змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Нацыянальнае адраджэньне: крымскія татары

Крымскія татары – карэнны народ Крыма, адзіны з крымскіх жыхароў, у якога больш няма іншай зямлі і іншай айчыны. Крымскататарская мова належыць да цюркскай групы алтайскай сям’і моў. Вялікая гістарычная традыцыя народа зьвязана з гісторыяй Крымскага ханства (сталіца – Бахчысарай), якое канчаткова сфармавалася ў XVст. і фактычна было незалежнай дзяржавай, знаходзячыся ў васальнай сувязі з Асманскай імпэрыяй.

Набегі і войны, перамогі і паразы, але і хаўрусы, сумеснае змаганьне супраць ворагаў – такімі былі драматычныя дачыненьні беларусаў, украінцаў і палякаў з Крымскім ханствам. Пасяленьне крымскататарскіх родаў у Вялікай Літве Вітаўтам Вялікім стала адной зь яркіх старонак ў беларускай гісторыі. Беларускія татары заўжды былі адданымі патрыётамі нашай Бацькаўшчыны. Менавіта ў іхніх сьвяшчэнных кнігах Аль-Кітабах (напісаных арабскім пісьмом па-беларуску) адлюстраваліся і захаваліся формы жывой, народнай беларускай мовы. Крымскія татары мусульмане-суніты, і дагэтуль менавіта рэлігія разам з мовай зьяўляюцца важнейшымі фактарамі нацыянальнага адзінства.

Разгром і заваёва Крымскага ханства Расеяй пачаліся ў 1736 г., калі расейскія войскі пад камандваньнем фэльдмаршала Мініха спустошылі Крым і спалілі Бахчысарай. А 1783 г. пасьля перамогі Расеі ў вайне з Турцыяй Крым быў канчаткова захоплены паўночнай імпэрыяй. Адзначыўся тут і агульны вораг народаў граф А. Сувораў, які выканаў загад Пецярбурга па высяленьню дзесяткаў тысяч крымскіх хрысьціян з Крыма на нядаўна захопленыя землі на тэрыторыі Украіны. Быў парушаны сацыяльны і эканамічны баланс на паўвысьпе, разбураны гандль і рамёствы. З расейскім заваяваньнем пачалося гвалтоўнае засяленьне Крыма расейскімі асаднікамі, вяльможы атрымлівалі ў валадараньне землі, сады, вінаграднікі, усе багацьці народа. Крымскія татары вымушаны былі масава з’язджаць у Турцыю, што прывяло да ўпадку гарадоў і паселішчаў, зачыняліся мячэці, мэдрэсэ і мэктэбы. 

2 кастрычніка 1917 г. крымскататарскія патрыёты абвясьцілі Крымскую Народную Рэспубліку і пачалі ваенныя дзеяньні супраць расейскіх бальшавікоў. Начале рэвалюцыі быў Наман Чэлябіджыхан, старшыня партыі Мілі Фірка. На прыканцы студзеня 1918 г. КНР была разгромлена бальшавіцкімі акупацыйнымі войскамі. Чэлябіджыхан быў расстраляны без суда. Гэта быў толькі пачатак масавага чырвонага тэрору на паўвысьпе.

Аднак расейцы вымушаны былі ўтварыць Крымскую АССР. Расейскае панаваньне і разбурэньне сельскай гаспадаркі прывяло да вялікага голаду 1921 года, калі загінулі дзесяткі тысячаў людзей. Кароткі пэрыяд нацыянальнага станаўленьня ў 1920 – на пачатку 1930-х гадоў (разьвівалася адукацыя, выдаваліся газэты і кнігі ў крымскататарскай мове, большую частку адміністрацыі складалі нацыянальныя кадры) трагічна завяршыўся рэпрэсіямі. Была зьнішчана большая частка нацыянальных элітаў, сьвятароў. Але нацыянальная катастрофа была яшчэ наперадзе.

Пасьля разгрому і выгнаньня нямецкіх акупантаў Крэмль абвясьціў увесь крымскататарскі народ “здраднікамі айчыны” і калабарантамі з ворагам (хаця нават паводле афіцыйнай расейскай статыстыкі, 35 тысячаў крымскіх татараў гераічна ваявалі на франтах супраць гітлерцаў). На загад з Масквы за адну ноч 18 траўня 1944 года часткі НКВД наладзілі агульны пагром і дэпартацыю ўсяго крымскататарскага народу (каля 200 тысячаў чалавек) ва Узбэкістан і іншыя рэгіёны СССР. 9 траўня 1945 года, пад “салют Перамогі” на франтах былі арыштаваны ўсе крымскія татары і накіраваны пад канвоем у месцы высылкі. У першыя гады выгнаньня ад невыносных умоваў, голаду і холаду памерла да паловы народа. Крым быў заселены расейскімі асаднікамі.

Хрушчоўская “адліга” 1956 года вызначылася рэабілітацыяй і вяртаньнем на радзіму народаў, якія былі пагалоўна рэпрэсаваны і дэпартаваны з роднай зямлі. Усіх, акрамя крымскіх татараў. Толькі некалькім тысячам іх удалося пасяліцца на радзіме. Крымскія татары разгарнулі змаганьне за вяртаньне на родную зямлю. Прызнаным лідэрам руху стаў Мустафа Джэмілёў (нар. 1943), які за сваю праваабарончую дзейнасьць 15 гадоў правёў у савецкіх вязьніцах і лягярох, а таксама на высылцы ў Якуціі.

З канца 1980-х гадоў крымскататарскі рух набыў масавы характар. Паўсюль у месцах пражываньня выгнанага народа адбывалася нацыянальна-культурная і палітычная кансалідацыя, мацнела і пашыралася пратэстацыйная дзейнасьць. Крымскататарскія праводзілі дэманстрацыі пратэсту ў Маскве, нават на Чырвонай плошчы. У 1989 годзе пачалося масавае “самавольнае” вяртаньне крымскіх татараў на радзіму. Яны сяліліся на пустуючых землях, будавалі дамы (такзваныя “самабуды”), пачыналі стваральную працу. Міліцыя, КГБ пры ўдзеле расейскіх асаднікаў шмат разоў разбуралі і палілі гэтыя паселішчы. Але народ не саступаў і працягваў вяртаньне.

У 1991 годзе быў скліканы 2-гі Курултай, на якім была ўтворана сістэма нацыянальнага самакіраваньня крымскіх татараў. Курултай сфармаваў выканаўчы ворган – Мэджліс. Мустафа Джэмілёў быў абраны старшынёй Мэджлісу. У 2013 годзе старшынёй Мэджлісу быў абраны Рэфат Чубараў (нар. 1957). У Крым вярнулася і пасялілася больш за 300 тысячаў крымскіх татараў. Дзесяткі тысячаў сем’яў пасяліліся бліжэй да радзімы, у вобласьцях, памежных з Крымам.

Новая глава народнай драмы пачалася ў лютым 2014 года, калі Расея захапіла, а потым і анэксавала Крымскую паўвыспу. Крымскія татары выступілі на баку Украіны. Мэджліс быў забаронены акупацыйнымі ўладамі, распачаліся рэпрэсіі супраць крымскіх татараў: выкраданьні, зьбіцьцё і забойствы людзей, канфіскацыі маёмасьці, арышты і суды. Галоўнай мэтай акупантаў ёсьць запалохваньне людзей, каб вымусіць іх пакінуць радзіму. Мэджліс крымскататарскага народу працуе ў Кіеве. Народ змагаецца за вызваленьне ад расейскай акупацыі, за крымскататарскую аўтаномію ў складзе сувэрэннай Украіны.

 

Гэрба крымскіх татараў

Тарак-Тамга (Taraq Tamga – гэрб-грэбень, крымскататар.) – нацыянальны Гэрб крымскататарскага народа. 26 чэрвеня 1991 года Курултай крымскататарскага народа зацьвердзіў гэтую сымволіку як нацыянальны Гэрб крымскіх татараў.

Старажытны родавы знак ханскай дынастыі Гераеў (Гірэяў). Першым Тамгу пачаў выкарыстоўваць заснавальнік Крымскага ханства Гаджы І Герай. З тае пары знак быў сымвалам ханскай улады.

Першы Курултай крымскататарскага народу ў сьнежні 1917 года прыняў Тамгу як гэрб незалежнай Крымскай Народнай Рэспублікі.

Ёсьць некалькі вэрсій тлумачэньня сэмантыкі Тарак-Тамгі. Турэцкі гісторык прафэсар Анкарскага ўнівэрсітэта Х. Кірымлі мяркуе, што гэта ёсьць сымвал вагаў – знак справядлівасьці. Крымскі гісторык Р. Курціеў прыпускае, што Тарак-Тамга – гэта стылізаваная выява арла.

У савецкі час Тамга была забаронена.

 

Сьцяг крымскіх татараў

Нацыянальны Сьцяг крымскататарскага народа (Qırım bayrağı) – палотнішча блакітнага колеру, з жоўтым Гэрбам (Тамгой) у верхнім левым куце. Блакітны колер – традыцыйны колер цюркскіх народаў, які сымвалізуе чыстае неба і свабоду – выкарыстоўваўся яшчэ на сьцягах Крымскага ханства. 26 чэрвеня 1991 года Курултай крымскататарскага народа зацьвердзіў гэтую сымволіку як нацыянальны Сьцяг крымскіх татараў. 26 чэрвеня народ сьвяткуе Дзень нацыянальнага Сьцяга.

У найноўшай гісторыі Сьцяг з Тамгой выкарыстоўваўся патрыётамі пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Расейскай імпэрыі, калі ён быў прыняты Першым Курултаем (нацыянальным зьездам) як Сьцяг незалежнай Крымскай Народнай Рэспублікі.

У савецкі час быў забаронены.

Падрыхтаваў Валеры Буйвал

 

 


Фільм “Хайтарма”





Танец “Бахчысарайская Хайтарма”. Танцавальная трупа Крымскататарскага тэатру.

/ 17-11-2017
Акупацыя Змаганьне Нацыя Адраджэньне Крым Крымскія татары Крымскататарскі народ
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
“Калі ня будзе правасуддзя – будзе самасуд”
Лянур Іслямаў: Крымскія татары будуць аказваць яшчэ большы супраціў
Калі на родную зямлю прыходзіць “Русский мир”
Прыгоды “усходняга партнёра” (фотафакт)