змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Народнае адзінства: Дзюнкерцкі цуд (4)

Эвакуяваныя жаўнеры былі збольшага надта зьнясіленыя, каб яшчэ дапамагаць іншым. Аднак былі і выняткі. Артылерыст У. Джэнінгс з каралеўскай артылерыі прадэманстраваў надзвычайную сілу, калі пераносіў жаўнераў з пашкоджанай “Грэйсі Філдс” на скутары, прышвартаваныя да яе борта. Зноў і зноў ён насіў на плячах жаўнераў з судна на судна, як кот кацянятаў.

Калі канвойнае судна “Бідфард” страціла ў Брэ-Дзюн рулявы мэханізм, яфрэйтар Джордж Уільям Кроўтэр з 6-га палявога шпіталя ня меў ужо надзеі, што ўдасца выратавацца. Ён застаўся на палубе “Бідфарда” і асіставаў карабельнаму хірургу. Працаваў 48 гадзін амаль без перапынку, пакуль “Бідфард” паціху цягнула ў Дувэр іншае судна.

Штаб у памяшканьні для дынама-машыны ўсю рэшту дня жыў у сьвятым няведаньні пра гэтыя драматычныя падзеі. Там былі перакананы, што эвакуацыя праходзіць гладка, і нават “набліжаецца да максімальнай эфэктыўнасьці”, як тэлеграфаваў афіцэр сувязі генэрал Лойд а 18.22 у міністэрства ВМФ у Лёндане.

Праз тры хвіліны настаў халодны душ. Дувэр паслаў быў у Дзюнкерк мінаносец “Сабр” зь некалькімі мабільнымі радыёстанцыямі і падмацаваньнямі для марской групы, якая арганізоўвала эвакуацыю на сушы. “Сабр” прыбыў у Дзюнкерк ў момант, калі авіяналёт быў асабліва актыўны. А 18.25 у Дувэр было паслана наступнае паведамленьне:

“Ужо на працягу гадзіны працягваецца бесперапынная бамбардоўка, Адзін мінаносец патанае, адно грузавое судна з жаўнерамі на палубе пашкоджана. Хвалерэз не пацярпеў сур’ёзных пашкоджаньняў. Пакуль што немагчыма працягваць пагрузку жаўнераў”.

І вось а 19.00 паступіла тэлефанаваньне. Тэлефанаваў капітан Дж.С. Доў з Ля Пан. Капітан выкарыстаў наўпроставую лінію, якая зьвязвала штаб Горта з Дувэрам і Лёнданам. Доў дапамагаў у штабе Тэнэнта і ня быў членам штата галоўнага штаба. Ён тэлефанаваў па ўласнай ініцыятыве і паведамляў, што вярнуўся з Дзюнкерка, што порт цалкам заблакаваны і што эвакуацыю трэба праводзіць з пляжаў.

Чаму Доў вырашыў тэлефанаваць, засталося загадкай. Ён узяў машыну, прыехаў у Ля Пан, пераканаў афіцэраў, каб яго дапусьцілі да лініі і рабіў гэта ўсё самастойна. Ён быў у Дзюнкерку з 24 траўня і паказаў хладнакроўнасьць пад агнём. Магчыма, што, як пазьней меркаваў начальнік штаба Рамсэя, ён быў проста агаломшаны ў выніку пяці надзвычай цяжкіх дзён налётаў і артабстрэлаў.

У любым выпадку ягонае тэлефанаваньне выклікала вялікі вэрхал у памяшканьні для дынама-машыны. Разам з паведамленьнем з “Сабр” (“пакуль што пагрузка жаўнераў немагчымая”) гэта было сьведчаньнем таго, што порт сапраўды заблакаваны і цяпер для эвакуацыі можна выкарыстоўваць толькі пляжы.

Але спачатку Рамсэй хацеў пераканацца, што гэта сапраўды так. А 20.57 ён зьвязаўся па радыё з Тэнэнтам: “Ці можаце вы пацьвердзіць, што порт заблакаваны?” – спытаў ён яго. Тэнэнт адказаў “не”, але радыёсувязь была моцна парушана авіяналётам, так што ў Дувэры ягоны адказ не пачулі. Не атрымаўшы адказу ад Тэнэнта, Рамсэй паспрабаваў атрымаць адказ ад французкага камандуючага адмірала Абрыала, але і тут не дачакаўся адказу.

А 21.28 Рамсэй больш ня мог чакаць. І паслаў паведамленьне мінаносцу “Гэбэ”, які выконваў функцыю гэткага каманднага карабля ў адкрытым моры:

“Спыніце ўсе караблі, накіраваныя для перапраўкі людзей, якія ідуць на Дзюнкерк, і інструктуйце іх, каб яны не набліжаліся да порта, а каб стаялі ў моры каля ўсходняга пляжа і грузілі жаўнераў, якіх будуць падвозіць з берага малымі суднамі”.

Было поўнач, а з Дувэра ўсё не паступалі ніякія паведамленьні. Рамсэй паслаў мінаносец “Вэнквішэр”, каб той на месцы высьветліў сітуацыю. 30 траўня а 5.51 мінаносец прыслаў добрае паведамленьне:

“Уваход у дзюнкецкі порт не заблакаваны. Перашкоды ёсьць на зьнешнім баку ўсходняга хвалерэза”.

Станоўчая інфармацыя была адразу ж перададзена на ўсе выратавальныя судны флятыліі, аднак цэлая ноч была змарнавана. Толькі чатыры рыбацкія караблі і адна яхта выкарысталі каштоўныя начныя гадзіны, прыстаўшы да хвалерэза. Да таго ж мора было надзвычай спакойным, і не назіралася дзеяньняў непрыяцеля. “Мы змарнавалі вялікую магчымасьць”, -- ахарактарызаваў капітан Тэнэнт сітуацыю праз некалькі дзён. “Калі б прыбылі судны, то можна было б адвезьці недзе 15000 жаўнераў”. А ў той дзень 29 траўня памылковае паведамленьне не было найгоршым для Рамсэя. Нашмат горшым было рашэньне вышэйшых колаў у Лёндане. ВМФ на гэты дзень мела сем выведзеных з дзеяньня суднаў, перш за ўсё мінаносцаў. “Уэйкфул”, “Грэфтан” і “Грэнээйд” былі патоплены. “Гэлэнт”, “Грэйхоўнд”, “Інтрэпід”, “Джагуар”, “Мантроўс” і “Саладзін” былі пашкоджаны. Цэлы клас суднаў Gбыў зьнішчаны. Міністэрства ВМФ не магло думаць толькі пра Дзюнкерк. Былі яшчэ канвоі, цэлае Сяродземнае мора і абарона ўласнай тэрыторыі.

А 20.00 адмірал Паўнд вырашыў, хаця і неахвотна, забраць у Рамсэя восем сучасных мінаносцаў, якія яшчэ ў яго былі. Такім чынам, у яго заставалася яшчэ пятнаццаць старых суднаў, якімі можна было ахвяравацца.

Для Рамсэя гэта быў страшны ўдар. Мінаносцы былі самымі эфэктыўнымі караблямі. Забраць у яго траціну суднаў азначала змарнаваць усе ягоныя планы і спадзяваньні.

Рашэньне міністэрства ВМФ было прынята ў самы непасуючы момант. Рамсэю якраз шалёна патрэбным было кожнае судна. На плацдарм пачыналі прыбываць баявыя дывізіі, жаўнеры, якія да гэтага моманту абаранялі калідор для адступленьня. У бэльгійскай вёсачцы Вэстфлэтэрэн 3-я дывізія пакавала свае рэчы. Штаб знаходзіўся ў мясцовым абацтве, і генэрал Мантгомэры перад выступам у паход наведаў абата, айца Рафаэля Гудта. Ці ня мог бы абат схаваць у кляштары пару ягоных асабістых прадметаў? Той адказаў “так”, і тады генэрал перадаў абату скрынку з асабістымі лістамі і кошык для ежы, які вельмі любіў. Гэтыя прадметы былі схаваны ў сьцяну абацтва, і Монці ад’язджаў, абяцаючы, што вернецца па іх разам з арміяй.

Толькі такі самаўпэўнены чалавек, як Мантгомэры, мог паабяцаць нешта такое. Больш тыповым быў настрой брыгаднага генэрала Джорджа Уільяма Сатана. Калі ён ішоў на Дзюнкерк і бачыў на кожнай мілі вакол пакінутыя зброю і рыштунак, ён адчуваў толькі гнеў і асабістае прыніжэньне. Ён быў афіцэрам з пакліканьня, і “калі мы дакаціліся да нечага такога ў момант сапраўднага крызісу, то гэта азначае, што ўсе доўгія гады намаганьняў, выдаткаваных на вывучку жаўнераў, былі змарнаваныя”.

Некаторыя часткі, аднак, нават пасярод катастрофы не страцілі свой лад і згуртаванасьць. Падраздзяленьні пяхоты Яе Вялікасьці “Уорчэстэр Ёманры” маршыравалі ў напрамку плацдарма з песьнямі. Духавы аркестр суправаджаў іх мэлёдыяй “Ціпэрэры”. Але іншыя часткі, як, напрыклад, 44-я дывізія, распаліся. Афіцэры і жаўнераства ішлі кожны сам або групкамі. Сувязіст 44-га палка Олівэр Бэрнард зусім не ўяўляў сабе, куды ўласна крочыць. Тут яго абагнаў брыгадны генэрал Дж. Э. Атэрсан. Бэрнард вырашыў ісьці за ім: сказаў сам сабе: “калі гэта генэрал, то ён ведае, куды йдзе”.

На Дзюнкерк адступалі цяпер і часткі французкай першай арміі. Да сутычак даходзіла нават паміж камандваньнем. Генэрал Брук распарадзіўся, каб 2-я французкая лёгкая мэханізаваная дывізія, якая падпарадкоўвалася яму, прыкрываць ягоны ўсходні фланг, пакуль 2-гі каорпус будзе праводзіць ў ноч з 29 на 30 траўня фінальную фазу адступленьня. Камандзёр французкай дывізіі генэрал Бугрэн заявіў, што мае іншыя загады ад генэрала Бляншара і будзе выконваць іх. Брук паўтарыў свой першы загад і дадаў, што загадае расстраляць французкага генэрала, калі той не падпарадкуецца. Бугрэн не паслухаўся, але Брук так да яго і не дабраўся.

На працягу другой паловы дня ў абстаноўцы напружаньня і пасярод таўкучкі на дарогах апошнія баявыя часткі дасягалі плацдарма. Некаторыя зь іх адразу ішлі на пляж, іншым былі выдзелены задачы па абароне. Яны мусілі замяніць падраздзяленьні, складзеныя з кухараў і пісарчукоў, якімі ў апошнія тры дні была запоўнена лінія абароны. Калі 7-я гвардзейская брыгада ўваходзіла ў Фурн, ключавога пункта ўсходняй часткі плацдарма, яны ўбачылі жаўнераў Мантгомэры, што стаялі на рынку. Гэта быў адзін з рэдкіх момантаў, калі генэрал ня меў свайго звычайнага ганарлівага выгляду, а быў нейкі заклапочаны і сумны. Калі частка праходзіла каля яго, камандзёр скамандваў “зважай!”, і жаўнеры выканалі перад Монці ўзорнае “раўненьне налева!”. Гэта была ін’екцыя, так неабходная яму. Ён імгненна выцягнуўся ў струнку і бадзёра адказаў на павітаньне.

На апошніх апорных пунктах Горта адбывалася ліквідацыя пазыцый. Жаўнеры да апошняй хвіліны трымалі адкрытым калідор для адступленьня, а цяпер настала іхняя чарга адступаць, пакуль яшчэ гэта было магчыма. У французкай вёсачцы Ледрынгэм 15 міль на поўдзень ад Дзюнкерка 29 траўня адразу пасьля поўначы ў садзе зьбіраліся парэшткі 5-га глаўчэсьцерскага палку. Лопасьці ветрака, што стаяў непадалёк, гарэлі, і здавалася немагчымым, каб гэтыя зьнясіленыя жаўнеры, якія ўжо другі дзень знаходзіліся ў атачэньні, маглі выйсьці незаўважнымі. Але немцы таксама былі стомленыя, і непрыяцель ніяк не рэагаваў, калі падпалкоўнік Г.А.Г. Бакстан вёў сваіх жаўнераў па поўнач праз даліну ракі.

Ім ня толькі ўдалося прасклізнуць праз нямецкія лініі але па дарозе нават захапіць трох палонных. А 7.30 яны ўрэшце дайшлі да вёскі Бамбэкю, якая ўжо знаходзілася ўнутры плацдарма. Адзютант 8-га варчэсьцерскага батальёна бачыў, як яны падыходзілі: “Былі брудныя, зьнясіленыя і схуднелыя, але непераможаныя… Я падбег да падпалкоўніка Бакстана, які хістаўся і відавочна быў паранены. Ён адказаў на павітаньне, але ў ягоных пачырванелых вачах я ўбачыў страшную патрэбу сну. Прыбег наш камандзёр і сказаў яму, каб ягоныя людзі крыху адпачылі. Я адвёў падпалкоўніка Бакстана на камандны пункт, даў яму шклянку лёгкага віна і дбайна разьмясьціў яго на кодры проста на зямлі. Я мусіў некалькі разоў пацьвердзіць яму, што ягоныя жаўнеры ў парадку, і тады праз некалькі сэкунд ён адключыўся”.

