змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Народнае адзінства: Дзюнкерцкі цуд (3)

Шчыліна

Генэрал Горт даведаўся пра ўсё выпадкова. Каля 23.00 27 траўня ён прыехаў у Вежу 32 на перамовы з генэралам Бляншарам аб праблемах эвакуацыі. Алнак Бланшара ў крэпасьці не было. Затое тут быў генэрал Кёльц з Вэйганавага камандваньня, які нечакана спытаў яго, ці ён ведае, што кароль Леапольд вядзе перамовы аб перамір’і.

Горт быў агаломшаны. Усё ж ён ведаў, што бэльгійцы ня здольныя аказваць супраціў доўгі час, але не чакаў, што абвал настане так хутка. “Мяне раптам паставілі перад фактам, што ў мяне паміж Іпрам і ўзьбярэжжам адкрылася доўгая ў 20 міль шчыліна, празь якую бранетанкавыя войскі непрыяцеля могуць лёгка прарвацца на ўзьбярэжжа”.

Генэрал Вэйган быў агаломшаны яшчэ больш. Ён даведаўся пра падзею на нарадзе ў Вінсэн, дзе яму нехта падаў тэлеграму ад французкага сувязнога афіцэра, які знаходзіўся на бэльгійскім камандным пункце. “Навіна была як гром зь яснага неба, бо нішто – ні папярэджаньне, ні намёк – не дазвалялі гэта прадугледзець”.

Здаецца, што і Уінстана Чэрчыля, які меў свайго чалавека на камандным пункце Леапольда – адмірала Роджэра Кэйеса – навіна застала зьнянацку. “Раптам, -- інфармаваў брытанскі прэм’ер праз некалькі дзён палату парляманту, -- без папярэдніх кансультацый, безь якога-кольвечы папярэджаньня і нават без эаданьня высрухаць думку сваіх міністраў Леапольд цалкам самастойна прыняў рашэньне і паслаў свайго ўпаўнаважанага да нямецкага камандваньня, аб’явіў аб капітуляцыі сваёй арміі і такім чынам адкрыў увесь наш фланг і шляхі адступленьня”.

Застаецца загадкай, чаму ўсе былі так агаломшаны. Ужо 25 траўня Леапольд тэлеграфаваў брытанскаму каралю Джорджу VI, што бэльгійскія войскі больш ня здольныя аказваць супраціў, “так што дапамога, якую мы аказваем хаўрусьнікам, будзе спынена, калі наша армія капітулюе”. Ён дадаў, што лічыць сваім абавязкам застацца са сваім народам і таму не падасца ў эміграцыю.

У сваім лісьце да Кэеса Чэрчыль ціснуў на яго, каб ён пераканаў Леапольда ў неабходнасьці пакінуць краіну. Але ліст ніколі не дайшоў да Кэеса, але гэта ўжо ня мела значэньня. У Леапольда ў гэты момант былі ўжо іншыя клопаты. І хаця ён быў ня надта сімпатычнай асобай – быў гэта пыхлівы самотны чалавек, у прысутнасьці якога міністры былі абавязаны стаяць – аднак, меў ён моцнае пачуцьце абавязку. На аснове неадэкватнага ўяўленьня аб тым, што ён будзе і пад нямецкай акупацыяй пэўны ўплыў на падзеі, кароль вырашыў капітуляваць і застацца са сваім народам.

27 траўня а 17.00 бэльгійскі штабны афіцэр генэрал-маёр Дэрусо выйшаў з белым сьцягам на нямецкія лініі. Спадзяваньні на ўдалыя ўмовы замірэньня хутка былі разьвеяны. Леапольд пагадзіўся, і такім чынам, 28 траўня а 4.00 бэльгійская армія фармальна складвала зброю.

У некаторых месцах баі яшчэ працягваліся. Пасьля зьнясільваючага адступленьня капітан Жорж Труфан з 16-й бэльгійскай пяхотнай дывізіі спаў у вялікай зале замка Рудэрвоорд. А 4.30 ён абудзіўся, каб ісьці далей. Паўсюль было ўключана сьвятло, і ўсе былі на нагах. “Армія капітулявала”, -- патлумачыў яму нехта.

“Ды няўжо?”

“Сувязны афіцэр з каманднага пункта толькі што прынёс загад”.

“Тады я дэзэртую”.

Труфан,дэпутат парляманту і адзін з маладых кіраўнікоў Валонскай сацыялістычнай партыі, ня быў з тых людзей, што сьлепа падпарадкоўваюцца вайсковым загадам.

Ён “пазычыў” штабны аўтамабіль і паехаў у Дзюнкерк. Калі ён пад’ехаў да перадавых французкіх пазыцый, то зразумеў, што яму ня так лёгка будзе ўступіць у бой на баку хаўрусьнікаў. Французкі камандзёр быў настолькі раззлаваны бэльгійскай капітуляцыяй, што адразу пачаў гарланіць пра здраднікаў і баязьліўцаў. І папярэдзіў яго, што пастарунковыя адкрыюць агонь, калі ён паспрабуе наблізіцца.

Труфан павярнуў і паспрабаваў ехаць па іншай дарозе крыху далей на поўдзень. Але там ён ужо сутыкнуўся з калёнай нямецкіх танкаў. Тады ён скіраваўся на поўнач і каля Каксіда выехаў да мора. Там ён асьцярожна наблізіўся да брытанскага афіцэра і падрабязна высьветліў яму, што ён не здраднік. Ці можна ў іх перайсьці лінію?

“Баюся, што немагчыма. Мне шкада”, -- пачуў ён у адказ.

У Нёпарце ён сустрэў групу бэльгійскіх вайскоўцаў, што, як і ён, былі разьюшаны з-за капітуляцыі. Разам з некаторымі зь іх Труфан знайшоў малы рыбацкі чоўн. Былі цяжкасьці з заводам матора, ветразем і рулём, а потым і з самотным нямецкім самалётам, які наляцеў на іх. Але пілот, мабыць, палічыў, што на іх шкада баепрыпасаў, і адляцеў. Так яны выйшлі ў адкрытае мора.

Было ўжо цёмна, і, каб зьвярнуць на сябе ўвагу, Труфан намачыў шматы ў газу і падпаліў іх. Вакол было поўна караблёў, але ніводны зь іх не хацеў спыняцца ў гэтых небясьпечных водах. Урэшце іх узяў на палубу адзін брытанскі мінаносец, але павітаньне зноў было далёка не сяброўскім.

Аднак гэтым разам Труфан здолеў растлумачыць сітуацыю. Мінаносец ішоў на Дзюнкерк, і капітан памеркаваў, што мужныя бэльгійцы зь іхнім чаўном будуць яму прыдатныя. То быў доўгі і цяжкі дзень, але Жорж Труфан урэшце зноў ваяваў.

Такіх, як ён, быо няшмат. Шэраговец В.К.П. Най з 4-га каралеўскага сасэцкага палкку стаў на пастарунку каля лётнішча ў Куртрэ. Раптам ён убачыў, як па дарозе валам валяць з фронта натоўпы людзей. Сотні бэльгійскіх жаўнераў на роварах праносіліся каля яго, гукаючы, што вайна скончана. Жаўнеры 2-га норсстафардскага палку адступалі ад ракі Люс ў бок узьбярэжжа паўз натоўп раззброеных бэльгійцаў, якія стаялі на ўзбочынах дарогі і глядзелі, як тыя адступаюць. Некаторыя зь іх, здавалася, мелі сорам, але іншыя пракліналі стомленых брытанскіх жаўнераў і махалі ім кулакамі. У Бульскампе на брытанскі камандны пункт зьявіўся тоўсты бэльгійскі жандарм. Ён паведаміў, што Бэльгія капітулявала і што ён атрымаў загад канфіскаваць зброю ў брытанцаў. Адказ, які ён атрымаў, ня быў задакумантаваны.

З усіх вокнаў і каля ўваходных дзьвярэй вяселі белыя прасьціны. У Вату паручык Рамсэй з 2-га дорсэцкага палку хацеў увайсьці ў пакінуты дом, каб крыху адпачыць. Але з суседняга дома вылецела жанчына і пачала крычаць: “Non, non, non!”

“Дык жа вайна”, -- спрабаваў патлумачыць Рамсэй, ужываючы словы, з дапамогай якіх падчас абедзьвюх сусьветных войнаў улагоджваліся ўсе непазьбежныя непрыемнасьці.

“Вайна, але ўжо не наша”, -- адрэзала жанчына.

Для бальшыні бельгійцаў гэта сапраўды была чужая вайна, і яны радваліся, што выкараскаліся зь яе. У многіх зь іх было адчуваньне, што іхняя краіна была толькі дыванчыкам, па якім тупалі большыя і мацнейшыя суседзі, што сутыкнуліся ў вялікадзяржаўным змаганьні. “Што англічане, што немцы – усё адна банда”, -- як сказала адна стомленая бэльгійская сялянка.

У выніку бэльгійскай капітуляцыі на паўночна-усходнім флангу калідора для адступленьня хаўрусьнікаў зрабілася вялікая шчыліна. Шчыліна ўжо раней пачала няспынна пашырацца па меры таго, як бэльгійская абарона паступова валілася. Генэрал-паручык Брук, які камандваў гэтай лініяй абароны, апошнія 48 гадзін нічым іншым не займаўся, а толькі спрабаваў закрыць гэтую шчыліну. Ён рабіў сапраўдныя цуды, але ў другой палове 27 траўня – у момант, калі Леапольд вырашыў капітуляваць – усё яшчэ не было ніякіх хаўрусных частак паміж 30-й брытанскай дывізіяй каля Іпра і французкімі часткамі каля Нёпарта, так што ў абароне была дзірка шырынёй у 20 міль.

На ніжнім канцы выступа каля Рубо Брук меў толькі 3-ю дывізію генэрал-маёра Мантгомэры. Каб разьмясьціць яе на загрожаным участку, яму трэба было адвесьці яе з пазыцыі, перасунуць у тылы трох іншых дывізій на амаль 25 міль на поўнач і паставіць на левым ускрайку фронта. Йшлося пра надзвычай цяжкі ваенны манеўр, бо трэба было перасунуць амаль 13000 чалавек пасярод ночы па незнаёмых дарогах, што часта праходзілі ўсяго ў чатырох тысячах ярдаў ад непрыяцеля. Усю апэрацыю трэба было завяршыць да наступленьня дня, бо калёна стала б ідэальнай мэтай для люфтвафэ.

Аднак Мантгомэры гэтая задача ніколькі не зьбіла з панталыку. Хаця грамадзкасьць яго яшчэ амаль ня ведала, ён быў у брытанскім экспэдыцыйным корпусе камандзёрам дывізіі, пра якога гаварылі найбольш. Бо ён быў самаўпэўнены, тэмпэрамэнтны, грубы і з задавальненьнем дэманстраваў сябе, меў у арміі мала сяброў, але затое ім захапляліся многія. Што б там ні думалі пра яго калегі, усе былі згодныя, што ён быў тэхнічна дасканалы вайсковец і непараўнальны камандзёр, які разам са сваімі жаўнерамі здольны на ўсё. Такія начныя пераходы ягоныя часткі адпрацоўвалі на вучэньнях усю зіму. Ён муштраваў іх так доўга, што ўсё працавала, як гадзіньнік, і ўсе былі гатовыя да любой сітуацыі. “Монці”, як яго называлі, мог зараз быць упэўненым, што здолее перавесьці сваю дывізію на новую пазыцыю.

Надвячоркам наперад падаліся ягоныя кулямётчыкі і бранемашыны ў якасьці лёгкага авангарда. Калі пачаў апускацца змрок, выехалі службоўцы вайсковай паліцыі ў чырвоных бэрэтах, яны вызначалі шляхі руху канвоя і кіравалі рухам на дарогах. Нарэшце пасьля захаду сонца выступіла галоўная сіла – 2000 фургонаў, грузавікоў, штабных аўтамабіляў і транспартцёраў з жаўнерамі. Зразумела, машыны ехалі з выключанымі фарамі. Кожны кіроўца павінен быў сачыць за заднім бортам папярэдняй машыны. Борт пафарбавалі на бела, і яго асьвятляла маленькая цьмяная лямпачка. Сам Монці ехаў у сваёй штабной машыне “Гамбэр”, за ім на матацыкле ягоны целаахоўнік сэржант Элькін. Справа ад іх паралельна з дарогай цягнулася лінія фронта, амаль цэльная паласа з успышак гармат, што стралялі. Злева на ўзвышшы стралялі некалькі брытанскіх батарэй. Артылерыйская шрапнэль і яскравыя кулямётныя чэргі ляцелі ў іх над галовамі туды і сюды, ствараючы над калёнай нейкае скляпеньне. Аднойчы брытанская батарэя, што акапалася зусім блізка ад дарогі, дала залп якраз у момант, калі там праязджаў аўтамабіль Мантгомэры. Машына зьляцела з дарогі, але Монці нават не павёў брывом.

Ужо раніцай 28 траўня 3-я дывізія акапвалася на новых пазыцыях. Дзякуючы вялікаму пераходу Мантгомэры брытанская абарона цяпер дасягала выходняга боку калідора ажно да Ноордсхотэ далёка на поўначы. Заставаўся яшчэ участак каля мора – каля 13 міль --- тут Мантгомэры спадзяваўся на бэльгійцаў, якія там стаяліі, і былі, наколькі ён ведаў, усё яшчэ у баявых парадках. Аднак каля 7.30 ён даведаўся пра капітуляцыю Леапольда.

“Мы раптам апынуліся ў тарапатах”, -- пісаў потым Мантгомэры ў сваіх мэмуарах. “Замест каб мець злева бэльгійскую армію, я меў цяпер там дзірку”. Ён хутка зьляпіў асобную кулямётную частку, да якой дадаў пару брытанскіх і французкіх бранемашын. Частка разгарнулася і трымала ўсю лінію так доўга, аж покуль удалося сабраць дапамогу. Пакуль яны дзейнічалі паводле тактыкі “ударыць і адступіць”. Такім чынам паручык Мэн з 12-га палку Лансэрс здолеў падарваць мост у Дыксмундэ перад самым падыходам нямецкіх танкаў.

У другой палове дня пачалі паступаць яшчэ горшыя зьвесткі. Немцы ўжо был ў Нёпарце, які знаходзіўся на самым усходнім канцы абароны дзюнкерцкага плацдарма. Бэльгійцы адступілі. Часткі Мантгомэры ўжо немагчыма было расьцягнуць далей. Не заставалася ніводнай часткі, якая б магла бараніць участак ад Вульпэна да Нёпарта і да мора.

Зноў трэба было імправізаваць. Выпадкова пад рукамі аказаўся вольны генэрал А.Дж. Кліфтан. Брук адразу паслаў яго ў Вульпэн арганізоўваць абарону. Кліфтан на месцы сабраў аддзел з 200 артылерыстаў і ўзмоцніў яго “незаангажаванымі” кіроўцамі, мэханікамі і штабнымі пісарчукамі. Гэты аддзел ніколі не атрымаў сваёй назвы, і камандвалі ім афіцэры з пяці палкоў. Жаўнеры ніколі раней сваіх афіцэраў ня бачылі, і ніхто з афіцэраў раней не служыў з Кліфтанам.

Аднак ён здолеў скалаціць частку, і на фронт яны маршыравалі ў надзіва добрым настроі. Па дарозе яны сустракалі адступаючых дэмабілізаваных бэльгійскіх жаўнераў, якія кідалі зброю і баепрыпасы ды гукалі, што вайна скончана. Людзі Кліфтана зьбіралі кінутую зброю і патроны і папаўнялі гэтым свой сьціплы арсэнал. Яны занялі абарончую пазыцыю паўз канал Фурн-Нёпарт і паўз раку Ісэр і на працягу 30 гадзін здолелі трымаць непрыяцеля на саліднай адлегласьці. Найвялікшыя баі разгарнуліся каля моста ў Нёпарце. Бэльгійцы ўжо не пасьпелі падарваць яго, а брытанскія жаўнеры не маглі дабрацца да электрычнага кіраваньня зарадам, якое знаходзілася на ўсходнім беразе. Немцы прадпрымалі атаку за атакай і імкнуліся любым спосабам пераправіцца на другі бок, але Кліфтан сканцэнтраваў на мост агонь усёй сваёй “цяжкой зброі” (чатыры 8-дзюймовых гарматы і некалькі лёгкіх кулямётаў) і пасьпяхова адбіў іхнія атакі.

