змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Спэцапэрацыя ўлады ў Курапатах

На працягу 24 гадоў, існуючы ў Беларусі рэжым, выконваў адну з галоўных задач, пастаўленых перад ім Масквой – зьнішчэньне Курапацкай сьвятыні, ліквідацыя матар’яльнага сьведчаньня жудаснага злачынства на нашай зямлі, зьдзейсьненага расейскімі акупантамі ў Беларусі.

Чаго толькі ні наглядзеліся, ні наслухаліся мы за гэты час! Афіцыёзная прапаганда пераўзыходзіла сама сабе. І гэта ўсё пасьля афіцыйных археалагічных дасьледваньняў Інстытута гісторыі Акадэміі Навук у 1988 годзе (пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка) сумесна з Пракуратурай БССР і Міністэрствам Унутранных справаў у рэчышчы крымінальнай справы, калі было даказана, што расстрэлы людзей у Курапатах выконваў савецкі НКВД. Пасьля працавала спэцыяльная Урадавая Камісія, якая вывучыўшы справу, таксама вынесла вердыкт аб расстрэлах НКВД. Савет Міністраў БССР паставіў у Курапатах памятны камень з эпітафіяй аб будучым помніку.

Для камуна-расейскай прапаганды (і ўвогуле для прапаганды) нішто ня мае значэньня. Яна працягвае лгаць. Друкаваліся артыкулы, дэманстраваліся “аўтарскія фільмы”, у якіх даказвалася, што расстрэлаў на гэтым месцы ў 1937-41 гг. не было, што гэта рабілі немцы, што расстрэльвалі габрэяў і г.д. Адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка і абаронцаў сьвятыні шальмавалі , засылалі ў Курапаты “ветеранов” і “возмущённых граждан”, якія ізгаляліся над абаронцамі і памяцьцю пакутнікаў. Трэба было мець моцныя нэрвы, каб не адказваць на заведамыя гнюснасьці.

Падчас крыжовых шэсьцяў на “Дзяды” рэжым выпускаў на удзельнікаў правакатараў і загадваў міліцыі абыходзіцца зь беларусамі брутальна і груба. На працягу гадоў рэжым арганізоўваў напады вандалаў на сьвятыню. Яны ламалі крыжы, раскопвалі магілы.

Сябры КХП – БНФ злавілі ўначы двух маладзёнаў, якія ламалі крыжы. Высьветлілася, што маладзёны – сыны расейскіх афіцэраў, якія робяць кар’еру ў Беларускай арміі. Маладзёнаў падвялі пад амністыю.

Увосень 2001 года адбылася самая маштабная спэцапэрацыя рэжыму па ліквідацыі Курапацкай сьвятыні. Сталі будаваць аўтастраду праз могільнік. На тэрыторыю Народнага Мэмарыяла ўварваліся трактары і бульдозэры, пачалі валіць крыжы і нішчыць магілы. На працягу трох месяцаў патрыёты стаялі на абароне сьвятыні і аказвалі супраціў сілам міліцыі і КГБ. Пацярпелі сотні людзей. Дзякуючы міжнародным пратэстам татальнае разбурэньне ўдалося спыніць, хоць дарогу і пабудавалі.

Але блюзьнерства не спынялася. Каля Курапацкай сьвятыні, у ахоўнай зоне помніка, пры падтрымцы ўлады і, парушаючы закон, пабудавалі рэстаран для гулянак і інтымных забаваў. Вось аблічча гэтай улады.

Цяпер пачалася адпрацоўка новага праекта зьнішчэньня Народнага Мэмарыялу. Рэжым вырашыў разграміць помнік знутры пад выглядам сваёй “мэмарыялізацыі” -- ўсталяваньнем свайго «памятнага знаку» ў цэнтры Народнага Мэмарыяла на Галгофе. Праекты гэтага “знака” шакавалі людзей сваімі дзікімі і неадпаведнымі месцу формамі. Не было нават ніякага грамадзкага абмеркаваньня. Але якія “конкурсы” могуць быць з антыбеларускай сістэмай, якая выконвае задачу па ліквідацыі нацыянальнай сьвятыні?! Пра гэта і казаць лішне, праблема ня ў тым. Гэты «знак» сваёй дысгарманічнай формай і несувымерным маштабам разбурыць ансамбаль Народнага Мэмарыяла, пазбавіць яго сакральнага духу. На гэта і разьлічваюць рэжымныя ўлады. Прытым калі аўтары канструкцыі пагадзіліся паставіць яе ў іншым месцы, то ўлада катэгарычна супраць. Такім чынам ўся афёра бачна няўзброеным вокам.

У той самы час, калі рэжым разгортвае сваю разбуральную дзейнасьць у Народным Мэмарыяле, за 50 мэтраў ад Курапатаў напоўніцу функцыянуе згаданы забаўляльны рэстаран “Поедем-поедім”, гучыць вясёлая музыка, пьянае галёканьне, файервэркі, падасланыя асобы з нізкім узроўнем сацыяльнай адказнасьці наладжваюць скокі, дэманструюць свой цынізм і робяць сэлфі. І псавальная “мэмарыялізацыя”, і рэстараннае блюзьнерства адбываюцца адначасова на тэрыторыі Народнага мэмарыяла і побач з Курапатамі. І першае і другое арганізавана адной і той жа ўладай. У наяўнасьці акт маштабнай сацыяльнай псіхапатыі, брыдкай амбівалентнасьці паводзінаў.

На сьвятой зямлі разгортваецца злачынства супраць беларускага народу. Ня можа, не павінен чужародны «знак» убудовацца ў ансамбль Мэмарыяла на Галгофе. Гэта кашчунства. Спыніцеся.

Трэба ўсім грамадзтвам, ўсім народам абараніць Народны Мэмарыял ад псаваньня. Прэч з чужароднай канструкцыяй! Прэч з планамі разбурэньня! Спыніцеся!

18 кастрычнік 2018 г.

Валеры Буйвал / 21-10-2018
Курапаты Народны Мемарыял
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: