы яе на чужой сурагатнай расейскай аснове і адукацыйнай мадэлі. Масква ўжо давяла да мізэрнага, ганебнага стану адукацыю ў Расеі, цяпер імпэрыя імкнецца давесьці сваю разбуральную працу да канца і ў нашай краіне. На ўсіх узроўнях рэжымныя прапагандысты даказваюць, што якасьць інтэлектуальнага разьвіцьця “не залежыць ад мовы”. Усё робіцца для таго, каб працэс русіфікацыі беларускай моладзі і грамадзтва ў цэлым быў завершаны імпэрскай перамогай. Беларусы, беларускія сем’і павінны аказваць супраціў акупанцкаму разбурэньню нацыі, не аддаваць дзяцей на русіфікатарскую пераробку і ажлабленьне. Мы павінны мабілізаваць грамадзтва на салідарную абарону роднай мовы і культуры.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра інтэнсіфікацыю дзеяньняў расейскай ваеншчыны на тэрыторыі Беларусі. У інфармпрасторы зьяўляюцца таксама паведамленьні і выступы расейскіх дзяржчыноўнікаў на тэму стварэньня новых армій, вайсковых фармаваньняў і канцэнтрацыю іх у заходніх рэгіёнах Расеі.

Зьвяртае на сябе таксама ўвагу актыўная і агрэсіўная прапаганда “русского міра” і расейскага мілітарызма ў Расеі, Беларусі і іншых краінах сьвету. Гэтыя факты сьведчаць аб тым, што Масква рыхтуецца да вялікай вайны. Ня выключана, што ў якасьці плацдарма будзе выкарыстана наша тэрыторыя. Беларусь, такім чынам, апынецца закладніцай чужой вайны, наш народ будзе трактавацца ў сьвеце як народ-агрэсар, які дзейнічае разам з імпэрыяй-агрэсарам.

З другога боку, вельмі многія ставяцца да апошніх дазволаў рэжыму на патрыятычныя маніфэстацыі (асабліва на сёлетні Дзень Волі ў Менску) і на выкарыстаньне нацыянальнай сымволікі як да праявы пэўнай лібэралізацыі рэжыму, яго самастойнасьці. Вельмі важна, каб беларусы выкарыстоўвалі гэтыя магчымасьці, але не жылі ў ілюзіях. Бачна, што Масква дала загад на часовыя талерантныя адносіны да праяваў беларускай палітычнай культуры. Крэмль зацікаўлены ў захаваньні сацыяльнага спакою і стабільнасьці ў Беларусі, тэрыторыю якой выкарыстоўвае ў якасьці ваеннага плацдарма. Таксама Масква хоча прамацаць глебу ў Беларусі на прадмет магчымага супраціву агрэсіі, даведацца пра настроі грамадзтва.

Раптоўная адмова ад правядзеньня рэжымнага рэфэрэндуму пасьля перамогі народных пратэстаў у Арменіі пацьвярджае гэтыя меркаваньні. Масква збаялася, што беларускае грамадзтва будзе пратэставаць супраць імпэрскага “рэфэрэндума”. У наяўнасьці гібрыдныя дзеяньні імпэрскага ворага. Нельга некрытычна ўспрымаць тое, што робіцца Масквой у Беларусі і сьвеце. Трэба адсочваць падзеі, зьявы, тэндэнцыі, супастаўляць іх і імкнуцца зразумець, што адбудзецца ў іх выніку, якую карысьць атрымае з гэтага Масква і якая шкода будзе нанесена Беларусі.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

13 траўня 2018 г.

Крыніца: http://www.bielarus.net/archives/2018/05/14/5095

Інфармацыйная камісія БНФ “Адраджэньне” і КХП–БНФ / 15-05-2018
Народны Фронт Беларусь БНФ Сойм КХП-БНФ
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Помнік беларускаму герою
У мінулым
Маскоўскі лабірынт
Татары бароняць родную мову і школу