Абарона заходняга боку таксама была пасьпяховай. У Вормгоўце, апроным пункце 12 км на поўдзень ад Дзюнкерка 114-я брытанская брыгада адбівалася ад частак Гудэрыяна цэлы дзень 27 траўня і большую частку 28 траўня.

Пасьля цяжкіх баёў 28 траўня каля 18.00 большая частка 2-га каралеўскага ўорвіцкага палку была аточана і прымушана здацца. Жаўнеры СС Ляйбштандарта Адольф Гітлер, якія ўзялі іх у палон, адвялі каля 80 чалавек і аднаго афіцэра ў гумно на ўскрайку вёскі. Калі іх загналі туды, капітан Дж.Ф. Лін-Ален выказаў пратэст, бо ў гумне было мала месца для параненых. Адзін з эсэсаўцаў рэзка сказаў яму ў беглай ангельшчыне з моцным амэрыканскім акцэнтам: “Не турбуйся, англічанам хана. Там, куды вы зараз пойдзеце, месца ўсім хопіць”.

Пасьля гэтых словаў у хлеў кінулі ручную гранату і пачалася бойня. 15 хвілін эсэсаўцы кідалі гранаты ў брытанскіх жаўнераў і стралялі па іх з вінтовак, аўтаматаў і пісталетаў. Дзьве групы палонных асобна вывалаклі з гумна і расстралялі. Цудам 15 жаўнераў перажылі расправу пад кучамі трупаў.

У 8 мілях на поўдзень Касэль усё яшчэ аказваў супраціў немцам. Дзякуючы свайму месцазнаходжаньню на вяршыне пагорка горад стаўся, як сказаў палкоўнік Брыджмэн, “Гібралтарам” заходняй сьцяны калідора. Два дні танкі Кляйста атакавалі, гарматы і мінамёты абстрэльвалі горад, наляталі хваля за хваляй штукі, але горад трымаўся. То быў малы цуд, бо ў абаронцаў горада, жаўнераў 5-га глаўчэстэрскага палку, было зусім мала зброі. Калі паручык Фэйн атрымаў загад пабудаваць барыкаду, ён знайшоў толькі драбіну, плуг, брычку і колы з бочкай. Калі ў суседні сад заехаў нямецкі танк, ён паспрабаваў спыніць яго, страляючы са звычайнай вінтоўкі, і бачыў, як кулі адскокваюць ад брані танка.

Горад быў аточаны, але яшчэ ўвечары 28 траўня афіцэр забесьпячэньня палка капітан Р.І.Д. Брэсінгтон здолеў даставіць абаронцам харчы. Гавяжыя кансэрвы запівалі мясцовым віном.

Далей на поўдзень на ніжнім канцы мяшка жаўнеры 1-й арміі генэрала Прыо яшчэ абаранялі горад Ліль. У адрозьненьні ад бальшыні французаў яны ваявалі з імпэтнай рашучасьцю. Немцы кінулі на іх шэсьць дывізій. Гэта значыла, што на шэсьць дывізій менш атакавалі брытанскі экспэдыцыйны корпус у калідоры адступленьня.

Бальшыня адступаючых частак ужо была ў паходзе. Настаў момант, калі трэба было ачысьціць апорныя пункты на поўдні і сьцягваць войскі да ўзьбярэжжа, прыкрываючыся ар’ергардам.

Раніцай сяржант Боб Гаднэт які быў адказным за мабільную сувязь на камандным пункце 48-й дывізіі, атрымаў загад перадаць паведамленьне жаўнерам, што абаранялі Газэброўк, адзін з паўднёвых апорных пунктаў. Абараноцам горада трэба было адарвацца ад ворага і ўначы перайсьці ў Дзюнкерк. Страціўшы ўжо двух сувязных жаўнераў, якіх ён пасылаў у Газэброўк, Гаднэт вырашыў гэтым разам сам выканаць заданьне.

Дарогі былі цалкам запханыя ўцекачамі і адступаючымі жаўнерамі, але ў мірны час Гаднэт быў вопытным матацыклістам-гоншчыкам, так што для яго не было праблемай ехаць па бездарожжу. Полем і палявымі бочнымі дарогамі ён даехаў да Газэброўка і перадаў інструкцыю камандваньню 143-й брыгады. Дапамог вызначыць ім маршрут адступленьня на поўнач, сеў на матацыкл і паехаў назад.

Гэтым разам ён наляцеў на нямецкую калёну, што рухалася насустрач. У яго не было магчымасьці павярнуць назад, і ён вырашыў праехаць паўз калёну. Схіліўся над рулём, даў газ напоўніцу і паляцеў каля агаломшаных немцаў, якія пачалі страляць па ім, калі ён ужо быў даволі далёка ад іх.

Яму амаль удалося ўцячы. Што было потым, ён ня ведае. Але калі да яго вярнулася прытомнасьць, ён убачыў, што ляжыць у траве з прастрэленымі нагой і рукой. Над ім схіляўся непрыяцельскі афіцэр, а жаўнер трымаў ля ягоных вуснаў пляшку з каньяком. “Для цябе вайна ўжо скончылася”, -- сказаў яму нямецкі афіцэр па-ангельску.

Думка пра змаганьне да апошняга чалавека і захаваньне прынамсі гонару сьцяга, калі ўжо не было што захоўваць, відавочна ахапіла ўсіх французкіх камандуючых. “Чакаю ад вас, што вы захаваеце ўсё, што ўдасца захаваць, а перад усім наш гонар!” – тэлеграфаваў Вэйган Абрыалу. “Калі ўжо так наканавана, жаўнеры Бляншара павінны загінуць з гонарам”, -- сказаў генэрал маёру Фавэлу. Вэйган прыдумаў сам сабе адмыслова пачэсную ролю для голаўнага камандваньня, калі настане канец. Ён быў перакананы, што ўрад не павінен быў пакідаць Парыж, а міністры мусілі паводзіць сябе, як сэнатары старажытнага Рыма, якія чакалі прыходу варвараў у сваіх крэслах.

Падобныя рэчы можа і надавалі пэўнае суцяшеньне камандваньню арміі, але ў простых французкіх жаўнераў у полі яны не выклікалі ніякага натхненьня. Яны ўжо мелі па горла састарэлай зброі, конскай цягі, нефункцыянуючай сувязі, недахопу танкаў, нябачнай авіяцыі і няздольных камандзёраў. Вялікае мноства французкіх жаўнераў сядзела ў акопах, адпачывала і курыла, калі паўз іх 28 траўня праходзіў 58-мы полк каралеўскай палявой артылерыі. Як адзін зь іх патлумачыў брытанскаму жаўнеру, што размаўляў па-французку, непрыяцель ёсьць паўсюль, дык і лішне будзе спрабаваць дабрацца да мора. Яны лепш пачакаюць на месцы, пакуль прыдуць бошы.

Як заўжды, бывалі і выключэньні. Адна французкая танкавая рота, якая згубіла сувязь са сваім палком, прыбілася ў Гарэ да 1-га палку каралеўскіх ірляндскіх стралкоў і, як аказалася, стала добрым падмацаваньнем. Экіпажы танкаў былі ўзброены выкінутай брытанскай, французкай і нямецкай зброяй і цалкам абвешаны звонкімі пляшкамі віна. Яны ваявалі з вялікмі імпэтам, і пасьля кожнага трапнага стрэлу выбухалі крыкам і трэсьлі рукамі. Калі ўрэшце ірляндскія стралкі атрымалі загад адступаць, французкая танкавая рота вырашыла застацца і ваяваць далей. “Bonnechance!” – гукалі яны ўсьлед адыходзячым ірляндскім стралкам, а потым зноў узяліся за справу.

Генэрал дэ ля Ларэнсі таксама быў прыкладам француза, які быў поўны рашучасьці і не хацеў проста так складаць зброю. Раздражнёны нерашучасьцю і паражэнствам сваіх вышэйшых камандзёраў, ён ужо двойчы прадпрымаў спробы дамагчыся, каб ягоны 3-ці армейскі корпус быў перададзены пад камандваньне Горта. Цяпер, калі Прыо вызваліў яго, ён сьпяшаўся са сваімі дывізіямі ў Дзюнкерк.

Першыя баявыя падразьдзяленьні ўжо ўступілі на плацдарм, які трэба было абараняць. 2-гі полк каралеўскай грэнадзёрскай гвардыі ўвайшоў у Фюрнэс амаль парадным крокам. Рытмічны гук крокаў разносіўся па гістарычнай плошчы. Тут і там было бачна парваныя ўніформы, у некага не было бэрэта, іншы быў забінтаваны, але кожны, хто калі-небудзь бачыў зьмену варты каля Букінгэмскага палаца, адразу пазнаваў іхнюю выпраўку, сьвежа аголеныя твары і адасобнены выраз.

Генэрал Горт таксама перасунуўся на тэрыторыю плацдарма. 28 траўня а 18.00 ягоны штаб пачаў працаваць у віле на пляжы ў заходняй частцы горада Ля Пан. 28 траўня ў абаронены плацдарм перасунуліся таксама камандуючыя армейскіх карпусоў. Камандуючы 1-га корпуса генэрал-паручык Майкл Бэкэр быў сьмяротна стомлены. Гэты вэтэран бурскай вайны ўжо ня меў сілаў, каб даць рады бліц-крыгу. Калі ён прыбыў у штаб корпуса на заходнім ускрайку набярэжнай, то пайшоў у падвал дома. Туды час ад часу ён выклікаў свайго кватэрмайстра маёра Боба Рэнсама, каб той інфармаваў яго аб падзеях.

Рэнсаму стан войска на пляжах падаўся жудасным. Там беспарадачна віраваў натоўп жаўнераў і афіцэраў усіх магчымых частак. Некаторыя спрабавалі страляць па нямецкіх самалётах. Спробы Рэнсама навесьці пэўны парадак сутыкнуліся з мінімальнай рэакцыяй, хаця ён часам пагражаў некаторым жаўнерам пісталетам. Урэшце ён паслаў па капітана Тома Джыбсана, апэратыўнага афіцэра штаба 3-га армейскага корпуса. Джыбсан прайшоў вывучку ірляндскай гвардыі і наладзіў сітуацыю тым, што сшыхтаваў усіх, як на парадзе. А потым пачаў праводзіць з жаўнерамі асноўныя шыхтовыя заняткі. Жаўнеры на дзіва паслухаліся, і ў хуткім часе быў наведзены ўзорны парадак.

Па ўсім узьбярэжжы малыя судны, чаўны і выратавальныя шлюпкі ўсіх тыпаў перавозілі жаўнераў з берага на малыя караблі, што стаялі на якары на большай глыбіні. Тыя перавозілі свой груз на вялікія караблі, мінаносцы, мінныя кацяры і параходы, якія чакалі ў адкрытым моры. Калі караблі запаўняліся, яны накіроўваліся на Англію, і чарговая частка арміі плыла дадому.

Спосаб пагрузкі жаўнераў з пляжаў быў цалкам практычны. Яго недахопам было, аднак, тое, што адбывалася ўсё павольна. Кожнаму скутэру было патрэбна на пагрузку сотні жаўнераў каля гадзіны. Ня дзіва, што нэрвы людзей былі да крайнасьці напружаны.

Бальшыня жаўнераў знаходзілася па-за пляжамі, таму не магла бачыць, што ўласна адбываецца. Яны стаялі далёка ў канцы натоўпа або чакалі ў дзюнах за пляжамі. Яны і ўявіць сабе не маглі, чаму пагрузка праходзіць так павольна. Пасярод начной цемры яны нічога ня бачылі, часам толькі заўважалі сілуэт нейкага карабля на фоне бліскучай паверхні мора. Адзінае, што яны чулі, былі рытмічныя ўдары хваляў аб бераг і час ад часу пляскат вёслаў.

Яны былі стомлены, зьмерзлі і згаладнелі. Травенськія ночы на флямандскім узьбярэжжы халодныя, і жаўнеры з жалем успаміналі свае шынялі, якія пакідалі пры адступленьні на ўзьбярэжжа ў сьпякотныя пыльныя дні. Калі сяржант Р. Кэй, штабны сувязны, знайшоў непадалёк на пляжы сямілібравую кансэрву гарошка, гэта была каштоўнейшая знаходка. Разам з іншымі шчасьлівымі таварышамі яны ён еў гарошак з дапамогай пальцаў, як дарагія шакаладныя цукеркі.

Зьвестка аб тым, што цяпер эвакуацыя праходзіць з хвалерэза, ужо пашырылася вакол. Туды валам валілі тысячы дэзарганізаваных жаўнераў, якія станавіліся ў чаргу ў спадзяваньні, што іх пагрузяць на нейкі карабель. Шэрагоўцу Білу Уорнэру, пісарчуку са штаба каралеўскай артылерыі, бясконцая чарга нагадвала натоўп перад кінатэатрам, калі зьявіліся першыя гукавыя фільмы. Іншым яна нагадвала таўкучку падчас гадзіны пік у Лёндане або “млын” у рэгбі. Капітан Клаўстан стаў на пачатку хвалерэза і кіраваў рухам жаўнераў на хвалерэз у адпаведнасьці з колькасьцю суднаў на якары.

Усю ноч з 28 на 29 траўня да хвалерэза прыставалі адно судна за адным, а жаўнеры ішлі па драўлянай кладцы, як бясконцы гуж мурашоў. Час ад часу галава натоўпа крыху спынялася, бо нетрэніраваным жаўнерам цяжка было злазіць па канатных драбінах і карабельных мастках, але цалкам плынь не спынялася ніколі. Тэнэнт меркаваў, што Клаўстан загружае ў сярэднім па 2000 ў гадзіну.

А 22.45 ён паслаў у Дувэр сваё першае аптымістычнае паведамленьне:

“Паводле агульнай ацэнкі французаў, сітуацыя ў порце будзе такая ж, як сёньня. Пры ўмове наяўнасьці дастатковай колькасьці зьнішчальнікаў у паветры, пагрузка можа працягвацца на поўную сілу…”

Штаб у памяшканьні для дынама-машыны пачынаў ужо спадзявацца, што ўдасца выратаваць больш чым частку жаўнераў. У цэлым 28 траўня іх было эвакуявана 17804, у два разы больш, чымсьці ў папярэдні дзень. Было зразумела, што эвакуацыю трэба яшчэ больш прысьпешыць, але людзі ў штабе ўрэшце адчувалі, што працуюць у слушным накірунку.

Яны атрымалі дадатковыя добрыя зьвесткі. Міністэрства ВМФ давала ў распараджэньне Рамсэя ўсе мінаносцы, якія дзейнічалі ў брытанскіх водах. Траса Х была ўрэшце ачышчана ад мін, так што адлегласьць да Дзюнкерка скарацілася з 87 да 55 міль. Абаронцы плацдарма пасьпяхова адбівалі нямецкія атакі і пасьля бэльгійскай капітуляцыі. Прыбой на ўзьбярэжжы сьцішыўся, а шторм, які пагражаў апошнім часам, перасунуўся ў іншую зону. Дым з палаючага нафтаперагоннага завода прыкрываў порт ад люфтвафэ. Страты ў людзях былі даволі нізкія.

Калі б удалося утрымаць страты на гэтым узроўні, то аптымізм людзей у памяшканьні для дынама-машыны быў бы да месца. Эвакуацыя праходзіла ў цэлым гладка, а найвялікшы крызіс дня – калі паўстала шчыліна ў абароне, выкліканая бэльгійскай капітуляцыяй – удалося пасьпяхова пераадолець. Часткі, якія адступалі па калідору на ўзьбярэжжа, мелі яшчэ адну прычыну для спадзяваньня. Поле па абодвух баках дарожных насыпаў паступова зьнікала пад вадой. Французы пачалі пускаць ваду на свае зямельныя ўчасткі на поўдзень ад ўзьбярэжжа. Для нямецкіх танкаў наступ на такой тэрыторыі будзе вельмі няёмкім.

Аднак выбухнуў новы крызіс, які перавёў увагу з сушы на мора. Крызіс пачаўся раптоўна ў першыя гадзіны 29 траўня. Гэта была яшчэ адна пальчатка, кінутая адміралу Рамсэю і ягонаму штабу.

Начная тарпэда

Што можа зрабіць нямецкі ВМФ, каб сарваць эвакуацыю? Такое пытаньне паставіў 26 траўня генэрал Кайтэль у тэлефоннай размове начальніку генэральнага штаба флёту віцэ-адміралу Ота Шнайвінду. Дастаткова мала, адказаў яму Шнайвінд, а ў лісьце, які ён паслаў 28 траўня галоўнаму камандваньню, было падрабязна выкладзена абгрунтаваньне гэтага. У вузкай Ляманшскай пратоцы нельга выкарыстаць вялікія караблі. Нямецкія мінаносцы задзейнічаны ў Нарвэгіі. Малая глыбіня і эфэктыўная абарона ад падводных чаўноў таксама абмяжоўваюць выкарыстаньне падводных чаўноў.

Аднак у цэлым пэрспэктывы выкарыстаньня тарпэдных кацяроў выглядалі станоўча, і камандваньне флёту ўжо перасунула дзьве флятыліі гэтых суднаў – разам дзевяць кацяроў – з нямецкай выспы Боркум у галяндскі порт Дэн Гэлдэр, аддалены ад Дзюнкерка на 90 міль. Адтуль 1-я флятылія капітана Бірбахэра і 2-я флятылія капітана Пэтэрсана пачалі дзейнічаць каля ўзьбярэжжа.

Першая кроў пралілася ў начы з 22 на 23 траўня. Французкі мінаносец “Жагуар”, які ішоў на Дзюнкерк, паведаміў па радыё што прыбудзе ў порт а 12.20. Нямецкая служба падслуху перахапіла паведамленьне, і калі “Жагуар” дакладна паводле плана наблізіўся да порта, там яго сустракаў нечаканы павітальны прыём. Тарпэдныя кацяры S21 iS23 патапілі яго двума трапна пасланымі тарпэдамі і незаўважна адплылі з гэтага месца. Сярод хаўрусьнікаў ніхто ня быў пэўны, хто патапіў судна. Найпраўдападобнейшым лічылі дзейнасьць падводнага чаўна. Калі напоўнены жаўнерамі мінаносец “Уэкфул” пакідаў 28 траўня пляж каля Брэ-Дзюн, брытанцы ня мелі яшчэ ўяўленьня аб начных патрулях тарпэдных кацяроў. Камандзёр судна капітан Ральф Лінсэй Фішэр больш за ўсё апасаўся паветранага налёту. У такім выпадку судна будзе вымушана хутка манэўраваць, таму ён зьмясьціў як мага больш жаўнераў пад палубай, каб судна мела максімальную стабільнасьць. Таму жаўнераў напхалі таксама да машыннага аддзяленьня, кацельнай і складаў, каб былі запоўнены ўсе вольныя прасторы пад палубай.

Каля паловы першай ночы капітан убачыў наперадзе водблескі буя каля Квінтэ Уайстл, дзе трэба было браць курс на захад для заключнага этапа плаваньня ў Дувэр. Гэта быў важны маяк. Настолькі важны, што ў ім гарэў агонь нават у гэтыя дрэнныя часы. Гэта было таксама найнебясьпечнейшае месца ўсяго плаваньня, бо яно было дасягальным для непрыяцельскіх самалётаў, падводных чаўноў і іншых пагрозаў.

Непадалёк адтуль назіралі за сьвятлом буя і іншыя судны. Два нямецкія тарпэдныя кацяры S-В на зьмену патрулявалі ў гэтай зоне. Сёньня была чарга 1-й флятыліі капітана Гайнца Бірнбахэра. Паручык Вільгельм Цымэрман, камандзёр S30, углядаўся ў мора ў бінокль. Ён пераконваў сябе, што каля буя павінна быць поўна мэтаў, але пакуль што ня бачыў нічога.

Але а 0.40 ён раптам заўважыў густы цень. “Туды, неперад”, -- гукнуў ён рулявому, які стаяў побач. Некалькі кароткіх загадаў, і S30 павярнуўся да мэты. У тарпэдных кацярах тарпэда накіроўваецца паваротам судна. Адлегласьць паміж двума суднамі хутка змяншалася, і экіпаж S30 ахапіла ўзбуджанасьць. Ці ўдасца ім наблізіцца да судна на дастатковую адлегласьць раней, чым іх заўважаць?

Цымэрман аддаў наступны загад, і дзьве тарпэды ўпалі ў мора. Экіпаж S-В пачаў адлічваць сэкунды, якія здаваліся бясконцымі…

Капітан Фішэр на капітанскім мосьціку мінаносца “Уэкфул” убачыў, як набліжаюцца тарпэды: два паралельных цыліндры, адзін крыху спераду, кіраваліся ў ягоны правы борт. На зіхатлівай паверхні мора яны нагадвалі серабрыстыя палосы. Капітан загадаў рулявому зрабіць хуткі манэўр, і калі судна пачало паварочвацца, першая тарпэда пранеслася блізка каля яго.

Але ад другой тарпэды адвярнуцца не пасьпелі. Яна выбухнула ў пярэдняй кацельнай і разламіла мінаносец напалам. Праз пятнаццаць хвілін карабель патануў. Сярэдзіна корпуса апусьцілася ўніз, а карма і нос тырчэлі з вады, як гратэскная літара “V”.

Жаўнеры пад палубай ня мелі наймешага шанцу. Яны загінулі ўсе да аднаго, акрамя аднаго, які падчас удару тарпэды курыў цыгарэту на палубе. Тарпэдны кацер S30 павольна адплыў у ноч і працягнуў патруляваньне крыху далей.

Капітан Фішэр плаваў у вадзе непадалёк ад разьбітага карабля, як і бальшыня людзей з абслугі гармат. Калі 30 зь іх залезьлі на карму, якая падымалася прыкладна на 60 футаў над морам. Фішэр і іншыя плавалі вакол, спадзяючыся, што ў цемры зьявіцца і возьме іх на палубу які-небудзь карабель.

Праз паўгадзіны спадзяваньні споўніліся. З цемры перад імі вынырнулі два невялікія рыбацкія чаўны “Наўцілус” і “Камфорт”. Да апошняга часу іх выкарыстоўвалі для вылоўліваньня мін, але цяпер яны былі ўключаны ў выратавальную флятылію адмірала Рамсэя і плылі маршрутам Yу Ля Пан. Калі яны наблізіліся да буя “Квінтэ”, члены экіпажа пачулі крыкі аб дапамозе і ўбачылі галовы ў моры.

“Наўцілус” вылавіў шэсьць чалавек, “Камфорт” яшчэ 16 разам з капітанам Фішэрам. На месца катастрофы ўжо прыбылі наступныя выратавальныя судны: мінаносец “Госамэр”, поўны жаўнераў, якіх ён вез з усходняга хвалерэза, за ім яшчэ мананосец “Лід” з грузам жаўнераў, потым мінаносец “Грэфтан” з поўным камплектам жаўнераў з Брэ-Дзюн. Усе яны спусьцілі на ваду свае выратавальныя чаўны і спыніліся.

Каля тысячы ярдаў адтуль, схаваны ў цемры, з цікаўнасьцю сачыў за гэтай мітусьнёй камандзёр нямецкага падводнага чаўна U62 паручык Міхалоўскі. Для падводных чаўноў мора тут сапраўды было плыткім, але гэта ня значыла, што яны тут зусім не маглі дзейнічаць. U 62 бясшумна набліжалася да сьвятла.

Капітан Фішэр падсьвядома адчуваў небясьпеку. Як старэйшы па званьню ён узяў каманду на рыбацкім чаўне “Камфорт”, што вылавіў іх, на сябе. Цяпер ён плаваў туды і назад і папярэджваў пра небясьпеку іншыя судны.

Аднак было ўжо надта позна. А 2.50 нямецкая тарпэда ўдарыла “Грэфтана” і патрапіла ў афіцэрскую сталоўку, дзе забіла 35 афіцэраў, якія пагрузіліся на судна ў Брэ-Дзюн. “Камфорт”, які знаходзіўся каля мінаносца, падкінула выбухам у паветра і кінула ў мора, як цацку. Усіх членаў экіпажа разам з капітанам Фішэрам зьмяло ў мора.

Тым часам да борта мінаносца “Грэфтан” прыстаў паром “Малін” і пачаў пагрузку жаўнераў, якія былі там. “Грэфтан” паступова патанаў, але жаўнеры дысцыплінавана чакалі ў натоўпе сваёй чаргі. Капітан Бэрлэт быў сярод апошніх, хто пакінуў мінаносец.

Сяржант С.С. Гоўс з роты забесьпячэньня 1-й дывізіі захаваў жыцьцё дзякуючы выпадку. У Брэ-Дзюн ён на імгненьне пакінуў сваё падраздзяленьне, каб аказаць дапамогу параненаму таварышу. Хаця гэта было зразумелым і лагічным, але быў загад нікому не аддаляцца ад сваіх падраздзяленьняў. Калі сяржант вярнуўся, жаўнеры ягонага падраздзяленьня ўжо адплылі на чаўне на адзін з мінаносцаў, што стаялі на якары ў адкрытым моры. Гэта быў мінаносец “Уэкфул”, і ўся рота загінула, калі яго патапілі. А Гоўс выжыў дзякуючы таму, што парушыў загад.

Аднак найбольшае шчасьце дасталося непатапляльнаму капітану Фішэру. Калі выбух зьмёў яго з палубы “Уэкфула” ў мора, ён быў адным зь нямногіх, хто быў зноў выратаваны, гэтым разам нарвэжскім грузавым суднам “Хірд”.

Капітана Фішэра і яшчэ некалькі чалавек – здаецца, усе яны былі з “Уэкфула” – “Гірд” выцягнуў з вады, калі праплываў вакол буя Квінтэ. Зьнясілены Фішэр пайшоў на карму, дзе былі жаўнеры французкіх каланіяльных частак.

Калі ён крыху прышоў у сябе, то падаўся на капітанскі масток, каб выказаць жаданьне высадзіцца ў Дувэры. Магчыма, што калі быў патоплены “Уэкфул”, у рукі непрыцеля патрапілі важныя карты, якія вада магла вынесьці з разламанага судна на паверхню. Пра гэта трэба было папярэдзіць адмірала Рамсэя. Капітан Фэндх’ем адказаў яму, што мае загад плыць у Шэрбур. Фішэр не настойваў. Ведаў, што Гірд будзе вымушаны плыць у параўнальна недалёкай адлегласьці ад дувэрскага хвалерэза, і яму напэўна ўдасца пераканаць нейкае судна ўзяць яго на борт.

Так і здарылася. Калі Гірд наблізіўся да хвалерэзу, Фішэр зьвярнуўся да экіпажа аднаго з рыбацкіх чаўноў. Той падплыў да борта, і Фішэр скочыў на яго палубу.

Адмірал Рамсэй загадаў паслаць два мінаносцы, якія дагэтуль перавозілі жаўнераў, на разьведку ў зону Квінтэ, каб яны высьветлілі, ці няма там яшчэ якіх тарпэдных кацяроў. Гэта было цяжкое, але неабходнае рашэньне. Бо Рамсэю было патрэбна кожнае судна для эвакуацыі, з другога боку, ён павінен быў зрабіць усё, каб жаўнеры прыбылі жывымі дадому.

Найважнейшым, аднак, было тое, што маршрут Х быў урэшце ачышчаны ад мін, і ім можна было карыстацца. У другой палове дня па ім зрабілі пробнае плаваньне тры мінаносцы. Марштур быў бясьпечны, бо яму не пагражалі нямецкія берагавыя батарэі на ўсход і захад ад Дзюнкерка.

Пасьля абеду ўсе неабходныя меры былі прыняты, і памяшканьне для дынама-машыны вярнулася да таго, што адзін штабны афіцэр назваў “нармальным станам арганізаванага хаосу”. Паўставалі ўсё новыя праблемы. Новыя нямецкія артылерыйскія батарэі пачалі абстрэльваць хвалерэз з паўднёвага ўсходу . Ці не магла б RAFпрадпрыняць нешта супраць іх? Мэдычная служба на ўзьбярэжжы цалкам абвалілася. Ці ня мог бы ВМФ паслаць на пляжы некалькі груп добрых лекараў?

Між тым праблемы нарасталі. Жаўнеры прыбывалі на пляжы значна хутчэй, чым іх вывозілі. Калі капітан С.Т. Мур прывёў а 10.00 групу з 20 афіцэраў і 403 жаўнераў у Ля Пан, ён ня меў ніякага ўяўленьня, што зь імі цяпер рабіць. Нехта запрапанаваў, каб ён пайшоў у штаб 2-га армейскага корпуса і атрымаў інфармацыю. Тады ён пакінуў большую частку сваіх рэчаў у садзе гатэля і накіраваўся ў штаб, які знаходзіўся амаль у мілі адтуль у падземным сховішчы.

Ён апынуўся ў зусім іншым сьвеце: тры падпалкоўнікі, каля шасьці асістэнтаў, батарэя тэлефонных апаратаў і куча папераў. Яму далі запоўненае распараджэньне аб пагрузцы 20 афіцэраў і 403 жаўнераў з “пляжу А”. Картку яму, мабыць, трэба было аддаць некаму, хто будзе стаяць каля ўваходу на пазначаны пляж.

Калі ён вярнуўся на пляж, рэчаіснасьць была зусім іншай: нідзе не было ніякіх азначэньняў і ніякой асобы, якая б прыняла распараджэньне. Паўсюль былі толькі чакаючыя жаўнеры. У Ля Пан, Брэ-Дзюн і ў Мало-ле-Бэн на пляжах зігзагамі стаялі чэргі жаўнераў, якія расьлі ўвесь час. Чэргі амаль ня рухаліся, і жаўнеры чакалі на месцы доўгія гадзіны. Капелан са штабу 85-га камандваньня збройных складаў хадзіў паміж сваіх авечак і заклікаў іх далучыцца да ягонай малітвы і сьпеваў. Некалькі артылерыстаў з зэнітнай батарэі спакойна гулялі ў карты ў Брэ-Дзюн, бо даўно ўжо расстралялі ўсе снарады. На прамэнадзе на ўсход ад молу група жаўнераў езьдзіла на яркіх малых роварах, якія яны ўзялі напракат у спартовым пункце непадалёк. Каля іх адзін жаўнер ляжаў на жываце, прасяваў пясок скрозь пальцы і ўсё паўтараў “пане Божа, зьлітуйся”.

Доўгія чэргі цягнуліся да самага мора, таму часам успыхвала паніка. У сітуацыі, калі тысячы людзей чакалі пагрузкі, цяжка было падтрымаць парадак, калі да берага набліжаўся човен, дзе магло зьмясьціцца максімальна 10 чалавек. Паручык Ян Кокс з мінаносца “Малькольм”, які адказваў за падтрыманьне парадку на пляжы ў Ля Пан, мусіў выцягнуць пісталет і прыгразіць, што застрэліць кожнага, хто паспрабуе без загаду бегчы да чаўноў. Аднойчы перад ім укленчыў афіцэр, просячы, каб яго пусьцілі першым. У таўкучцы ў Ля Пан адзін з чаўноў перавярнуўся і сем чалавек патанула. Прайсьці да чаўноў уброд было надзвычай цяжка. Капітан артылерыі Р.К. Осьцін адчуваў, як ягоныя штаны па калені напоўніліся вадой і сталіся цяжкія, як камень. Набрынялыя вадой куртка і бацінкі літаральна цягнулі яго на дно.

Вада дасягала ягонага падбародка, калі ўрэшце зьявіўся выратавальны човен. Ён сам сабе казаў, што ня мае сілы, каб абаперціся аб борт і пераваліцца празь яго. Але ня трэба было хвалявацца. Моцныя рукі падхапілі яго пад мышкі і за пас і перакінулі цераз борт чаўна. Ён пачуў, як нехта ў чаўне крыкнуў: “так, давайце, чэрці, грабіце”.

Больш кемлівыя жаўнеры часам знаходзілі ўласныя транспартныя сродкі. Артылерыст Ф. Фэлстэд, які згубіў сваю частку, зразумеў, што ніхто ня хоча прымаць чужога жаўнера ў сваю чаргу. І тады разам з шасьцю таварышамі вырашыў паклапаціцца аб сабе самастойна. Блукаючы па пляжы, яны знайшлі стары складны човен. Там было толькі адно вясло, але гэта ім не зашкодзіла. Яны выкарысталі прыклады як вёслы і выйшлі ў мора. Урэшце іх узяў на палубу адзін кацер, які завез іх на параход “Роял Ігл”.

Прыкладна ў той жа час мінаносец “Кілэрні” падабраў трох іншых прыгоднікаў. Плывучы праз пратоку, карабель сустрэў плыт, змайстраваны з дзьвярэй і некалькіх бярвеньняў. На ім плылі французкі афіцэр, два бэльгійскія жаўнеры і шэсьць галонаў віна. Усё дбайна пагрузілі на карабель.

На працягу другой паловы дня судны, што падплывалі і адплывалі, не спыняліся ні на імгненьне. Чарга жаўнераў, якія чакалі на пачатку хвалерэза, увесь час расла. Каб даць рады з такім вялікім натоўпам брыгадны генэрал Пэрмінтэр прыдумаў асаблівую сістэму. Чакаючых жаўнераў падзялілі на групы па 50. Старэйшы кожнай групы атрымаў парадкавы нумар. Калі наставаў момант пагрузкі, выкрыквалі толькі нумар групы. Пэрмінтэр, спакойны і ўраўнаважаны, адмовіўся надзець каску і бесклапотна хадзіў з маноклем на левым воку.

Але вось пачалі радзець хмары і пасьвятлела. Вецер зьмяніў накірунак і пачаў гнаць дым на мацярык, а не на порт, як дагэтуль. Над Дзюнкеркам было яснае сонечнае надвор’е..

Надвячоркам у памяшканьні для дынама-машыны панаваў спакой. А 18.22 афіцэр сувязі генэрал Г.К. Лойд тэлеграфаваў у міністэрства ВМФ у Лёндане:

“План перавозкі сёньня набліжаецца да максімальнай эфэктыўнасьці. Пры ўмове спрыяльнага надрвор’я і абмежаванага аб’ёму непрыяцельскіх акцый на працягу дня з Дзюнкерка будзе вывезена прыблізна 16000 і з пляжаў прыблізна 15000 жаўнераў…”

Аднак, у момант, калі генэрал высылаў сваё аптымістычнае паведамленьне, у Дзюнкерку ўжо адбываліся страшныя падзеі, якія сталі нечаканасьцю для выратавальнай фляціліі, ператварылі хвалерэз у бойню і цалкам паламалі план эвакуацыі, выпрацаваны адміралам Рамсэем.

Авіяналёт

27 траўня нямецкія лётчыкі атрымалі першы слабы сігнал, што залатыя дзянёчкі адпачынку ня могуць працягвацца вечна. Аб’ектам іхніх атак стаў сам Дзюнкерк. Калі штукі і гэйнкэлі распачалі звычайную сваю працу, у паветры загучаў новы хрыпаты роў матораў. Як молнія, новыя брытанскія самалёты – гарыкэйны і спітфайры – напалі на іх, разьбілі іхнія роўныя шыхты і паслалі некалькі бамбавікоў курсам на зямлю. Эскадры новых брытанскіх самалётаў лічыліся надта каштоўнымі, каб разьмяшчаць іх на базах у Францыі, але баі цяпер так наблізіліся да Англіі, што гэта зьмяніла сітуацыю. Самалёты стартавалі з тузіна аэрадромаў у Кэнце, хутка пераляталі праз пратоку і апыналіся над Дзюнкеркам.

На шчасьце для люфтвафэ спітфайраў і гарыканаў было недастаткова шмат. Камандваньне зьнішчальнай авіяцыі RAFпавінна было падумаць перш за ўсё пра будучую абарону Англіі, і таму камандуючы авіяцыі маршал сэр Х’юг Даўдзінг адмовіўся паслаць у неба над Дзюнкеркам больш за 16 эксадрылій. Такім чынам самалёты не маглі забясьпечыць жаўнерам бесперапыннае прыкрыцьцё на працягу ўсяго дня. Люфтвафэ максімальна выкарыстала моманты, калі пляжы заставаліся без прыкрыцьця зьнішчальнікаў RAF.

29 траўня каля 15.00 нямецкія самалёты былі на месцы. Ад RAF ні слыху, ні дыху. Самалёты абляцелі порт і пачалі налёт з боку мора. Сяржант Манэрт, стралок-радыст адной са штукаў 3-й эскадрыліі, убачыў пад сабой раскошную карціну. Куды ні зірні, паўсюль былі караблі. Гэта нагадала яму старую гравюру з выявай ангельскага флёту ля Трафальгара, якую ён некалі бачыў.

Паручык Робін Біл зусім выразна бачыў, як ляцяць бомбы. Як яны аддзяляюцца ад пікіруючых штукаў, падобныя на 15-дзюймовыя артылерыйскія снарады. Для далейшага параўнаньня часу не было. Ён рэзка ўпаў тварам уніз, а сьвет вакол яго выбухнуў.

Адна бомба патрапіла проста ў хвалерэз прыкладна ў дваццаці футах перад ім. Каля вуха прасьвісьцеў немалы кавалак бэтона, які забіў жаўнера, што быў за ім. Агаломшаны і засыпаны пылам, ён зьдзіўлена адчуваў нейкую вадкасьць на твары: расплюшчыў вочы і ўбачыў, што заблукалае шчаня ліжа яму твар.

Ён адразу зірнуў налева, дзе былі прышвартаваны шэсьць ягоных рыбацкіх чаўноў. Здавалася, што яны былі ў парадку. Але ўсё толькі пачыналася. Самалёты наляталі штораз па два і па тры і кідалі па некалькі бомб. Паміж атакамі былі большыя або меншыя перапынкі, але ў цэлым налёт працягваўся далей.

Мінаносец “Джагуар”, які быў прышвартаваны на самым канцы хвалерэзу, здолеў адплыць. Поўны жаўнераў, ён накіраваўся ў родны порт, а штукі зноў і зноў пікіравалі на яго. Першая бомба моцна пашкодзіла яго. Выбух прабіў пярэднюю сьценку судна, зьнішчыў запасы паліва і параправод. “Джагуар” хутка стаў некіруемым, яго зносіла да берага. У апошняе імгненьне зьявіўся мінаносец “Экспрэс”, які адцягнуў яго ў адкрытае мора і забраў яго жаўнераў на палубу. “Джагуар” урэшце даплыў да Дувэра пустым і далей ня ўдзельнічаў у эвакуацыі.

Каля хвалерэза настала чарга мінаносца “Грэнэйд”. Галоўны качагар У. Браўн назіраў, стоячы каля катла, як штука праляцела над суднам, над морам, павярнулася і зноў паляцела да іх. Яе бомбы праляцелі блізка ад хвалерэза, а аскелкі ўдарылі ў судна. Браўн быў паранены, і ў момант, калі карабельны лекар рабіў яму перавязку, прыляцела яшчэ адна штука. Гэтым разам яна нацэлілася трапна. Адна бомба ўпала на карму, другая на мосьцік і выбухнула ў нафтавай ёмістасьці пад палубай. З карабля шуганула вялізнае полымя, а Браўн пасьпеў саскочыць на хвалерэз.

На “Грэнэйд” у той момант зусім выпадкова апынуўся матрос Біл Ірвін. Адзін зь ягоных таварышаў быў паранены на хвалерэзе, і Ірвін аднес яго на палубу мінаносца, каб ім заняліся лекары. Пакуль яны чакалі ў невялікай кабіне на верхняй палубе, моцны выбух паваліў іх. Чыясьці распаленая да чырвонага каска круцілася на палубе, калі Ірвін уцякаў з судна.

Яму ўдалося вынесьці таварыша назад на хвалерэз, але прышлося пакінуць на судне цяжка параненага марскога падафіцэра, які ляжаў на насілках. Ірвін паабяцаў, што вернецца да яго, але было позна. Людзі капітана Клаўстана ужо адвязвалі швартовыя, каб судна не патанула каля хвалерэза. Плынь пачала адносіць палаючы “Грэнэйд” у бок партовага канала. Калі б карабель затануў там, то было б яшчэ горш, чым яно пайшло б на дно каля хвалерэза. Бо судна магло цалкам заблакаваць порт. Урэшце адзін з рыбацкіх чаўноў паручыка Біла адцягнуў яго ўбок. “Грэнэйд” гарэў яшчэ некалькі гадзін, потым выбухнуў і зьнік у клубах чорнага дыму.

Матросу першага рангу П. Кэвэнэгу ўдалося выскачыць з палаючага “Грэнэйд” на хвалерэз якраз у момант, калі судна адплывала. На імгненьне ён апынуўся ў бясьпецы, але толькі на імгненьне. На хвалерэз наляцеў нямецкі самалёт, абстрэльваючы з кулямёта жаўнераў, што зьбіліся ў кучу на кладцы. Жаўнер рэзка зрэагаваў, штурхнуў Кэвэнэга на кладку і паваліўся на яго ўсім целам. Калі самалёт пралецеў, Кэвэнэг папрасіў жаўнера, каб той адсунуўся. Але той маўчаў – жаўнер быў мёртвы. Ён ахвяраваўся сваім жыцьцём, каб выратаваць чалавека, якога нават ня ведаў.

Кэвэнэг перайшоў на палубу “Фэнэлы”, вялікага драўлянага парахода, які прышвартаваўся на іншым баку хвалерэза. “Калі сюды патрапяць, -- азваўся нехта, -- яно загарыцца, як скрынка запалак”. Ледзь ён тое сказаў, як каля борта судна ўпала бомба, якая пашкодзіла яго корпус. Кэвэнэг яшчэ раз вымушаны быў кідацца наўцёкі, пераскочыў на іншы бок хвалерэза і сказаў сабе, што гэты разам паспрабуе патрапіць на рыбацкі човен паручыка Біла. Выбраў сабе “Кальві”, але перш чым патрапіць туды, у човен ударыла бомба. Кэвэнэг перабег на наступны рыбацкі човен – ён ніколі не даведаўся, як той называўся – і гэтым разам на яго не падалі бомбы. Матрос перажыў бамбардоўку трох суднаў і ў дадатак кулямётны абстрэл (усё на працяну 45 хвілін), і цяпер сеў на палубу, каб крыху перавесьці дух. “Падымі азадак і давай за справу!” – гукнуў яму нехта, і ён ўзяўся за працу.

Жаўнеры пачалі грузіцца на параход “Крэстэд Ігл”, які быў прышвартаваны за няшчасным параходам “Фэнэла”. Многім зь іх вялікі драўляны акаваны параход “Крэстэд Ігл” быў добра знаёмы. У лепшыя часы яны плавалі на ім на забаўляльныя туры ўніз і ўверх па Тэмзе. Падняцца на ягоную палубу для некаторых было падобным да вяртаньня дадому. А 18.00 на палубах было напхана да 600 жаўнераў уключна з прамоклымі пасажырамі разьбітых суднаў “Грэнэйд” і “Фэнэла”.

Капітан Клаўстан аддаў загад на адплыцьце, і вялікія лопасьці колаў “Крэстэд Ігла” пачалі каламуціць ваду. Люфтвафэ не губляла часу і знайшла параход. Галоўны качагар Браўн, які меў вялікую ўдачу выратавацца з “Грэнэйд”, а цяпер стаяў каля колаў парахода, зноў пачуў знаёмы сьвіст падаючых бомб. Адна зь іх патрапіла ў галоўную сталоўку, і ад выбуха ў паветра паляцелі сталы, крэслы і чалавечыя целы.

Артылерыст Чэндлер, які выратаваўся з патанаючай “Фэнэлы”, якраз у гэты момант глядзеў у машынным аддзяленьні, як працуюць мэханізмы, калі здарыўся выбух. Паветраная хваля адкінула яго на борт.

Капітан Бут, стоячы на капітанскім мосьціку, канстатаваў, што колы ўсё яшчэ працуюць, і вырашыў працягваць ісьці па курсу. Калі пашэнціць, можа, як-небудзь удасца вырвацца адсюль.

Не пашэнціла. Карма судна была ахоплена полымем, а карабельны мэханік Джонс падняўся на капітанскі мосьцік і паведаміў, што ўжо больш ня здолее падтрымліваць рух колаў. Тады Бут вырашыў накіраваць судна на пляж і павярнуў яго ў бок берага каля санаторыя ў Зуйдкоце каля Брэ-Дзюн. Жаўнеры на пляжы на імгненьне забыліся на ўласныя клопаты і глядзелі на плавучую паходню, якая ішла проста на бераг.

“Скачы ў ваду, пакуль можна, прыяцель”, -- параіў адзін з матросаў артылерысту Чэндлеру, калі той нерашуча стаяў каля борта. Чэндлер падумаў, што гэта добрая парада. Скінуў бацінкі і скочыў. Паблізу не было ніякіх суднаў, і ён вырашыў плыць да берага. Яму гэта далося лёгка. На ім была выратавальная камізэлька, так што ён цягнуў за сабой яшчэ аднаго жаўнера, які ня ўмеў плаваць.

Толькі на беразе ён убачыў, як страшна абпалены. Да гэтага ў напружаньні ён зусім не заўважыў, што з абедзьвюх рук у яго зьвісаюць шматкі скуры. Яго паклалі ў санітарную машыну і завезьлі ў казіно ў Мало-ле-Бэн, якое пераўсталявалі ў зборны пункт для параненых. Наўрад ці можна ўявіць больш напружаны дзень, чым той, што перажыў Чэндлер. А пры тым дзень скончыўся для яго ўсяго толькі пару сотняў мэтраў ад таго месца, адкуль распачаўся раніцай.

Прыцемкі паклалі канец нямецкаму налёту, і капітан Клаўстан мог падвесьці вынікі становішча на хвалерэзе. Ніводнае судна не засталося непашкоджаным. Выбухі бомб і артылерыйская страляніна сьцішыліся, і адзіным гукам, які разносіўся цяпер паўсюль, быў брэх пакінутых сабак. “Палова сабачага насельніцтва Францыі”, -- як сфармуляваў гэта адзін жаўнер, пакінутая сваімі гаспадарамі, што падаліся на ўцёкі, прыбілася да брытанскага экспэдыцыйнага корпуса. Многіх сабак забіралі з сабой на судны, але бальшыня засталася на беразе, і цяпер яны блукалі па порце.

Пашкоджаны параход “Кінг Оры” перакуліўся і патануў непадалёк ад берага, але там было яшчэ глыбака. Туды падплыла марская яхта “Байстэндэр” і пачала вылоўліваць людзей з вады. Матрос першага рангу Дж. Г. Ілтан, які быў на адным з выратавальных чаўноў, скакаў у ваду, каб дапамагчы змучаным людзям. Ён выратаваў 25 чалавек, але не спыніўся на гэтым. Ілтан быў карабельным кокам і адразу кінуўся ў свой камбуз. Зазвычай ён гатаваў ежу на сем асобаў, а цяпер на палубе было 97 чалавек. Нягледзячы на гэта ён здолеў накарміць усіх. А потым раздаў выратаваным усю сухую адзежу і ўсе коўдры, што былі на яхце.

Пераклаў з ангельскай Валеры Буйвал.

Walter Lord. The Miracle of Dunkirk. New York, 1982.

(працяг будзе)

/ 16-10-2018
Гісторыя Другая Сусьветная вайна Дзюнкерк
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: