змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Маршал Манэргэйм: Зварот да фінскай арміі.

Генэральны штаб

14 сакавіка 1940 г.

Жаўнеры славутай арміі Фінляндыі,

Паміж нашай краінай і Савецкай Расеяй заключаны мір. Цяжкі мір, паводле якога Савецкаму Саюзу перадаюцца амаль усе палі бітваў, на якіх вы мужна змагаліся за тое, што для нас дарагое і сьвятое. Вы не хацелі вайны, вы любілі мір і працу. Але вас прымусілі выйсьці на бой, і вы зьдзейсьнілі вялікія справы. Больш за 15000 з вас, што пайшлі ў бой, ніколі ня ўбачаць свой дом, і многія з вас назаўжды страцілі здольнасьць да працы. Але і мы нанесьлі цяжкія ўдары, бо пара сотняў тысяч вашых ворагаў ляжыць пад зьмерзлымі сумётамі або глядзіць ашклянелымі вачыма на наша зорнае неба – і гэта ня ваша правіна. У вас не было нянавісьці да іх, вы не хацелі ім зла, вы дзейнічалі ў адпаведнасьці з суровым законам вайны: забіць або быць забітым.

Жаўнеры, я ваяваў на розных палях бітваў, але нідзе я ня бачыў ваяроў, такіх як вы. Я ганаруся вамі, як бы вы былі маімі дзецьмі. Я аднолькава ганаруся мужчынамі з паўночнай тундры і сынамі з шырокіх раўнін Остэрботніі, з лясоў Карэліі, усьмешлівага Салацкага краю, з багатых гаспадарак Тавастланда і Сатакунты, Нюланда і нашых фінскіх лугоў, парослых бярозамі. Я ганаруся таксама фабрычнымі рабочымі, унёскам сыноў з бедных хат і багатых людзей.

Я ўдзячны ўсім вам, афіцэры, падафіцэры і жаўнерства, але асабліва я хачу падкрэсьліць мужнасьць афіцэраў рэзэрваў, іхняе пачуцьце абавязку і майстэрства, зь якім яны рабілі справу, якая не была іхняй прафэсіяй. Іхнія ахвяры таксама былі прапарцыйна найбольшымі ў вайне, але яны ішлі на гэта з радасьцю і ніколі не здрадзілі пачуцьце абавязку.

Я ўдзячны афіцэрам за іхнюю майстэрскую і нястомную працу ў гарадах, і ўрэшце я ўдзячны маім бліжэйшым супрацоўнікам, якія шмат разоў рабілі немагчымае магчымым.

Я ўдзячны ўсім родам арміі Фінляндыі, якія з першага дня вайны ў высакародным спаборніцтве зьдзейсьнілі такія прыўкрасныя подзьвігі, за рашучасьць, зь якой яны ішлі ў наступ на невядомага ворага, і ўпартасьць, зь якой яны ўгрызаліся ў кожны мэтр роднай зямлі. Зьнішчэньне больш за 1500 расейскіх танкаў і каля 700 самалётаў сьведчыць пра подзьвігі, якія часам зьдзейсьнілі самотныя ваяры.

З радасьцю і гонарам я дзячу лотам Фінляндыі (жанчыны з арганізацыі “Lotta” – заўвага пер.) за іхні ўнёсак у вайне. За іхнюю самаахвярнасьць і нястомную працу на розных участках, дзе яны замянілі сабой тысячы мужчын, якія пайшлі на фронт. Яны натхнялі і патрымлівалі армію сваім высакародным духам, чым заслужылі яе ўдзячнасць і высокую ацэнку.

Пачэснае месца належыць тысячам рабочых, якія праявілі вернасьць абавязку ў цяжкі час вайны і часта дабраахвотна падчас авіяналётаў працягвалі стаяць каля станкоў і рабіць прадукцыю, неабходную арміі. Я ўдзячны ўсім на прасторах Айчыны. Нягледзячы на ўсю праяўленую мужнасьць і самаахвярнасьць урад быў вымушаны заключыць мір на жорсткіх умовах, але гэтаму ёсьць тлумачэньне.

У нас была маленькая армія, не было дастатковых рэзэрваў, мы не былі падрыхтаваны да вайны з супэрдзяржавай. Пакуль нашы мужныя жаўнеры абаранялі нашы межы, неабходна было з надчалавечымі намаганьнямі забясьпечыцца тым, чаго бракавала, стварыць абарончыя лініі, якіх не было, і шукаць дапамогі, якая так і не прышла. Неабходна было дастаць зброю і абсталяваньне, ды яшчэ ў час, калі наша краіна ліхаманкава рыхтавалася да буры, якая грымнула над сьветам.

Вашы подзьвігі выклікалі захапленьне па ўсім сьвеце, але пасьля 3,5 месяцаў вайны мы застаемся ў самоце. Мы не атрымалі ніякай замежнай падтрымкі, акрамя двух батальёнаў, узмоцненых артылерыяй і самалётамі, якія прыбылі на фронт. Пакуль нашы часткі ваявалі ўдзень і ўначы без магчымасьці замены і на грані фізычнага і псіхічнага зрыву, усё новыя часткі ворага ішлі ў наступ.

Калі будзе напісана гісторыя гэтай вайны, сьвет убачыць, якія подзьвігі вы зьдзейсьнілі. На жаль, велікадушныя абяцаньні аказаць дапамогу з боку заходніх дзяржаў не мелі выніку, бо нашы суседзі ў клопаце пра ўласны дом не дазволілі іхнім войскам прайсьці праз сваю тэрыторыю. Пасьля 16 тыдняў крывавых баёў без адпачынку ўдзень і ўначы наша армія стаіць непераможная перад ворагам, які нягледзячы на каласальныя страты вырас у колькасьці.

Наш тылавы фронт, дзе бясконцыя авіяналёты сеялі сьмерць і страх паміж жанчынамі і дзецьмі, не зламіўся. Нашы спаленыя гарады і вёскі ў руінах да самай нашай заходняй мяжы зьяўляюцца выразным сьведчаньнем таго, што вытрымаў наш народ за прамінулыя месяцы. Наш лёс быў суровым, бо мы адмовіліся аддаць чужой расе, што мае іншы сьветапогляд і іншыя маральныя каштоўнасьці, краіну, якую мы разбудоўвалі ў поце і пакутах. Наперадзе ў нас цяжкія дні, бо трэба даць прытулак тым, хто вымушаны быў пакінуць свой дом і застаўся беспрытульны, бо трэба стварыць лепшыя жыцьцёвыя ўмовы для ўсіх. Мы павінны быць таксама гатовымі бараніць нашу зьменшаную краіну з той жа рашучасьцю і моцай, зь якімі мы баранілі нашу непадзеленую Айчыну.

Мы маем усьведамленьне таго, што выконваем гістарычную місію па абароне заходняй цывілізацыі, якая стагоддзямі ёсьць нашай спадчынай. Але мы таксама ведаем, што да апошняга выканалі свой абавязак перад заходнім сьветам.

Маршал Карл Густаў Эміль Манэргэйм

Пераклаў са швэдскай Валеры Буйвал.

 

Густаў Манэргэйм

 

Фіны

 

Фіны

 

Фіны

Крыніца: https://histdoc.net/historia/se/dagorder.html

/ 19-09-2018
Гісторыя Змаганьне Барацьба Фінляндыя Манэргейм
Абмеркаваньне
Яны змагалісь як львы. Аўтар: Prijatel 2018-09-19

Вось гэта сапраўдны генерал. Гэта не наш раўкоў. Гэта не нашы афіцэры і гэта не нашы салдаты якіх прымушаюць лізаць туалетны ёршык. Гэта воіны якія змагаліся за сваю краіну і перамаглі. У мяне дзядзька ваяваў на той вайне і ён распавядаў што фіны змагаліся як львы. Быў выпадак што трапіў у палон без прытомнасці. Калі прыйшоў у сябе фінкай паклаў ахову і збег паранены. Калі абшуквалі фінку не знайшлі. Ад дзядзькі чуў што нашы страцілі мільён сваіх салдат. Многія проста змерзлі, а фіны усё на лыжах і па пластунску былі майстры.

Бяз тэмы Аўтар: журботны 2018-09-20

Гэта выдатна!

Фiны малайцы. Выратавалi краiну ад акупацыi.

Дзякую спадару В. Буйвалу за пераклад!

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: