змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Народнае адзінства: Дзюнкэрцкі цуд (1)

Мы пачынаем публікацыю фрагмэнтаў кнігі амэрыканскага гісторыка Уолтэра Лорда “Дзюнкерцкі цуд”, прысьвечаную драматычным падзеям канца траўня – пачатку чэрвеня 1940 года. У выніку імклівых танкавых прарываў германскага вэрмахта праз Бэльгію і Ардэны сотні тысячаў брытанскіх і французкіх войскаў апынуліся загнанымі на вузкую паласу ўзьбярэжжа Ляманшскай пратокі, дзе іх чакаў немінучы разгром. Бальшыня дзяржаўных дзеячаў абедзьвюх краін, іх генэралаў і адміралаў разгубіліся і прадэманстравалі сваю няздольнасьць адэкватна ацаніць сітуацыю і аказаць адпаведную дапамогу войскам пасярод катастрофы. Тады тысячы і тысячы цывільных і вайсковых, простых людзей Брытаніі, не губляючы ні хвіліны, пачалі салідарна ратаваць сваю армію і дзяржаву. Народнае адзінства было паратункам нацыі.

х х х

Пастка захлопваецца

Сапёр Э.Ф. Грымэр з 216-й роты Каралеўскіх сапёраў упершыню адчуў, што нешта ня так, калі ягоны аддзел маршыраваў па французкіх палях нібыта ў кірунку, дзе быў фронт. Раптам ён заўважыў, што мост, па якім яны праходзілі, падрыхтаваны да зьнішчэньня. “Але ж масты не падрываюць, калі наступаюць”, -- прышло яму ў галаву. Яфрэйтар Э.С. Райт перажыў яшчэ больш брутальнае абуджэньне: ён ішоў у Арас забраць тыднёвую пошту для свайго аддзела сувязі. Раптам каля яго праімчаў матацыкл з люлькай так хутка, што ён ледзь пасьпеў адскочыць. Да яго не адразу дайшло, што гэта быў нямецкі матацыкл.

Для новага брытанскага прэм’ер-міністра Уінстана Чэрчыля момант ісьціны настаў раніцай 15 траўня а палове восьмай. Ён яшчэ спаў у сваёй кватэры ў лёнданскім AdmiralityHouse, калі зазваніў тэлефон на начным століку. На другім канцы дрота быў французкі прэм’ер-міністр Поль Рэйно. “Мы пацярпелі паразу”, -- сказаў Рэйно сваёй школьнай ангельшчынай. На тым канцы пэўны час была ціша, бо Чэрчыль яшчэ не цалкам апрытомнеў. “Мы прайгралі”, -- працягваў Рэйно, “прайгралі бітву”. “Вы гэта ведаеце дакладна? Гэта ж не магло адбыцца так хутка”, -- урэшце падаў голас Чэрчыль. “Фронт прарваны каля Сэдану, і цяпер паўсюль прэ вялікая колькасьць нямецкіх танкаў і бранемашын”, -- працягваў Рэйно.

Чэрчыль рабіў, што мог, каб супакоіць яго, нагадваў пра чорныя дні 1918 года, калі ўрэшце ўсё павярнулася ў лепшы бок, але ўсё было дарэмна. Рэйно скончыў размову так, як і пачаў: “Мы пацярпелі паразу. Прайгралі бітву”.

Крызіс быў настолькі сур’ёзны, а па тэлефоне ўдалося высьветліць настолькі мала, што Чэрчыль вылецеў 16 траўня ў Парыж, каб на ўласныя вочы пераканацца, якая паўстала сітуацыя. У міністэрстве на Кэ д’Арсэ ён прачытаў на ўсіх тварах “поўны адчай”. У садку міністрэства старая абслуга ўжо паліла паперы.

Гэта здавалася неверагодным. З 1918 года французкая армія лічылася адной з найлепшых армій у сьвеце. Калі Нямеччына за Адольфа Гітлера зноў узброілася, у Эўропе зьявілася новая вайсковая сіла, але яе камандваньне не валодала вялікім досьведам, ды й яе ўзбраеньне здавалася недастаткова якасным. Калі ж трэці райх пачаў паглынаць адну цэнтральнаэўрапейскую краіну за другой, гэта паўсюдна тлумачылі як пасьпяховы блеф і ўдачу. А калі ў 1939 годзе ўрэшце выбухнула вайна, катастрофа Польшчы тлумачылася як нешта, што можа надарыцца толькі палякам, але ніколі Захаду. Калі ж у красавіку 1940 года настала чарга Даніі і Нарвэгіі, гэта выглядала ўсяго як тактычны манэўр, якому можна будзе даць рады пазьней.

Пасьля васьмі месяцаў спакойнай “дзіўнай вайны” Гітлер ударыў 10 траўня па Галяндыі, Бэльгіі і Люксэмбургу. Хаўрусны галоўнакамандуючы Марыс Гамлен быў упэўнены, што йдзецца пра паўтор наступа 1914 года, і паслаў ім на дапамогу свае паўночныя арміі, уключна з брытанскім экспэдыцыйным корпусам (BEF).

Гамлен, аднак, пралічыўся. Рэпрыза 1914 года не адбылася. Месца вялікага хуткага прарыву і наступу праз Фляндрыю гэтым разам было вызначана і галоўны нямецкі ўдар зьдзейсьнены крыху на поўдзень, праз “непраходныя” Ардэны. Меркавалася, што гэтая мясцовасьць не пасуе для танкаў, і таму французы не прыкладалі ніякіх намаганьняў, каб давесьці туды нібыта непераадольную лінію Мажыно і забясьпечыць такім чынам увесь рэгіён ад магчымай атакі.

І яшчэ адно памылковае ўяўленьне. Пакуль група армій Б генэрал –палкоўніка Фэдара фон Бока сьцягнула на сябе хаўрусныя войскі ў Бэльгіі, група армій А генэрал-палкоўніка Гэрда фон Рундштэдта прарвала хаўрусную абарону ў Ардэнах. Аддзелы Рундштэдта, авангард якіх складалі 1806 танкаў, падтрыманых з паветра 325 зьнішчальнікамі-бамбардоўшчыкамі тыпу Штука, рвануліся праз раку Маас і наступалі ўжо па французкай тэрыторыі.

Тры французкія танкавыя брыгады паспрабавалі засланіць дарогу нямецкай хвалі, але дарэмна. У адной брыгады скончылася паліва, другую прыхапілі зьнянацку, калі яе танкі яшчэ стаялі на чыгуначных плятформах, якія павінны былі рухацца на фронт. Трэцяя брыгада была падзелена, а яе танкі былі раздадзены паасобным аддзелам па ўсім фронце, так што наступаючая нямецкая армія ліквідавала іх адзін за адным без вялікіх праблем.

Цяпер нямецкія танкі мелі перад сабой адкрыты шлях, перад імі не было ўжо нічога, што магло б іх спыніць. Адразу пасьля сёмай гадзіны 20 траўня вырушылі ў заходнім накірунку дзьве дывізіі ХІХ элітнага армейскага корпусу генэрала Гайнца Гудэрыяна з Пэрона. Каля 10-й гадзіны яны праехалі праз горад Альбэр, дзе іх паспрабавала спыніць барыкадай з драўляных бочак група ангельскіх рэзэрвістаў… аб 11.00 яны дасягнулі Эдавіля і ўзялі ў палон брытанскую батарэю, якая мела толькі вучэбныя снарады… у поўдзень 1-я бранетанкавая дывізія ўжо авалодала Ам’енам. Гудэрыян спыніўся тут на кароткі час, каб з замілаваньнем агледзець вежы мясцовага сабора.

Другая бранетанкавая дывізія перла далей. У чатыры гадзіны дня яна было ў Бакэн, дзе захапіла склад з картамі для ўсяго брытанскага экспэдыцыйнага корпуса. У дзевяць пятнаццаць вечара дывізія дасягнула Абэвіля і берагу мора. Сканцэнтраваным прарывам яна за чатырнаццаць гадзін пранікла ў тылавыя прасторы і раздзяліла хаўрусныя арміі. Брытанскі экспэдыцыйны корпус, дзьве французкія арміі і ўся бэльгійская армія – у суме амаль мільён чалавек – былі цяпер зачынены ў Фляндрыі і прыціснуты да мора, дзе іх чакала канчатковая параза.

Распаленае нерухомае паветра напаўняў чорны дым і пах пакрышак, што гарэлі. Людзі і машыны на дарогах рухаліся надта павольна. Цывільныя ўцекачы зьмяшаліся з агаломшанымі вайскоўцамі. На ўзбочынах ляжалі перакуленыя павозкі, ровары, дзіцячыя вазкі, абгарэлыя легкавыя і грузавыя машыны.

Тэрмінова сфармаваныя аддзелы, якія паслаў у бой генэрал Горт, каб прыкрыць бок, што быў пад пагрозай, і тыл, былі ў адчайнай сітуацыі. На поўдзень ад Арасу нявопытная 23-я дывізія супрацьстаяла танкам Ромэля, ня маючы ніводнай адзінкі супрацьтанкавай зброі. У Сэн-Полю аддзел мабільных душавых любым спосабам намагаўся адбіць 6-ю бранетанкавую дывізію. У Стээнбэку 9-ты каралеўскі батальён нартумбэрлэндскіх стралкоў чакаў, пакуль настане ягоная чарга. Гэты ня надта навучаны батальён, які складаўся з рэзэрвістаў, будаваў лётнішча непадялёк ад Ліля, калі “яно пачалося”. Цяпер ён быў часткай імправізаванага абарончага злучэньня, названага POLFORCE. Байцы не атрымалі ніякіх загадаў, толькі ведалі, што іхні камандзёр зьнік.

У гэтай сітуацыі камандваньне на сябе ўзяў капітан Тафтан Бэміш, адзіны прафэсійны вайсковец на ўвесь батальён. Яму неяк удалося сабраць асабовы склад, акапацца на добрых пазыцыях і ўдала разьмясьціць агнявыя сродкі. Дзякуючы гэтаму яны здолелі спыніць немцаў на 48 важных гадзін.

Найгоршая сувязь паміж войскамі была на захадзе, дзе лінію абароны занялі новыя імправізаваныя аддзелы, але гэтая праблема паўсюль была вострай. Ад пачатку вайны французкае галоўнае камандваньне адмовілася ад радыёсувязі. Аргумант быў такі, што радыёперадачу можа перахапіць непрыяцель. Маўляў, тэлефон больш надзейны. Аднак, гэта азначала неабходнасьць правесьці кілямэтры дратоў і часта паўставала залежнасьць ад перагружаных цывільных ліній, але немец ня мог падслухоўваць.

Лорд Горт ахвотна падпарадкаваўся гэтым устаноўкам. Бо галоўнае слова ў справе вядзеньня вайны маюць французы. Яны ўсё абмеркавалі, і калі кажуць, што тэлефон лепшы, то брытанскі экспэдыцыйны корпус падпарадкуецца. Акрамя таго, французы маюць 90 дывізій, а ў яго толькі 10.

Але вось настаў травень і пачаліся баі, якія на ўсё былі цяжкім іспытам. Танкі Рундштэдта хутка перарвалі некаторыя тэлефонныя лініі. Іншыя былі ненаўмысна зьнішчаны вайсковымі аддзеламі падчас перасоўваньня. Да наступных абрываў даходзіла, калі мяняліся камандныя пункты. Толькі штаб Горта за гэтыя дні перасунуўся сем разоў.

Адзіным надзейным спосабам сувязі быў або асабісты выезд на месца, або пасылка матацыклетнага гончыка. Франтаваты камандуючы 3-й дывізіі генэрал-маёр Бэрнард Мантгомэры рабіў гэта такім чынам: прымацоўваў загады на кончык свайго кія і высоўваў яго з вакна аўтамабіля. Ягоны асабісты ахоўнік сяржант Артур Элкін, які ехаў за генэралам на матацыкле, браў пісьмовы загад з кія і мусіў знайсьці адрасата. Аднак гэта было зусім ня так проста. Гэта азначала неабходнасьць езьдзіць па незнаёмых дарогах і ўвесь час шукаць войскі, які знаходізіліся на маршы. Аднойчы ён ледзь не спыніўся каля трох жаўнераў, што сядзелі за паваротам, каб спытаць, куды ехаць далей. Калі ён наблізіўся да іх, адзін зь іх надзеў каску, і Элкін сваечасова заўважыў, што гэта былі немцы.

Абвал сістэмы сувязі быў для Горта дадатковай праблемай пасярод растучага сьпісу скаргаў на французаў. Гамлен быў поўны нуль. Генэрал Жорж быў падобны на адурэлага ад наркотыкаў. Генэрал Гастон Біёт, які камандваў першым злучэньнем французкіх армій, павінен быў усё каардынаваць, але не рабіў гэтага. Ад пачатку кампаніі Горт не атрымаў ад яго ніводнага пісьмовага загаду або інструкцыі.

Французкія аддзелы на ўзьбярэжжы і на поўдні было цалкам дэмаралізаваны. Іхняя артылерыя на конскай цязе і іншыя транспарты заблакавалі дарогі, паўсюль успыхвалі вострыя канфлікты. Многія канфлікты вырашаліся нават з пісталетам у руцэ. Расчраваньне Горта было тым большым, што сам ён да гэтага лаяльна супрацоўнічаў з французамі.

19 траўня а шостай гадзіне раніцы сабраліся вышэйшыя афіцэры пад камандай Горта, каб выпрацаваць план адступленьня. Аказалася, што намесьнік начальніка штаба, брыгадны генэрал сэр Олівэр Ліз ужо крыху падумаў над гэтым: ён запрапанаваў план, паводле якога ўвесь брытанскі экспэдыцыйны корпус павінен быў быць сьцягнуты да бліжэйшага французкага порту Дзюнкерка.

З сёмай гадзіны раніцы з усходу пачалі прыходзіць паведамленьні аб тым, што бэльгійскі фронт валіцца. І гэта ў момант, калі бэльгійцы злучыліся з брытанцамі непадалёк ад Куртрэ. Калі б бэльгійскі фронт цалкам рассыпаўся, злучэньне армій Б фон Бока хутка аб’ядналася б са злучэньнем армій А Рундштэдта на захадзе, і брытанскі экспэдыцыйны корпус быў бы цалкам адрэзаны ад мора.

Але гэта было яшчэ ня ўсё. Справы былі ўсё горай. Зазвычай надзейны 12-ты Лансэрскі полк паведаміў, што непрыяцель прарваў бэльгійскую абарону на рацэ Ліс. Сувязны афіцэр 4-й дывізіі паведаміў, што на ягоным участку фронту бэльгійцы канчаткова кінулі ваяваць і разышліся па гаспадарках навакольля.

Калі Горту трэба было чагосьці, што зацьвердзіла б яго ў ягоным рашэньні, ён атрымаў гэта ў выглядзе скуранай тэчкі з пачкай папер і прыстасаваньнем для надзяваньня ботаў, якую знайшлі ў нямецкім штабным аўтамабіле, захопленым брытанскім патрулём. Брук узяў тэчку з сабой на камандны пункт экспэдыцыйнага корпуса, куды яго паклікалі на нараду праз кароткі час пасьля таго, як Горт прыняў рашэньне аб адступленьні на Дзюнкерк. Пакуль ён вёў нараду з Гортам, штабныя афіцэры вывучалі дакуманты з тэчкі. Паміж імі былі і планы нямецкай атакі на Іпр, што менавіта пацьвярджала разумнасьць рашэньня Горта адклікаць атаку на поўдзень і весьці войскі на поўнач.

Горт атрымаў згоду французаў на сумеснае адступленьне на поўнач. Ён дамовіўся з Бляншарам пра часовую праграму і план перасоўваньня войскаў на новую лінію абароны на рацэ Ліс. Аднак, нічога не сказаў яму пра задуманую эвакуацыю брытанскага экспэдыцыйнага корпуса. Бляншар бачыў сітуацыю так, што далейшае адступленьне не было патрэбным. Рака Ліс павінна была канчаткова стаць пунктам, за які хаўрусьнікі трымаліся б у Фляндрыі.

Аднак для Горта Дзюнкерк павінен быў стаць не сталым апорным пунктам, а трамплінам для эвакуацыі брытанскага экспэдыцыйнага корпуса. Ягоны погляд пацьвердзіла апошняя тэлеграма ад Ідэна, якая паступіла ў другой палове дня. У ёй гаварылася, што “адзінай магчымасьцю, якую мы маем, ёсьць неадкладнае адступленьне на ўзьбярэжжа… Вам загадваецца неадкладна рухацца да ўзьбярэжжа, падтрымліваючы супрацоўніцтва з французкай і бэльгійскай арміямі”.

Такім чынам, эвакуацыя адбудзецца. Паўстала практычнае пытаньне: ці будзе магчымым правесьці эвакуацыю? Брытанскі экспэдыцыйны корпус і 1-я французкая армія 26 траўня былі заціснуты ў калідор – даўжынёй 60 міль і шырынёй 15-20 міль – ад узьбярэжжа да мацерыка. Бальшыня брытанцаў была сканцэнтравана вакол Ліля – каля 43 км ад Дзюнкерка. Французы былі яшчэ далей на поўдзень.

З усходу хаўрусным сілам, сьціснутым у калідоры, супрацьстала моцнае злучэньне армій Б фон Бока; на захадзе яны мелі супраць сябе танкавыя і матарызаваныя дывізіі злучэньня армій А Рундштэдта. Нямецкія танкі ўжо дайшлі да Бурбура, які знаходзіўся ўсяго 10 міль на захад ад Дзюнкерка. З амаль матэматычнай дакладнасьцю можна было прадугледзець, што ў Дзюнкерку яны будуць раней за хаўрусьнікаў.

“Цяпер брытанскі экспэдыцыйны корпус можа выратаваць толькі цуд”, -- напісаў у сваім дзёньніку генэрал Брук 23 траўня, калі пастка захлопнулася.

“Праз некалькі дзён мы страцім практычна ўсіх навучаных жаўнераў, калі нам не дапаможа цуд”, -- напісаў генэрал Айрансайд 25 траўня.

“Я павінен дакласьці вам”, -- тэлеграфаваў Горт ваеннаму міністру Энтану Ідэну 26 траўня, што “у неспрыяльных умовах вялікая частка брытанскага экспэдыцыйнага корпуса і яго ўзбраеньне будуць страчаны”.

Уінстан Чэрчыль меркаваў, што ўдасца выратаваць 20-30000 чалавек. Але ён таксама быў вядомы як невыпраўляльны аптыміст. У лепшыя часы ён сустрэўся аднойчы з Ідэнам у Канах, і яны выйгралі ў рулетку на сямнаццатку. Калі цяпер ваенны кабінэт сышоўся з такой невясёлай нагоды, Чэрчыль зьвярнуўся раптам да Ідэна са словамі: “Некалі нам з сямнаццаткай пашэнціла, памятаеце?”

З сямнаццаткай зноў пашэнціла

Першымі, хто пагадзіўся з брытанскімі меркаваньнямі, былі вайскоўцы 1-й і 2-й нямецкіх бранетанкавых дывізій. І яны таксама меркавалі, што брытанскі экспэдыцыйны корпус можа выратаваць толькі цуд. Яны дасягнулі Абэвіля так хутка, што напалоханыя французкія жыхары вёсак падумалі, што гэтыя сьветлавалосыя запыленыя вайскоўцы былі галяндцы альбо англічане. Так хутка, што OKW, галоўнае камандваньне нямецкіх узброеных сілаў не пасьпела падрыхтаваць далейшы загад: ці трэба ім у наступныя гадзіны выступіць на поўдзень да Сэны і на Парыж, альбо наступаць на поўнач на хаўрусныя войскі, замкнёныя ў пастцы ў Фляндрыі?

Урэшце была абрана поўнач. 22 траўня а 8.00 OKW выслала зашыфраваны загад “AbmarschNord”. Танкі і мотапяхота групы армій А Рундштэдта зноў вырушылі ў паход.

Каля поўдня танкі былі ў Рынсэне. Перад імі было яшчэ 33 мілі. У 13.15 яны ўжо былі ў Гінэсе, і заставалася толькі 25 міль. Каля 18.00 яны з грукатам уехалі ў Лез Атак, і ад Дзюнкерка іх падзяляла ўсяго 20 міль.

Настрой быў выдатны. Палонных было не палічыць, і ваенная здабыча расла. Адзін запіс у вайсковым дзёньніку гучаў захапленьнем: “Браць палонных і здабычу лягчэй, чым пазбавіцца ад іх”.

Паміж вышэйшымі камандзёрамі такога захапленьня ўжо не назіралася. Камандуючы групы танкавых войскаў генэрал Эвальд фон Кляйст быў вельмі заклапочаны стратамі танкаў: проста не было часу на рамонтныя працы, і ягоная ўдарная сіла, паводле ягоных меркаваньняў, зьнізілася на палову. Камандуючы 4-й арміі генэрал-палкоўнік Гюнтэр Ганс фон Клюгэ меў непрыемнае адчуваньне, што танкі надта аддаліліся ад сваіх аддзелаў падтрымкі. І ўсе яны былі занепакоены адкрытымі і надта слаба забясьпечанымі флангамі. Чым хутчэй і далей яны наступалі, тым большай была небясьпека з гэтага боку. Хаця брытанскую вылазку пад Арасам адбіць удалося, але яна выклікала сярод нямецкіх камандзёраў паніку.

Ніхто з немцаў ня мог зразумець, чаму хаўрусьнікі не атакуюць іхнія непрыкрытыя флангі. Для камандзёраў, выхаваных першай сусьветнай вайной, дзе посьпехі вымяраліся хутчэй ярдамі, чым мілямі, гэта было незразумелым. Адольф Гітлер і Уінстан Чэрчыль мелі мала падабенства, але ў гэтым сэнсе меркавалі проста аднолькавым чынам. Ніводзін зь іх не ацаніў паралізуючы эфэкт новай тактыкі Гудэрыяна і ягоных падначаленых.

У Шарлевілі Клюгэ, артылерыст старой школы, выказаў апасеньні, каб танкі ня вырваліся надта наперад: “Аддзелы, якія засталіся, павіталі б рашэньне пакінуць танкі заўтра стаяць на месцы і зрабіць перапынак”. Рундштэдт пагадзіўся, і былі аддадзены адпаведныя загады. Танкі павінны былі спыніцца на 24 траўня. Аднак, усе меркавалі, што гэта будзе кароткі перапынак, каб усе маглі крыху перадыхнуць.

І фэльдмаршал Гэрман Гёрынг, які якраз знаходзіўся ў камандным цягніку, схаваным у лесе непадалёк ад нямецка-французкіх межаў, назіраў за імклівым наступам танкаў з усё большымі апасеньнямі. Прычынай ягонага неспакою былі, аднак, не адкрытыя флангі, і не мэханічныя непаладкі. Надзвычай пыхлівы Гёрынг быў вярхоўным камандуючым авіяцыі і баяўся, што хуткі наступ танкаў ня дасьць ягонай авіяцыі магчымасьці бліснуць пасярод блізкай перамогі.

Была наладжана сувязь з Гітлерам, які быў у сваім штабе ў лесе каля вёскі Мюнстэрайфэль ў паўночназаходней Нямеччыне. Гёрынг прадставіў сваё меркаваньне: Надышоў момант, калі трэба даць магчымасьць люфтвафэ паказаць, што яна ўмее. Калі фюрэр загадае наземнай арміі спыніць наступ і даць яму неабходную прастору, то ён – Гёрынг – гарантуе, што ягоныя самалёты самы зьмятуць няпрыецеля з паверхні зямлі. Гэта была б лёгкая перамога, і слава належала б авіяцыі, роду войскаў, які найбольш шчыльна зьвязаны з нацыянал-сацыялістычным райхам, чым наземная армія генэралаў і прускіх арыстакратаў старой школы.

А рэчаіснасьць была такая, што Гёрынг свайго Гітлера добра ведаў і зайграў на патрэбнай струне. Акрамя таго, ён застаў Гітлера са сваімі аргумантамі ў вельмі адпаведным настроі. Фюрэр апошнімі днямі ўсё больш непакоіўся за бясьпеку ягоных бранетанкавых войскаў. У OKW генэралы Кайтэль і Ёдль папярэджвалі яго, што Фляндрыя невыгодная тэрыторыя для танкаў. Акрамя таго, яго ўвесь час не пакідаў страх пры сўпамінах на 1914 год, калі французы, што былі на першы погляд цалкам разгромлены, раптам падрыхтавалі для немцаў “цуд на Марне”.

А 12.41 былі выдадзены новыя загады, падтрыманыя аўтарытэтам самога фюрэра. Яны ня толькі пацьвердзілі “загад спыніцца” Рундштэдта, аддадзены ўчора, але мелі ўжо цалкам адназначны характар.

“Сілы, што наступаюць на паўночным захадзе ад Араса, не павінны перакрочваць лінію Лен--Бэцюн--Эр--Ст.-Амэр—Краўлін. На заходнім фланзе ўсе матарызаваныя аддзелы павінны злучыцца і аб’яднацца, каб непрыяцель ня меў магчымасьці вырвацца, але павінен быў бы заатакаваць на наладжаную намі і выгодную для нас лінію абароны”.

“Нам усім нібы дыханьне перахапіла”, -- распавядаў пазьней Гайнц Гудэрыян, калі ўспамінаў, як падзейнічаў загад Гітлера спыніць войскі на камандзёраў ягоных танкавых аддзелаў і экіпажы. Тым часам чатыры бранетанкавыя і дзьве мотапяхотныя дывізіі ўжо дасягнулі каналу Аа… на другім баку канала было ўжо забясьпечана шэсьць плацдармаў… перадавыя часткі сустракалі нязначны супраціў… Дзюнкерк быў ужо амаль бачны. Палкоўнік Вільгельм фон Тома, штабны афіцэр, прыкамандзіраваны да аднаго з перадавых аддзелаў, ужо нават бачыў масіўную чатырохгранную званіцу храма сьвятога Элігія. Чаму ім нельга ў такіх умовах працягваць далейшы наступ? Чаму павінны стаяць на месцы?

А 20.20 раззлаваны і абражаны генэрал Браўхіч вярнуўся ў галоўны штаб. Начальнік галоўнага штаба генэрал Франц Гальдэр быў у яшчэ горшым настроі. Зь непрыхаваным гневам ён паведаміў пра загад аб спынінь войскаў і гукнуў: “Адказнасьць ў гэтым выпадку не падае на генэральны штаб”.

Гітлер ні на што не зьвяртаў увагі. Танкі трэба было захаваць на будучыню. Падчас дыскусіі на паверхню выйшаў яшчэ адзін чыньнік: Гітлер не хацеў, каб найвялікшыя баі разыграліся на фламандскай зямлі. Ён хацеў таксама падтрымаць мясцовы сэпаратыстычны рух, а калі б нямецкая ваенная машына нанесла ў Фландрыі вялікія шкоды, гэта было б пазбаўлена палітычнай празорлівасьці.

Першы прарыў у разьвіцьці падзеяў настаў каля поўдня 26 траўня. З галоўнага штаба патэлефанавалі Гальдэру і паведамілі, што фюрэр цяпер загадвае танкам і мотапяхоце наблізіцца да Дзюнкерка на гарматны стрэл, “каб была сарвана няспынная перавозка караблямі з сушы (эвакуацыя і падвоз падмацаваньняў)”.

Наступны загад быў атрыманы а 13.30 і зьмяшчаў адмену папярэдняга загада аб спыненьні наступа. Галоўны штаб ужо вызначаў войскам новыя мэты і выдаваў адпаведныя загады, якія былі разасланы а 15.30. Злучэньне армій А не магло зьвязацца з камандваньнем 4-й арміі ні па радыё, ні па тэлефоне, так што толькі а 16.15 спэцыяльны лётны экіпаж уручыў генэралу фон Клюгэ добрую навіну: танкі Гудэрыяна маглі рушыць у наступ.

Экіпажы танкаў былі прыведзены ў стан гатоўнасьці, бакі танкаў запоўнены, баепрыпасы закладзены, і пачалі наладжвацца калёны. Гэта ўсё запатрабавала яшчэ 16 гадзін, так што 19-ае армейскае злучэньне распачало рух толькі раніцай 27 траўня.

Гэта азначала, што вэрмахт страціў такім чынам цэлых тры дні. Як некалі ў рулетцы, Чэрчылю і гэтым разам пашэнціла з сямнаццаткай. Гэта было нечаканае шчасьце. Як брытанцы змогуць пакарыстацца гэтай зусім нечаканай удачай, будзе залежаць ад генэрала Горта і ад таго, як ён здолее выкарыстаць атрыманы час.

Аднак ні Горт, ні іншыя члены ягонага штаба не надавалі асаблівага значэньня загаду аб спыненьні нямецкага наступа, хаця ён быў высланы незашыфраваным, і брытанскі падслух яго перахапіў. Генэрал Поўнэл перажыў хвіліну радасьці (“няўжо пайшла ўдалая карта?”, як напісаў ён у сваім дзёньніку), але адразу ж яго занялі іншыя справы. Прычын для заклапочанасьці было безьліч: Булонь ужо, верагодна, упала; Кале было адрэзана; у бэльгійцаў правал; Вэйган і Лёндан усё яшчэ патрабавалі правесьці контратаку; сьпіс клопатаў быў бясконцы.

Асабліва безнадзейнай была сітуацыя паралельна лініі пратокі. 22 траўня надзейны 6-ты батальён Грын Говардс дапамагаў французам утрымліваць мясцовасьць Граўлін, але на поўдзень ад іх ўласна ўжо не было ніякага заслону. Усяго толькі 10000 чалавек прыкрывала 50 міль лініі фронта, прычым бальшыня гэтых жаўнераў былі кухары, кіроўцы і штабная абслуга, зь якіх на хуткую руку скалацілі аддзелы, і Горт пасьпеў сабраць іх разам.

Па ўсёй лініі канала не хапала жаўнераў. Горт спадзяваўся, што здолее кампэнсаваць агульны брак людзей іх канцэнтрацыяй ў гарадах і вёсках на ўсход ад канала. Гэтыя ўзмоцненыя апорныя пункты павінны былі стрымліваць нямецкія танкі як мага даўжэй.

Увечары 25 траўня 2-гі глоўчэстэрскі батальён прышоў у вёску Кастэль, якую было бачна здалёк, бо яна знаходзілася на адзіным пагорку пасярод шырокай раўніны. Гэта была добрая пазыцыя, але падпаручык Джуліян Фэйн ня мог пазбавіцца ад нядобрага пачуцьця, калі прымушаў жыхароў пакінуць дамы, а ягоныя жаўнеры пачалі рабіць у сьценах байніцы. Сьвет афарбаваўся крыху ясьнейшымі фарбамі, калі група жаўнераў, што прабівалі дзіркі ў сьценах, прынесла бочку шампанскага знакамітай маркі MoёtetChandon, дзесяць пляшак каньяку і яшчэ лікёраў.

Пасьля абеду 26 траўня – прыблізна ў момант, калі Гітлер канчаткова адклікаў свой загад аб спыненьні наступа – аддзелы ўжо акапаліся і трымалі ўсе важныя месцы на заходнім баку калідора, праз які павінна было адбыцца адступленьне. На ўсходнім баку дзьве сьвежыя французкія дывізіі, на якія спачатку разьлічвалі пры наступе на поўдзень, але загад адмянілі, далучыліся да чатырох дывізій, што ўжо былі тут. Яшчэ далей на поўдзень 1-я французкая армія блакавала нямецкі наступ на Ліль.

Праз гэты доўгі і вузкі калідор ішоў вал войскаў – больш за 150 тысяч чалавек – на поўнач да ўзьбярэжжа. Нельга ўжо было казаць пра два асобныя адступленьні з усходу і захаду, бо абедзьве плыні зьліліся ў адну хуткую раку.

Увесь час працягваліся налёты “штук”. Для “штук” ніякая мэта не была надта малой. Малодшы сяржант Бон Гэднэт, які служыў сувязным у 48-й дывізіі, ехаў на матацыкале па дарозе, калі “штука” ўзяла яго на мушку. Наляцела на яго два разы, але кожным разам кулямёты не трапілі ў яго, бо Гэднэт ехаў зігзагамі. Але пілот не адчапіўся, узяў вышыню і пайшоў на яго ў піке. І гэтым разам прамахнуўся, але гэты манэўр быў для немца сьмяротным. Ён выразна не пралічыў, калі можна будзе выраўняць машыну, і самалёт ударыўся ў дарогу ды выбухнуў. Гэднэс зьехаў з дарогі ў поле, зьлез з матацыкла, запаліў цыгарэту і, толькі адпачыўшы крыху, паехаў далей.

Жаўнеры, атупелыя ад няспынных авіяналётаў і зьнясіленыя недахопам сна, страцілі ўяўленьне аб прасторы і часе. Дні сплываліся для іх у адно. Месцы больш ня мелі ніякай асаблівай адрознасьці. Горад Папэрынж запаў ім у памяць толькі спляценьнем тралейбусных дратоў. Армэнцьер было ў памяці зьвязаны з катамі, якія там цэлую ноч вылі. Карвэн быў месцам, дзе ў месячным сьвятле роўнымі шэрагамі ляжалі целы шасьцідзесяці манахінь, забітых у кляштары бомбай. Турнэ было месцам, дзе авіябомбы патрапілі ў цырк. Па вуліцах хадзілі параненыя сланы, а чатыры белыя кані рысьсю цягнулі за сабой самлелую вершніцу.

Мала хто ведаў, дзе маршыруе ягоны аддзел. Каб знайсьці слушную дарогу жаўнеры ў некаторых месцах разглядалі ў пыле на дарозе сьляды шын, як індзейскія сьледапыты.

Пасьля абеда 26 траўня Горт выклікаў у свой штаб у Прэмэк камандуючага авіязлучэньнем Каралеўскіх Ваенна-Паветраных Сілаў (RAF) палкоўніка Гэдэрда. Аднак у паўночнай Францыі застаўся толькі адзін самалёт RAF. Гэта быў транспартны самалёт тыпу Ensign, які прывёз спэцыяльны груз супрацьтанкавых снарадаў. Калі ён зьбіраўся прызямліцца, то быў пашкоджаны стрэламі разгубленых брытанскіх жаўнераў. Урэшце яму ўдалася пасьпяховая аварыйная пасадка на бульбоўніку непадалёк ад месца, дзе была патрэба ў супрацьтанкавых снарадах.

Як толькі Горт даведаўся, што самалёт хутчэй за ўсё ўдасца направіць, ён сказаў Гадараду, каб ён вылецеў уначы ў Лёндан і наступнай раніцай ўзяў удзел у нарадзе начальнікаў штабоў у якасьці ягонага асабістага прадстаўніка. Ён павінен быў растлумачыць флёцкім, што яны павінны зрабіць значна большыя намаганьні.

Каля 3.00 самалёт быў над Ляманшскай пратокай…, а 4.30 адбылася кароткая пасадка ў Мэнстане… і ў 7.00 яны прыбылі ў Гэндан каля Лёндана. Штабны аўтамабіль адвез Гадарда ў горад, і каля 8.00 ён прыбыў у Уайтхол.

Дзякуючы некалькім удалым сустрэчам са старымі прыяцелямі, пераканаўчай прамове і арэолу афіцэра, “які толькі што прыбыў з фронта”, Гадарда правялі пасьля 9.00 у падземныя памяшканьні. Ён увайшоў у дзьверы з надпісам “Толькі для начальнікаў штабоў”, што былі пад моцнай аховай, і апынуўся ў вялікім простакутным пакоі без вокнаў.

Усе вайсковыя начальнікі Брытанскай імпэрыі сядзелі тут за сталамі, расстаўленымі так, каб атрымаўся квадрат з пустой прасторай унутры. Тут і там на цёмна-сінім абрусе ляжалі параскіданыя паперы.

Нарадай кіраваў адмірал Паўнд. Ён якраз гаварыў аб тым, што ў Дзюнкэрку магчыма задзейнічаць толькі абмежаваную колькасьць тарпэдных кацяроў. Менавіта гэта разьюшыла была Горта. На жаль, начальнік генэральнага штаба генэрал Дзіл ужо выклаў быў раней усе свае аргуманты, так што не было магчымасьці сказаць яму тое, што, паводле інструкцый Горта, павінен быў пачуць Паўнд. Зьвярнуцца наўпрасткі да начальніка штаба ваенна-марскіх сілаў было з боку маладога афіцэра RAFнедапушчальным парушэньнем пратакола, і Гадард гэта добра ведаў.

Паўнд скончыў і спытаў: “Нехта хоча нешта дадаць?”. Настала ціша, і Гадард адчуваў, як ягоныя шанцы непаўротна губляюцца, а ўся ягоная місія скончыцца мізэрным правалам. “Добра”, -- сказаў Паўнд, -- “пяройдзем да наступнага пункта”.

І раптам Гадард пачуў сам сябе, як зьвяртаецца наўпрасткі да адмірала флёту (найвышэйшае званьне ў брытанскім флёце): “Лорд Горт паслаў мяне, каб я сказаў, што меры, прынятыя для эвакуацыі, недастатковыя…” Паўнд кінуў на яго зьдзіўлены позірк, у пакоі ўсе зашумелі, усе глядзелі на яго. Непасрэдна насупраць яго сядзеў разгублены намесьнік начальніка штаба авіяцыі сэр Рычард Пірс.

Цяпер ён ужо ня мог маўчаць. І гаварыў далей, выкладаў падрабязна, што яшчэ можна было б зрабіць, сказаў нават больш, чым яму загадаў Горт. “На эвакуацыю вы павінны выслаць ня толькі рэйсавыя пасажырскія параходы, але і экскурсійныя параходзікі, прыбярэжныя судны, рыбацкія чаўны, ратавальныя чаўны, яхты, маторкі, проста ўсё, што здольнае пераплыць канал!”

У адчаі ён паўтараў: “Чуеце, усё, што здольнае пераплыць канал. І грабныя чаўны таксама!”

Пірс падняўся са свайго крэсла і, калі праходзіў каля Гадарда, прашаптаў: “Ну, гэта вы надта. Апрытомнейце і хадзіце прэч!”

І Гадарду гэта было зразумела. Ён устаў, спакойна пакланіўся ў накірунку Паўнда і здолеў пакінуць пакой дастаткова годна. Аднак да глыбіні душы ён перажываў сорам за свой выбух і сваю нясхопнасьць дамагчыся нейкай дапамогі або адказу.

Мабыць, яму было б лягчэй, калі б ён ведаў, што ў гэтае імгненьне іншыя людзі ўжо дзейнічалі менавіта так, як ён прапанаваў. Гэта былі людзі мора, як многія брытанцы, а зусім не начальнікі штабоў або славутыя адміралы. Яны нават не былі маракамі з пакліканьня. Дробныя людзі розных прафэсій па ўсёй паўднёвай Англіі без рэкламы і публічнасьці вырашылі абвергнуць змрочныя прадказаньні дзяржаўнікаў і вайскоўцаў.

Апэрацыя “Дынама”

Адмірал Прэстан кіраваў у міністэрстве марскіх спраў аддзелам рэгістрацыі малых суднаў. Гэта быў патрэбны, але ня надта прывабны аддзел. Ён настолькі не лічыўся дастаткова прэстыжным, што яго нават разьмясьцілі не ў будове міністрэства марскіх спраў, а ва ўзятых у наём памяшканьнях суседняга будынку. Сакратар адмірала дзяржслужачы Бэры проста ня мог уявіць сабе, што яго чакае нешта іншае, акрамя звычайнай канцылярскай працы.

Але яго чакала неспадзеўка. Перад ім ляжалі шэсьць мяхоў з лістамі, якія трэба было адкрыць і апрацаваць. Гэта былі першыя адказы на заклік брытанскага радыё ВВС ад 14 траўня да “ўсіх уладальнікаў спартовых маторных чаўноў, што мелі даўжыню ад 30 да 100 футаў, каб яны на працягу 14 дзён прыслалі ў міністэрства марскіх спраў усе патрэбныя дадзеныя…” Заклік быў матываваны не падзеямі ў Фляндрыі, а пагрозай магнітных мін. Каб даць ім рады, брытанскія докі пачалі перарабляць драўляныя чаўны на міналоўныя кацяры. Калі дзяржаўныя рэзэрвы адпаведных чаўноў былі вычарпаны, аддзел рэгістрацыі малых суднаў пачаў рэквізіраваць для гэтай мэты прыватныя яхты і маторкі.

У той жа дзень 17 траўня пра магчымасьць эвакуацыі ўпершыню пачаў разважаць і Уінстан Чэрчыль. Ніхто ня мог параўнацца зь ім у наступальнай натхнёнасьці – ніхто не падтрымліваў баявы дух Горта больш за яго – але, зь іншага боку, неабходна было лічыцца з кожнай магчымасьцю, а візыт у Парыж 16 траўня быў для яго халодным душам. Таму цяпер ён запатрабаваў ад колішняга прэм’ера і цяперашняга старшыні Каралеўскай рады Нэвіла Чэмбэрлена, каб той разгледзеў “праблемы, якія могуць паўстаць пры неабходнасьці эвакуацыі брытанскага экспэдыцыйнага корпуса з Францыі…”

На ніжэйшым узроўні прымаліся больш канкрэтныя меры. Генэрал Рыдэл-Вэбстэр старшынстваваў 19 траўня на паседжаньні ў ваенным міністэрстве, дзе ўпершыню гаварылася пра магчымую эвакуацыю. Пакуль што ніхто не разглядаў гэта як неадкладную неабходнасьць. Намесьнік міністэрства марскога транспарта пайшоў з нарады ў перакананьні, што ў яго яшчэ ёсьць плойма часу на зьбіраньне суднаў, якія ў гэтым выпадку маглі прыдасца.

Міністэрства ваенна-марскога флёту даверыла падрыхтоўку апэрацыі віцэ-адміралу Бэртраму Рамсэю. Віцэ-адмірал жыў у Дувэры і быў, такім чынам, адпаведным чалавекам на адпаведным месцы. У распараджэньні ў яго было 36 суднаў, збольшага паромы, якія забясьпечвалі пераправу праз пратоку.

Калі ж Рамсэй на наступны дзень склікаў нараду, гэтым разам ужо ў Дувэры, становішча выглядала зусім інакш. Нямецкія танкі ішлі да ўзьбярэжжа… брытанскі экспэдыцыйны корпус быў амаль у пастцы… сам Горт ужо гаварыў пра эвакуацыю. “Рызыкоўная эвакуацыя вялікіх вайсковых сілаў праз пратоку” фігуравала цяпер як першы пункт абмеркаваньняў.

Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася, калі нарада ў тым жа складзе адбылася 21 траўня, гэтым разам зноў у Лёндане. Быў выпрацаваны новы план, значна больш канкрэтны і з дакладнымі лічбамі. Штодня неабходна было вывозіць з трох портаў – яшчэ меліся на ўвазе Кале, Булонь і Дзюнкерк – 10 000 вайскоўцаў. Адначасова магчыма было загружаць толькі па два судны ў кожным порце. Рамсэю цяпер перадалі 30 паромаў, 12 рыбацкіх параходаў і 6 прыбярэжных грузавых суднаў.

На наступнны дзень, 22 траўня, усё ўжо выглядала інакш. Нямецкія танкі ўжо атакавалі ў накірунку на Кале і Булонь, і толькі Дзюнкерк не знаходзіўся яшчэ ў непасрэднай небясьпецы. Над падрабязнымі планамі ўжо ніхто не працаваў. Не прадугледжваліся і далейшыя нарады. Рамсэй як чалавек з надзвычайна практычным чуцьцём зразумеў, што сітуацыя на фронце цяпер мяняецца хутчэй, чым ён пасьпявае склікаць нарады. Акрамя таго, кожны ўжо ведаў, што меўся рабіць. Самым важным цяпер было дзейнічаць хутка і рэагаваць на выклікі. Звычайная службовая працэдура і выкарыстаньне афіцыйных каналаў страцілі значэньне. Дэвізам дня стала імправізацыя, а галоўным сродкам каардынацыі тэлефон.

У гэтай сітуацыі Рамсэй пачуваўся, як у роднай стыхіі. Ён быў выдатным арганізатарам і ўмеў настойліва дамагацца свайго. Гэтая рыса ягонага характару ў 1935 годзе парушыла яму вайсковую кар’еру. Тады, будучы начальнікам штаба адмірала сэра Роджэра Бэкхаўза, галоўнакамандуючага флятыліі, што стаяла на якары ў брытанскіх портах, ён адчуў, што адмірал недастаткова давярае яму. Будучы адкрытым чалавекам, ён падаў рапарт і пайшоў на пэнсію. Быў далёкі ад флёцкіх спраў на працягу трох гадоў, займаўся коньмі і жыў на вёсцы з жонкай Мэг і трыма дзецьмі.

Калі напярэдадні другой сусьвенай вайны ваенна-марскі флёт пачаў разрастацца, яго зноў паклікалі на службу і даручылі Дувэр. Ён гэтую мясцовасьць ведаў вельмі добра, бо ў першую сусьветную вайну быў капітанам тарпеднага кацера дувэрскага гарнізона. Спачатку новая служба не была надта цяжкой: йшлося галоўным чынам аб закладаньні мін для абароны ад падводных чаўноў і пошуках спосабаў, як даць рады новым магнітным мінам праціўніка. Аднак, нямецкі прарыў на мацерыку усё зьмяніў. Дувэр быў на адлегласьці ўсяго толькі дваццаці міль ад французкага ўзьбярэжжа, так што стаўся, ўласна, участкам фронта.

Штаб Рамсэя ня быў шматлікім, але затое сапраўды якасным. Рамсэй цярпець ня мог дурных і чакаў ад сваіх афіцэраў ініцыятыўных дзеяньняў. Ахвотна надаваў паўнамоцтвы іншым, і ягоныя супрацоўнікі з задавальненьнем прымалі на сябе адказнасьць. Напрыклад, ягоны адзютант паручык Джэймс Стопфард вёў зацяты бой за тое, каб з Дувэра была наладжана наўпроставая тэлефонная сувязь з Булоньню, Кале і Дзюнкеркам. Міністэрства ваенна-марскога флёту скардзілася, што гэта будзе каштаваць дадаткова штогод 500 фунтаў, але Стопфард настойваў на сваім. Цяпер, калі брытанскі экспэдыцыйны корпус быў загнаны на ўзьбярэжжа, гэтая тэлефонная лінія была на вагу золата.

Як дувэрскі віцэ-адмірал, Рамсэй мог жыць і працаваць у дувэрскім замку. Але ў гэтыя дні ягоная канцылярыя знаходзілася не ў раскошнай вежы, якая тырчыць над портам. Ягоныя памяшканьні знаходзіліся пад замкам у знакамітых вапнавых скалах на ўсход ад горада. Падчас напалеонаўскіх войнаў французкія палонныя выдзяўблі ў мягкай вапнёўцы лабірынт казэматаў, злучаных калідорамі, гэта была частка ангельскай бэрагавой абароны. Цяпер, у ХХ стагоддзі, гэтыя прасторы зноў выкарысталі ва ўмовах пагрозы новага нашэсьця.

На самым канцы комплекса знаходзіўся працоўны кабінэт адмірала з балконам, высечаным у скале. Гэта не была канцылярыя, якую можна было чакаць убачыць у адмірала. Падлога была бэтонная, толькі часткова накрытая тонкім стаптаным дываном. На сьценах вісела некалькі мап у рамках. Пісьмовы стол, пара крэслаў, канфэрэнцыйны стол і складны палявы ложак у куце былі дадаткам абсталяваньня. Аднак, памяшканьне мела адну вялізную перавагу. Дзякуючы балкону яно было адзінай заляй з дзённым сьвятлом. У шырокай галерэі зьбіраўся штаб Рамсэя, каб арганізаваць эвакуацыю. Тут гаспадарыў энэргічны капітан ВМС Майкл Дэні, які меў у сваім распараджэньні выдатна зладжаную каманду з шаснаццаці чалавек і сем тэлефонаў. У першую сусьветную вайну ў гэтых пячорных прасторах была разьмешчана запасная сістэма асьвятленьня замка, і ўсе называлі гэта “памяшканьнем з дынама-машынай”. Засноўваючыся на асацыяцыі, міністэрства ваенна-марскога флёту назвала цяпер планаваную эвакуацыю апэрацыяй “Дынама”.

Галоўнае, што было патрэбным, гэта былі людзі і судны. Было зразумела, што 30 альбо 40 суднаў, выдзеленых міністэрствам для выкананьня задачы, будуць недастатковымі. З усіх меркаваньняў самым дакладным было наступнае: сабраць усё, што магло плыць. Цяпер Рамсэй меў зялёнае сьвятло на ўсё, што было яму да патрэбы. І ягоны штаб пачаў раскальваць тэлефоны ў дынамавай прасторы: ад міністэрства марскога транспарту патрабавалі сабраць усе вольныя судны на ўсходнім і паўднёвым узьбярэжжы Англіі… ад ваеннага міністэрства патрабавалі яшчэ тарпэдных кацяроў… тэлефанавалі ў кіраўніцтва паўднёвай чыгункі з патрабаваньнем даслаць спэцыяльныя цягнікі… званілі ў міністэрства ваенна-марскога флёту, патрабуючы буі… лекі… баепрыпасы… харчаваньне… газу… фармуляры ІТ-124… і, галоўнае, экіпажы.

А 4.00 уначы 23 траўня паручыка Т.К. Крыка абудзіў стук у дзьверы ягонага пакою ў прыморскім складзе ў Чэтхэме. Гончык прынёс яму загад аб тым, што Крык павінен быць “гатовы заступіць на службу ў найбліжэйшы час” і нічога болей. А 6.30 ён атрымаў загад неадкладна зьявіцца ў казармах. Калі ён прыбыў туды, то даведаўся, што ён адзін з 30 мабілізаваных афіцэраў, і што іх накіроўваюць у Саўтгэмптан, каб уключыцца ў экіпажы на галяндскіх грузавых суднах, што стаяць там на якары. Чаму? Яны павінны “дастаўляць баепрыпасы і іншыя грузы экспэдыцыйнаму корпусу”, як сказалі ім.

Капітан Джон Фішэр, вопытны кіраўнік аддзела прыбярэжнага воднага транспарту і плаўсродкаў на малыя адлегласьці, меў з гэтымі “schuitjes”, як называлі іх галяндцы, уже меў зь імі дачыненьне ў рамках сваёй звычайнай працы. Тут яму прышло ў галаву, што дзякуючы свайму малому пагружэньню ў ваду яны маглі стацца ідэальнымі суднамі для швартоўкі на пляжах каля Дзюнкерка. Таму 40 штук іх былі імгненна рэквізіраваны для апэрацыі “Дынама”.

Па ўсёй Англіі цяпер ляцелі інструкцыі і загады, якія паставілі з ног на галаву звычайнае жыцьцё суднаў і экіпажаў. Глыбока пад зямлёй у белых дувэрскіх скалах напоўніцу працаваў штаб у памяшканьні для дынама-машыны. “Ніхто з нас за ўсю ноч не прылёг, і мяркую, што не спачнем і ў бліжэйшыя ночы. Я ўжо так хачу спаць, што ледзь прымушаю вочы расплюшчыцца”, -- напісаў алмірад Рамсэй 23 траўня жонцы Мэг.

У Дувэр сплывалася дзіўная флатылія паромаў, рыбацкіх чаўноў, кацяроў, баркасаў, прыбярэжных параходаў і “скутэраў”, і гэта выклікала шэраг новых праблем. Перш за ўсё ім трэба было недзе стаць на якар. Порт Шырнэс ў вусьці Тэмзы стаў галоўным месцам для шватаваньня, дзе малыя судны дзяліліся на катэгорыі і падрыхтоўваліся для плаваньня ў моры. А порт Рэмсгэйт стаў галоўным зборным пунктам перад плаваньнем. Там далівалі паліва ў бакі, загружалі грузы і шыхтавалі канвоі.

Як толькі ўдалося вырашыць адны праблемы, як адразу ж зьявіліся новыя, ня менш тэрміновыя. Трэба было знайсьці наладчыкаў, якія б разьбіраліся ў наравістых маторах, зь якімі ВМС ня мела ніякага досьведу… для некаторых даўніх прыбярэжнік параходаў трэба было дастаць вугля… трэба было дастаць каля тысячы карт для малых суднаў, якія рэдка выходзілі ў адкрытае мора. На картах трэба было вызначыць маршруты, але ж дадзеныя аб пляжах на іншым баку былі ў лепшым выпадку даволі туманныя. Палкоўнік Сэм Бэсэт, які кіраваў тапаграфічным аддзелам ў міністэрстве ВМС і да якога з памяшканьня для дынама-машыны зьвярнулася па дапамогу, аб’езьдзіў офісы агенцый падарожжаў па ўсім Лёндане, зьбіраючы праспэкты з падрабязным апісаньнем французкіх пляжаў. Ад моманту пачатку вайны дзевяць месяцаў таму ніводны турыст такімі інфармацыямі не цікавіўся, і супрацоўнікі агенцый павінны былі глядзець на якога як на шаленца.

Яшчэ адной праблемай было ўзбраеньне. Уся гэтая флатылія мірных суднаў павінна была мець нейкую абарону, і лепшай зброяй для іх, здавалася, былі кулямёты Льюіс. Але ніводзін склад ня мог задаволіць усе патрабаваньні Рамсэя. Таму кулямёты даставалі дзе толькі маглі: 11 у Лёндане, 10 у Глазга, 1 у Кардзіфе, 7 у Ньюкастле… разам 105.

Калі памяшканьне для дынама-машыны было месцам “арганізаванага хаосу”, як пазьней адзін з афіцэраў ахарактарызаваў сітуацыю, велічныя дувэрскія скалы надзейна хавалі гэты факт ад зьнешняга сьвету. Дуўр ніколі не выглядаў так прывабна, як 26 траўня. Праз канал чутны быў гул артылерыйскай кананады – Булонь ужо была занята немцамі, Кале заставалася няшмат – але экапажам суднаў, што спакойна стаялі на якары ў Даўнсе, усе гэта здавалася вельмі далёкім.

Вайскоўцы, аточаныя ў Фляндрыі, ведалі сітуацыю яшчэ горш. Калі загады даходзілі да частак, то як правіла іх перадавалі вусна. Асабліва ў розных армейскіх службах забесьпячэньня часта не было ўжо нікога, каму можна перадаць загады, бо афіцэры проста зьніклі. Жаўнерам роты, якая забясьпечвала 4-ю дывізію баепрыпасамі, проста сказалі: “Няхай кожны паклапаціцца пра сябе сам і неяк дабярэцца да Дзюнкерка. Шчасьліва”. 1-я аўтарота атрымала інструкцыі “наблізіцца як мага бліжэй да Дзюнкерка, зьнішчыць там аўтамабілі, а потым ужо кожны дзейнічае самастойна”. Жаўнеры 573-й сапёрнай роты таксама пачулі словы, якія чулі і раней: “Няхай кожны паклапаціцца аб сябе і нейкім чынам дабярэцца да Дзюнкерка”.

Загады паступалі часта абсалютна нечакана. У невялікай бэльгійскай вёсачцы на золку прагучаў крык, які абудзіў сяржанта Джорджа Снэлгара з аўтароты: “У паход!” Ён пачуў тупат ног жаўнераў, якія беглі, а калі вызірнуў з вакна дома, дзе быў раскватэраваны, убачыў свій атрад, які маршыраваў да месца стаянкі грузавікоў. Ён дагнаў роту і даведаўся, што паступіў загад зьнішчыць машыны і пешкі ісьці на Дзюнкерк. Заплутаць яны не маглі: дастаткова было ісьці ў напрамку, дзе на даляглядзе слупам ўздымаўся дым.

Уначы арыентавацца было значна цяжэй. Калі малодшы сяржант Рэджыналд Локрбі з 2-га палявога аўтапарка ехаў на поўнач за стырном грузавіка, перад імі раптам выскачыў на дарогу афіцэр і пачаў махаць, каб яны спыніліся. Яны ехалі проста на нямецкія лініі, якія былі ў 500 ярдах адтуль. Калі Локрбі спытаў, як ехаць на Дзюнкерк, афіцэр паказаў на адну зорку над даляглядам і сказаў, што “дастаткова арыентавацца на яе”. Іншыя арыентаваліся на выбухі артылерыйскіх шрапнэльных снарадаў на фоне начнога неба. Але выбухі былі цяпер паўсюль. Толькі невялікі шматок неба на поўначы быў цёмным. Там быў Дзюнкерк.

Маёр Пітэр Гіл з аўтамабільнай часткі быў адным з нямногіх, хто меў карту. Не вайсковую карту, бо з нейкай прычыны на пачатку кампаніі ў тылавых частках былі забраны ўсе карты. Тое што ён меў, была малая карта выразаная ім з газэты DailyTelegraph, надрукаваная там, каб чытачы маглі мець уяўленьне пра ваенныя дзеяньні на кантынэнце.

Шэраговаму У.С. Уолкэру з 5-га каралеўскага артылерыйскага палку быў бы патрэбны ангельска-французкі слоўнік. Калі ён дабраўся да ўказальніка з надпісам “Dunkerque”, то зусім ня быў упэўнены, што гэта і ёсьць Dunkirk.

Але хваляваўся ён дарэмна. На Дзюнкерк можна было ісьці кожнай дарогай, што вяла на поўнач, пакуль яна была ўнутры калідора, які на ўсходзе баранілі бэльгійцы і брытанцы, на захадзе французы і брытанцы, а на самым поўдні французы ўпарта трымалі Ліль.

Усе дарогі былі безнадзейна запханы войскамі ў рознай ступені разлажэньня, ад валійскіх гвардзейцаў, якія жвава маршыравалі з вінтоўкамі на плячы, да самотных жаўнераў, што пляліся. Такім быў Лэслі Р. Пэйдж, ардынарац артылерыйскага афіцэра 44-й дывізіі, які марна шукаў сваю частку, што разьбеглася падчас авіяналёта. Цяпер ён тупаў на поўнач самотны пасярод іншых жаўнераў і цывільных уцекачоў. Каля яго праязджаў адкрыты дзьвюхколавы вазок, якім карыстаюцца ў бэльгійскіх вёсках. Ён быў поўны бэльгійскіх уцекачоў. Раптам жаўнер убачыў паміж імі свайго бацьку, які сядзеў каля кучара.

“Што гэта значыць? Мы што, у нядзельную школку выправіліся?” – пажартаваў Пэйдж, калі ўскочыў на вазок на кароткую сямейную сустрэчу. Аказалася, што бацька, пяхотны афіцэр забесьпячэньня, згубіў сваю частку, як і сын. А тут зноў наляцела люфтвафэ, і яны зноў згубілі адзін аднаго. Малодшы Пэйдж крочыў далей сам. “Куды гэта мы йдзем?” – спытаў ён у нейкага жаўнера. Адказ быў звычайным: "Бачыш той дым на даляглядзе, што перад намі? Там Дзюнкерк. Пастарайся дабрацца туды”.

Зараджаючы Артур Мэй з 3-га артылерыйскага палку перажываў агонію арміі мацней за іншых. Ён служыў у той самай батарэі, дзе і ягоны бацька ў першую сусьветную вайну, і вельмі ганарыўся гэтым. Там былі тыя ж гарматы, з той толькі розьніцай, што цяпер яны мелі гумовыя колы, а ў першую вайну перасоўваліся на стальных. Армэнц’е і Папэрынж былі для яго знаёмымі з маленства. Мэй меў адчуваньне, што ідзе бацькавымі сьлядамі. Але ў найчарнейшыя дні першай вайны становішча не было настолькі дрэнным, каб батарэя павінна была зьнішчыць уласныя гарматы. Ён моцна перажываў, што “падвёў свайго старога”.

Пасярод ліхаманкавага самазьнішчэньня, якое ахапіла брытанскі экспэдыцыйны корпус, на шчасьце не ставала часу на такія змрочныя думкі. У такіх мястэчках, як Хондсхуутэ альбо Оост Капэл, што ляжалі на дарозе на Дзюнкерк, гінула ў полымі ўзбраеньне цэлай арміі. Тысячы грузавікоў, цягачоў, матацыклаў, запасаў, палявых кухняў, легкавых аўтамабіляў былі пастаўлены ў шэрагі на палях. З радыятараў вылівалі ваду, а з матораў алей. Маторы потым запускалі, і яны працавалі аж покуль не плавіліся. Кучы коўдраў, газавых масак, бацінак, ботаў і новых уніформаў гарэлі на палях. Калі яфрэйтар У.Дж. Ігхэм з палявой жандармэрыі праходзіў каля такой кучы адзежы, падрыхтаванай да спаленьня, ён ускрыў адзін скрутак, знайшоў там уніформу свайго росту, пераапрануўся і праз некалькі хвілін далучыўся да сваёй часткі як “адзіны добра апрануты жаўнер у цэлай камандзе”.

Дым, што ўздымаўся над Дзюнкеркам і быў бачны за дваццаць міль на поўначы, ня меў ніякага дачыненьня да спаленьня брытанскага абсталяваньня і тэхнікі. Гэта Гэрман Гёрынг намагаўся выканаць сваё абяцаньне аб тым, што ягоная люфтвафэ выйграе бітву самастойна. Ужо каля тыдня хайнкэлі, дарньеры і штукі 2-й авіяфлатыліі генэрала Кэсэльрынга сістэматычна грамілі горад. На пачатку шкоды былі зусім невялікімі, але 25 траўня падчас налёту быў моцна пашкоджаны галоўны шлюз прыстані, была выведзена з ладу электрастанцыя, а порт ператвораны ў руіны з лесам перакуленых кранаў.

Люфтвафэ працягвала мэтадычнае зьнішчэньне порта. Толькі пасьля абеда 26 траўня самалёты скінулі 4000 бомб на горад, порт, караблі, што стаялі на якары, на дарогі, што вялі ў порт, на дэзарганізаваныя шматтысячныя натоўпы, якія накіроўваліся да узьбярэжжа.

“Дзе брытанская каралеўская авіяцыя (RAF)?” – увесь час гучала з усіх бакоў. У адной калёне жаўнераў разьюшанасьць скіравалася на жаўнера ў блакітнай лётніцкай уніформе, які пры адступленьні выпадкова патрапіў сярод іх. Гэта быў не пілот, а нейкі пісарчук з штаба, які адступаў, але гэта яму не дапамагло. Раззлаваныя жаўнеры пачалі пагрозьліва зьбірацца вакол яго, ён зрабіўся громаадводам для іхняга накопленага раздражненьня. Чалавек быў у такой небясьпецы, што сяржант Локрбі пачаў шукаць яму іншую ўніформу. Па іроніі лёсу ён мусіў спыніць пошукі, бо зноў наляцелі штукі. Калі ж налёт скончыўся, ад няшчаснага службоўца авіяцыі не засталося сьледу, мабыць, ён падаўся шукаць больш сімпатычных спадарожнікаў. RAFусё ж тут была, хаця часта далёка, і пакуль яшчэ не надта ўключылася ў дзеяньні. На працягу ўжо некалькіх дзён камандваньне авіяцыі перасоўвала свае каштоўныя эскадрыліі гурыканаў і спітфайраў на лётнішча каля пратокі і рыхтавалася забясьпечыць прыкрыцьцё эвакуацыі з паветра.

Калі 25 траўня 19-я эскадрылья RAFбыла перасунута з Горшгэма ў Горнчорч, старэйшы лейтэнант ВПС Майкл Д. Лайн адразу адчуў зусім іншую атмасфэру, якая тут панавала. У Горшгэме яны ўвесь час займаліся трэніровачнымі палётамі, там не было ні сьляда вайны, а ў Горнчорчы плошча лётнішча была запоўнена пашкоджанымі ў баях самалётамі, а ў шынку ўсе размовы былі толькі пра субоі ў паветры і тактыку. Для маладога пілота, які меў за сабой толькі сто гадзін палётаў на спітфайрах, гэта быў момант ацьверазьвеньня.

Раніцай 26 траўня Лайн вылецеў у свой першы патрульны палёт над узьбярэжжам. Перад вылетам яны не атрымалі ніякіх асаблівых інструкцый. Эскадрылья проста накіравалася курсам на Францыю як зазвычай. Непадалёк ад Кале яны сутыкнуліся з нейкімі штукамі і мэсэршмітамі-109, далі ім дыхту, але страцілі два самалёты, уключна з машынай камандзёра эскадрыльі.

Пасьля абеду Лайн зноў быў над Дзюнкеркам у сваім другім патрульным палёце. Каля Кале яны зноў сутыкнуліся сутыкнуліся з групай мэсэршмітаў-109. Лайн упершыню апынуўся пад кулямётным агнём нямецкага зьнішчальніка, але не адразу ўсьведаміў гэта. За ягонымі крыламі зьявіліся загадкавыя клубкі дыма, а потым ён пачуў доўгі грукат кулямётаў нямецкага зьнішчальнага самалёта. Толькі тады да яго дайшло, што ён стаўся мэтай для кагосьці.

Лайн здолеў высклізнуць ад нападаючага, але адразу ж ім заняліся два наступныя мэсэршміты-109, якія падляцелі пад яго. Ён паспрабаваў зрабіць манеўр у бок, збавіў газ і пачаў паварочвацца, калі куля або аскелак шрапнэлі патрапіла яму ў калена. Радыё змоўкла, пілоцкая кабіна адразу напоўнілася дымам і парай, спыніўся і матор.

Першай ягонай думкай было паспрабаваць зрабіць аварыйную пасадку ў Францыі і прабыць рэшту вайны ў нямецкім лягеры для ваеннапалоных. Потым прышла другая думка, што гэта ня надта прывабна, і прыйдзецца хутчэй падаць у пратоку, дзе яго абавязкава нехта вылавіць. Праз імгненьне ён адкінуў і гэта. “Мне не хацелася намокнуць”, -- распавядае ён сёньня. Калі ж урэшце да яго вярнулася разважлівасьць, ён сказаў сябе, што паспрабуе ўсё ж неяк давесьці самалёт да брытанскага ўзьбярэжжа. Яму гэта ўдалося, але ён быў на валасок ад гібелі. Большую частку свайго палёту ён планіраваў над морам, а потым прызямліўся на першым жа пляжы каля Дэла, які надаваўся. Увесь акрываўлены і запэцканы алеем ён выкараскаўся з кабіны ў зусім іншы сьвет.

Гэта была нядзеля, і пляж быў поўны шпацыруючых параў – вайскоўцаў у парадных уніформах і дзячат ў прыгожых веснавых строях – усе яны насладжаліся шпацырам цёплым травеньскім днём. Убачыўшы гэтую прывабную сцэну, Лайн адчуў, што парушае яе. Потым ён усьведаміў, што ўварваўся сюды непажаданым і прымушае людзей улічыць, што ўсяго ў дваццаці мілях адсюль ўсё выглядае зусім інакш.

Ягоныя пачуцьці былі слушнымі. Людзі ў Дэле і Дувэры – ды й ва ўсёй Англіі – усё яшчэ жылі ў спакоі і міры. Улады дагэтуль яшчэ не абвесьцілі надзвычайнае становішча, а далёкі гул гармат за пратокай сам па сабе не ствараў атмасфэру вайны. Гэта быў тыповы мірны уікэнд: каманда рэгбі горада Дувэра выйграла ў каманды мясцовага гарнізона зь лікам 88 : 35, мясцовая футбольная каманда прайграла ў Сіцінбоўрне, мясцовая апэрэтка развесіла плакаты з рэкламай новай камэдыі “Тры дурні”.

Аднак у Уайтхоле панаваў ужо іншы настрой. Урад ужо разумеў, што Брытанія апынулася на ўскрайку страшнай катастрофы. Рэйно, які прыбыў у Лёндан на кансультацыі з Чэрчылем, таксама быў у змрочным настроі. Ён адчуваў, што Пэтэн хоча падпісаць перамір’е, калі ў руках немцаў апынецца большая частка Францыі.

Настаў самы час дзейнічаць. У гэтую нядзелю 26 траўня а 18.57 міністэрства ВМФ паслала ў Дувэр тэлеграму: “Распачаць апэрацыю “Дынама”.

“У гэты момант я нясу адказнасьць за найцяжэйшую і рызыкоўнейшую апэрацыю, якая была калі-небудзь праведзена”, -- напісаў Рамсэй позна ўначы (дакладна а 1.00 27 траўня) жонцы Мэг. “Калі Пан Бог нам яксьлед не дапаможа, усё скончыцца трагедыяй. Я намагаюся пра гэта ня думаць. І пра тое, што будзе заўтра, таксама…”

Самы крытычны пункт апэрацыі быў, аднак, па-за кантролем Рамсэя. Ключавым пытаньнем было, ці наогул дабяруцца да Дувэра ўсе жаўнеры. Загад Гітлера аб спыненьні далейшага наступу быў ужо адменены, і нямецкія танкі зноў зрушылі з месца. Тысячы хаўрусьніцкіх вайскоўцаў ўсё яшчэ знаходзіліся глыбака на тэрыторыі Францыі і Бэльгіі. Ці ўдасца ўтрымаць калідор для адступленьня дастаткова доўга, каб хаўрусныя войскі маглі адысьці на ўзьбярэжжа? Як можна дапамагчы войскам, што абараняюць калідор? Як забясьпечыць патрэбны час?

Пераклаў з ангельскай Валеры Буйвал.

Walter Lord. The Miracle of Dunkirk. New York, 1982.

(працяг будзе)

 

Дзюнкерк

 

Дзюнкерк

 

Дзюнкерк

/ 06-09-2018
Гісторыя Змаганьне Другая Сусьветная вайна Супраціў Вялікабрытанія Дзюнкерк
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: цётка з-пад Воршы 2018-09-09

Чалавек і яго жыцьцё-галоўная каштоўнасьць у дэмакратычнай краіне. У масковіі галоўнае- грошы.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: