змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Рэжым супраць вольных беларусаў

Ёсьць у нацыянальным календары дзьве даты. Сумная дата 25 чэрвеня 1941 года, калі расейскія акупанты расстралялі тысячы палітычных вязьняў пры эвакуацыі з Менскай турмы, па дарозе ў Расею непадалёк ад горада Чэрвеня (Ігумен) Менскай вобласьці, і радасная ўрачыстая дата — Дзень аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 года. Беларускія патрыёты праводзяць у гэтыя дні масавыя мерапрыемствы ў памяць палеглых і ў гонар герояў нацыянальнага змаганьня. Для Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, а потым і для КХП-БНФ гэтыя мерапрыемствы сталі традыцыйнымі.

Для існуючага ў Беларусі антынацыянальнага рэжыму гэтых датаў не існуе, рэжым не шануе ні нашых герояў, ні ахвяр, ні дзяржаўную незалежнасьць нашай Айчыны. Сёлета на заяўкі КХП-БНФ на правядзеньне “Ігуменскага шляху” 24 чэрвеня на ўскраіне Чэрвеня і мітынга 25 жніўня ў Менску структуры рэжымнай улады адказалі адмовай і забаронай (дакуманты публікуюцца). Адмова на правядзеньне “Ігуменскага шляху” паступіла арганізатарам мерапрыемства нават два разы, бо фронтаўцы зьвярталіся да ўладаў двойчы, спрабуючы правесьці традыцыйнае мерапрыемства і на прыканцы ліпеня.

Прычыны адмоваў прыдуманая, гэта тое, што ў бюракратыі называецца “адпіскамі”. Пад Чэрвенем “будуюць” і ўсё ніяк ня могуць скончыць дарогу, а ў Менскім сквэры сталіцы “праводзіцца іншае мерапрыемства”. Стыль і зьмест бюракратычных адмоваў даўно і добра знаёмыя фронтаўцам. Так небеларуская ўлада рэагуе рэгулярна і ў большасьці выпадкаў з 1994 года, калі на нашай зямлі пачаў усталёўвацца рэжым унутранай акупацыі. У гэтай улады іншыя, свае “праздники” – савецкія па сутнасьці, скапіраваныя з календара СССР і БССР. Рэжымныя структуры і сагнаныя па разнарадцы натоўпы грамадзян шумна і пампезна абстаўляюць сабой фальшывыя даты, мэта якіх – арыентацыя грамадзтва на савецкую мінуўшчыну, выклятую ўсімі суседнімі нам народамі, акрамя Расеі.

Калі раней КПХ-БНФ удавалася праводзіць гэтыя мерапрыемствы, то апошнімі гадамі яны зьбіралі дзесяткі і часам сотні чалавек, праходзілі годна і спакойна. Чаму ж рэжымная помпа так баіцца гэтых зьяваў? Страх рэжымных прадыктаваны тым, што на заклік патрыётаў-фронтаўцаў зьбіраюцца вольныя беларусы, і прыходзяць яны не па разнарадцы, а са шчырым сэрцам, нягледзячы на ўсе правакацыі і зьнявагі з боку антынародных сілаў. Беларусы зьбіраюцца разам пад сьвятым нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, сьпяваюць нацыянальныя гімны і песьні, славяць Айчыну і нашых герояў. Гучыць беларуская мова. Менавіта гэта выклікае непакой ў структурах унутранай акупацыі і ў імпэрскай Масквы, якая зьяўляецца гаспадаром гэтага рэжыма. КХП-БНФ зьвярнулася ў пракуратуру з заявамі на неправамерныя дзеяньні ўладаў. Нельга дапускаць, каб такія дзеяньні праходзілі без юрыдычных наступстваў. Хаця беларусы разумеюць, што азначаюць пры гэтым рэжыме юрыдычныя структуры і як імі трактуюцца законы.

Сапраўдная юрыдычная адказнасьць для арганізатараў і выканаўцаў антынароднай палітыкі, для рэцыдыўных парушальнікаў Закона наперадзе. Сацыяльна-палітычны і эканамічны крызіс, да якога давёў Беларусь прамаскоўскі рэжым, раскручваецца. Набліжаецца драматычная развязка, непазьбежны калапс гэтага рэжыма. Пра гэта ведаюць і тыя, хто адказны за антынародную палітыку. Гэта ёсьць адной з прычын татальных забаронаў на традыцыйныя беларускія мерапрыемствы.

Але нішто ня спыніць наш народны рух да вызваленьня Беларусі, нішто не прымусіць забыцца пра нашы нацыянальныя трагедыі і вялікія перамогі. Беларусь жыве і будзе жыць!

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

23 жнівень 2018 г.

/ 26-08-2018
КХП-БНФ Народны Фронт Рэжым 25 жніўня Ігуменскі шлях
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: