змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Саша Сотнік: Інэрцыйны сьлед аганізуючай імпэрыі

Інэрцыйны сьлед аганізуючай постсавецкай імпэрыі толькі на першы погляд здаецца надта доўгім. З пункту гледжаньня гістарычнага пэрыяду ён якраз вельмі малы. Адвал першых дэкарацый, які адбыўся ў жніўні 1991-га, быў толькі пачаткам імпэрскай агоніі. Тады высьветлілася, што ідэя камунізма ілжывая, а кодэкс будаўніка раю на зямлі – звычайнае ідэалагічнае сьмецьце, нажыўка для статку, падманутага камуністамі. На думку Хрушчова, гэты рай павінен быў расквітнець яшчэ ў 1980-м. Але расквітнела толькі Алімпіяда – і тое для асобна ўзятай Масквы. Потым Гарбачоў прыдумаў новую “моркаўку для аслоў” – кожнаму савецкаму чалавеку па кватэры ў 2000 годзе. Цяпер з Гарбачова спыт невялікі: яго самога адхілілі ад улады, а “моркаўка” згніла, не пасьпеўшы вырасьці.

У 1991-м, выкінуўшы на памыйку марксісцка-ленінскае вучэньне аб “класавай барацьбе”, камуністы і “камса”, што раптам ударылася ўправа ды пазелянела ад легалізаванай валюты, узьнялі сьцяг капіталізма: маўляў, з сацыялізмам у нас не атрымалася – цяпер будуем капіталістычны сьвет. Вясёлая песенька-зазывалка “Амэрыкэн бой, паеду з табой” гучала з кожнай форткі, і амэрыканская мара захапіла розумы постсавецкага абывацеля. Ідэя накапляльніцтва хутка ўкарэнілася ў народных масах, ператварыўшыся ў хранічнае захворваньне. Прычым, йшлося не пра тое, каб накоплены капітал разьмяшчаць на радзіме. Наадварот: любым спосабам культывавалася схема “схапіць і ўцячы падалей”, бо “тут усяроўна нічога добрага ня будзе”. Вось і лётала безгаловая імпэрская курыца па родным гародзе, апантаная ідэяй прыхапіць усё, што толькі можна прыхапіць.

Калі прышоў Пуцін – здарыўся глабальны ўнутрырасейскі перадзел. Былых алігархаў, што накраліся, выціснулі з краіны, фактычна забясьпечыўшы ім рэалізацыю запаветнай мары мільёнаў, пазьней аформленую ў песьні Грыгорыя Лепса “Я паеду жыць у Лёндан”, і замянілі блізкімі ім па духу – піцерскімі. Апошнія растлусьцелі даволі хутка. Цімчанка гандляваў вуглевадародамі, Грызлоў кіраваў кіруючай лейкай адкідаў-адзінаросаў, Сяргей Іваноў – то камандваў арміяй, то – курыраваў прыродаабарончую дзейнасьць, але ўвесь час уваходзіў у склад Савета Бясьпекі. Наогул, усе свае былі пры справах. Ідэалагічна чужых накіравалі: каго – у турму, а пазьней – на выгнаньне, як Хадаркоўскага, каго – у магілу, як Нямцова. Уся гэтая джамахэрыя магла б існаваць дзесяцігоддзямі, калі б не царскія замашкі Уладзіміра Пуціна, які ўявіў з сябе вялікага гістарычнага дзеяча. Гэты спэцслужбіст з нягеглай зьнешнасьцю да пэўнага моманту захоўваў таямнічы флёр, але ў апошнія гады канчаткова страціў былую тэлевізійную харызму, схапіўшыся за лінейку ў марных спробах перакроіць эўрапейскія межы. І вось ужо ўчорашні шлейф “зьбіральніка земляў” і “прыяднальніка Крыму” ператварыўся ў кайданы на капытах, а вобраз “раба на галерах” ужо не такі далёкі ад ісьціны. Ён, сапраўды, -- раб уласных ілюзій. Нікчэмны закладнік сваіх жа дурных амбіцый, якія з кожным днём каштуюць расейцам усё даражэй і даражэй.

У Расеі няма грошай ні на што. Нават завод, які выпускаў пафасна разрэкламаваную “Армату”, збанкрутаваў. “Газпром” нясе каласальныя страты, “Роснефть” падлічвае катастрафічныя страты, шэраговы абывацель з сумам адзначае факт уласнага збядненьня, і толькі па тэлевізары дыктары, як папугаі, паўтараюць ужо сьмешную мантру аб тым, “як дрэнна жылося ў ліхія 90-я”. Лубянскі патрыярх Гундзяеў, апрануўшыся ў залатыя шаты, заклікае “быць больш сьціплымі”, задавольваючыся малым, але пры гэтым самае блізкае атачэньне Пуціна купаецца ў раскошы. Усё гэта ня можа не злаваць. Ды й хрыстаматыйная фраза “няхай ядуць пірожныя” ужо практычна прагучала. Гэта ёсьць тое самае знакамітае “трымайцеся”. За што трымацца, калі самы галоўны галершчык ужо ледзь грабе? Калі кожная ягоная спэцапэрацыя выходзіць для краіны бокам? Калі шампанскае імя Трампа ператвараецца ў халодны душ, а абдымкі з Лё Пэн – у чарговую ганьбу з хакэрскімі атакамі? Адзінае, чым яшчэ можна абматацца – гэта паласатай стужкай у травеньскія дні, ды й тое ўжо ня хочацца.

За што ні возьмуцца крамлёўскія стратэгі – усё абарочваецца крахам. Да самай шапкі Манамаха, якая вось-вось успыхне на пляшывай галаве. У Крамлі гэта бачаць і злуюцца яшчэ болей. Яны меркавалі, што грошы, канвэртуемыя ва ўладу, аўтаматычна здольныя пралангіраваць гэтую ўладу да бясконцасьці – трэба толькі “уваліць бабла паболей” і “закаркаваць асабліва адораных нязгодных”, а на практыцы высьветлілася, што гэтая схема адпрацавала сваё. Можна цыкнуць на сваіх грамадзян, нагадаўшы, хто тут цар, а хто – халопы, але на ўсю цывілізацыю ня цыкнеш. Яе, сволач вольналюбівую, не паставіш на месца. Паспрабавалі разік-другі, а яна адказала. І ўся канструкцыя паляцела да д’яблаў: куды цяпер выводзіць грошы, дзеля чаго жыць, што будзе з дзецьмі і жонкамі, з віламі, яхтамі і рахункамі?

Але інакш яны ўсяроўна ня могуць. Размумеюць, што – усё, «game over», але гульлівыя лапкі здольныя толькі на хапальныя рухі, і болей ні на што. Эпоха “вялікага нажору” падыходзіць да канца. Красьці “па-буйному” няма што, а тэрыторыю не скрадзеш: яна і так нібыта – твая. Рабі зь ёю, што хочаш. Можаш разбамбіць умоўны Варонеж, але ён і так ужо ляжыць у руінах. Можаш вынішчыць насельніцтва, што, уласна, і адбываецца. Можаш… а што яшчэ можаш? Нічога. А насельніцтва ўжо блукае з жыватамі, якія вантробна буркацяць, і пазірае ў бок Спаскай вежы. І гэта напружвае. Балазе, можна яшчэ жэрці да сябе падобных – якія аджэрліся на гасударавых харчах. Зьелі Мікіту Бялыха. Улюкаева зжэрлі. Можна падчапіць на відэлец яшчэ якога-небудзь склізкага, як грыб, губэрнатара. Ну, а глузд які? Што гэта ў карані мяняе?

У першым квартале 2017-га хатняй вытворчасьці топ-мэнэджэры “Роснефті” вырашылі павялічыць сябе заробкі ў шэсьць разоў. Пры гэтым, як дурныя мышы, яны колюцца, аплакваюць страты, яле працягваюць “жэрці кактус”, нічога сістэмна не мяняючы, а толькі набіваючы ўласны трыбух. Антылопа здохла, і неспатольны раджа трымцячымі ручкамі падбірае апошнія залатыя манэты, якія няшчасная жывёліна пасьпела накалаціць, перш чым канчаткова здохла. У Сечына і так заробак быў 50 млн. даляраў. Атрымліваецца, што цяпер яна ў яго – трыста?

Але гэта – вотчына Сечына, а іншым жа таксама хочацца “дзюбку абмакнуць”. І яны абмакваюць. Пад канец вырашана “узяць Маскву”, калі ўжо другі раз разбурыць Берлін не атрымліваецца. Ідэя рэнавацыі Масквы – гэта рашучы “нажор”, пасьля якога можна “зваліць, куды вочы глядзяць”. А “куды глядзяць” гэтыя злодзейскія вочкі – ім сёньня і самым не зразумела. Стратэгі са злодзеяў – ніякія, яны дзейнічаюць паводле прынцыпа “вайна план пакажа”. А тое, што яны менавіта ваююць з уласнай краінай знутры – ніхто ўжо не сумняваецца. Хіба што адбітыя на ўсю галаву халопы, якія працягваюць верыць у тэлевізар і пісаць чалабітныя “вярхоўнаму галоўнакамандуючаму”. Маскоўскія “рэнаватары” прадумалі ўсё. Абкаталі схему на жыхарах Татарстана – добра, намесьнік Сабяніна па будаўніцтву Марат Хуснулін – родам з Казані. І цяпер, даволі пакуражыўшыся ў рэгіёне, хлапцы замахнуліся на сталіцу. Можна не сумнявацца, яны не пакінуць каменя на камяні, пройдуцца па маскоўцах бульдозэрамі і трактарамі. А чым яшчэ ў пуцінскай Расеі прынята душыць бесславесную гародніну? А калі сустрэнуць адлуп – да іхніх паслугаў ёсьць армія троляў і правакатараў, выхаваных у тым духу, што “за долу малую можна і маці родную задушыць, а ўжо праклятых маскоўцаў – сам чорт загадаў выселіць, каб не абураліся”.

Менавіта на гэтым месцы інэрцыйны сьлед распаду імпэрыі, хутчэй за ўсё, абарвецца, бо створаная канструкцыя не вытрымае напору і абваліцца. І прычынай гэтага абвалу стане выбітая з-пад ног постсавецкіх злодзеяў плённая глеба. Ёй доўгі час давалі квітнець і каласіцца. Пры Лужкове таксама імпэтна кралі, але глебу з-пад ног у маскоўцаў не выбівалі. Тут круціліся практычна ўсе грошы Расеі, як залаты шарык у рулетцы прэстыжовага казіно. Але цяпер грошы скончыліся, і настаў час хапнуць апошняе. А што там далей – чорт яго ведае. Нават калі пуза лясьне – яго можна прыкрыць патрыятычнай прасьцінай.

Галоўнакамандуючы ўжо ледзь ня кожны месяц тузінамі звальняе генэралаў. І гэтае трымценьне ў царскіх каленях рэзаніруе з усёй наладжанай “вертыкальлю”. Калі па яго прыйдуць – ён, мабыць, будзе кідаць у нядобрых гасьцей ўсё, што патрапіць пад руку. Можа, каго-небудзь і прыб’е на прыканцы цяжкой чарнілкай. Так і будзе адбрыквацца – да апошняй кроплі зялёнкі…

Саша Сотнік

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://7days.us/aleksandr-sotnik-do-poslednej-kapli-zelyonki/

/ 18-05-2017
Расея Пуцін Крах Расеі Расейская імпэрыя Пуцінізм Саша Сотнік
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: Сяржант 2017-05-18

Шмат галасоў загучала пра тое, што ў верасьні РФ акупіруе Беларусь, не выведзе сваіх 100 тысячаў войска пасьля вучэньняў. Трэба рыхтавацца да супраціву адкрытай акупацыі. Цікава, яны будуць распускаць (моцна скарачаць) беларускую армію?

Расейцы зьнiшчаць беларускую бюракратыю Аўтар: Лявон 2017-05-19

Для чего приходят оккупанты? - например десятки тысяч российских войск - чтобы удержать нас в сфере своего влияния и ЧТОБЫ ГРАБИТЬ !!! Кого будут грабить оккупанты? Того, у кого есть что грабить! А у кого есть что грабить? У разжиревших за щет народа бело-русских чиновников - дорогие "братья" из нью-орды ОТНИМУТ их должности, уютные кабинеты, коттеджи, имущество, "лексусы", евроквартиры.... А дурковатых местечковых, продавших бандитскому рус.миру Беларусь чиновников, в лучшем случае вывезут в Сибирь, в худшем - организуют для них нью-курапатские ямы, где будут их по путлровскому завету массово "мочить в сортирах". Да и бело-русским сотрудникам МВД, ГБ, армии, в случае открытой российской оккупации, уготована участь подохнуть в российских вооружённых конфликтах :( - КАК ГОВОРИТЬСЯ - ЗА ЧТО БОРОЛИСЬ НА ТО И НАПОРОЛИСЬ !

Бяз тэмы Аўтар: Sigizmund 2017-05-19

Сяржант,

"яны.. будуць..." Што за брэд?!!

Іх запускаць нельга!

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Кіеў. Патрыёты сарвалі сход грантаўскай структуры (відэа)
Алесь Гарун: Ты, мой брат…
Сапраўдныя змагары і сурагат (відэа)
ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: АБ ГАЛОЎНЫМ