змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Крамлёўцы баяцца Лютаўскай рэвалюцыі

Цяперашні юбілей Лютаўскай рэвалюцыі характэрны тым, што афіцыйная ўлада ад яго амаль ухілілася. Як аказалася, высунутая Уладзімірам Пуціным ідэя выкарыстаць стагоддзе рэвалюцыі для прапаганды нацыянальнага замірэньня не працуе, бо ўгодкі падзей 1917-га па-старому ўспрымаюцца ў чыста партыйным духу, з палярнымі адрозьненьнямі ў ацэнках. Таму было вырашана, што першыя асобы дзяржавы ня будуць ачольваць юбілейныя камісіі і сьвяціцца на мерапрыемствах. Тут выразны кантраст са сьвяткаваньнем 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які праходзіў пад лёзунгам “Перамога – гэта нашае ўсё”. А юбілей рэвалюцыі вырашылі аддаць на папас грамадзкасьці, у тым ліку навуковай, як мага менш зьвязваючы яго з дзяржавай.

Ні Пуцін, ні Медведев, ні члены ўраду не палічылі неабходным ў гэтыя дні пагаварыць пра скідваньне самадзяржаўя – надта ж небясьпечныя асацыяцыі з сучаснасьцю. А вось палітыкі рангам ніжэй, якія прадстаўляюць уладу, сваіх адмоўных адносінаў да рэвалюцыі не хаваюць. Яе імкнуцца прадставіць вынікам альбо змовы (лібэралаў, масонаў, рэвалюцыянэраў, немцаў, хаўрусьнікаў, бальшавікоў або наогул марксістаў і г.д.), альбо выпадковага збегу абставінаў. Вячаслаў Ніканаў назваў Лютаўскую рэвалюцыю “безадказнай і непатрыятычнай” і дадаў: “Ня можа быць ніякага пачуцьця гонару, зьвязанага з лютаўскімі падзеямі і наступным адрачэньнем Мікалая ІІ. Гэтыя падзеі мы павінны ўспамінаць хутчэй з пачуцьцем раскаяньня або нават сораму”. Дэпутат нават само слова “рэвалюцыя” баіцца ўжыць, каб, крый божа, бяды не нагукаць.

За Ніканавым адгукаеццца іншы едінорос, сэнатар Уладзімір Джабараў. Ён, праўда, ня схільны захапляцца постацьцю апошняга расейскага цара, далучанага РПЦ да ліку сьвятых. Мікалай, як мяркуе Джабараў, адрокшыся ад стальца, кінуў краіну “у такі цяжкі пэрыяд” сусьветнай вайны. А саму Лютаўскую рэвалюцыю называе “рэвалюцыяй-змовай па скідваньню дзейснага (!) імпэратара”. І тут жа дадае, што нават пасьля адрачэньня імпэратара можна было пайсьці па шляху “стварэньня прэзыдэнцкай рэспублікі”, тады “не было б патрасеньняў, якія перажыла Расея, і ўсім нам было нашмат лягчэй”. Вось толькі Пуціна ў лютым не знайшлося.

А вось знакаміты дэпутат Яўген Фёдараў з Ніканавым палемізуе: Лютаўская рэвалюцыя была “безадказнай”, але ня была “непатрыятычнай”, бо “тады не стаяла пытаньне ні аб аддзяленьні Польшчы, ні аб аддзяленьні Фінляндыі, ні аб пераходзе на фэдэратыўны лад”. На самой справе яшчэ як стаяла! Амаль адразу пасьля свайго стварэньня, у сакавіку, Часовы ўрад увёў у дзеяньне канстытуцыю Фмнляндыі, якая прадаставіла Вялікаму княству практычна поўную аўтаномію, хаця ўжо ў ліпені, матывуючы гэта ваеннымі меркаваньнямі, разагнала фінскі сэйм. Тады ж яно прызнала права Польшчы, да таго часу акупаванай аўстра-вугорскімі войскамі, на незалежнасьць. І з фэдэрацыяй усё было ня так проста. Яе стварэньня настойліва патрабавалі нацыянальныя рухі ва Украіне, у Закаўказьзі, Сярэдняй Азіі, Эстоніі, Латвіі, казацкіх вобласьцях і на Паўночным Каўказе. І Часовы ўрад ня мог з гэтымі патрабаваньня не лічыцца. Ідэю аўтаноміі ён не адкідваў, але адкладаў яе рэалізацыю да скліканьня Устаноўчага сходу.

Наогул трэба зазначыць, што ў юбілейны год у расейскіх СМІ практычна няма публікацый пра нацыянальныя рэвалюцыі, якія пайшлі за Лютаўскай рэвалюцыяй у Петраградзе. Рэвалюцыя 1917 года па-старому, цалкам у савецкіх традыцыях, прадстаўляецца як нешта адзінае ў рамках Расейскай імпэрыі.

Яшчэ адзін едінарос, сэнатар Аркадзь Чарнецкі, бачыць у Лютаўскай рэвалюцыі змову генэралаў супраць свайго галоўнакамандуючага-імпэратара і наракае: “У перадваенныя гады сытуацыя ў Расейскай імпэрыі ня была крытычнай, краіна рухалася ў слушным накрунку. І замест таго, каб умацоўваць дэмакратычныя інстытуцыі нават ва ўмовах існаваньня манархіі альбо нейкім чынам пераходзіць да дэмакратычнай формы кіраваньня, вырашылі наладзіць пераварот у самы неадпаведны момант!”

Нават камуніст Васіль Іконьнікаў, хаця і мяркуе, што рэвалюцыя была абумоўлена эканамічнымі і сацыяльнымі прычынамі, але ўсяроўна вымушаны агаварыцца: “Рэвалюцыі нядобрыя для любой краіны – заўжды трэба імкнуцца ісьці эвалюцыйным шляхам”. А на думку справароса Міхаіла Ямельянава, які таксама назваў рэвалюцыю трагедыяй, “імпэрыю разбурыла сама эліта, якая здрадзіла імпэратара”. У гэтым ён салідарны з манархістам Ягорам Халмагоравым, які сьцьвярджае, што эліта “вяла падпольную вайну супраць Гасудара”. І, зразумела, на манархічных сайтах Лютаўская рэвалюцыя прадстае ў выглядзе масонскай змовы і першай “каляровай”, тобок наладжанай зьнешнімі і ўнутранымі змоўшчыкамі, рэвалюцыяй у гісторыі. Змову бачаць у тым, што масоны нібыта выкарысталі для стварэньня ворганаў будучай улады Дзяржаўную Думу, гарадзкія думы і земствы, а таксама адыгрывалі важную ролю ў зьездах настаўнікаў, лекараў, аграномаў і г.д. Пры гэтым да масонаў адносяць усіх лібэралаў і ўсіх сацыялістаў правейшых за бальшавікоў. У савецкі час іх называлі “дробнабуржуазнай контррэвалюцыяй”, а цяпер “масонамі”.

Між тым сур’ёзныя гісторыкі даўно ўжо даказалі, што рэвалюцыя 1917 года была цалкам аб’ектыўным працэсам, а не вынікам нейкай змовы. Так, Сяргей Няфёдаў пераканаўча дэманструе, што ўсе войны, пачынаючы ад Крымскай, Расейская імпэрыя вяла на крэсе сваіх магчымасьцяў і ўсе яны суправаджаліся ўнутранымі беспарадкамі. Выкліканая вайной інфляцыя рана ці позна нараджала харчовы крызіс, паглыблены малазямельлем сялянства. Падчас Першай сусьветнай вайны інфляцыя была асабліва высокай, вытворцы прытрымлівалі хлеб, разьлічваючы на павышэньне коштаў, і крызіс у забесьпячэньні гарадоў пачаўся ўжо на прыканцы 1916 года, а ў лютым 1917 года, дасягнуўшы кульмінацыі, заканамерна прывёў да стыхійных хваляваньняў у Петраградзе і безь якой-кольвечы змовы перарос у рэвалюцыю.

Дадам, што, будучы самай беднай з усіх вялікіх дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў вайне (акрамя Японіі), Расея да лютага 1917 года панесла найбольшыя страты забітымі і палоннымі. Нядзіва, што яе хапіла толькі на два з паловай гады ваеннага цяжару. І рэвалюцыя была непазьбежнай, нават калі б самадзяржаўе нейкім цудам выкараскалася з лютаўскага крызісу. Тады ўжо ў красавіку адбыўся б наступ расейскай арміі, які аказаўся б настолькі ж правальным, як і наступ Нівэля на Заходнім фронце, што выклікаў “бунт ста палкоў”. І тады выбух жаўнерскага незадавальненьня непазьбежна спарадзіў бы ў Расеі рэвалюцыю. Ад гісторыі не сыйдзеш.

Барыс Сакалоў, Масква

Пераклад з расейскай. 

Крыніца: http://graniru.org/opinion/sokolov/m.259497.html

/ 17-03-2017
Расея Лютаўская рэвалюцыя
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: Герадот 2017-03-17

А ў нас тут зусім ціха. Нібыта гэты юбілей беларусаў ня тычыцца.

Бяз тэмы Аўтар: Арман 2017-03-17

У Крамлі шалёна баяцца любых рэвалюцый. От ужо контрыкі.

Бяз тэмы Аўтар: беларуска 2017-03-19

Рэвалюцыя стукаецца у дзьверы,лезе у вакно.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Алесь Чахольскі і акупанцкі суд
Максім Танк: Не шкадуйце, хлопцы, пораху…
Анэкдот дня: Больш няма, пра што пісаць
Як эстонцы любяць эстонскае (відэа)