змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Народнае адзінства: Дзюнкерцкі цуд (2)

Навыперадкі з часам

На думку Уінстана Чэрчыля, ключавым пытаньнем сітуацыі было Кале. Гістарычны французкі порт, што знаходзіўся ў 24 мілях на захад ад Дзюнкерка, быў ужо аточаны, але ўсё яшчэ заставаўся ў руках брытанцаў. Прэм’ер-міністр вырашыў, што яго трэба бараніць да апошняга чалавека. Трымаць Кале азначала зьвязаць там частку арміі Рундштэдта, запаволіць яе наступ і атрымаць час, дастатковы для таго каб увесь брытанскі экспэдыцыйны корпус мог дабрацца на ўзьбярэжжа.

Гэта было няпростае рашэньне. Яно азначала ахвяравацца 3000 добра навучаных жаўнераў у момант, калі Брытанія наўрад ці магла аднавіць такую страту. Выратаваньне большасьці экспэдыцыйнага корпуса было ў гэты момант ў лепшым выпадку толькі спробай, якая магла і ня ўдасца. Ці не было б лепш выкарыстаць абаронцаў Кале на айчынным фронце, калі дойдзе да нямецкай інвазіі?

Для Энтані Ідэна гэта было асабліва горкае рашэньне. Ён доўга служыў у складзе Каралеўскіх стралкоў, у адным з палкоў, што цяпер знаходзіліся ў Кале. Загад змагацца да канца азначаў смерць або палон для некаторых зь ягоных лепшых сяброў.

Калі ж урэшце рашэньне было прынята, настрой за вячэрай у будынку ВМФ панаваў хутчэй жалобны. Чэрчыль моўчкі глядзеў у талерку, а калі ўставаў з-за стала, выгукнуў, што яму “фізычна дрэнна”. А 23.30 апошняя тэлеграма была паслана камандуючаму гарнізона ў Кале брыгаднаму генэралу Клоду Нікалсану:

“Кожная гадзіна вашага супраціву азначае вялізную дапамогу брытанскаму экспэдыцыйнаму корпусу. Таму ўрад прыняў рашэньне, што вы мусіце працягваць змаганьне. Выказваем захапленьне вашымі бліскучымі дзеяньнямі”.

У другой палове дня 23 траўня у Кале прыбыў брыгадны генэрал Нікалсан з рэшткамі сваёй 30-й пяхотнай брыгады. Ён прывёз з сабой загады ад генэрала Браўнрыга аб маршы ў напрамку на Булонь, але ўжо да сканчэньня выгрузкі на бераг ягоных частак, Нікалсан атрымаў новыя загады з ваеннага міністэрства, паводле якіх яму загадвалася выступіць на Дзюнкерк (роўна ў зваротным накірунку) і даставіць туды 350000 харчовых пайкоў для арміі Горта. У ноч з 23 на 24 траўня канвой вырушыў у дарогу, але ў хуткім часе сутыкнуўся з усюдыпрысутнымі нямецкімі танкамі. У начной танкавай бітве тры танкі суправаджэньня прабіліся да самых ліній Горта, але рэшта канвоя была зьнішчана або вымушана вярнуцца ў Кале.

Было зразумела, што Кале адрэзана. Нягледзячы ні на якія загады ад Браўнрыга і іншых, прарыў у якім-кольвечы накірунку быў ужо немагчымым. Нікалсану трэба было папрацаваць, каб паспрабаваць утрымаць Кале. Але ён узяўся за справу і разгарнуў усе свае тры батальёны з 21 танкам, што засталіся, ды некаторымі іншымі раструшчанымі часткамі, каб стварыць “зьнешняе” і “ўнутранае” кола абароны порта.

У абароне порта ўдзельнічалі таксама да 800 французкіх жаўнераў, якія галоўным чынам трымалі цытадэль і чатыры старыя невялікія крэпасьці. Пабудовы былі ў надзіва добрым стане, хаця і паходзілі з 17-га стагоддзя, калі іх пабудаваў вялікі французкі вайсковы інжынэр Вабан. У дадатак гарнізон горада меў даволі архаічную артылерыйскую абарону, якую забясьпечвалі французкія матросы.

Чэрчыль напісаў новае пасланьне, якое лічыў неабходным. Яно было поўнае гучных фраз, і Энтані Ідэн хватка надаў ім падабенства эмацыйнага асабістага звароту да Нікалсана. Ідэн сам некалі служыў у Каралеўскіх стралках, таму ягоныя словы мелі асаблівае значэньне:

“Абарона Кале да канца мае для нашай краіны найвышэйшае значэньне, бо зьяўляецца сымвалам працягу нашага супрацоўніцтва з Францыяй. Вочы ўсёй Брытанскай імпэрыі скіраваны на Кале, а ўрад Яго Вялікасьці перакананы, што Вы і Вашы мужныя часткі будзеце дзейнічаць як прынята ў брытанскай традыцыі”.

Нікалсан ведаў пра што йдзецца, і яму ня трэба было нічога тлумачыць. У момант, калі Ідэн высылаў свой зварот – 25 траўня а 14.00 – праз брытанскія лініі прайшоў у суправаджэньні французкага афіцэра і бэльгійскага жаўнера парляманцёр нямецкі паручык Гофман з 10-й бранетанкавай дывізіі з белым сьцягам у руках. Яго завялі на камандны пункт Нікалсана, які быў у цытадэлі. Паручык адразу перайшоў да справы: безагаворачная капітуляцыя, інакш Кале будзе зьнішчана.

Нікалсан таксама хутка напісаў свой адказ:

“1. Адказ такі – не, бо абавязкам брытанскай арміі ёсьць ваяваць, менавіта як гэта зьяўляецца і абавязкам нямецкай арміі.

2. Французкі капітан і бэльгійскі жаўнер ня могуць быць высланы назад, бо ў іх не былі завязаны вочы. Хаўрусны камандуючы дае слова, што яны будуць пад даглядам, і ім ня будзе дазволена ваяваць супраць немцаў”.

Змучаны гарнізон працягнуў бой. Ужо трэці дзень жаўнеры змагаліся супраць танкаў вэрмахта і адступалі мэтр за мэтрам. Цяпер брытанскія жаўнеры акапаліся ў Кале-Норд, у старой частцы горада каля порта. Гук боя паступова слабеў – немцы таксама павінны былі некалі выспацца – і адзіным гукам, які гучаў у парку Жардэн Рышэльё, былі нейкія не да месца трэлі салаўя.

Аднак апошнія інструкцыі з Лёндана чытала больш людзей, чымсьці мог уявіць сябе Уайтхол. Іх перахапіла нямецкая разьведвальная служба падслухоўваньня, і цяпер чытала з надзвычайнай цікаўнасьцю, асабліва згаданыя палымяныя заклікі. “Кожная гадзіна вашага супраціву азначае вялізную дапамогу брытанскаму экспэдыцыйнаму корпусу”. Для немцаў гэта быў пераканаўчы доказ таго, што брытанцы плануюць эвакуацыю сваіх войскаў. Да гэтага часу хадзілі толькі розныя думкі аб тым, што азначае вялікая колькасьц караблёў у Ляманшскай пратоцы. Не выключалася, што магло йсьціся пра падрыхтоўку нейкага раптоўнага дэсантаваньня хаўрусьнікаў на тылах наступаючых нямецкіх частка. Іншыя меркавалі, што йдзецца пра падрыхтоўку пабудовы сталага хаўрусьніцкага плацдарма ў Дзюнкерку. Апошняе перахопленае пасланьне, аднак, выключыла ўсе гэтыя варыянты. Фармулёўка пасланьня сьведчыла аб падрыхтоўцы эвакуацыі і ні аб чым іншым.

У дадатак было атрымана яшчэ наступнае перахопленае паведамленьне. Лёндан заклікаў Кале змагацца да канца. У другой палове 26 траўня апэрацыйны афіцэр групы армій А палкоўнік Блюмэнтрыт патэлефанаваў на камандны пункт 10-й бранетанкавай дывізіі, дзе адбывалася нарада Гудэрыяна з камандуючым дывізіі генэрал-паручыкам Фэрдынандам Шаалем. Блюмэнтрыт нагадаў ім, што яны не павінны ахвяравацца дывізіяй у бітве за Кале. Калі высьветліцца, што немцы сустрэнуць люты адпор, трэба будзе пакінуць Кале для люфтвафэ.

Шааль меркаваў, што гэта ня будзе патрэбным. Ён сказаў, што ягоны наступ выглядае “шматабяцальным”, і пажадаў, каб яму было дазволена працягваць бой. Меркаваў, што да вечара Кале ўпадзе.

Ён меў прычыны для свайго аптымізма. Дзень распачаўся зьнішчальным налётам штукаў. Бальшыня брытанскіх жаўнераў яшчэ не прайшла праз нешта падобнае, грукат і сьвіст атакуючых самалётаў наганяў на людзей страх. Шэраговец Т.В. Сэндфорд з Каралеўскіх стралкоў пабег у падвал, калі распачаўся налёт. Бегучы ён схапіў у рукі напалоханага сабачку. Сэндфорд і ягоныя таварышы сядзелі скурчыўшыся ў цемры, а сабачка ляжаў у куце і ўвесь трымцеў. Яны казыталі яго за вушамі і гладзілі яго, аж покуль ён не супакоіўся і не пачаў круціць хвастом. Гэта палепшыла настрой і ім.

Пасьля налёта яны выйшлі на вуліцу, засыпаную бітымі цэгламі і шклом. Бамбардоўка рассыпала многія часткі абароны, Сэндфорд ужо ніколі не знайшоў сваю роту. А 10.50 немцы кінуліся на Кале-Норд і пачалі сістэматычна разьбіваць зладжаную дагэтуль абарону на выспачкі супраціву.

Сувязь была зьнішчана, і брыгадны генэрал Нікалсан праз кароткі час быў ізаляваны ў цытадэлі разам са сваім штабам і жменькай французкіх жаўнераў. А 15.00 цытадэль была цалкам аточана, а каля 15.30 пяхота Шааля ўварвалася праз паўднёвую браму ў крэпасьць. Вораг быў унутры муроў, і абарона абвалілася. Брыгадны генэрал Нікалсан выйшаў здавацца з узьнятымі ўгару рукамі са свайго каманднага пункта.

Ніжэй у порце некалькі ізаляваных частак працягвалі бой. Старэйшы сяржант Фрэд Уолтэр з аддзела стралкоў каралевы Вікторыі быў у тунэлі малой крэпасьці №1, што стаўся важным апорным пунктам каля докаў. Тут было поўна жаўнераў з розных частак, якія разгублена хадізілі вакол. Тут жа зьбіралі і параненых, якіх станавілася ўсё больш. Некаторымі зь іх апекаваліся ў імправізаваным пункце першай мэдычнай дапамогі. Урэшце тут зьявіўся хладнакроўны і актыўны афіцэр, які загадаў усім пакінуць тунэль. Частку жаўнераў ён паслаў у бліжэйшую крэпасьць. Астатнія, сярод іх і Уолтэр, занялі пазыцыю на ўваходзе ў тунэль, каля французкага кулямёта. Яны працягвалі страляць па немцах, якія падыходзілі ўсё бліжэй, ліквідуючы паасобныя ачагі супраціву. Пад іхнім кантролем была ўжо і прыстань порта. Потым упала і суседняя крэпасьць. Урэшце зьявіўся нейкі брытанскі штабны афіцэр і сказаў групе Уолтэра, каб яны неадкладна спынілі агонь, бо ідуць перамовы аб капітуляцыі.

Яны адмовіліся падпарадкавацца. Прышоў падпалкоўнік Л.А. Элісан-Маккартні, камандзёр стралкоў каралевы Вікторыі. Жаўнеры зьвярнуліся да яго з пытаньнем, ці ведае ён што-небудзь пра загад аб спыненьні агню. Элісан-Маккартні сказаў, што не. Яму было зразумела, што калі б яны здолелі пратрымацца яшчэ паўгадзіны, мог бы ўмяшацца ВМФ і адвезьці іх адсюль. Ён спытаў, ці хоча група каптуляваць. У адказ прагучала грамавое “не”.

Элісан-Маккартні адышоў, каб высьветліць, хто аддаў загад на спыненьне агню… і чаму. Ён хутка вярнуўся з дрэннымі справамі: яны апошняя група, якая яшчэ супраціўляецца. Немцы іх цалкам атачылі. На абодва канцы тунэля накіравана зброя ворага. У тунэлі поўна параненых. Калі яны працягнуць супраціў, немцы адкрыюць агонь. Акрамя таго, на лініі агню знаходзяцца гарматы, танкі і штукі, гатовыя ў любы момант зрабіць налёт.

Пра ўмовы капітуляцыі дамовіўся іншы афіцэр, дадаў падпалкоўнік, і яны моуць толькі падпарадкавацца і скласьці зброю.

Жаўнеры пачалі зьнішчаць свае вінтоўкі, але да іх падбег нямецкі афіцэр з пісталетам у руцэ. Ён зласьліва загадаў ім спыніць гэта і выходзіць з крэпасьці з паднятымі рукамі. Жаўнеры, што выжылі, выйшлі паміж двума шэрагамі нямецкіх пехацінцаў з аўтаматамі напагатове.

Для Фрэда Уолтэра гэта было найвялікшае прыніжэньне, якое ён мог уявіць сабе. Ён не рашаўся нават зірнуць на сваіх таварышаў, баючыся ўбачыць на іхніх тварах такі ж адчай, што авалодаў і ім.

Тым часам 68-я французкая дывізія перасунулася з раёну Гаўлін, а Горт пачаў пачаў разбудоўваць сваю сістэму абарончых апорных пунктаў, якія павінны былі спыніць або затармазіць нямецкі наступ. Бальшыня брытанскага экспэдыцыйнага корпуса была, аднак, яшчэ глыбака на тэрыторыі Францыі і Бэльгіі, і адступала да ўзьбярэжжа.

Выратаваць іх мог толькі дадатковы час, але яго не маглі забясьпечыць высакародныя абаронцы Кале, бо порт ужо ўпаў. Цяпер настала чарга жаўнераў у апорных пунктах па баках калідора, па якім хаўрусьніцкія войскі сьцягваліся да ўзьбярэжжа. Ніводнае з гэтых мястэчак ня мела значэньня Кале. Некаторыя былі толькі кропкамі на картах…

У апорным пункце Горта Эпінэце былі рашучыя настроі, там прыдалася іншая зброя. Капітан Джэк Чэрчыль пайшоў на вайну са сваімі “цацкамі” – мяшэчкам з файкамі, кінжалам і лукам са стрэламі. 27 траўня мяшэчак з файкамі і кінжал былі запакаваны разам зь іншым снараджэньнем, але лук і некалькі стрэл ён меў пры сабе, калі рыхтаваўся разам зь іншымі 80 жаўнерамі, збольшага з 2-га манчэсьцерскага палка, бараніць вёску.

Калі немцы наблізіліся і сталіся бачнымі, Чэрчыль залез на паддашак пуні і разгледзеўся праз вакенца. На адлегласьці каля 30 ярдаў ён убачыў пяць непрыяцельскіх жаўнераў, якія хаваліся за рогам дома. Ён паклікаў двух пехацінцаў і загадаў ім адкрыць агонь, як толькі ён стрэліць па нямецкім жаўнеры пасярод гэтай групкі. Ён нацягнуў лук, прыцэліўся і пусьціў стралу. Як толькі жаўнеры пачулі звон цецівы, яны адкрылі агонь.

Чэрчыль з задавальненьнем убачыў, ягоная страла патрапіла жаўнеру дакладна ў грудзі злева. Жаўнеры паклалі яшчэ трох немцаў, пяты здолеў уцячы і схавацца за другім рогам дома. Мабыць, гэта быў апошні раз у гісторыі, калі ангельскі лук – зброя, што павярнула ход бітвы ля Крэсі 600 гадоў таму – быў выкарыстаны ў баі.

Традыцыя прыдалася і ў Ля Басэ, на паўднёвым канцы лініі абароны Горта, што ішла паўз канал. 1-шы каралеўскі шатляндскі стралковы полк , які бараніў горад, быў апошнім з шатляндскіх палкоў, ваяры якога насілі спадніцы і падчас бою. Хаця гэта супярэчыла інструкцыям, камэрунцы, як іх называлі, іх усяроўна насілі, і цяпер гэта ім паслужыла добрую службу. Адзютанту камандзёра батальёна маёру Пітэру Ханту патрапілі ў нагу, але кулю крыху затрымалі складкі спадніцы, што зьмякчыла ўдар.

На працягу двух дзён шатляндскія стралкі трымалі сваю пазыцыю і пасьпяхова правальвалі ўсе спробы немцаў перайсьці канал. Аднак, гэта ім дорага абышлося. Пасьля адной контратакі ў роце А засталося толькі 6 байцоў, якіх ужо не ставала, каб утрымаць так дорага аплочаную тэрыторыю.

Раніцай 27 траўня непрыяцель распачаў новую атаку на канал, і мястэчка Ля Басэ зьнікла ў полымі і дыме. 2-гі дарсэцкі полк, што стаяў у Фэстубэрце і быў іхным бліжэйшым суседам, прыняў апошнюю радыёперадачу ад шатляндскіх стралкоў: камэрунцы былі ў поўным атачэньні і прасілі згоды на зьнішчэньне сваіх радыёстанцый.

Дарсэцкі полк ведаў, што цяпер настае ягоная чарга. Калі набліжаліся нямецкія танкі, на камандным пункце роты С панавалі дзіўная радасьць, дэманстрацыйная праява мужнасьці. Нехта накруціў старэнькі грамафон і паставіў “Рамону”, паўтараючы яе зноў і зноў. Бальшыні людзей гэтая мэлёдыя нагадвае месячнае сьвятло і вадаспад, але для падпаручыка Айвара Рамсэя яна назаўжды асацыяюецца з Фэстубэрам і танкамі, падобнымі на жукоў.

Жаўнеры дарсэцкага палка ўмелі выкарыстоўваць для абароны вясковыя пабудовы і пасьпяхова затрымлівалі нямецкі наступ да самых прыцемак, калі атрымалі загад прабівацца на Эстэрэ. Цяпер яны былі глыбака на занятай ворагам тэрыторыі. Таму не маглі ісьці па дарогах, а перасоўваліся толькі па палях і лясах, і тое ўначы і без картаў. Адзінае, што меў камандзёр батальёна падпалкоўнік Э.Л. Стэфэнсан, дык гэта компас. А 22.30 яны вырушылі. На чале крочыў Стэфэнсан, за ім ішлі 250 жаўнераў дарсэцкага палка і байцы, якія адбіліся ад сваіх частак. Была цёмная пахмурная ноч, і частка ў хуткім часе мела свой першы кантакт з непрыяцелем, калі Стэфэнсан літаральна наляцеў на нямецкага сяржанта, які абыходзіў свае пастарункі. Падпалкоўнік выцягнуў пісталет і адным стрэлам забіў сяржанта. На бліжэйшым пастарунку, мабыць, нешта пачулі, бо чутно было як крыкнулі “Гэнрых?”, але ніяк не адрэагавалі. Дарсэтцы з аблягчэньнем пайшлі далей у цемру.

Яны дайшлі да шашы, але яна была поўная танкаў і іншых машын непрыяцеля. Якраз праязджала цэлая бранетанкавая дывізія. Група Стэфэнсана залягла ў прысадах і больш за гадзіну назірала за праязджаючай калёнай. Немцы нават ня выключылі фары. Урэшце рух на шашы на імгненьне спыніўся, і дарсэцкім удалося перабегчы на той бок, перш чым зьявілася наступная калёна.

Паводле компаса падпалкоўніка Стэфэнсана байцы іншлі праз ўзараныя палі, затарасы з калючага дрота і равы з гнілой вадой, якая была ім па пояс. На золку яны дабраліся да канала, і тут ужо было немагчыма прайсьці ўброд. Тыя, хто ўмеў плаваць, зрабілі гэткі чалавечы ланцуг і дапамаглі тым, што ня ўмелі, перабрацца праз канал. Здолелі зрабіць гэта адзін раз, потым другі, бо праз чвэрць мілі сустрэлі іншы канал.

Але компас Стэфэнсана ні разу іх не падмануў і бясьпечна давёў да мэты. Дакладна, як і разьлічвалі, а 5.00 яны дабраліся да Эстэрэ, і, такім чынам, пасьпяхова прайшлі сваю адысею ў восем міль. Горад баранілі французкія жаўнеры, якія шчодра падзяліліся з новапрыбылымі ружовым віном.

Не паўсюль, аднак, справа мела такое шчасьлівае завяршэньне. Нямецкія жаўнеры, якія перайшлі канал Ля Басэ, засталі зьнянацку вайскоўцаў 2-га норфалскага батальёна, і бальшыню зь іх забілі. Каля ста жаўнераў, якія выжылі ў баі, сабраліся на фэрме непадалёк ад вёскі Лё Параді. Намесьнік камандзёра маёр Райдэр, які імкнуўся ўтрымаць жаўнераў разам, паслаў шэраговага Фрэда Тайдзі наладзіць сувязь з групай байцоў, што была ў іншым маёнтку на другім баку шашы.

Шэраговы Тайдзі выканаў заданьне, але ня змог вярнуцца да сваёй часткі. Кулямётная страляніна так узмоцнілася, што перабегчы праз шашу было немагчыма. Райдэра і ягоных 98 жаўнераў ў хуткім часе атачылі жаўнеры з дывізіі СС “Тотэнкопф”. Немцы падпалілі фэрму і такім чынам прымусілі норфалскіх здацца. Іх адразу завялі на двор гаспадаркі, дзе скасілі зь некалькіх кулямётаў. Тых, што яшчэ жылі, эсэсаўцы дабівалі штыкамі і стрэламі з пісталетаў. Аднак два брытанскія жаўнеры выжылі. Шэрагоўцы Біл О’Калаган і Бэрт Пулі былі цяжка паранены, але выжылі, бо іх заваліла целамі забітых таварышаў.

Тайдзі на другім баку шашы пашэнціла, бо яго ўзялі ў палон жаўнеры рэгулярнай нямецкай арміі, а не эсэсаўцы. І для яго вайна скончылася, але прынамсі ён быў жывы. Шаша, як аказалася, была лініяй падзелу паміж двума рознымі нямецкімі часткамі, і Тайдзі дагэтуль ня можа зразумець, як гэтая вузкая паласа гліны і шчабёнкі магла вызначаць, хто памрэ, а хто будзе жыць.

Лё Парадзі, Фэстубэр, Азэбрук – гэта імёны вёсак, у якіх лютымі баямі быў выйграны час, што быў крайне патрэбны, каб аточаныя хаўрусьніцкія войскі прайшлі праз калідор у Дзюнкерк даўжынёю ў 60 міль. 2-я брытанская дывізія, якую падтрымлівалі некалькі французкіх танкаў, пацярпела разгромную паразу, але яе ахвяра дала магчымасьць дзьвюм французкім дывізіям і незьлічонай колькасьці жаўнераў брытанскага экспэдыцыйнага корпуса дасягнуць узьбярэжжа.

Калі дрэнна зладжаныя часткі валам валілі праз калідор, люфтвафэ абсалютна беспакарана атакавала іх з неба. Акрамя бомб, на зямлю несьліся тысячы ўлётак з заклікам да брытанскіх жаўнераў скласьці зброю. Іх адрасаты рэагавалі па-рознаму. У 58-м палку каралеўскай палявой артылерыі бальшыня жаўнераў лічыла ўлёткі няўдалым жартам і прыдатнай туалетнай паперай. А некаторых байцоў 250-й роты Каралеўскіх сапёраў карта з дзюнкерцкім плацдармам на ўлётках добра натхніла. Да гэтага моманту яны проста ня ведалі, што знаходзяцца так блізка ад мора. Адзін сяржант з 6-га дурхэмскага палку лёгкай пяхоты ўважліва прачытаў пыхлівы тэкст улёткі і сказаў капітану Джону Осьціну: “Нешта ў іх дрэнна пайшло, калі яны раскідваюць такое”.

Нязладжаныя натоўпы жаўнераў набліжаліся цяпер да Дзюнкерка ўсімі магчымымі спосабамі: байцы 1-га істсарэцкага палку ехалі на пазычаных недзе роварах, вясковы хлапец з 5-га сасэцкага каралеўскага палку ехаў на магутным бэльгійскім цяглавым кані, па дарозе з Бэрг каня аддаў яму нейкі самотны генэрал без фуражкі. Перад самым Дзюнкеркам артылерыст Робэрт Лі ўбачыў жаўнера на ролікавых каньках і парасонам у руцэ. Іншы хлапец крочыў уперад з папугай у клетцы. Але самым тыповым быў артылерыст П.Д. Элан. У яго на нагах зрабіліся такія вялізныя пухіры, што ён ня мог ісьці, і два таварышы апошнія пяць міль цягнулі яго на сябе.

Дасягненьне лепшага ўзаемадзейньня было тэмай нарады брытанскіх і французкіх камандуючых, якая адбылася 27 траўня а 7.30 у Касэлі. Мястэчка, што знаходзілася на ізаляваным пагорку ў 19 мілях на поўдзень ад Дзюнкерка, было адным з ключавых апорных пунктаў Горта, але немцы тут пакуль не атакавалі.

Галоўная нарада адбывалася ў сталоўцы гатэля. З некалькіх сталоў сьцягнулі абрусы і ссунулі іх разам. Гэта было простае і строгае афармленьне, якое ўразнастайнівала толькі пляшка арманьяка пасярэдзіне.

Аказалася, што галоўнай тэмай нарады была не дамоўленасьць пра тое, як бараніцца, а апошні дзённы загад генэрала Вэйгана, зь якім прысутных азнаёміў генэрал Кёльц. Вэйган загадваў войскам перайсьці ў контатаку і здабыць назад Кале. Французкія генэралы пагадзіліся паспрабаваць зрабіць гэта, але брытанскія камандуючыя лічылі загад бессэнсоўным. Цяпер пытаньне было ня ў тым, як атакаваць, але як наогул ацалець. Брыджмэн перастаў рабіць запісы, бо меркаваў, што Кёльц нясе лухту.

“Чаму Вы ня пішаце?” – спытаў яго шэптам Ліндсэл.

“Ды ўсё гэта ня вартае пісаньня”, -- адказаў яму шэптам Брыджмэн.

А тут пацьвердзілася, што 68-я дывізія генэрала Фагальда ня толькі не адбіла Кале, але нават мусіла адступіць з ускрайку абарончага сэктару ў Гравэлін. У другой палове дня 27 траўня французы адышлі на новую абарончую лінію, што пралягала ад Мадзіка праз Спікэр да Берга.

Былі прынамсі выразна вызначаны межы плацдарма і дакладна падзелены зоны адказнасьці за яго абарону. Французкія жаўнеры пачалі акопвацца ў заходняй палове абарончай зоны, а генэрал Эдам ўзяўся за арганізацыю яго выходняй зоны.

Пакуль што бракавала аднаго – жаўнераў. Калі а 8.00 27 траўня скончылася нарада ў Касэлі, брытанская абарончая лінія існавала толькі на паперы. Лоўсан цяпер павінен быў наладзіць яе з жаўнераў, якія ўвесь час масай ішлі на Дзюнкерк. Потым будзе магчыма замяніць гэтыя пасьпешна зьлепленыя часткі рэгулярнымі баявымі дывізіямі, калі тыя пакінуць абарону прахаднога калідора і таксама адыйдуць на ўзьбярэжжа. А пакуль што на парадку дня была імправізацыя.

Усе тры мястэчка, дзе праходзіла брытанская абарона, былі прыморскімі курортамі, і іхнія музычныя павільёны, каруселі, пляжныя крэслы, прагулачныя плыты і кавярні з яркімі крыклівымі фасадамі стваралі цяпер вельмі абсурдны фон.

План Брыджмэна натуральна прадугледжваў выдаваньне загадаў, але гэта аказалася праблематычным, бо ў распараджэньні не было ніякай паперы. Усе запасы паперы камандваньня згарэлі ў полымі, калі брытанскі экспэдыцыйны корпус ліквідаваў свае склады і абсталяваньне, каб гэта не трапіла ў рукі непрыяцеля.

Штабному афіцэру Брыджмэна маёру Артуру Доўву ўрэшце ўдалося купіць у мясцовай канцылярскай краме блок ружовай паперы. Папера надавалася хіба што на любоўныя лісты, але нічога ня зробіш, іншай у краме не было. Плоцячы, Доў мусіў ўжыць усе свае дыпламатычныя здольнасьці, каб пераканаць гаспадыню крамы прыняць французкія франкі замест бэльгійскіх.

Тысячы жаўнераў валам валілі на Дзюнкерк і апыналіся на пляжах зусім бязрадныя і часта без камандзёраў. Афіцэры многіх тылавых службаў і частак проста зьніклі і пакінулі жаўнераў на волю лёсу. Некаторыя жаўнеры пахаваліся ў падвалах дамоў, калі на горад пачалі падаць бомбы. Іншыя кінулі зброю і блукалі па пляжах. Некаторыя гулялі ў розныя гульні і купаліся. Некаторыя напіліся. Іншыя маліліся і сьпявалі рэлігійныя песьні. Іншыя паселі ў пакінутых кавярнях на эспланадзе і папівалі алкагольныя напоі нібыта турысты. Адзін дык распрануўся да майтак, загараў паміж камянёў і чытаў пры гэтым комікс.

І ўвесь час з неба няспынна падалі бомбы. Абараняць Дзюнкерк было даручана 2-й зэнітнай брыгадзе. Як толькі прыбыў у Ля Пан, палкоўнік Брыджмэн даў інструкцыю сувязному афіцэру брыгады капітану сэру Энтані Палмэру, каб яны стралялі да апошняга снарада. Усе лішнія артылерысты будуць перапраўлены на ўзьбярэжжа. Палмэр перадаў далей гэты загад генэрал-маёру Гэнры Марціну, які камандваў усёй зэнітнай артылерыяй Горта. Але перш чым загад дайшоў да канцавога адрасата, яго сэнс быў зьменены. Марцін зразумеў яго так, што ўсе артылерысты-зэнітчыкі павінны быць пераведзены на пляж.

Марцін зрабіў выснову з перакручанага загаду, што калі зэнітчыкаў трэба эвакуяваць, то і гарматы ім не патрэбныя. Таму ён загадаў зьнішчыць цяжкія зэнітныя гарматы калібра 3,7 дзюймаў, каб яны не патрапілі ў рукі непрыяцеля.

Адразу пасьля паўночы з 27 на 28 траўня Марцін прыбыў на камандны пункт Эдама, каб дакласьці пра выкананьне загаду. З пачуцьцем добра выкананай працы, як зазначыў адзін сьведка сцэны, ён адсалютаваў паводле статута і даклаў: “Усе зэнітныя гарматы зьнішчаны”.

Настала доўгая паўза, Эдам урэшце прышоў у сябе пасьля гэтага ўдару. Ён паглядзеў на Марціна і сказаў толькі: “Прэч адсюль… ідыёт”.

Праз кароткі час ўдалечыні ў моры паказаўся самотны брытанскі тарпэдны кацер… потым тры буксіра з Тэмзы. Яны сталі на якар ў 400 ярдах ад берага… а потым яшчэ 14 рыбацкіх суднаў, кожнае зь якіх цягнула за сабой некалькі малых чаўноў. Як на вялізныя натоўпы на пляжы, то не надта шмат.

Крыху далей на ўсход становішча было яшчэ больш змрочным. Капітан ВМС Дж.Л. Моўлтан, афіцэр далучаны да галоўнага каманднага пункта ў Ля Пан, выйшаў на пляж, каб зразумець, што адбываецца. У адкрытым моры стаялі на якары тры шлюпы, але бракавала малых чаўноў, якімі можна было б завезьці жаўнераў на шлюпы.

Раптам зьявіўся маторны баркас, які цягнуў рыбацкі човен. Моўлтан як марак крыху разьбіраўся ў суднах, і пабег туды, каб затрымаць рыбацкі човен і не дапусьціць сутыкненьня суднаў у прыбоі. Капітан чаўна падумаў, што ён хоча забраць ягоны човен, стрэліў яму каля галавы. Але Моўлтан пераканаў яго ў сваіх добрых намерах. Аднак інцыдэнт прадэманстраваў, наколькі тое, што рабілася для эвакуацыі, страшна не адпавядае яе патрэбам. Трэба было выслаць больш суднаў, і найперш забясьпечыць як мага больш малых чаўноў.

Таму Моўлтан на ўласную ініцыятыву вырашыў падацца ў Дувэр. Ён пераканаў капітана чаўна, каб той перавез яго на адно з суднаў, што стаялі на якары, а там пераканаў капітана, каб той узяў яго з сабой у Дувэр. Як афіцэр ВМС ён здолее прабіцца на камандны пункт ВМС і растлумачыць маштабы задачы. Без дастатковай колькасьці суднаў час, так дорага адваяваны ў Фляндрыі, будзе змарнаваны.

“Процьма жаўнераў і мала караблёў”

У сваёй канцылярыі каля памяшканьня з дынама-машынай адмірал Рамсэй ветліва слухаў капітана Моўлтана, які апісваў адчайную сітуацыю ў Дзюнкерку і зьвяртаў увагу на тое, што ВМФ павінен прыкласьці значна больш намаганьняў, каб здолець выратаваць як мага больш людзей. Пры гэтым Моўлтан меў непрыемнае адчуваньне, што ён гаворыць недастаткова пераканаўча, і ўсё гэта ёсьць сітуацыя, калі слова простага капітана ня мае дастатковай вагі для віцэ-адмірала каралеўскага флёту.

У сапраўднасьці Моўлтан памыляўся. Калі здавалася, што Рамсэй не рэагуе дастаткова жвава, то так было толькі таму, што яму нічога ўжо ня трэба было даказваць. Ён ужо ведаў, што ягоных караблёў ня хопіць, каб паўплываць на становішча ў Дзюнкерку. Ён спадзяваўся галоўным чынам на прыватныя грузавыя судны – паромы, прагулачныя параходы і падобныя судны – якія хацеў пасылаць у Дзюнкерк па два зь інтэрвалам у тры з паловай гадзіны, але гэты план у хуткім часе праваліўся.

Першым суднам, накіраваным у Дзюнкерк, быў паштовы параход “Мона’с Айл” з выспы Мэн. Карабель пакінуў Дувэр 26 траўня а 21.00 і пасьля плаваньня без надзвычайных здарэньняў каля поўначы кінуў якар каля чыгуначнай пагрузачнай платформы дзюнкерцкага порта. На золку 27 траўня карабель выправіўся ў зваротны шлях з 1420 вайскоўцамі на борце. Падпаручык Д.С. Сноўдан з 1-га каралеўскага палку спаў цалкам зьнясілены ў труме, калі яго раптам абудзілі моцныя штуршкі. Аказалася, што па караблю страляе нямецкая артылерыя. З-за меляў і замінаваных участкаў найкарацейшы шлях з Дувэра да Дзюнкерка праходзіў у некалькіх мілях ад узьбярэжжа. Караблі, што праплывалі тут, былі ідэальнай мэтай для нямецкай артылерыі.

Некалькі снарадаў патрапілі ў “Мона’с Айл”, але яны цудам не выбухнулі. Урэшце адзін снарад зьнішчыў руль на карме. На шчасьце, карабель меў два вінты і здолеў утрымаць кіраваньне. Паступова ён выйшаў з зоны абстрэла нямецкіх гармат, і жаўнеры зноў паселі. Падпаручык Сноўдан сышоў у трум, каб паспаць яшчэ, а астатнія засталіся на палубе і грэліся пад ясным ранішнім сонцам.

Аднак настала другое брутальнае абуджэньне. Гэтым разам быў такі гук, нібыта на палубу падаў град. Шесьць мэсэршмітаў-109 абстрэльвалі судна з кулямётаў. Аднак падчас усяго плаваньня падафіцэр Леанард Б. Кэрлі-Поўп сядзеў скурчаны за кулямётам на карме і адказваў на агонь. Яму патрапілі чатыры кулі ў правую руку, але ён страляў так доўга, пакуль самалёты не адляцелі. 27 траўня ў другой палове дня “Мона’с Айл” урэшце ўвайшоў у дувэрскі порт з 23 забітымі і 60 параненымі. На думку Рамсэя дрэнным было й тое, што на 40 міль плаваньня караблю спатрэбілася 11 з паловай гадзін замест звычайных трох.

У той час з нямецкімі гарматамі пазнаёміліся і іншыя караблі. Два малыя прыбярэжныя параходы “Сэквосіці” і “Еўдэйл” выйшлі ў мора 27 траўня каля 4.00 у Дзюнкерк. Калі яны набліжаліся да французкага берага, “Сэквосіці” атрымаў снарад у правы бок на ўзроўні ватэр-лініі, які вылецеў з другога боку карабля. Другі снарад патрапіў у машыннае аддзяленьне і вывеў з ладу помпы. Пасьля двух наступных удараў “Сэквосіці” пачаў патанаць. “Еўдэйл” узяў на палубу яго экіпаж і выправіўся на назад у Англію пасярод шрапнэлі, што падала вакол у ваду.

Каля 10.00 яшчэ чатыры караблі былі вымушаны вярнуцца. Ніводзін не праплыў, і графік адмірала Рамсэя безнадзейна правальваўся. Аднак адмірал не разгубіўся. Ягоны штаб у памяшканьні з дынама-машынай адразу ж пачаў распрацоўку новага плана.

Аставаўся яшчэ маршрут Y. Ён пралягаў на паўночным усходзе, амаль каля Астэндэ, а потым рзка паварочваў на захад у накірунку на Англію. Плыць тут было прасьцей, мін было адносна менш, а галоўнае – траса была па-за зонай абстрэлу нямецкіх гармат. Затое яна была нашмат большай па адлегласьці – 87 міль замест 55 міль маршрута Х і 39 міль маршрута Z.

Гэта азначала, што для плаваньня праз пратоку спатрэбіцца ў два разы больш часу, чым планавалася раней. Іншымі словамі, было неабходна забясьпечыць ў два разы больш караблёў, калі Рамсэй хацеў датрымацца графіка.

Калі судна “Кэнтэрбюры” выплыла з Дзюнкерка, то атрымала сігнал з берага паведамляць усім сустрэчным караблям, каб яны вярталіся ў Англію. “Кэнтэрбюры” перадаў паведамленьне некалькім суднам, што чакалі ў адкрытым моры, а тыя перадалі яго наступным суднам. У тую ноч у моры быў не адзін нявопытны сігнальшчык, так што перакручваньне загадаў было непазьбежным. Адзін праплываючы карабель даў сігнал скутэру “Цілі”, які плыў па маршруце Y: “Дзюнкерк упаў і знаходзіцца ў руках непрыяцеля. Не набліжайцеся да порта”.

З гэтымі дрэннымі навінамі адмірал Рамсэй і ягоны штаб у памяшканьні з дынама-машынай рабілі што маглі, каб наладзіць справу. Было відавочна, што патрабавалася больш мінаносцаў, якія б суправаджалі канвоі, адбівалі атакі люфтвафэ, дапамагалі пагрузіць жаўнераў і забясьпечваць ахову на трасе Y. Рамсэй паслаў у міністэрства ВМФ тэрміновы заклік: адклічце мінаносцы зь іншых месцаў, каб высылаць іх на Дзюнкерк.

Мінаносец “Джагуар” быў на канвойнай місіі ў халодных туманных водах каля ўзьбярэжжа Нарвэгіі, калі атрымаў загад неадкладна вяртацца ў Англію… “Гэвэнт” знаходзіўся ў Грынаку, у затоцы паміж зялёнымі пагоркамі заходняй Шатляндыі… “Гэрвэстэр” быў новым тыпам мінаносца і знаходзіўся ў вучэбным плаваньні на поўдзень ад дарсэцкага ўзьбярэжжа. Усе мінаносцы, якія можна было адшукаць, адзін за адным атрымлівалі загад “неадкладна” прыбыць у Дувэр.

“Саладзін”, адзін з мінаносцаў яшчэ з часоў першай сусьветнай вайны, суправаджаў канвой у заходняй Атлантыцы, калі атрымаў загад вяртацца. Усе астатнія караблі суправаджэньня атрымалі такі ж загад і адразу выканалі яго. 12 з 14 суднаў канвоя былі пакінуты на волі лёсу без аховы. Гэта было ў небясьпечных водах, і галоўны тэлеграфіст “Саладзіна” Дж. В. Марцін вельмі хацеў быў даведацца, што думае камандор на камандным караблі, пабачыўшы, як ўсё ягонае ахоўнае суправаджэньне зьнікае за даляглядам.

Нямногія на мінаносцах ведалі, пра што йдзецца. Марцін як тэлеграфіст заўважыў у адным паведамленьні згадку пра памяшканьне з данама-машынай, але гэта яму ні аб чым не гаварыла. Ён ведаў толькі, што здарылася нешта сур’ёзнае, калі яны пакідалі канвой ў небясьпечнай зоне Атлантыкі.

Уся каманда пачала яшчэ больш гадаць над сітуацыяй, калі мінаносцы прыбылі ў Дувэр, і ім было загадана адразу адплыць да “пляжаў на ўсход ад Дзюнкерка”. Афіцэр-навігатар на мінаносцы “Малькольм” паручык Дэвід Мэліс сказаў, што яны ідуць, каб вывезьці нейкую частку, якая была там у атачэньні. Калі пашэнціць, то яны дадуць рады за пару гадзін. Мінаносец “Энтані” праплываў каля маторкі, што плыла назад у Англію з 20 жаўнерамі на палубе. Афіцэр-назіральнік крыкнуў ім, ці ёсьць там яшчэ жаўнеры, якіх трэба адвезьці? “Ды там іх чортавы тысячы”, -- гаркнуў яму нехта ў адказ.

Было яшчэ цёмна, калі “Джагуар” раніцай 28 траўня наблізіўся да французкага ўзьбярэжжа. Як толькі настаў золак, матрос-вадалаз Э.Д. Саўндэрс убачыў, што судна набліжаецца да цудоўнаму пляжу з белага пяску з прысадамі. І раптам ён убачыў, як прысады пачалі рухацца і наладжваць шэрагі ў накірунку мора. Сандэрс урэшце зразумеў, што гэта людзі, тысячы жаўнераў, які чакаюць на транспарт.

Пляж паміж Дзюнкеркам і Ля Пан настолькі павольна заглыбляўся ў ваду, што мінаносцы не маглі наблізіцца да берага бліжэй за мілю нават пры самым высокім прыліве. Вакол не было ніякіх чаўноў, таму з мінаносцаў трэба было спускаць ратавальныя чаўны, каб перапраўляць жаўнераў на карабель. Карабельныя каманды і жаўнеры ня мелі ніякага досьведу з гэтым.

Часам усе зьбіраліся на адным баку чаўна, парушаючы яго раўнавагу. Іншым разам надта шмат людзей ўлазіла ў човен, і ён патанаў. Тры ратавальныя чаўны мінаносца “Сабр” раніцай 28 траўня каля Мало-ле-Бэн на працягу дзьвюх гадзін пераправілі на карабель толькі сто чалавек. Рэкорд мінаносца “Малькольм” у Ля Пан быў яшчэ горшы: 450 жаўнераў за 15 гадзін.

“Процьма жаўнераў і мала караблёў”, -- тэлеграфіраваў Рамсэю 28 траўня а 5.00 мінаносец “Уэкфул”, чым сфармуляваў праблему максімальна выразна. Цэлы дзень “Уэкфул” і іншыя мінаносцы завальвалі Дувэр патрабаваньнямі выслаць яшчэ больш малых суднаў. А памяшканьне з дынама-машынай не давала спакою Лёндану.

Камітэт па рэгістрацыі малых суднаў рабіў, што мог, але класіфікацыя тэхнічных дадзеных, якія прыслалі ўладальнікі суднаў, займала шмат часу. Але Г.С. Рыгсу з міністэрства марскога транспарту раптам прышло ў галаву, што трэба было б рабіць усё прасьцей. Чаму не зьвярнуцца непасрэдна ў розныя вэрфі на Тэмзе, куды падчас вайны многія ўладальнікі зьмясьцілі свае судны?

На вэрфі “ToughBrothers” у Тэдзінгтане раніцай зазваніў тэлефон у канцылярыі ўладальніка Дугласа Тоўфа. На іншым канцы дрота быў асабіста адмірал сэр Лаянэль Прэстан. Эвакуацыя ўсё яшчэ была таямніцай, але Прэстан паведаміў Тоўфу пра яе і сказаў таксама, пра што яму йдзецца і які від суднаў яму патрэбны.

Адмірал ня мог выбраць найбольш пасуючага чалавека. Сям’ю Тоўфа ведалі на Тэмзе ўжо на працягу трох пакаленьняў. Дуглас Тоўф заклаў сваю вэрфь у 1922 годзе і ведаў усё пра кожны з караблёў, што баразьнілі раку. Ён з ахвотай узяўся працаваць для міністэрства ВМФ і забясьпечыць яго неабходнымі суднамі. Тоўф асабіста адплыў па рацэ да вэрфяў, каб выбраць судны, якія, на ягоную думку, пасавалі для выкананьня заданьня. Бальшыня ўладальнікаў суднаў ахвотна далі свае судны ў распараджэньне, некаторыя запрапанавалі, што самы будуць кіраваць імі. Некаторыя наогул ня ведалі, што адбываецца, і калі пазьней убачылі, што іхніх суднаў няма, паведамілі пра “крадзёж” у паліцыю.

Тым часам на вэрфі Тоўфа зьбіраліся дабраахвотніцкія экіпажы. Збольшага гэта былі аматары, як з Клюба малых суднаў або Рачной выратавальнай службы, якая была створана падчас вайны. Гэтыя маракі-джэнтльмэны павінны былі давесьці судны да Саўтэнда, дзе іх меўся прыняць ВМФ.

Камітэт па рэгістрацыі малых суднаў, зразумела, не абмежаваўся вэрфю Тоўфа. Былі правераны ўсе вэрфі ад Коўса да Маргэйта. Уладальнікам суднаў не казалі падрабязнасьцяў, паведамілі толькі тэрмін выкарыстаньня суднаў. Камітэт часта вёў перамовы непасрэдна з уладальнікамі, якіх меў у сваіх сьпісах. Фармальна судны браліся на пракат, але адпаведныя дамовы збольшага заключалі ўжо пазьней.

Нягледзячы на пазьнейшую легенду аб гераічнай самаахвярнасьці ў некаторых выпадках гэтыя перамовы не праходзілі гладка. Другі сакратар Прэстана Стэнлі Бэры доўга вёў перамовы з судовым прадстаўніком маёмасьці памерлага ўладальніка, бо той хацеў ведаць, хто заплоціць 3 фунты за тое, што судна будзе спушчана на ваду. Аднак большасьць уладальнікаў паводзіла сябе, як адзін дзядзька, што спытаў толькі, ці ён пасьпее вынесьці з судна свой уласны запас віскі. Калі Бэры сказаў яму, што, на жаль, ужо надта позна, уладальнік выказаў пажаданьне, каб ягоны віскі выпілі за яго здароўе.

Цяпер памяшканьне з дынама-машынай вяло справу ня толькі з камітэтам па рэгістрацыі малых суднаў. Паўночнае камандваньне каралеўскага ВМФ з сядзібай у Чэтхэме рэквізіравала ў вусьці Тэмзы грузавыя судны з малым пагружэньнем. Кіраўніцтва лёнданскага порту дастала выратавальныя чаўны на заакеанскіх параходах “Волэндэм”, “Дарбэр Кастл” і іншых, што акурат знаходзіліся ў доках. Каралеўская нацыянальная арганізацыя выратавальных чаўноў прадаставіла ў распараджэньне ўсе свае судны на ўсходнім і паўднёвым узьбярэжжах Англіі.

Штаб адмірала Рамсэя ў памяшканьні з дынама-машынай ня меў ні хвіліны спакою. Здавалася, што было трэба вырашыць мільён пытаньняў і, зразумела, усе адразу і адначасова: ачысьціць маршрут Х ад мін, дастаць у RAFбольш зьнішчальнікаў, здабыць недзе яшчэ кулямётаў, паслаць крэйсэр “Круіз”, прадназначаны для барацьбы з самалётамі, у раён баявых дзеяньняў, пераправіць больш пітной вады для аточаных жаўнераў, у Англіі прыгатаваць усё неабходнае для параненых, атрымаць самы апошні прагноз надвор’я, сабраць аднекуль 125 рамесьнікаў для неабходнага дробнага рамонту малых суднаў, якія ўжо пачалі зьбірацца ў Шырнэсе, знайсьці людзей, якія б хутка вырабілі дадатковыя канатныя драбіны.

Для Рамсэя бліснуў прамень надзеі. З Лёндана ў Дувэр прыехаў віцэ-адмірал сэр Джэймс Самэрвіль, які дабраахвотна запрапанаваў час ад часу замяняць Рамсэя, каб той мог крыху адпачыць. Самэрвіль быў яркай электрызуючай асобай, і маладыя афіцэры абагаўлялі яго. Ён выдатна дзейнічаў ня толькі ў штодзённых, але і асабліва ў цяжкіх абставінах. Калі ён прыехаў у Дувэр 27 траўня, мараль экіпажа мінаносца “Вэрыці” ўпала да мінімальнага ўзроўню. Падчас некалькіх апошніх рэйсаў праз пратоку іх люта абстрэльвалі, капітана сур’ёзна параніла, а экіпаж быў зусім у адчаі. Адзін матрос нават паспрабаваў зьдзейсьніць самагубства. Калі намесьнік капітана паінфармаваў пра гэта памяшканьне з дынама-машынай, Самэрвіль прыбыў на карабель і зьвярнуўся да экіпажа з прамовай. Ведаючы, што ўзьдзеяньне словамі мае свае межы, ён застаўся на судне на ўсю ноч. Раніцай мінаносец “Вэрыці” выйшаў у мора.

Самэрвіль, Рамсэй і ўсе іншыя ў штабе з дынама-машынай проста былі апантаныя эвакуацыяй, жылі дзеля яе. Таму ім падалося, што да іх прыбылі госьці зь іншага сьвету, калі 27 траўня ў Дувэр завіталі тры высокія французкія афіцэры, каб весьці перамовы сярод іншага і аб забесьпячэньні Дувэра.

Французы ўвесь час патрабавалі ад генэрала Вэйгана да ўсіх ніжэйшых па рангу, каб Дзюнкерк быў сталым плацдармам на кантынэнце. Адмірал Дарлан, ветлівы начальнік генэральнага штаба французкага ВМФ, ня быў выняткам з гэтага правіла, а ягоны намесьнік капітан Поль Афан меў заданьне сабраць флятылію, якая б забясьпечвала ўсім неабходным гэты плацдарм. Афан вырашыў, што для гэтага лепш за ўсё надаюцца рыбацкія траўлеры і шлюпы, і ягоныя людзі ўжо рэквізіравалі больш за дзьвесьце такіх суднаў у Брэтані і Нармандыі.

Між тым Дарлан атрымаў непакоючае паведамленьне. Французкі сувязны афіцэр пры штабе Горта паведамляў, што зараз брытанцы разглядаюць варыянт эвакуацыі, прычым з французамі або нават і безь іх. Таму французы вырашылі паслаць Афана ў Дувэр, дзе да яго павінны былі далучыцца контр-адмірал Марсэль Лёклерк з Дзюнкерка і кіраўнік прадстаўніцтва ВМФ Францыі ў Лёндане віцэ-адмірал Жан Адэндаль.

Афан і Адэндаль прыбылі першымі, і пакуль чакалі Лёклерка ў афіцэрскай сталоўцы, Адэндал убачыў вакол сябе шмат знаёмых тыпажоў. Гэта былі адмысловыя “канцылярскія тыпы”, якіх ён штодня бачыў у міністэрстве ВМФ, толькі цяпер у Дувэры яны ўсе насілі каскі. Адэндаль спытаўся ў іх, што адбываецца. “Мы тут займаемся эвакуацыяй”, -- адказалі яму.

Візіцёры былі моцна ўражаны. Так французкі ВМФ упершыню даведаўся, што брытанцы ня толькі “разглядаюць варыянт” эвакуацыі, а ўжо займаюцца яе арганізацыяй. Прыбыў Лёклерк, і яны накіраваліся да Рамсэя. Ён паінфармаваў іх пра апэрацыю “Дынама”. Афан узяўся за пераапрацоўку планаў для сваёй флятыліі рыбацкіх траўлераў і шлюпаў. Замест забесьпячэньня плацдарма, іх цяпер выкарыстаюць для эвакуацыі французкіх жаўнераў. Марскія сілы абедзьвюх краін будуць супрацоўнічаць, але было зразумета так, што кожны будзе займацца перш за ўсё сваімі жаўнерамі.

Брытанцы цяпер мабілізаваліся для дасягненьня адной мэты – эвакуацыі. Адэндаль убачыў, што нават вышэйшыя штабныя афіцэры з міністэрства ВМФ заступілі на службу на малыя судны і на пляжах, каб кіраваць пагрузкай.

Адным зь іх быў капітан ВМФ Уільям Дж. Тэнэнт, худы, негаваркі спэц па навігацыі, які служыў быў афіцэрам у штабе міністра ВМФ у Лёндане. 26 траўня а 18.00 ён атрымаў загад і а 20.25 ужо сядзеў у цягніку, што ішоў на Дувэр. Тэнэнт павінен быў стаць вышэйшым афіцэрам ВМФ у Дзюнкерку з заданьнем арганізоўваць эвакуацыю на сушы. Яму было даручана наглядаць за разьмеркаваньнем і дзеяньнямі выратавальнай флятыліі і за пагрузкай. Для забеспячэньня выкананьня заданьня ён меў пад рукой групу з 8 афіцэраў і 160 жаўнераў.

Пасьля кароткага прыпынку ў казармах ВМФ у Чэтхэме ён прыбыў 27 траўня а 9 раніцы ў Дувэр. Тым часам з Чэтхэма ўжо пад’язджалі аўтобусы з членамі ягонай баявой групы. Бальшыня зь іх ня мела ўяўленьня аб тым, што іх чакае. Між сабой яны казалі, што будуць абслугоўваць шасьцідзюймовыя гарматы на дувэрскіх скалах. Матрос Карл Флэтчэр быў у захапленьні, бо гэта азначала, што ён будзе служыць зусім блізка ад дома.

Яго, аднак, хутка расчаравалі. У Дувэры жаўнераў разьмеркавалі групамі па 20 чалавек, і кожная група атрымала афіцэраў Тэнэнта. Групу Флэтчэра ачольваў карвэтны капітан Гэктар Рычардсан, які патлумачыў ім, што ў хуткім часе яны паплывуць у Дзюнкерк, Там цяпер крыху “горача”, дадаў ён, таму лепш ім перад плаваньнем крыху падсілкавацца ў шынку на другім баку вуліцы. Усе да аднаго паслухаліся яго.

Праз пратоку іх павінен быў пераправіць мінаносец “Вулфгаўнд”. Незадоўга да адплыцьця з порту яго камандзёр карвэтны капітан Джон Маккой завітаў у камбуз, каб высьветліць, што ягоныя афіцэры ведаюць пра сітуацыю ў Дзюнкерку. Падпаручык Г.В. Соўвэл сказаў, што мае прыяцеля на адным мінаносцы, які нядаўна там быў, і што там было супэр – шампанскае, танцоўшчыцы скачуць канкан і падобнае. Проста надзвычай гасьцінны порт.

А 13.45 “Вулфгаўнд” пакінуў порт і скіраваўся на Дзюнкерк доўгім маршрутам Y. А 14.45 на яго ў першы раз наляцелі штукі, і ўжо больш не выпускалі яго з-пад увагі на працягу ўсяго плаваньня. Аднак, карабель цудам праплыў паміж усіма бомбамі і а 17.35 увайшоў у дзюнкерцкі порт. Здавалася, што ўсё ўзьбярэжжа ахоплена агнём, а калі “Вулфгаўнд” спрабаваў кінуць якар у порце, якраз адбываўся налёт групы з 21 нямецкага самалёта на ўзьбярэжжа. Капітан Маккой суха спытаўся ў падпаручыка Стоўвэла, дзе шампанскае і абяцаныя танцоўшчыцы.

У Дзюнкерку пачала дзейнічаць група капітана Тэнэнта. Яна зьбірала рассыпаных па беразе вайскоўцаў і пасылала іх на бліжэйшыя пляжы ў Мало-ле-Бэн. Там карвэтны капітан Рычардсан дзяліў іх на групы па 30-50 чалавек. У большасьці выпадкаў жаўнеры ахвотна слухаліся кожнага, хто рабіў уражаньне ўпэўненасьці ў сваіх дзеяньнях. “Дзякуй Богу, што з намі флёт”, -- сказаў адзін жаўнер матросу Флэтчэру.

Бальшыня жаўнераў хавалася ад авіябомб у падвалах дамоў вакол порта. Падпаручык Артур Роўлс апынуўся са сваімі жаўнерамі ў падвале, поўным шампанскага і паштэтаў з гусінай пячонкі, і пэўны час яны гэтым жывіліся. Гэта ня азначала, што тут былі раскошныя ўмовы. Каля 60 вайскоўцаў, дзьве мясцовыя жанчыны і некалькі сабак згрудзіліся ў невялікай прасторы. Паветра было цяжкім, і стала зусім невыносным, калі адзін жаўнер накарміў сабаку гусіным паштэтам, а той званітаваў.

Некаторыя жаўнеры ўзяліся на шампанскае, і п’янае галёканьне ў хуткім часе зьмяшалася з грукатам выбухаў і гукамі падаючай атынкоўкі. Час ад часу Роўдс наважваўся выйсьці навонкі, каб паспрабаваць знайсьці лепшую хованку для сваіх жаўнераў. Усе суседнія падвалы былі заняты, і ён урэшце капітуляваў. Надвячоркам ён пачуў, як нехта на вуліцы гукае, зьбіраючы афіцэраў. Ён выйшаў і там даведаўся, што прыплылі караблі ВМФ. Яму сказалі, каб ён адвёў сваіх жаўнераў на пляж, а ўначы іх паспрабуюць пагрузіць на караблі.

У падвалах ужо не было месца для масы вайскоўцаў, якая валам валіла ў Дзюнкерк. Некаторыя, адчаяўшыся, шукалі бясьпечнай хованкі і накіроўваліся ў бок гістарычных французкіх умацаваньняў паміж портам і пляжамі на ўсход ад горада. Менавіта там была і Вежа 32 з брытанскімі штабнымі афіцэрамі, але ўвесь гэты ўчастак быў у руках французкіх войскаў, якія не давалі брытанскім жаўнерам увайсьці ў свой сэктар.

Група спалоханых брытанскіх жаўнераў без камандзёра не захацела падпарадкавацца французкім загадам. У іх не было афіцэраў, але былі вінтоўкі. Увечары 27 траўня яны падышлі да Вежы 32 і пад пагрозай ужываньня зброі патрабавалі, каб ім далі ўвайсьці ў крэпасьць. Два бяззбройныя брытанскія марскія афіцэры выйшлі з крэпасьці і пачалі зь імі перамовы. Сітуацыя была напружаная, але на месца прыбыла адна з груп Тэнэнта. Брытанскія маракі хутка навялі парадак і залагодзілі крызіс.

Матрос Ніксан, які быў у адной з гэтых груп, пазьней распавядаў, як жаўнеры хутка рэагавалі на кожную праяву выразнага аўтарытэта: “Было ўражальна, які цудоўны ўплыў меў на кожнага сяржант са штыком на вінтоўцы і моцным голасам”. Карвэтны капітан Тэнэнт, які ў якасьці высокапастаўленага камандзёра правёў сваю першую інспэкцыю па пляжах, зьвярнуўся з прамовай да некалькіх груп дэмаралізаваных жаўнераў. Ён заклікаў іх заховаць спакой, а таксама маскіравацца і шукаць хованку. Ён запэўніў іх, што мноства караблёў ужо ў дарозе, і яны абавязкава даставяць іх у Англію.

Аднак, самы высокі ўзровень дысцыпліны ня мог, на жаль, зьмяніць грунтоўную арыфмэтыку Дзюнкерка. Колькасьць вайскоўцаў, якіх удавалася пагрузіць на караблі з пляжаў, усё яшчэ была мізэрна малой. Аднак, Тэнэнт заўважыў адну дзіўную рэч. Люфтвафэ сістэматычна засяроджвала налёты на ўзьбярэжжа і партовы мол, яна не бамбавала два доўгія хвалерэзы, якія ўтваралі свайго кшталту ўваход у дзюнкерцкі порт. Увагу Тэнэнта прыцягнуў асабліва ўсходні хвалерэз. Ён быў збудаваны з бэтонных квадраў і выпінаўся амаль на 1400 ярдаў у мора. Зьверху на ім была драўляная кладка. Калі б удалося прышвартаваць караблі бортам да хвалерэза, гэта дазволіла б значна прысьпешыць эвакуацыю.

“Вулфгаўнд” хутка падышоў да хвалерэза і пачаў пагрузку жаўнераў. Усё ішло без цяжкасьцяў, так што ўсе ўздыхнулі з палёгкай. А 4.15 карабель ужо меў на палубе каля 950 жаўнераў. Ужо сьвятлела, калі з хвалерэзу гукнулі пытаючыся, колькі жаўнераў можна яшчэ загружаць. “Йдзецца не пра тое, колькі можна загрузіць, -- адказаў капітан карабля, -- а пра тое, колькіх удасца вывезьці разам з тымі, што ўжо на палубе”.

Ён меў рацыю. На палове шляху праз пратоку самотны нямецкі самалёт скінуў шэсьць бомб блізка ад карабля і зьнішчыў яго карму. Толькі некалькі жаўнераў у паніцы кінуліся ў мора, але ўсе астатнія паводзілі сябе хладнакроўна. Матрос Джордж Бэрлэт нават падумаў, што трэба было б забраць з кубрыка пару сваіх новых бацінак. Урэшце яму хапіла розуму адмовіцца ад гэтага, бо карабель пачаў хутка патанаць. Ён спакойна стаяў з астатнімі на палубе, што ўсё больш нахілялася, пакуль выратавальнае судна “Дарыен Роўз” не прыстала да борта і не забрала іх на сваю палубу.

Параход “Куін оф зэ Чэнэл” таксама быў страчаны, але дзень не страцілі. Бо хвалерэз працаваў! Драўляная канструкцыя вытрымала, прыліў не спыніў пагрузку, жаўнеры не паддаліся паніцы. Тут было таксама дастаткова месца для караблёў, што стаялі ў чарзе. Зразумела, што ўсё можа зьмяніцца, калі пагрузку з хвалерэза адкрыюць немцы. Аднак покуль што ўвесь порт быў зацягнуты густым дымам, і бачнасьць была мінімальнай.

Праблема пагрузкі была вырашана, але тым часам ўзьнік новы крызіс. Крытычныя моманты паўставалі ў Дзюнкерку то на моры, то на сушы. Гэтым разам падзеі пачаліся на фляманскіх палях, узараных нямецкімі танкамі.

А 4.00 – дакладна ў момант, калі параход “Куін оф зэ Чэнэл” паведаміў, што хвалерэз можна выкарыстоўваць для эвакуацыі – бэльгійскі кароль Леапольд ІІІ афіцыйна абвясьціў капітуляцыю. У выніку гэтага на ўсходнім баку калідора, па якім адбывалася адступленьне, зрабілася шчыліна шырынёй у 20 міль. Калі яе ня ўдасца неадкладна замкнуць, немцы пранікнуць у калідор, адрэжуць французам і брытанцам дарогу да мора і пакладуць канец эвакуацыі.

Пераклаў з ангельскай Валеры Буйвал.

Walter Lord. The Miracle of Dunkirk. New York, 1982.

(працяг будзе)

/ 19-09-2018
Гісторыя Другая Сусьветная вайна Дзюнкерк
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
ЗАЦЕМКІ ПРА ТВОРЧАСЬЦЬ МУЛЯВІНА І КУПАЛЫ
Галеча і шлях да вайны
Народнае адзінства: Дзюнкерцкі цуд (3)
Масква – “Трэці Рым”?