Жаўнеры, якія трымалі апорны пункт у Касэлі, 19 міль на поўдзень ад Дзюнкерка, таксама спрабавалі адарвацца ад праціўніка і адступіць да мора. На працягу трох доўгіх дзён яны затрымлівалі перадавыя нямецкія часткі, пакуль праз калідор валам валілі тысячы хаўрусьніцкіх жаўнераў. Цяпер яны ўрэшце атрымалі загад адступаць, але ўжо было позна. Непрыяцель паступова заняў тэрыторыю вакол пагорка, на якім знаходзіцца мястэчка. Раніцай 29 траўня яно было цалкам аточана.

Брыгадны генэрал Самэрсэт, камандуючы гарнізона, вырашыў, што паспрабуе прарвацца з атачэньня. Зразумела, што не пры дзённым сьвятле. Немцаў вакол было надта шмат. Адзінае спадзяваньне было на ноч. Ён аддаў загад, каб жаўнеры былі гатовыя выступіць а 21.30.

Спачатку ўсё йшло добра. Жаўнеры ціха выйшлі з горада і пад пагоркам пашыбавалі праз поле ў паўночна-усходнім накірунку. Самэрсэт спадзяваўся, што ў іх больш шанцаў прайсьці незаўважанымі, калі рухацца праз поле.

На самой справе розьніцы не было. Немцы былі ўжо паўсюль. 4-ты оксфардскі і букінгэмскі батальёны на чале з генэралам Самэрсэтам былі разгромлены паблізу Вату. Частка “Іст Рыдзінг Ёманры” зайшла на міннае поле і літаральна была зьмецена зь зямлі, а 2-гі глаўчэсьцерскі батальён быў аточаны ў ляску, называным Буа Сэнт Акэр.

“Kamerad! Kamerad!” – вываблівалі нямецкія жаўнеры глаўчэсьцерскі батальён з лесу. Яны стаялі вакол леса, як на паляваньні ў засадзе. Томі не рухаліся, прыціснутыя да зямлі ў прысадах. Праз пэўны час з гукаўзмацняльніка пачулася добрая ангельшчына: “Выходзьце з лесу! Гітлер выйграе вайну. Вы пераможаны. Выходзьце, інакш мы вас пастраляем. Складайце зброю і выходзьце бягом з леса”.

Падпаручык Джуліан Фэйн з другой роты не падпарадкаваўся. Ён ужо пачуў пра брытанскі батальён, які паддаўся на такі заклік, склаў зброю і выйшаў. І адразу быў расстраляны з кулямётаў. Ён сказаў пра гэта жаўнерам вакол сябе. Усе вырашылі, што будуць змагацца.

Немцы іх ужо дакладна лакалізавалі, таму было неабходна перш за ўсё зьмяніць месца. Фэйн адбег са сваімі жаўнерамі ў іншы лясок, што знаходзіўся каля ста ярдаў адтуль. Нічога тым яны ня выйгралі. Непрыяцель іх адразу заўважыў і цэлы дзень абстрэльваў з гармат і мінамётаў.

Урэшце настала ноч, і групка магла працягваць рух на поўнач. Яны ішлі разам, імкнуліся рабіць як мага менш шуму і выкарыстоўвалі ўсе магчымыя хованкі. Яны памылкова меркавалі, што іх ня бачаць. У хуткім часе іх пазбавілі ілюзій. Раптам наперадзе ўзьляцела чырвоная ракета. Па іх адразу пачалі біць кулямёты, мінамёты, вінтоўкі і ўсе магчымыя віды зброі.

Вогненныя трасы перакрыжоўваліся ў небе, успыхнуў стог сена непадалёк, і ўся групка апынулася ў яркім сьвятле. Жаўнеры падалі паўсюль, самога Фэйна параніла ў правую руку і плячо. Урэшце ён дапоўз да канавы, дзе апынуўся ў адноснай бясьпецы, калі не вытыркаў галаву. Паступова ён сабраў вакол сябе тузін жаўнераў, якія перажылі абстрэл. Яны пайшлі далей і ў цемры здолелі абысьці немцаў. Тады яны яшчэ ня ведалі, што іхняя маленькая група была апошнім, што засталося ад 2-га глаўчэсьцерскага батальёна.

Яшчэ адзін брытанскі жаўнер працягваў змагацца па-за плацдармам. Да самага вялікага адступленьня Эдгар Г.А. Рэбэтс быў звычайным жаўнерам. Каля Брусэля ён ледзь не патрапіў у палон падчас нямецкай атакі. Пачалася перастрэлка. Рэбэтс прыклаў вінтоўку да шчакі і на адлегласьці 200 ярдаў паклаў непрыяцельскага жаўнера.

“А паўтарыць зможаш?” – спытаў яго камандзёр роты. Рэбэтс ахвотна застрэліў яшчэ аднаго немца.

З гэтага моманту Рэбэтс стаў снайпэрам і карыстаўся поўнай свабодай. Ён не праходзіў ніякай падрыхтоўкі па выкананьні гэтай задачы, але ведаў нешта сваё: некалі ён пазнаёміўся з адным браканьнерам, які навучыў яго сваім штучкам. Рухаўся так ціха, што мог “схапіць зайца за вушы”, і рабіўся такім малым, што мог “схавацца за сьцябло травы”.

Як снайпэр ён хутка дайшоў да высноваў. Не страляць з вяршыняў дрэваў, дзе снайпэра хутка здымалі. Ніколі не выкарыстоўваць для стральбы шчаліну ў страсе, бо гэта надта лёгка прыкметнае месца, і снайпэра хутка адкрываюць. Найлепшая хованка такая, дзе снайпэр можа крыху рухацца. Напрыклад, група дрэваў.

Дзякуючы гэтым правілам Рэбэтс перажыў адступленьне праз Бэльгію. Ён імкнуўся быць на сувязі са сваім батальёнам, але збольшага знаходзіўся далёка ў нямецкім тыле, аднойчы нават за нямецкай артылерыяй. Часам ён спаборнічаў, дэманструючы свае здольнасьці, з нямецкім снайпэрам. Аднойчы немец стрэліў па ім з шчыліны ў страсе і ледзь не патрапіў. Рэбэтс адказаў і з задавальненьнем убачыў, як той пакаціўся са страхі. Іншым разам ён ішоў уначы па вуліцы мястэчка і літаральна наляцеў на рогу на нямецкага снайпэра. Ягоная рэакцыя была хутчэйшай, і немца ён прыкончыў.

Урэшце Рэбэтс дабраўся да ўзьбярэжжа непадалёк ад Нёпарту. Ён паступова ішоў з баямі на захад і час ад часу рабіў вылазкі на нямецкія лініі. 31 траўня ён урэшце далучыўся ў Ля Пан да брытанскага экспэдыцыйнага корпуса. Ён дзейнічаў абсалютна самастойна і, магчыма, быў апошнім жаўнерам, які дасягнуў плацдарм.

На поўдні каля Ліля вялі бой пяць дывізій французкай пятай арміі генэрала Прыо. Раніцай 29 траўня, калі калёна французкіх грузавікоў набліжалася да горада па дарозе з Армэнцье, французы заўважылі, як насустрач ідуць некалькі бранемашын. Яны пачалі галёкаць ад радасьці, бо меркавалі, што гэта ім на дапамогу ідуць брытанскія танкі. Толькі калі чужыя жаўнеры пачалі іх раззбройваць, французы зразумелі, што спаткаліся з 7-й нямецкай бранетанкавай дывізіяй.

Генэрал Прыо, які быў адрэзаны з поўначы, у другой палове дня капітуляваў на сваім камандным пункце ў Стээнвэрку. Усё адбылося так, як ён і хацеў: ён застаўся зь ядром сваёй арміі, і не стаў спрабаваць вырвацца з атачэньня. Бальшыня ягоных жаўнераў акапалася каля Ліля і працягвала зьвязваць на сябе шэсьць непрыяцельскіх дывізій.

Але гэта ўжо ня мела значэньня. Калідор для адступленьня выканаў сваю функцыю. Яго ўжо не было, а група армій А Рундштэдта і група армій Б Бока ўрэшце злучыліся. Цяпер немцы маглі скіраваць усіх сваіх жанераў на канчатковы наступ на Дзюнкерк.

Аднак, 29 траўня насталі важныя зьмены ў складзе нямецкіх узброеных сілаў. Танкі зноў адклікалі з фронту, гэтым разам на гэтым настоялі самы генэралы танкавых частак. Гудэрыян выклаў свае аргуманты ў данясеньні, якое паслаў увечары 28 траўня пасьля інспэкцыі на фронце: моц танкавых дывізій упала на 50% ад нармальнага штату. Быў патрэбны час на падрыхтоўку новых апэрацый. Балоцістая мясцовасьць была неспрыяльнай для танкаў. Капітуляцыя Бэльгіі вызваліла пяхотныя часткі, якія зьяўляюцца самым эфэктыўным родам войскаў для такой мясцовасьці.

Да гэтых цалкам талковых аргумантаў дадаваўся яшчэ бальш суб’ектыўны фактар. Гудэрыян і іншыя камандуючыя танкавых частак проста не былі тыпамі, прыдатнымі для статычнай фазы вайны, якая пачыналася цяпер. Іхнім сьветам былі маланкавыя кідкі і доўгія маршы наперад. Як толькі бітва ператварылася ў аблогу, ім стала нецікава. Увечары 28 траўня Гудэрыян ужо схіляўся над картай рэгіёна ніжняй Сэны.

Штаб сухапутных войскаў (ОКН) пагадзіўся са зьменамі. 29 траўня а 10.00 матапяхота генэрала Густава фон Вітэрсгайма прыняла сэктар Гудэрыяна, а на працягу таго ж дня былі адведзены і танкі генэрала Райнгардта. У любым выпадку гэта не азначала, што цяпер пабітыя хаўрусьніцкія войскі будуць мець магчымасьць спакойна адплыць дадому. Хутчэй наадварот, бо дзесяць нямецкіх дывізій – збольшага загартаваных у баях і вопытных – пачалі моцна ціснуць на 35 міль дзюнкерцкага плацдарма.

У другой палове дня на заходнім ускрайку плацдарма жаўнеры 37-га нямецкага сапёрнага батальёну ўзьнялі сьцяг са свастыкай на крэпасьці Форт Філіп, праз кароткі час упала і мястэчка Граўлін. На ўсходзе 56-я нямецкая дывізія наступала на Фурн. Каля 15.30 25-я рота прыбыла пад усходнюю браму гэтага старажытнага горада, аточанага мурамі. Яна сутыкнулася з французкай пяхотнай калёнай, якая адступала на плацдарм. Пасьля кароткай перастрэлкі капітан Нойгардт з 25-й роты прымусіў іх скласьці зброю.

Але тут пад’ехалі два французкія танкі, экіпажы якіх нічога ня ведалі, бо іхнія вежы былі зачынены. Сяржант Грюнфогэль ускочыў на адзін з танкаў, накіраваў пісталет у вежу, якая расчынілася, і загадаў экіпажу здавацца. Тыя падпарадкаваліся, таксама як і экіпаж другога танка, на які ніхто ніякую зброю не накіроўваў.

Капітан Нойгардт паслаў аднаго палоннага французкага маёра ў суправаджэньні двух сваіх жаўнераў у горад з заклікам да капітуляцыі. Гэтым разам, аднак, ягоная дзёрзкасьць не спрацавала. Ён атрымаў ў адказ кпіны ад хаўрусьніцкіх частак, якія пачалі будаваць на вуліцах горада барыкады.

На пляжах ніхто ня ведаў, як доўга здолеюць часткі прыкрыцьця затрымліваць немцаў. Капітан Томас Кэр у Брэй-Дзюн лічыўся з тым, што немцы могуць зьявіцца на пляжы ў кожнае імгненьне. Разам з капітанам Рычардсанам яны працягвалі кіраваць пагрузкай жаўнераў на судны. Крыху далей яны, аднак, “на ўсялякі выпадак” мелі ў хованцы човен, на якім пры неабходнасьці маглі адплыць члены іхняй арганізацыйнай групы ВМФ. Гэта іх крыху супакойвала, але калі ўвечары яны размаўлялі, то сыходзіліся ў думцы, што хутчэй за ўсё скончаць у нямецкім лягеры для ваеннапалонных.

Пасьля неспакойнай ночы, якую ён бавіў скурчаны на мокрым пяску пляжа, капітан каралеўскай артылерыі Джон Дод паглядзеў кранутае золакам мора і ня ўбачыў нічога. “Ніводнага судна”, -- напісаў ён у дзёньніку, -- “Нешта тут не клеецца”.

У Брэй-Дзюн шэраговец Джо Коўлс адчуў “страшнае расчараваньне” і зьмірыўся з тым, што пракантуецца на пляжы яшчэ адзін дзень. Капэлану Кэнэту Майклэйну ў Мало сітуацыя ўяўлялася зусім незразумелай. У апошнія гадзіны не было ніякіх авіяналётаў, а ўначы не пагрузіўся ніводзін жаўнер. У галаве яму праляцела страшная думка: “Дык можа ўжо флёт спісаў нас з рахункаў?”

Чаўны

Першы афіцэр мінаносца “Малькальм” паручык Ян Кокс не паверыў сваім вачам. На даляглядзе перад ім мора запоўнілася кропкамі, якія набліжаліся. “Малькальм” вёз ужо трэці груз з жаўнерамі ў Дувэр. Кропкі плылі зваротным шляхам на Дзюнкерк. Гэта было ў аўторак увечары 30 траўня.

Перад ягонымі вачыма кропкі ператвараліся ў чаўны. Тут і там плылі пыхлівыя параходы, як паром з маршрута паміж Портсмутам і выспай Уайт, але збольшага гэта былі малыя судны ўсіх магчымых тыпаў: рыбацкія чаўны, кацяры, прагулачныя чаўны, выратавальныя маторкі, яхты з каютамі зь іхняй сьветлай драўлянай абліцоўкай, яркія белыя яхты, кацяры з Тэмзы зь іхнімі характарнымі карычнявымі ветразямі, судны для буравых працаў, пагрузачныя чаўны, рыбацкія шхуны, суправаджальныя параходзікі, кожны зь якіх цягнуў за сабой па некалькі чаўноў на тросах, праіржавелыя паромчыкі, раскошны адміральскі кацер з Портсмута.

Кокс раптам пачуў як ягоныя грудзі напаўняе гонар. Быць тут, гэта ўжо быў ня толькі абавязак; гэта былі справа гонару і прывілей. Ён павярнуўся да боцмана, які таксама стаяў уражаны, і пачаў дэкламаваць пасаж з Шэкспіравага “Гэнрыха V”: “…Бо той, хто сёньня пралье са мною кроў, той стане маім братам. Няхай прастак, але сёньня стане ён шляхцічам, а шляхціч, што ў Англіі цяпер у ложку песьціцца, выкляты будзе, бо ня быў тут…”

Намаганьні аддзелу па рэгістрацыі малых суднаў і міністэрства марскіх шляхоў зносінаў сапраўды ўрэшце пачалі даваць плён. З групкі малых суднаў, якія пачалі зьбірацца ў доку Тоўга, цяпер сталася магутная плынь. Афіцыйна эвакуацыя ўсё яшчэ ня была абвешчана, але Англія – гэта малая вёска, так што пра яе неяк даведаліся тыя, хто быў патрэбны.

Бэзіла А. Сміта, лёнданскага бухгалтара і ўладальніка яхты “Канстант Ніф” даўжынёй у 24 футы, каля паўночы абудзіла тэлефанаваньне з міністэрства ВМФ. Ці можа Сміт пацьвердзіць, што ягонае судна зможа выйсьці ў мора праз чатыры гадзіны пасьля атрыманьня загада? Раніцай такі загад сапраўды паступіў. Быў сьціслы: неадкладна накіраваць яхту у Шырнэс.

Капітан Лэман Уэб на сваім кацеры “Толсбюры” зьдзяйсьняў звычайнае плаваньне супраць плыні Тэмзы, калі да яго прышвартавалася маторка, і марскі афіцэр загадаў яму падплыць на бліжэйшую прыстань. Там кацер быў прычэплены да парахода, і цяпер “Тосбюры” таксама паплыў у Шырнэс.

Чарга выратавальнага судна “Лорд Саўтбароў” у Маргэйце настала, калі экіпаж гуляўся ў кіданьне стрэлак ў шынку. Яны атрымалі загад неадкладна прыбыць у док. Праз пару гадзін судна плыло проста на Дзюнкерк без прамежкавага спыненьня ў Шырнэсе. Для рулявога Эдварда Д. Паркэра гэта была амаль сямейная камандыроўка. У экіпажы былі ягоныя брат і пляменьнік. Ягоны сын ужо раней адплыў у Дзюнкерк у якасьці лоцмана. Другі сын быў членам групы ад ВМФ каптана Клоўстана, якая арганізоўвала пагрузку жаўнераў на хвалерэзе.

Экіпажы суднаў складаліся з цывільных, усе яны пайшлі на гэта дабраахвотнікамі. 17-гадовы Кэн Горнэр падаўся камісіі надта маладым, і яго не ўзялі. Але ён не адступіўся. Пабег дахаты, атрымаў дазвол маці і панёсься за флятыліяй на ровары. Дагнаў яе ў Саштэндзе.

На ўсходнім узьбярэжжы Англіі ў Лоўстофце камітэт малых суднаў замовіў таксоўкі, каб завезьці ў порт групу матросаў з рыбацкіх чаўноў. Капітан Гарэт з гэтага камітэта тры апошнія ночы абтэлефаноўваў клюбы і зьбіраў іх членаў. Іх адвозілі аўтамабілямі міністэрства ВМФ з Шырнэса ў Рамсгэйт.

У тыя дні, напоўненыя ліхаманкавай дзейнасьцю, падпаручык Моран Кэплэт прыехаў у Лёндан на некалькі дзён адпачынку. У мірныя часы ён быў гульцом і плаваў на яхце, а цяпер служыў на кацеры ў Паўночным моры. Ягонае судна было цяпер на рамонце, і ён быў вольны. Ведаў, што ў Дзюнкерку горача, але меркаваў, што яго асабіста гэта ня тычыцца.

Калі ён прышоў у Каралеўскі акеанічны яхтклюб на сьнеданьне, то быў уражаны: усіх як вымела. Не было нават афіцыянта. Урэшце ён убачыў жонку афіцыянта, якая яму патлумачыла, што ўсе некуды падаліся, калі ўчора ўвечары патэлефанаваў нехта з міністэрства ВМФ. Кэплэт крыху разгубіўся ад гэтага ўсяго і сеў у крэсла, каб крыху адпачыць.

Зазьвінеў тэлефон, і ён узяў слухаўку. На другім канцы дроту было міністэрства ВМФ. Нейкі голас сказаў, што патрабуецца “кожная вольная рука”, потым спытаўся, з кім разіаўляе. Кэрлэт прадставіўся, і невядомая асоба на другім канцы дроту сказала: “Вы якраз той, каго нам трэба”. Ён атрымаў загад неадкладна выехаць у Шырнэс. Ня ведаючы яшчэ, пра што йдзецца, ён праз гадзіну ўскочыў у цягнік на лёнданскім вакзале Ватэрлоо.

У пяці хвілінах хады ад Каралеўскага акеанічнага яхтклюба на вуліцы Элбэрнэйл знаходзілася крама капітана О.М. Уотса, дзе прадавалася абсталяваньне неабходнае для караблёў. На першым паверсе капітан прадаваў разнастайныя карты і карабельнае абсталяваньне, на другім паверсе чытаў лекцыі пра навігацыю маладым джэнтльмэнам, якія хацелі стаць марскімі афіцэрамі рэзэрва. Бальшыня зь іх па прафэсіі былі біржавыя маклеры, адвакаты, акцёры, супрацоўнікі банкаў Сіці. Мала хто зь іх меў веды аб караблях. Некаторыя за ўсё жыцьцё не плавалі далей, чым пару кілёмэтраў ад берага.

Джон Фэрнальд быў малады амэрыканскі дырэктар тэатра. Штоаўторак увечары ён хадзіў на лекцыі капітана. Калі 30 траўня ён прышоў разам са сваім сябрам сцэнографам Дэвідам Гомэнам ў клюб, Уотс адвёў яго ў бок, каб паразмаўляць па шчырасьці. Ён спакойна патлумачыў яму, што сёньня ўвечары лекцыя не адбудзецца, а ВМФ мае патрэбу ў дабраахвотніках на “небясьпечную працу”.

Ані Фэрнальд, ані Гомэн не былі ў захапленьні ад пэрспэктывы такога тэрміновага пераходу ад навігацыйнай тэорыі да практыкі, але яны пайшлі ў дабраахвотнікі, бо ня бачылі ніякага іншага прыймальнага для грамадзтва выйсьця з сітуацыі, у якой апынуліся. Капітан ім сказаў, каб яны выбралі ў ягонай краме неабходнае абсталяваньне і неадкладна зьявіліся ў будове лёнданскага порту.

Фэрналд па дарозе яшчэ заскочыў дахаты, каб узяць стары пінжак, і пасьпяшаў у порт. Бальшыня дабраахвотнікаў ужо чакала там. Некаторыя нават не пасьпелі пераапрануцца для плаваньня, і мелі на сабе жакеты і паласатыя штаны, абавязкавы строй чыноўнікаў Сіці. А вось біржавы маклер Рафаэль дэ Сола зьзяў у жакэце Каралеўскага лёнданскага яхткюба, у добра падагнаных блакітных штанах, капітанскай фуражцы і цяжкой шынэлі, вартай першага лорда адміралцейства.

Разам са слухачамі капітана Уотса тут была таксама пэўная колькасьць людзей, якія па прафэсіі якраз былі бліжэй зьвязаны з морам: рабочыя з докаў, матросы з пагрузчыкаў, матросы рачнога флёту, члены экіпажаў буксіраў. Хаця яны належалі да розных сацыяльных слаёў, сёньня яны згуртавана сталі ў зале партовага ўпраўленьня і чакалі, пакуль ім урэшце нехта скажа, пра што йдзецца.

Урэшце перад імі зьявіўся капітан ВМФ і сьцісла выдаў інструкцыі. Ён сказаў, што ў лёнданскіх доках знаходзяцца выратавальныя чаўны, узятыя з розных суднаў. Чаўны трэба будзе адвесьці ўніз па Тэмзе, а потым праз Ляманшскую пратоку. На французкім узьбярэжжы іх выкарыстаюць для эвакуацыі брытанскага экспэдыцыйнага корпуса.

Аўтобуз завез групу ў Цілб’юры, дзе ўжо чакалі чаўны. Былі ўтвораны чатырохчленныя каманды. Кожны буксір цягнуў па дванаццаць чаўноў. Фэрналд і Гомэн патрапілі на адзін човен і адразу ж пасьля поўначы адплылі. Пасярод начной цішы, якую парушалі толькі ўдары вады аб нос чаўна і манатонныя гукі матораў буксіра, Фэрналд мог аддацца перажываньню з нагоды неверагоднай перамены, якая здарылася ў ягоным жыцьці і якая раптоўна вырвала яго з мітусьлівага існаваньня ў Лёндане і прымусіла апынуцца пасярод цёмнай ночы на адкрытым чаўне.

Першы прыпынак быў у Шырнэсе. Поўны руху порт у вусьці Тэмзы стаў зборным пунктам для ўсіх суднаў, якія валам плылі у вусьце ракі. Тут іх разьмяркоўвалі па тыпах і рыхтавалі да плаваньня па мору пад даглядам вопытнага камандора Э.Г. Тэйлара, контр-адмірала рэзэрва , які на штодзень займаўся паперамі ў гаспадарчым аддзяленьні міністэрства ВМФ.

Вялікай прабелмай былі маторы. Многія чаўны пасьля зімы яшчэ ані разу не выходзілі ў мора, і маторы ледзь заводзіліся. Іншыя мелі недахопы, якія ведалі толькі іхнія адсутныя ўладальнікі. У катлах прагулачных параходзікаў нават нельга было выкарыстоўваць марскую ваду. Гэта быў цуд, што капітан Т.І. Докс і ягоныя мэханікі здолелі давесьці больш за сто суднаў да стану, які дазваляў ім ісьці ў плаваньне праз пратоку.

На кожным судзе павінен быў знаходзіцца акрамя таго яшчэ нехта, хто крыху разьбіраўся ў маторах. Тут, аднак, сабралася шмат вясельных мараходаў, і нямногія з гэтых банкаўскіх служачых і гандляроў разумеліся ў маторах. Па дапамогу зьвярнуліся ў Фэдэрацыю мараплаваньня, сябрамі якой былі члены каманд караблёў. На гэты выклік дабраахвотна згласіліся 350 карабельных тэхнікаў.

З Шырнэса бальшыня малых суднаў адплыла ў Рамсгэйт, Там іх заправілі палівам, запоўнілі грузамі і склалі зь іх канвоі. Многія судны ня мелі нават компасу, а некаторыя ўладальнікі ніколі ў жыцьці не выплывалі ў мора далей за некалькі кілёмэтраў. Капітан Рэйманд Грундэйдж раздаў больш за тысячу марскіх карт, і на шасьцістах зь іх для навігатараў-навічкоў быў вызначаны маршрут.

Кожнае з суднаў мела свае спэцыфічныя недахопы, і ў той ж час усе яны мелі агульную праблему: ніводзін зь іх ня меў узбраеньня. Паручык С.Дж. Рычардс абярэжна ставіўся да сваіх 150 кулямётаў маркі Льюіс, і прызначаў іх толькі на буксіры і караблі суправаджэньня.

Пазьней чаўны на французкіх пляжах атрымалі кулямёты тыпу Брэн з пакінутай зброі, а ўрэшце ў іхнія каманды былі ўключаны кулямётчыкі з шэрагаў брытанскага экспэдыцыйнага корпуса. Але на пачатку чаўны былі бяззбройнымі, і таму члены каманд пачуваліся ніякавата. “Далі хаця б кружэлку з увэрцюрай опэры “1812 год”. – гукнуў камандзёр аднаго з чаўноў.

Першы канвой малых суднаў адплыў з Рамсгэйта ў далёкае плаваньне праз пратоку а 22.00 29 траўня. Ніводнае з васьмі суднаў групы ня мела навігатарскіх прыбораў. Аднак паручык, камандзёр суправаджальнага маторнага судна “Трытон” Р.Г. Ірвінг верыў ва ўдачу. У адрозьненьні ад іншых ён ведаў гэтыя воды вельмі добра. За хвалерэзам рамсгэйтскага порта ён пачакаў астатнія судны, заклікаў іх, каб трымаліся яго і плылі за ім. Тры чаўны мелі праблемы з маторамі і мусілі вярнуцца, але астатнія трымаліся “Трытона” і да сьвітанка бясьпечна даплылі да Ля Пан.

Наступны канвой выйшаў з Рамсгэйта 30 траўня а 10.00. Ён складаўся ўжо з 19 чаўноў, якія вёў бэльгійскі паром “Ізэр”. З таго моманту колькасьць малых суднаў увесь час павялічвалася. Пад вечар ужо цяжка было сказаць, дзе канец аднаго і пачатак другога канвоя. Усе наступныя ночы канвоі ішлі праз Ляманшскую пратоку.

Малыя чаўны, якія заўсёды плылі групай, суправаджалі ўзброеныя буксіры або скутэры. Яны паціху сунуліся па шэрай роўнядзі мора. Ляманшская пратока вядомая сваёй непагаддзю, але цяпер ужо чатыры дні запар надвор’ё заставалася лагодным. 30 траўня надвор’е таксама было надзвычай спакойнае. Пашэнціла, што ў той час быў густы туман, так што люфтвафэ ня мела надзеі паўтарыць свой зьнішчальны налёт 29 траўня.

“Хмары такія густыя, што на іх можна ляжаць”, -- напісаў у дзёньніку адзін з вайскоўцаў люфтвафэ. Генэрал фон Рыхтгофэн з камандваньня 8-га авіякорпуса не хацеў верыць, што лётныя ўмовы настолькі дрэнныя. Бо над камандным пунктам было яснае неба, і паліла сонца. Таму ён загадаў камандзёру 2-й эскадрыльі стукаў маёру Дзінорту паспрабаваць узьляцець і зрабіць налёт. Дзінорт ўзьляцеў са сваімі самалётамі, але праз дзесяць хвілін вярнуўся. Над Дзюнкеркам быў густы туман – паведаміў ён на камандны пункт. Раздражнёны Рыхтгофэн абарваў яго, маўляў, там, дзе штаб, лятаць можна. Калі пан генэрал-маёр ня верыць, адказаў Дзінарт, то можа спытацца ў мэтэраалагічных службаў.

Зацягнутае хмарамі неба не забясьпечвала малым чаўнам цалкам бясьпечнае плаваньне праз пратоку. Зь імі магло здарыцца што заўгодна. Пратока была поўная знэрваваных і нявопытных маркоў. “Справа ад носа пэрыскоп!”, -- гукнуў назіральнік на прагулачным параходзе “Нью Прынс оф Уэлс”, які меў даўжыню 80 футаў. Пры бліжэйшым назіраньні аказалася, што йдзецца пра мачту патопленага судна, якая вытыркалася з усімі канатамі на пятнаццаць футаў над вадой.

Крыху далей “Нью Прынс оф Уэлс” ледзь ня быў пасланы на дно мінаносцам, які прыняў яго за нямецкі падводны човен. Капітану парахода падпаручыку Пітэру Бэнэту ўдалося ў апошняе імгненьне даць сьветлавы сігнал. Потым ён падплыў да французкага грузавога судна і хацеў спытацца пра далейшы маршрут. “Ouestl’armeebritannique?” (Дзе брытанская армія?) – крыкнуў ён па-французку. Адказам яму быў стрэл з пісталета. Гэта быў вельмі небясьпечны час для чужаніцаў, якія распытвалі.

Яшчэ адной прычынай цяжкасьцяў былі дрэнна наладжаныя компасы. Знайсьці французкае ўзьбярэжжа было зусім лёгка, цяжэй было патрапіць на патрэбнае месца. Падпаручык Уільям Роналд Уільямс паставіў на якар свой паром у пару сотнях ярдаў ад пустога пляжа і падплыў да берага на выратавальным чаўне. Ён шукаў каго-небудзь, хто мог бы даць яму інфармацыю. Прайшоў каля чвэрці мілі ўглыб мацерыка. Убачыў перад сабой сілуэты двух вайскоўцаў і паклікаў іх. “LieberGott!” -- закрычаў адзін зь іх, і абодва пачалі страляць. Уільямс залёг на другім баку дзюны і адкрыў агонь. Абодва немцы ўпалі, але пачуліся яшчэ галасы. Таму Уільямс ўскочыў і пабег да берага. Праз пяць хвілін ягоны паром ужо плыў у адкрытае мора на поўных парах.

Але ўрэшце бальшыня малых суднаў прыплыла на патрэбныя месцы на ўзьбярэжжы і пачала працаваць. Іхняй галоўнай функцыяй было перавозіць вайскоўцаў з пляжаў на большыя судны, што стаялі далей у моры. Некаторыя рабілі гэта з лёгкасьцю, дастаткова было цягаць маторкай чаўны або малыя паромы. У іншых выпадках гэта было рабіць цяжэй і небясьпечней, асабліва тады, калі вайскоўцы грузіліся проста з вады.

“Добра робіце, пачакайце мяне”, -- гукнуў нейкі голас паручыку Ірвінгу, калі той прыстаў са сваім суднам “Трытонам” каля мінаносца з чарговым грузам вайскоўцаў. На палубу да яго саскочыў афіцэр у авечым кажуху. Гэта быў камандор Гілбэрт Оўэн Стэфэнсан, 62-гадовы віцэ-адмірал рэзэрва, які быў мабілізаваны, каб каардынаваць ўсе апэрацыі на моры каля Ля Пан. З непакрытай галавой і прамочаны да ніткі, ён відавочна не зьвяртаў увагі на свой стан, і аддаў Ірвінгу загад плыць да берага. Дадаў, што пазьней дасьць Ірвінгу “яшчэ адно або два заданьні”.

Стэфэнсан і сам ўключыўся ў выратавальныя працы. Стаяў за рулём, дапамагаў выцягваць змучаных вайскоўцаў з мора ў човен. Пры гэтым увесь час жартаваў. “Залазь, пяхота!” – гукаў ён. Потым зьвяртаўся да жаўнера, што наглытаўся вады: “Мы з вамі не сустракаліся раней? Вы выглядаеце так прыгожа, што я пакляўся б, што аднекуль вас ведаю”.

У другой палове дня Стэфэнсан загадаў капітану судна “Трытон” высадзіць яго ў адным месцы ля берага. Сказаў Ірвінгу заставацца там і патлумачыў, што ідзе шукаць лорда Горта. Калі знойдзе яго, то заданьнем Ірвінга будзе адвезьці лорда ў Англію. Потым пералез праз борт і скочыў у ваду. Пайшоў да берага, месцамі халодная вада сягяла яму ажно да падбародка.

Праз гадзіну ён вярнуўся. Праз хвалі прыбою прайшоў па вадзе да судна, але без лорда Горта. Ніякіх тлумачэньняў ня даў, а Ірвінг не распытваў яго. Яны зноўку пачалі перавозіць жаўнераў з пляжа на карабель. Камандор так і быў без фуражкі і прамочаны да ніткі. Акрамя таго, што ён падтрымліваў словам жаўнераў, то раз-пораз зьвяртаўся да Ірвінга. То казаў яму “стары корыш”, а часам “чортаў сын”. Ірвінгу гэта было па душы. Для такога камандзёра ён быў гатовы зрабіць усё, што заўгодна.

Штогадзіна прыбывалі малыя чаўны з вайскоўцамі і бязь іх. Яны вярталіся ў Рамсгэйт толькі тады, калі не маглі атрымаць на месцы паліва або калі каманда была надта зьнясілена. Многія, аднак, зразумелі, што дарога дадому можа быць небясьпечнай. На маторцы “Сілвэр Куін” не было ні карты, ні компаса, але каманда была ўпэўнена, што ведае, дзе Англія. Недзе на палове плаваньня адзін з жаўнераў паведаміў, што мае компас, і гэта толькі ўзмоцніла іхнюю самаўпэўненасьць. Урэшце яны ўбачылі перад сабой зямлю і порт, які выглядаў прыязна. Аднак, калі яны наблізіліся да хвалерэза, іх павітала артылерыйская страляніна. Яны памылкова прыплылі пад Кале, бо дрэнна арыентаваліся ў моры.

Шэсьць нямецкіх батарэй стралялі напоўніцу, “Сілвэр Куін” адчайна круцілася, каб вырвацца ў адкрытае мора. Судна атрымала два ўдары: адзін снарад пашкодзіў руль, другі правы борт на носе. Бэльгійскае судна “Ізэр”, якое плыло разам з гэтым караблём, таксама атрымала ўдары. Нехта на “Ізэры” стрэліў ракету ў адчайнай спробе паклікаць на дапамогу. Ракету выпадкова заўважыў свой мінаносец і пасьпяшаў да іх. Ён пачаў прыкрываць адыход абодвух суднаў, страляючы са сваёй палубнай зброі. “Сілвэр Куін” цудам даплыла да Рамсгэйта, выгрузіла людзей і з годнасьцю патанула проста каля порта.

Пагрузка жаўнераў праходзіла вельмі павольна. Калі паручык вайсковай паліцыі Гаральд Дж. Дзібэнс бачыў беспарадак, зь якім адбывалася пагрузка з вады, і часта бало так, што чаўны былі перагружаны або адплывалі незапоўненыя, ён прыйшоў да высновы, што трэба было б выкарыстоўваць прыстань, якая выходзіла б далёка ў мора. Чаўны маглі б прыставаць да яе і грузіць жаўнераў значна хутчэй. Дзе, аднак, узяць матар’ял для пабудовы такой прыстані? Ён зірнуў на шэрагі пакінутых аўтамабіляў і грузавікоў, што стаялі непадалёк ад пляжа. Цяпер трэба было знайсьці работнікаў.

“Шукаю сапёрнае падраздзяленьне! Патрэбныя сапёры!” – крычаў Дзібэнс, ідучы за дзюны, дзе чакалі жаўнеры. Ён дзейнічаў па ўласнай ініцыятыве, не маючы на тое ніякіх упаўнаважаньняў і званьня. Але момант быў такі, што кожная добрая думка была на вагу золата, і палкоўнік быў гатовы паслухацца сяржанта, калі той прапаноўваў нешта разумнае.

З групы жаўнераў выйшаў капітан Э.Г. Сайкс з 250-й роты каралеўскіх сапёраў. Што трэба рабіць? Дзібэнс нічога ня мог загадаць капітану, але запрапанаваў яму дамову: ягоныя ўласныя жаўнеры прадаставяць неабходную колькасьць грузавікоў, калі жаўнеры Сайкса возьмуцца пабудаваць зь іх прыстань у моры. У якасьці “узнагароды” сапёры будуць першымі, хто выкарыстае прыстань. Сайкс пагадзіўся і даручыў справу ўзводу паручыка Джона С. У. Бэнэта. Жаўнеры ўзяліся за працу з нечаканым імпэтам, калі параўноўваць яго зь іхнім дрэнным настроем яшчэ хвіліну таму. Яны прайшлі доўгі шлях да ўзьбярэжжа. Асабліва апошняя ноч была сапраўдным пеклам. У цемры яны страцілі шмат сваіх афіцэраў, а ў ротах засталося па некалькі жаўнераў. На пачатку іхняе падраздзяленьне складалася з 250 чалавек, але ў Ля Пан іх прышло 30-40.

Жаўнеры працавалі на поўную сілу. Яны паставілі грузавікі ў шэраг, які выходзіў далёка ў мора. Паклалі ў іх мяхі з пяском для цяжару і прастрэлілі шыны, каб машыны пэўна трымаліся на дне. З блізкага складу будаўнічай драўніны і з палубаў затопленых суднаў яны ўзялі матар’ял для пабудовы пірса. Нават забясьпечылі яго нечым падобным на канатныя поручні.

Калі яны пачалі будаваць прыстань, быў адліў. А потым мора вярнулася, і жаўнеры стаялі пасярод прыбою па пояс, калі зьвязвалі кабелямі грузавікі між сабой. Месцамі яны з усяе моцы мусілі трымаць прыстань, пакуль здолелі зьвязаць яе разам. Усе прамоклі да ніткі, былі брудныя ад мазута і алею.

Жаўнеры 102-й роты вайсковай паліцыі грунтоўна заняліся здабычай патрэбных грузавікоў. Ажно занадта. Да Дзібэнса раптам прыбег разьюшаны брыгадны генэрал. Нехта скраў у яго чатыры грузавікі, прадназначаныя для перавозкі параненых. Дзібэнс выказаў абурэньне дзеяньнямі людзей, якія нечага такога дапусьціліся, і хутка замяніў скрадзеныя грузавікі чатырма іншымі машынамі, скрадзенымі недзе ў іншым месцы.

“Паліцэйская прыстань”, як яе пачалі называць, была закончана ў другой палове дня 30 траўня і выдатна дзейнічала. Увечары і ўвесь наступны дзень па ёй рухалася няспынная маса жаўнераў, што грузіліся ў флацілію малых суднаў, якіх станавілася ўсё больш. Гэтыя судны перавозілі жаўнераў на вялікія караблі, што стаялі на якары далёка ў моры. Іроніяй лёсу было, што рота Бэнэта ня была сярод першых, хто пакарыстаўся новай прыстаньню. За тое, што яны выканалі такую выдатную працу, камандваньне вырашыла пакінуць іх на месцы, каб яны забясьпечвалі ўтрыманьне прыстані. Абяцанка, што яны будуць першымі “кліентамі”, была забыта. Брутальным чынам жаўнерам нагадалі даўняе жаўнерскае правіла: ніколі не рабі надта добра, бо будзеш вымушаны рабіць гэта ўвесь час.

Пазьней узьнік шэраг сьцьверджаньняў аб тым, хто першы дадумаўся пабудаваць такую прыстань. Акрамя паручыка Дзібэнса бацькамі ідэі называліся сярод іншых камандор Стэфэнсан, капітан Рычардсан і генэрал Аляксандр. Трэба дадаць, што іхнія прэтэнзіі на бацькоўства могуць быць апраўданымі. Здаецца, што гэта была адна зь ідэй, якія віравалі “ў паветры”. Аналіз фотаздымкаў люфтвафэ таксама дэманструе, што 30 і 31 траўня на пляжах паміж Мало-ле-Бэн і Ля Пан было пабудавана больш за дзесяць такіх прыстаняў.

Пераклаў з ангельскай Валеры Буйвал.

Walter Lord. The Miracle of Dunkirk. New York, 1982.

(працяг будзе)

/ 24-11-2018
Гісторыя Другая Сусьветная вайна Дзюнкерк
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: