змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Пуцінская гігантамахія

У расейскім мастацтве, асобна беручы манумэнтальную пластыку, адбылася чарговая падзея, якая працягнула сэрыю падзей. Вось як пра яе паведаміў ТАСС:

Президент РФ Владимир Путин в субботу принял участие в открытии на территории парка Ливадийского дворца в Ялте памятника императору Александру III.

На церемонии присутствовали полпред президента в Южном федеральном округе Владимир Устинов, глава Республики Крым Сергей Аксенов, губернатор Севастополя Дмитрий Овсянников, митрополит Симферопольский и Крымский Лазарь, муфтий Крыма Эмирали Аблаев и другие, а также студенты, нахимовцы и учащиеся других военных заведений.

К прибытию главы государства на флагштоке возле памятника был поднят российский флаг, оркестр исполнил гимн РФ. Президент проследовал вдоль роты почетного караула и подошел к монументу.

"Открывается памятник правителю, который принес России мир, славу, развитие и стабильность, Царю-миротворцу, императору Всероссийскому Александру III", - объявил диктор церемонии, после чего военнослужащие почетного караула стянули с монумента золотистое тканное покрытие, а оркестр заиграл "Коль славен наш Господь в Сионе" - некогда неофициальный гимн Российской империи.

Крыніца: http://tass.ru/obschestvo/4740723

 

Выступіў сам Пуцін, называў цара міратворцам і дабрадзеем. Калі ўлічыць, што помнікі ставяцца не мінулым а сёньняшнім часам і ідэалам, то ў некаторых ўзьнікла нават ілюзія, што Масква захапіўшы і анэксаваўшы ўкраінскі Крым, раптам раздумала весьці далейшыя войны. Аднак, у той жа дзень у кіеўскія шпіталі паступіла цэлая партыя цяжкапараненых украінскіх жаўнераў з Данецкага фронту (дзе “перамір’е”), усе з кулявымі раненьнямі – у асноўным б’юць расейскія снайпэры. Так што ілюзіі хутка разьвеяліся.

Пад “Союз нерушимый, партия Ленина – сила народная…” (няхай сабе і на новы лад) і царскі “Коль славен…” публіцы і сьвету адкрыўся чарговы рэалізаваны праект у фармальна-вобразным рэчышчы “nostalgy”. І сам галоўны начальнік крамлёўскага рэжыму, і алавянныя жаўнерыкі ганаровай варты, ды й усё навакольле ў новым дызбалансе прапорцый і прасторавых узаемаадносін адразу ж зрабіліся ліліпуцкімі ля ног гіганта. Нібыта з восеньскага крымскага парку, гулка тупаючы бронзавымі ботамі, выйшаў Гулівэр і ўсеўся ці то на манумэнтальную купіну, ці то на каласальны валун. Тут трэба нагадаць, што йдзецца пра паджанр паркавай скульптуры. А скульптараў вучаць адрозьніваць жанры ўжо на першым курсе мастацкай вучэльні. Паркавая скульптура проста ня можа быць у некалькі чалавечых ростаў. І гэтаму для расейскіх пластыкаў ёсьць класічны прыклад – ансамбль з сотняў фігур у пецярбургскім Летнім садзе (бальшыня з фігур скрадзены расейскімі акупантамі з нашых нясвіжскіх паркаў). Але тут аўтарамі манумэнта камандвалі вядома якія “искусствоведы в штатском”, ды і заплацілі адпаведна паводле танажу выкарыстанай бронзы (як гэта было прынята яшчэ пры саветах). Аляксандр з асірыйскай барадой, абапіраючыся на шаблю “сьцьвярдажае для нашчадкаў непахіснасьць імпэрскага валадараньня” над чужой захопленай зямлёй. Надчалавечая бронзавая маса будзе трашчаць пасярод ціхіх прысадаў да самага вызваленьня крымскай зямлі ад акупацыі. У самым неадэкватным гігантызме, аднак, гучыць выразная прэтэнзія на вечнасьць.

Апошні помнік гэтаму цару ўрачыста адкрылі ў Пецярбурзе на Знаменскай плошчы перад Маскоўскім вакзалам у 1909 годзе. Аўтар Павел (або Paolo) Трубяцкі, сын італьянкі і расейскага эмігранта, ужо быў выдалены з Расеі і зьехаў адтуль зь вялікім аблягчэньнем у сапраўды родную яму Італію. Вучань і пасьлядоўнік выдатнейшага майстра імпрэсіянізма ў скульптуры Мэдарда Роса, Трубяцкі вядомы камэрнай скульптурай, якой уласьцівыя няўлоўныя формы, далікатнасьць пластыкі, пяшчотнасьць вобразаў (у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі ёсьць некалькі ягоных прыўкрасных работ). Атрымаўшы замову ад царату на выкананьне манумэнта, Трубяцкі зьмяніўся да непазнавальнасьці. Аказалася, што ў ягонай душы схавана жыве манумэнталіст і жорсткі рэаліст. Калі ён выставіў бронзавую адліўку свайго праекта, прышлі публіка і вяльможы, выбухнуў скандал. “Гэта карыкатура! Як ён насьмеліўся! Гэта эстэтычнае царазабойства!” – крычалі гледачы і газэты. А дэмакратычнае жыхарства адразу ахрысьціла брутальнага таўстуна на шматпудовым кані “Жывёлінай на жывёліне”. Пад вечар у павільён, дзе стаяў гатовы манумэнт, прывезьлі царыцу-удаву, дацкую прынцэсу Дагмару. Яна толькі ўбачыла скульптуру, гукнула “Мой Сашенька! Как живой!” і павалілася без прытомнасьці. Усе адразу сьцішыліся і пачалі шукаць месца для адобранага памазаніцай манумэнта. Месца і помнік аказаліся сымвалічнымі і з крывавым падтэкстам. Менавіта на Знаменскай плошчы ў лютым 1917 года адбыўся пералом у хадзе рэвалюцыйных падзей. Калі на плошчу з Неўскага праспэкта выйшла шматтысячная дэманстрацыя, войскі далі залп, загінула шмат людзей. Але з шыхтоў вылецеў малады коннік і хваткім ударам шаблі адсёк галаву палкоўніку, які камандваў рэпрэсіямі. Армія пачала масава пераходзіць на бок народа і біць паліцыю ды жандармаў. Над помнікам узьнялі чырвоны сьцяг (тады знак рэвалюцыі)… На шчасьце, помнік ня зьнішчылі. Ён доўга стаяў на сваім месцы, потым яго ўсталявалі ва ўнутраным двары будынка Рускага музэю, і я, ідучы па экспазыцыі каля тых вокнаў, штораз зьдзіўляўся дзікай праўдзе пра цара і ўсё імпэрскае ў таленавітай фармулёўцы скульптара.

У цэлым пуцінская сэрыя “царскіх манумэнтаў” пачалася з помніка Івану Жахліваму ў Арле (скульптар А. Малчанаў) у 2016 годзе. Тут ёсьць усё – і меч у апушчанай левай руцэ (ён што, быў ляўша?) і крыж у правай узьнятай руцэ, і карона, і папона… І маленькая горачка, якую скульптар плюхнуў невялічкай масай на паверхню пастамэнта. Гэта значыць, і ваяр, і хрысьціцель, і пашыральнік “русского міра”. Бронзы ўлілі ў гэта шмат, але эфэкт аказаўся недарэчны і кур’ёзны. Кажуць, што чым бліжэй падыходзіш да манумэнта, тым страшней становіцца ад навязьлівага гігантызма, няскладнасьці застылых жэстаў пэрсанажа і ягонай фізіяноміі, ідэалізаванай, але ўсяроўна жахлівай.

Не саветы пры Сталіне (як думаюць многія) прыдумалі дзяліць цароў “на плохих и хороших”. Пуцін і пуцінцы пачалі ставіць манумэнты царам, якіх саромеліся самы Раманавы (!). Нават венцаносныя пры ўсім таталітарызме самадзяржаўя імкнуліся зарэтушыраваць шмат што ў гісторыі сваёй сям’і і дынастыі. Але цяперашнім уладарам Крамля няма чаго саромецца. Гэта ня іхнія біялагічныя продкі. Ім яны дарагія як вялікія папярэднікі і распрацоўшчыкі ўсяго таго, што ў саўдэпіі і “новай рускай дэмакратыі” даведзена да кашмарнай дасканаласьці: сьмерць вялікіх колькасьцяў людзей як статыстыка, чалавеканенавісьніцтва як мараль, мана як вышэйшая праўда, “русский мир” на ўвесь сьвет. Чэкісты ставяцца да гэтых папярэднікаў падвойна. З аднаго боку, з рэспэктам як да пачынальнікаў прафэсійнай дзейнасьці па буйнамаштабнаму здушэньню і зьнішчэньню. З другога боку, як да наіўных першапраходцаў па калена ў крыві, якім далёка ня сьніўся ліквідацыйны размах, глыбіня маральнага разбурэньня і гушчыня ачмурэньня, а таксама вырабленыя сродкі выканаўцаў імпэрскага тэрору ў найноўшай расейскай гісторыі. І сапраўды, самы пасьпяховы апрычнік – проста “акцябронак” з рагаткай у параўнаньні са сталінскімі рэкардсмэнамі па забойствах. Цяперашнім цёпла і ўтульна ў коле гэтых манструальных ценяў расейскай мінуўшчыны.

Манумэнтаў Івану Жахліваму ніколі не было. Але ёсьць яркі скульптурны твор аўтарства выдатнага беларускага габрэя з віленскага Антокаля. Нават ня верыцца, што гэта студэнцкая работа Марка Антакольскага (1870) у Пецярбургскай Імпэратарскай Акадэміі мастацтва. Такая вобразная моц, такое пранікненьне ў эпоху і майстэрства пластыкі сьведчылі пра вельмі раньняе разьвіцьцё талента. Іван Антакольскага – апантаны бесаўшчынай монстр, апошняя стадыя псіхічнай немачы. Рукі-кляшні сутаргава сьціскаюцца, галава зьвера хіліцца ў канвульсіі шаленства і нянавісьці. За індывідуальным тут чытаецца жорсткі крызіс усёй неабсяжнай імпэрыі Івана. Антакольскі ведаў, што менавіта беларусы гераічна спынілі тады жахлівы Drang nach Westen, які павінен быў разграміць усю эўрапейскую цывілізацыю. І менавіта з таго часу згаданы “мир” пачаў рыўкамі распаўсюджвацца на Усход і паглынуў быў нават амэрыканскую Аляску.

З сэрыі, працягу якой мы з цікаўнасьцю чакаем, самым пацешным ёсьць помнік Івану ІІІ (дзеду Івана Жахлівага) у Калузе. Пра яго не ўспаміналі ні расейскія цары, ні расейскія скульптары-манумэнталісты. Яшчэ малым ён перажыў разам з сям’ёй жахі баярскай грамадзянскай вайны за сталец і першанства ў сярэдзіне ХVстагоддзя, калі быў асьлеплены ягоны бацька вялікі князь Васіль, празваны пасьля гэтага Цёмным. Пагромшчык вялікіх цывілізацыйных цэнтраў Цьверу і Ноўгарада, гэты Іван моцна пашырыў межы Маскоўскага ўлуса Залатой Арды, у 1505 годзе перадаўшы імпэрскую эстафэту свайму сыну Васілю. (Божа, у нашым Вялікім Княстве, ва ўсёй Эўропе квітнее Рэнэсанс, а тут – чым далей, тым страшней…). Я толькі ўбачыў фотаздымкі цырымоніі адкрыцьця з удзелам міністра культуры РФ Мядзінскага ў 2017 г., дык адразу назваў гэтае скульптурнае рашэньне – “рубаха-парень”. На нейкую стылізаваную скалу шырокім “жэстам нагі” ускараскваецца барадаты дзядзька ў саф’янавых востраносых ботах і расхрыстанай кашулі. Імпэтным узмахам рукі (гэткім ленінска-сталінскім, знаёмым з савецкіх манумэнтаў) дзядзька паказвае новыя межы свайго ўлуса, канчаткова захапіўшы ў ВКЛ Калюгу (беларусы называлі свой горад сваім словам). А ў левай руцэ ў яго на высокім дручку-скіпэтры знаходзіцца вялізная птушка-арол. У яе кіпцюрах не хапае толькі гітлерскай свастыкі, але і так усё зразумела. Ён – гэты Іван – так і хадзіў з жывым арлом на дручку? Кампазыцыйны і вобразны боб з гарохам пуцінскай гігантамахіі дасягае тут свайго апагэю. Усё ў гэтай скульптуры фальшывае і ярмарачнае, як у знакамітай (і ўжо засакрэчанай) дысэртацыі міністра Мядзінскага. Але гэта яшчэ не канец. Калі іх не спыніць, мы яшчэ і не такое пабачым.

Здавалася б, няхай забаўляюцца ў сваю “імпэрскую веліч”, нам што? Папсовы стыль, вядомы як “кіч”, -- зазвычай гэта коцікі з банцікамі, дзеці на гаршочках, дзяўчаты ў купальніках і іншая “фанэра над Парыжам”. Але ў форматворчасьці маэстраў пуцінізма кіч набывае манумэнтальныя рысы. Сьмешная кічавая яшчарка разрастаецца да памераў дыназаўраў і птэрадакцеляў. Дэспатыя стварае сваю квазіэстэтыку, натхняючыся Старажытным Эгіптам і людажэрнымі мая. Такое любіў і ўмеў тварыць Сталін з паплечнікамі. Гэта ёсьць ужо не мастацтва, а паталогія, сымптомы запушчанай псіхічнай хваробы імпэрыі.

На гэта нельга глядзець абыякава. Гэтага трэба апасацца, на гэта трэба арганізоўваць каранцінныя кардоны. Бо форматворчасьцю  ў пародыях на манумэнтальнае мастацтва яны не абмяжуюцца. Яны рыхтуюцца і рыхтуюць падуладнае насельніцтва да агрэсіі.

Паратунак беларусаў – у роднай мове і сваёй культуры, у сваёй нацыянальнай дзяржаве. Парк Юрскага пэрыяду з намі па суседству, ён ажыў, адтуль гучаць хрыпатыя, аглушальныя галасы монстраў. Трэба ратаваць сваю краіну.

 

Помнік у Ялце

Помнік Аляксандру ІІІ у Лівадыі

 

Помнік Аляксандру ІІІ у Пецярбурзе

Помнік Аляксандру ІІІ у Пецярбурзе

 

Помнік Івану Жахліваму ў Арле

Помнік Івану Жахліваму ў Арле

 

М. Антакольскі. Іван Жахлівы

М. Антакольскі. Іван Жахлівы

 

Помнік Івану ІІІ у Калузе

Помнік Івану ІІІ у Калузе

Валеры Буйвал / 05-12-2017
Расея Пуцін Валеры Буйвал Русский мир Пуцінізм Помнік
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
“Калі ня будзе правасуддзя – будзе самасуд”
Лянур Іслямаў: Крымскія татары будуць аказваць яшчэ большы супраціў
Калі на родную зямлю прыходзіць “Русский мир”
Прыгоды “усходняга партнёра” (фотафакт)