змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Саша Сотнік: Палітычная шызафрэнія

Палітычная шызафрэнія, што накрыла Расею з галавой, час ад часу выскоквае з чарапной каробкі насьмерць напалоханага абывацеля і голасам-брэхам заяўляе: “Прагаласуем хоця б за чорта лысага – абы не было вайны!” Імя гэтага чорта – Пуцін. Менавіта ён, як гэта ні падасца дзіўным, зьяўляецца стоадсоткавым гарантам вайны, якая ўжо ідзе. Расея – краіна, якая ваюе. Яна ваюе на тэрыторыі Украіны,ваюе ў Сірыі, вось-вось залезе ў Судан. І калі Крэмль не абвясьціў вайну ўласнаму народу – гэта не азначае, што такой вайны ён не вядзе. Мяркуючы па дадзеных Росстата, насельніцтва сапраўды вымірае, і прысьпешаныя тэмпы роста сьмяротнасьці расейцаў cхаваць ужо не атрымліваецца. Інфармацыйная вайна з Захадам таксама ідзе поўным ходам. Тут вам і легіён астанкінскіх прапагандыстаў, і батальён спэц-дыпламатаў, і воіны кібэрпрасторы, і мягкія на амацкі экспарцёры карупцыі. Наогул, карупцыя зьяўляецца асноўным пунктам крамлёўскага экспарту. Гэты прадукт – міна запаволенага дзеяньня. Менавіта яна запускае таемныя мэханізмы па расхістваньню дзяржаўных устояў, дзень за днём разьядаючы іх знутры. Гэты нябачны спрут праяўляецца толькі тады, калі сімптаматыка заражэньня выходзіць на вышэйшы дзяржаўны і грамадзкі ўзровень. І тады з вокладак палітчасопісаў вам пачынаюць навязьліва ашчэрвацца пысы Берлусконі, Блатэра і Шродэра. Або нават прэзыдэнт ЗША раптам пачынае адкідваць старанна схаваны крамлёўскі цень…

Але і ўсіх гэтых войнаў Крамлю становіцца мала. Ён не жадае больш калупацца ў цесным закутку ізгоя. Ён прагне плянэтарных зьдзяйсьненьняў. І вось ужо вусны кіраўніка ВТБ Аляксея Косьціна выплёўваюць у Давосе пагрозьлівае: “Новыя санкцыі супраць Расеі – гэта аб’яўленьне вайны!..”

Калі доўга і ўпарта гукаць вайну – гэтая крывавая вядзьмарка абавязкова матэрыялізуецца і пачне жыўцом жэрці чалавецтва. Але менавіта ў ёй Пуцін і ягоная клепта-мафія бачыць шанец на ўласны паратунак. У той час, калі Захад усё часьцей праяўляе рашучасьць абарваць ніткі сувязі з наскрозь прагнілай пуцінскай сістэмай, дэкларацыі аб гатоўнасьці да ваеннага канфлікту з НАТО становяцца ці не адзіным інструмантам па тармажэньню запушчаных працэсаў. У ход ідуць любыя прыёмы, на фронт кінуты ўсе чалавечыя сілы, уключна з самым адмарожаным зьвяр’ём. Нават крот Вэнэдзіктаў раптам стаў відушчым, адрасьціў крыльцы і прыляцеў у ЗША, каб хаця б неяк паўплываць на складаньне “чорных сьпісаў” крамлёўскіх алігархаў. Сулейман Керымаў, успомніўшы пра сваяка, які захварэў, вымаліў у французкай Фэміды дазволу наведаць пакутніка. Каля смутнага ложка хворага ён, праўда, так і не зьявіўся, затое быў заўважаны ў таварыстве гранд-дамы Валянціны Матвіенкі. Аб чым любыя шапацелі – засталося таямніцай за сям’ю пячаткамі і дваццацьцю распіскамі аб нераспаўсюджваньні. Вядома толькі, што пасьля дадзенай сустрэчы Керымаў наканавана вярнуўся ў Францыю, дзе пацьвердзіў сваю “гатоўнасьць супрацоўнічаць з правасуддзем”.

Зашчымленьне фінансавых мацак па ўсёй плошчы сусьвету будзе адгукацца мілітарысцкімі галюцыянацыямі ў мазгах крамлёўскіх нэўрастэнікаў. І чым больш балючы працэс – тым больш немыя крамлёўскія воплі. А пасьля абвяшчэньня новых санкцый і “алігархічных сьпісаў” Расею можна будзе пераймяноўваць у адзін вялікі Варонеж – сумны палігон для ўтылізацыі расейскай чалавечыны як адзінага расходнага матар’ялу. Клепта-мафія ўжо рыхтуецца адказаць Захаду дэманстрацыйным узыходам на сталец вечнага спэц-Вовачкі, які пасьля 18 сакавіка падасца ўжо не анэкдатычным “нью-Брэжневым”, а “Кашчэям-бессьмяротным”, насланым на імпэрыю, што правінілася, да сканчэньня часоў. У Маскве канчаткова наплююць на палітэсы і знакі прыстойнасьці, і нават калі Захад адмовіцца прызнаваць вынікі плебісцыту – Крэмль звонка патрасе ядзернымі мудзямі ў штанах і памахае над вежамі савецкім сярпом, пагражаючы адрэзаць што-небудзь трапяткое у бліжэйшых суседзяў.

Раскрутка новай гонкі ўзбраеньняў – форменнае шаленства. Але, як гэта ні дзіўна, у ёй, любай, кроўна зацікаўлены і ў Маскве, і на Захадзе. “Ястрабы ў пагонах” атрымаюць новыя асігнаваньні, і мілітарысцкі апэтыт нарасьце ў пэрыяд “вялікай жрачкі” перад глабальным “жнівом”. Крэмль запусьціць таталітарны праект “Абложаная крэпасьць”, а спэцслужбы канчаткова зачысьцяць грамадзянскую супольнасьць ад “ворагаў народа” і “агентаў заходніх уплываў”. Насельніцтва будзе загнана ў стойла з гнілым сілосам для падтрыманьня ў мэтах вытворчасьці “гарматнага мяса” і таннай працоўнай сілы. Гэты канцлягер праіснуе да пары, пакуль Лубянская імпэрыя не пацерпіць канчатковую паразу. Пасьля гэтага – распад па прыкладу СССР, з той толькі розьніцай, што ежу згаладнелым “імпэрцам” будуць абменьваць не на нафту, а на ядзернае стар’ё, каб яно не апынулася ў лапах тэрарыстычных прыматаў.

Гісторыя часам паўтараецца. Але зусім не абавязкава, што гэты разам яна паўторыцца ў выглядзе фарса. Як ужо адзначалася, Гітлер прымяніў бы “зброю помсты” не міргнуўшы вокам, калі б у красавіку 1945-га яна ў яго фізычна была. Бо націснуць на вядомую “кнопку” можа ня толькі “Ваван Бессьмяротны”, але і выгадаваны ядзерным малаком “тлушчавік з Пхэньяна”. Гэтая трэцяя сіла ўжо навязьліва высоўваецца з-за куліс, запрашаючы “згуляць на выжываньне”. Па вялікім рахунку, ёй якраз губляць няма што. У яе сэктантаў няма рахункаў у заходніх банках, яны не купляюць Мальційскіх грамадзянстваў, не рассякаюць з каханкамі на яхтах паўз Лазурныя ўзьбярэжжы. І, у выпадку чаго, здольныя ўжыцца ў ролю ядзернага камікадзэ нават не па крамлёўскай волі, а з прычыны наступленьня вышэйшай стадыі адчаю.

Як і перад пачаткам Другой сусьветнай, спешчаная палітычная эліта доўга тапталася з нагі на нагу ў нерашучасьці перад нахабствам новай генэрацыі дыктатараў. Дазволіўшы ім выбрацца з дагістарычнай пячоры і набраць мілітарысцкую вагу, клюб безадказных палітыкаў раптам спахапіўся і пачаў сутаргава перабіраць у розуме рэцэпты па ўтаймаваньню дзяржаўных вырадкаў. Але, калі ў 2007-м з мюнхэнскай трыбуны на іх гырчэла “лубянская воша”, то ў 2018-м яна ўжо муціравала ў паўнавартаснага тлустага фашыстоўскага пацука. І банальным пацуковым ядам ад яе ўжо не пазбавіцца.

Саша Сотнік

Пераклад з расейскай.

Крыніца: https://rusmonitor.com/a-sotnik-bolshaya-zhratva-pered-globalnojj-zhatvojj.html 

 

Наўздагон за апытаньнем

Матвіенка (якая “паскладушка”, яна ж -- "красные трусы" і "Валька-стакан") сёньня заявіла, што шмат мільёнаў расейцаў хацелі б апынуцца ў гэтым “крамлёўскім сьпісе”. Яна, зразумела, мела на ўвазе не вынік “доступу да ночвы і крадзёж”, а сумна вядомы "патриотизЬм". Маўляў, “нас так любіць народ, што амэрыканцаў гатовы парваць і прынцыпова разам з намі ў сьпісы запісацца”.

Думка рэспандэнтаў, што патрапіліся нашым журналістам у цэнтры Масквы, не супала з галюцынацыяй “раскладушкі”. Практычна ўсе адракліся ад ураду і законатвараў, заявіўшы, што “мы самы па сабе”. Сапраўды, у Расеі ўжо даўно як у фільме “Кін-Дза-Дза”: “Урад на іншай плянэце жыве, дарагі!..”

Галоўнае, няма зваротнай сувязі. Наверсе жывуць сваім жыцьцём, унізе – сваім. Але аднойчы яны перасякуцца ў рэчаіснасьці, і камусьці зь іх не паздаровіцца. Як бы “стакан” дзяржаўны “апстену” ня ляснулі або чырвоныя майткі не запхнулі ў глотку. Трывожна. А яшчэ ж і люты не пачынаўся.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: Фэйсбук.

 

“Сьмерць Сталіна”

Паглядзеў “экранку” фільмы “Сьмерць Сталіна”. Лепшай якасьці ў сеціве няма, ды й ня трэба, бо – праходная камэдыя. Такіх на Захадзе шмат здымаюць. Чымсьці нагадала “Уік-энд у Барні”, толькі з гісторыка-палітычным ухілам.

Ад фільмы гэтай я не чакаў вялікіх мастацкіх дасягненьняў. У цэлым прырода захаду сталінскай эпохі схоплена слушна: вярхоўныя вырадкі валадараць расходным матэр’ялам, і як толькі здыхае галоўная казьляціна – пачынаецца сварка. Брудная, дробная, мярзотная – нароўні з жыхарамі крамлёўскага казьлятніка. Менавіта гэтая характарыстыка так і зачапіла цяперашняе “уркаводства”: бо яно стоадсоткава такое ж. Ці варта глядзець? Ня ведаю. Асабіста мне шкада змарнаванай гадзіны (некаторыя сцэны перакручваў). Але трэба было зразумець: што ж так узбудзіла гэтае крамлёўскае шалупіньне? Здагадваўся, зразумела, але цяпер ведаю дакладна.

Калі вам дарагі ваш час – не марнуйце яго на гэтае кіно. Яно – так сабе.

Наконт “грэшна сьмяяцца са сталінскіх ахвяраў”.

Стваральнікі карціны сьмяюцца з іх так жа сама “зьверху”, як і Гайдай у фільме “Іван Васільевіч мяняе прафэсію”. Не інакш. Памятаеце сцэну: “У нас быў талмач. Яму перакладаць, а ён лыка ня вяжа. Мы яго ў кіпні і зварылі…” Наша публіка сьмяецца, і ніхто яе за тое не асуджае. Іван IV– разумею – далёка ад нас, усё прытупілася. Але і Захад жартуе над нашым дзікунствам, як над тупым сярэднявеччам – што ўжо тут крыўдаваць? Калі што – гэта была не рэцэнзія, а проста першае пасьлягустоўе. Другога, мяркую, ня будзе. Ну, не Тарнатэрэ ж паглядзеў…

Пераклад з расейскай.

Крыніца: Фэйсбук.

 

Для “расчараваных”

Для “расчараваных” сьпісамі.

Ёсьць яшчэ і “сакрэтны” сьпіс, у якім, уласна, Валодзечка са сваім “аркестрам вілаанчалістаў”.

Чыста псіхалагічна спрацавана добра: зграю шалёных ваўкоў “пазначылі”, а ватажку – не. Маўляў, “вырашайце самы наколькі вам, спаленым, камфортна пры такім “чысьценькім пахане”. Яго і парваць могуць за такую “падлянку”…

Пераклад з расейскай.

Крыніца: Фэйсбук.

/ 02-02-2018
Расея Пуцін РФ Пуцінізм Саша Сотнік
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: