змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Яўген Панасенкаў: Разбурэньне міфа аб 1812-м годзе

У дзень выйсьця ў выдавецтве АСТ кнігі “Першая навуковая гісторыя вайны 1812 года” яе аўтар – вядомы гісторык, сьпявак, рэжысёр і “герой ютуба” Яўген Панасенкаў даў інтэрв’ю аглядальніку “НИ” Ігару Зотаву.

 

Пра тое, што расейцы прайгралі Барадзіно, стала вядома яшчэ ў дзень бітвы. Пра тое, што расейцы спалілі Маскву, -- гісторыкі не сумняваліся яшчэ ў 19 стагоддзі. Пра тое, што не Напалеон, а расейскі цар пачаў вайну 1812 года, гісторыкам стала канчаткова зразумела на пачатку 20 стагоддзя. Але вось далей, з прыйсьцем да ўлады Сталіна, гісторыя гэтай вайны раптам перакульваецца з ног на галаву. І аказваецца, што гэта Напалеон начале цэлай арды прышоў нашэсьцем на няшчасную Расею. Што Барадзіно – гэта не параза, а ледзь не перамога. Што ганебныя ўцёкі расейскіх войскаў ад мяжы -- гэта–“скіфскі план”, цэлая стратэгія завабліваньня непрыяцеля на сваю бязьмежную і бясформенную тэрыторыю. Што бяздарны, разбэшчаны, прадажны, лянівы Кутузаў – гэта вайсковы геній ўсіх часоў і народаў. А катастрафічная параза Расеі ў вайне – трыюмф расейскай зброі!..

Міфы на тое і існуюць, каб, адпрацаваўшы сваё, памерці і зьнікнуць. Прэзэнтацыя новай работы Яўгена Панасенкава адбылася ў Вялікай залі ЦДЛ у прысутнасьці вялізнай грамады, што лішні раз сьведчыць аб інтарэсе да тэмы.

 

Журналіст: Як вы прышлі да гэтай, здаваляся б, даўно вывучанай тэмы – гісторыі вайны 1812 года?

Я.П.: Я займаюся эпохай Напалеона і 1812-га года з 9 гадоў, увесь школьны пэрыяд у мяне была цудоўная магчымасьць вывучаць адмысловую літаратуру і зборнікі дакумэнтаў у бібліятэцы Музэя-панарамы “Барадзінская бітва”. Гэта ўнікальнае сховішча, дзе ёсьць выданьні, якіх няма нават у Ленінскай біблітэцы і ў Гохране. За школьны час, які людзі марнуюць, як правіла, бессэнсоўна, я засвоіў вялізны пласт літаратуры. Калі маі калегі пачынаюць тэрмінова – іншага слова не падабраць! – да кандыдацкай або юбілея нешта фрагмэнтарна пачытваць, і пісаць пад гатовую выснову, атрымліваецца бессэнсоўнае, ня кажучы ўжо аб тым, каб сур’ёзна падняць крыніцы.

Вынікам маёй шматгадовай працы спачатку стала кніжка 2004 года “Праўда пра вайну 1812 года”, дзе я ўпершыню сказаў, што гэтая вайна ніякая не Айчынная, і што наадварот, гэта Аляксандр І рыхтаваў напад на Францыю. Расея тады зноў (як і ў былыя гады агрэсіі супраць Францыі) падпісала кааліцыйныя пагадненьні з Англіяй, Іспаніяй і Швэцыяй.

Тады ж я напісаў і пра расейскі калабарацыянізм у 1812 годзе: Напалеон ствараў усестанавыя муніцыпалітэты ў Смаленску і ў Маскве, і ўсе станы, падаткавыя і непадаткавыя, дваране і недваране ва ўсім гэтым удзельнічалі.

Я даказаў з лічбамі ў руках, што далучэньне Расеі да кантынэнтальнай блакады Англіі не паўплывала сур’ёзна на фінансавую сытуацыю ў Расеі, але фінансавы крах настаў у выніку павелічэньня выдаткаў на абарону ў 1807 годзе адразу пасьля падпісаньня дамовы аб міры! Цільзіцкі мір, заключаны паміж Расеяй і Францыяй, быў непапулярны ў асяроддзі пыхлівай эліты расейскага грамадзтва. Расея сама нападала на Францыю ў 1805, 1806 і 1807 гадах, сама ганебна прайграла і сама абразілася на гэта.

Нельга не сказаць, што ў дамах расейскай эліты тады не было нічога расейскага, то бок – абсалютна нічога! 99% прадметаў былі эўрапейскага паходжаньня, у асноўным – з Францыі, Італіі і Англіі. У палацах Аляксандра не было нават шпількі, не завезенай з-за мяжы. У Расеі не было ніводнага прыдворнага мастака або ювэліра, хто б не прыехаў з-за мяжы. Усе да воднага партрэты ўдзельнікаў вайны 1812 года намаляваны і выгравіраваны замежнікамі: Сэнт-Абэнам, Вэндраміні, Кардэлі, Пэтэрам фон Хэсэмам… У тадышняй Расеі проста не існавала ўзроўневых мастакоў. Пётр І пачаў цывілізаваць краіну толькі 100 гадоў таму, і толькі пры ім зьявілася расейская рэгулярная армія, якую стварылі з нуля замежнікі. Нават словы: армія, інфантэрыя, кавалерыя, артылерыя, літаратура, музыка… -- усе, усе былі замежнымі.

Цывілізацыя ў Расею была прінесена звонку, і з-за таго ў эліце разьвіўся страшны комплекс, які, з аднаго боку, ставіў яе ў позу пакланеньня (часам камічнага, якое высьмеяў Грыбаедаў), а з другога боку, элітка ўсёй сваёй духоўнай сілай намагалася даказаць, што і Расея нешта таксама ўмее. Умее сабраць арду – і дайсьці да Парыжа. Не сама, праўда, а разам з Прусіяй, з Аўстрыяй, з Англіяй, і не дзякуючы талентам, а дзякуючы гарматнаму мясу…

Але сэнсу ў гэтым не было ніякага: так, у Парыжы ўсё цудоўна было і ёсьць, а ў Расеі людзі працягвалі жыць так, як і раней. І прыгоннае права як было да Парыжа, так і засталося.

 

Ж.: Вы памятаеце той момант, калі зразумелі, што нешта ня так у кнігах папярэднікаў?

Я.П.: Мне з самага пачатку было зразумела, што ў прапагандысцкіх кніжачках ня сходзіцца ўсё. Калі Барадзіно стала перамогай расейцаў, то чаму яны ўцяклі і здалі Маскву без бою? Усё відавочна: расейцы ня проста прайгралі Барадзіно, расейская армія была практычна зьнішчана. Кутузаў страціў у Барадзіне 53 тысячы жаўнераў. Разам у яго было 155 тысяч, зь іх 115 – рэгулярная рамія, 10 тысяч казакаў, і астатнія – апалчэнцы. То бок, ён страціў амаль палову рэгулярнай арміі. І казаць, што Кутузаў захаваў армію – гэта абсалютнае трызьненьне! Пасьля бітвы пачаўся яшчэ і поўны расклад: палова парэштак арміі пайшла ў марадзёры, якія абрабоўвалі расейскія гарады і вёскі. Я публікую мноства данясеньняў аб гэтым, якія Кутузаў накіроўваў цару, а таксама ягоныя загады распраўляцца з дэзэрцірамі.

 

Ж.: У савецкай гісторыяграфіі напісана, што і страты былі меншыя, і Кутузаў здаў Маскву, каб захаваць армію. У гэтых разважаньнях была свая логіка…

Я.П.: Гэта была не логіка, а бессэнсоўная мантра, якую паўтаралі, бо ніхто ня меў права паспрачацца. Былі і тады маладыя і немаладыя навукоўцы, у тым ліку Мікалай Троіцкі (у будучыні доктар гістарычных навук), які ў 1960-я гады спрабаваў сказаць (паслаў артыкул у акадэмічны часопіс “Вопросы истории”): “колькі можна хлусіць? Вайна ніякая не Айчынная, самы яе распалілі, бітвы прайгралі”. А яму патлумачылі, вы сядзіце ў сябе ў Саратаве? Вось і сядзіце, інакш вас “зачыняць” па-сур’ёзнаму.

Савецкі рэжым – гэта не белая галубка, гэта монстр, які зьнішчыў усё жывое. За ўвесь савецкі час былі напісаны толькі 3 манаграфіі на гэтую тэму: Тарле, Жылін і Бяскроўны. Два апошнія – неадукаваныя мужыкі з вёскі, абодва ня ведалі мовы, не чыталі крыніцы, абодва “сталінскія сокалы”, асабліва Жылін – злосны мардаварот, які душыў усё жывое. На загад Сталіна яны пачалі нанова вынаходзіць міф пра “Айчынную вайну”. Буржуазная гісторыяграфія да пачатку 20 стагоддзя ўжо ведала, што гэта Аляксандр І распаліў вайну, гэта ён планаваў наступ, і што Барадзіно – стала паразай расейцаў. Пра гэта было сказана ў выніковай рабоце дарэвалюцыйнай гісторыяграфіі “Айчынная вайна і расейскае грамадзтва”, што выйшла ў 1912 годзе. Напісана там і пра тое, што Напалеон сышоў з Расеі, бо ён і не зьбіраўся ў ёй заставацца, а прычынай вялікіх страт ягонай арміі стаў выключна клімат, а не расейская армія.

Усё гэта было вядома да пары, пакуль Сталіну не спатрэбілася тэрмінова зрабіць патрыятычны міф, каб падрыхтаваць новы наступ на Эўропу.

Адна з самых небясьпечных і страшных глаў маёй кнігі прысьвечана планам Сталіна перад Другой сусьветнай вайной. Я здолеў высьветліць і дакумэнтальна даказаць, што Сталін сапраўды планаваў напад на Эўропу.

Больш таго, у Марка Салоніна і Віктара Суворава ёсьць шмат цікавых ускосных доказаў існаваньня такіх планаў. Аднак пісьмовага і тым больш друкаванага прызнаньня Сталіна аб тым, што ён гэта плануе, у іх не было.

Дарчэчы, акадэмік Тарле, выпушчаны пасьля аршыту па справе “акадэмікаў”, пачаў працаваць на НКВД і ператварыўся ня проста ў рупар, у “асабістае пяро” Сталіна, а ў аднаго са сталінскіх катаў, катаў сваіх калег. Але працягнем. У 1938 годзе ў “Правде” нечакана выходзіць артыкул Тарле, прысьвечаны вайне 1812 года (і адразу ж каласальным накладам друкуецца брашура па гэтым артыкуле), галоўная выснова якога ніяк не зьвязана зь яго зьместам: у апошнім абзацы паведамляецца, што СССР у хуткім часе пачне наступальную вайну, якая будзе самай справядлівай з усіх войнаў у сьвеце!

Гэта будзе такі “апошні наступ”! Йшлося пра тое, што Сталін рыхтаваў СССР да ўварваньня ў Эўропу.

Гэтую брашуру я выпадкова купіў у антыкварнай краме. Потым я даведаўся, што яе наклад зьнішчалі, і што ў адзінкавых двух асобніках, якія я знайшоў у бібліятэках, апошні абзац выкраены! І застаўся ён толькі ў маім асобніку! Да кнігі я апублікаваў і тэкст, і фота старонак брашуры.

Увесь жах Расеі ў тым, што ў ёй нічога не мяняецца. І не можа не мяняцца, бо ў ёй ад пачатку закладзена не інтэнсіўнае, а экстэнсіўнае разьвіцьцё. А яно, у сваю чаргу, нараджае пачварныя комплексы з-за хранічнага адставаньня ў разьвіцьці і вечную мантру пошука ворагаў вакол. Злачынная ўлада абараняецца ад прыдуманых ёю ж ворагаў, так было і пры Аляксанлры, і пры Сталіне, і так будзе.

 

Ж.: Як пастаівліся калегі-гісторыкі да вашых адкрыцьцяў?

Я.П.: Ёсьць два тыпа калег: прафэсіяналы і калянавуковыя. У ютубе можна знайсьці інтэрв’ю шматгадовага дырэктара Інстытута расейскай гістрыі РАН Андрэя Сахарава, які адкрыта заявіў, што ў маёй манаграфіі 2004 года “усё абсалютна слушна”, і што ён зьбіраецца выкарыстаць мае высновы ў новым выданьні сваёй кніжкі пра Аляксандра І. Колькі гадоў таму мяне запрасілі выступіць на навуковай радзе Акадэміі Навук, і я цалкам выклаў маю канцэпцыю. Выступ надрукавалі ў афіцыйным зборніку з усімі “візамі”, якія існуюць у Акадэміі. Я браў удзел ва ўсіх прафэсійных канфэрэнцыях, прысьвечаных гэтай тэме – у “Барадзінскай панараме”, у музэі “На полі барадзінскім”, у МГУ, у Гістарычным музэі, ўжо ня кажучы пра заходнія канфэрэнцыі, бо яны ўспрымаюцца “варожымі”…

Два буйнейшыя адмыслоўццы па эпосе 1812 года і Аляксандра: Мікалай Троіцкі і Андрэй Сахараў цалкам падтрымалі маю канцэпцыю, прычым Сахараў ня толькі падтрымлівае, а паўсюль прасоўвае мае работы.

Аднак ёсьць асобная група маргіналаў (яны могуць быць нават супрацоўнікамі музэяў і выпускнікамі гістарычных ВНУ, якія нічога не напісалі), нічога навуковага не апублікавалі, не выдалі ніводнай крыніцы, і ў якіх мая работа выбівае глебу з-пад ног іхняга бяздарнага жыцьця.

Усё сваё жыцьцё яны паведамлялі наведвальнікам музэяў трызьненьні прапаганды, а тут зьяўляецца мая кніга… Тым больш, што яна фактычна ўяўляе сабой зборнік дакумэнтаў: кожная яе старонка скаладаецца не з майго тэксту, а з дакумэнтальных цытатаў на дадзеную тэму. А таму, усе свае прэтэнзіі нязгодныя могуць зьвярнуць наўпрасткі ў архівы. Пайсьці, узяць жывы подлінны дакумант, напісаны на паперы з вадзянымі знакамі, чарніламі той эпохі асабіста Кутузавым, Раеўскім, Напалеонам і іншымі тысячамі ўдзельнікаў… Усё захавалася!

Вялізная колькасьць абывацеляў знаходзіцца на ўзроўні жывёлін, я не баюся гэтага тэрміну, гэта абсалютна фізіялагічная, антрапалагічная і сацыяльная праўда. І ўся іхняя агрэсія сыходзіць менавіта з гэтага жывёльнага стану. Кажучы пра “перапісваньне гісторыі”, яны нават не разумеюць, што гэта не перапісваньне, а навука: проста ўсё бывае ўпершыню. Вось упершыню напісана работа ў поўнай адпаведнасьці з навуковымі крытэрыямі і чалавекам, які не залежыць ад дзяржаўнага фінансаваньня, карпарацыі, грантаў. Можна параўнаць гэта, скажам, з хіміяй. Некалі хіміі не было, а была алхімія. Калі ж зьявілася навука хімія, абывацель абурыўся: мы прызвычаяліся да алхіміі, а цяпер яе перапісваюць! Нам што, трэба адмовіцца ад алхіміі?!

 

Ж.: Талстой таксама зьбіраў дакумэнты пра вайну, калі пісаў свой раман. Адкуль жа ўзялася гэтая пагарда да Напалеона?

Я.П.: Вялікая трагедыя прафэсійных навукоўцаў заключана ў невуцтве абывацеляў, якія чамусьці зьвяртаюць увагу на белетрыстыку, на літаратуру, напісаную аўтарамі на аснове іхніх комплексаў, мараў, маразмаў, хваробаў і фантазій… Няхай бы яны адкрылі тлумачальны слоўнік расейскай мовы, яны б зразумелі розьніцу паміж навуковым і мастацкім дасьледваньнем.

Леў Талстой – гэта адзін з самых псіхічна неўраўнаважаных пэрсанажаў расейскай літаратуры. Ён ненавідзеў усе свае творы, не было ніводнага, якія б ён прызнаваў ня тое што таленавітым, але проста ўдалым. Скончыўшы “Вайну і мір”, ён напісаў прыяцелю: якое шчасьце, што я ніколі не буду пісаць падобную ахінею… У студзені 1871 года ён напісаў Фэту: “Які я шчасьлівы…, што пісаць лухту шматслоўную кшталту “Вайны” я больш ніколі ня буду”. Потым ён ўсяляк прыніжаў гэты свой твор. І шмат разоў падчас напісаньня пакутваў, ня ведаючы, як і навошта працягваць свой раман. Зь ягонай перапіскі бачна, што ён ня ведаў ня толькі гістарычныя канцэптуальныя рэчы, але нават і тое, куды весьці сваіх пэрсанажаў, што ім падабаецца. Ён пакутваў на гэта страшна. Таму і кніга выйшла няроўная, вельмі розная.

Талстой стварыў цяжкавагавую і ненатуральную філасофію, адпаведна якой усе прыгожыя людзі – гэта людзі вайны, а непрыгожыя – людзі міра. Элен Бязухава – халодная прыгажуня, або Напалеон зь “ідэальным профілем антычнай камэі”, у якім яшчэ вельмі страшнае тое, што ён так часта мыецца. Увесь час мыецца і націраецца адэкалонам – і гэта пачварна. А расейскі селянін прыўкрасны, прысадзісты, непрыгожы, нос бульбінай, рэдка мыецца…

Чамусьці мяркуецца, што вобраз Кутузава ў Талстога прыстойны. Але ж гэта камічны пэрсанаж: змучаны тлусты стары, які нічым абсалютна не кіруе. Талстой наогул адмаўляў значэньне палкаводскай дзейнасьці, і тыя, хто сьцьвярджае, што Кутузаў паказаны ў яго выдатна, проста не чыталі раман.

Адкуль гэта ў Талстога? Калі вы адкрыеце ягонае “Дзяцінства”, “Сталеньне і Юнацтва”, ягоныя дзёньнікі і лісты, то бок усё, напісанае да 35 гадоў, то ўбачыце, як ён перажывае страшную псіхалагічную ломку. Талстой быў латэнтным гомасэксуалам.

Я адмыслова разьбіраю гэтую тэму ў кнізе і цытую дзёньнікі і лісты Талстога, дзе ён піша пра сваё каханьне да братоў Мусіных-Пушкіных, пра тое, як ён хацеў загарнуцца ў футра ў карэце і цалаваць паўсюль свайго сябру Дзякава. Гэта цытата “цалаваць паўсюль”, апублікавана афіцыйна выдавецтвам Акадэміі Навук СССР. Я ўсё гэта ў кнізе цытую са спасылкай на першакрыніцы.

Ён пісаў таксама, што прыгажосьць у выбары аб’екта каханьня заўсёды мела першаступеннае значэньне, што ён сам ніколі не адчуваў каханьня да жанчын, што кахаў толькі мужчын – гэта ўсё ёсьць у ягоных дзёньніках.

І Талстой сябе зламаў. Большую частку жыцьця ён ненавідзіў гэта, але займаўся сэксам з жанчынамі. Адсюль ягоная нянавісьць да жонкі, увесь час спробы сысьці з дому, зьдзек з жанчын у раманах, дзе ён не дазваляе ім быць вольнымі, лёгкімі і вясёлымі. Прыстойная жанчына для яго – гэта жанчына, якая пакутуе, страціла ўсё, атлусьцелая, пузатая… Ён ненавідзіць усё, што прыгожае. У тых жа лістах ён кажа, што прыгожыя людзі ніколі яго не цікавілі. І ягоны сябра, прыгажун Дзякаў, ніколі яго не разумеў…

Небясьпека комплексаў вельмі таленавітых людзей, як Талстой або Дастаеўскі, у тым, што чым таленавіцей чалавек, тым ён больш бліскуча, ярка і грунтоўна рэалізуе свае хваробы ў сваіх творах. А гэтыя хваробы становяцца хваробамі цэлай нацыі. У гэтым трагедыя.

Што тычыцца ведаў Талстога пра вайну, то ён вывучыў надта мала крыніц, прычым усё сказіў і прыстасаваў пад патрэбы сваёй нездаровай філасофіі. Сярод прачытаных ім кніжак ёсьць зусім несур’ёзныя. Гэта сьмеху варта, бо адна зь іх – гэта кніга Міхайлоўскага-Данілеўскага, напісаная па ўказцы Мікалая І, якая адмыслова стваралася як міф.

 

Ж.: А як жа хрыстаматыйная талстоўская “дубіна народнай вайны”?

Я.П.: Да канца 1830-х гадоў не існавала нават тэрміна “Айчынная вайна”, не было і ніякой “дубіны народнай вайны” (і быць не магло ў краіне прыгоннага права, дзе рабы – асноўная частка насельніцтва).

Па сутнасьці, людзі былі рэчамі, зь якімі абыходзіліся значна горай, чым з жывёламі. Іх секлі, білі. Білі нават цяжарных сялянак, а калі яны нараджалі, немаўлят скармлівалі сабакам. Сабак кармілі сялянскімі дзецьмі, як далікатэсамі!

Сялян часта прадавалі азіяцкім купцам. Для павелічэньня прыплоду іх у 14-15 гадоў жанілі вёска на вёску. Гэта рабіў і Сувораў, і вельмі сквапны Кутузаў, які валодаў шасьцю з паловай тысячамі прыгонных і ўвесь час дбаў, каб яны як мага больш нараджалі. А ён адразу ж іх прадаваў, асобна дзяцей, асобна бацькоў…

Галоўны жах расейскіх генэралаў быў у тым, каб Напалеон ня даў вольнасьці сялянам. Пра гэта наўпрост напісаў у сваім лісьце Мікалай Раеўскі ў ліпені 1812 года.

Але ў Напалеона такіх думак і не было, ён не планаваў нават пераходзіць мяжу. Я прыводжу лісты са штодзённай перапіскі Аляксандра і Напалеона, зь якіх абсалютна зразумела, што Аляксандр пачаў рыхтаваць вайну адразу пасьля Цільзіта. Ён закупляў зброю ў Аўстрыі, у Англіі, павялічыў у некалькі разоў вайсковы бюджэт, накіраваў шпіёнаў у Францыю, накіраваў Валконскага капіраваць структуру французкай арміі, каб правесьці рэформу ў сябе.

Ужо ў 1810 годзе расейскія арміі стаяць на мяжы з герцагствам Варшаўскім, гатовыя да наступу, а ў Напалеона там не было ніводнага жаўнера! Быў у Нямеччыне гарнізон у адной крэпасьці.

У 1811 годзе, калі Аляксандр ужо цалкам гатовы да вайны, маршал Даву пачаў папярэджваць пра гэта Напалеона ў лістах. А той жыве ў ружовых акулярах, ён не хацеў нічога разумець: у яго маладая жонка, у яго нарадзіўся сын, ён марыць адпачыць, і плануе на 1812 год паездку ў Італію, дзе адмыслова для гэтага, як мне ўдалося высьветліць, ужо адрэстаўраваны Квірынальскі палац…

І тут яму паведамляюць, што Аляксандр гатовы да нападу! І гэта была праўда: мы ж ведаем дакуманты, якія Даву і Напалеон ведаць не маглі! Такіх дакумантаў штаба Аляксандра аб тым, што ён плануе напасьці на Францыю, сотні!

Урэшце, у кастрычніку 1811 года Аляксандр аддае загад аб нападзе на Францыю. Усе расейскія арміі вырушаюць і падыходзяць да Нёмана, але ў гэты момант цар атрымлівае ліст караля Прусіі Фрыдрыха-Вільгельма: той баіцца падтрымаць расейцаў, бо Аляксандр ужо пасунуў яго на авантуру ў 1806 годзе, калі прусакі прайгралі Напалеону.

Аляксандр тэрмінова адклікае загад, але пра гэта ўжо вядома ўсяму сьвету.

І толькі тады Напалеон, урэшце, пачынае зьбіраць армію, бо ніякай арміі ў Эўропе, акрамя Іспаніі, у яго не было. Ён сабраў яе ўсяго за некалькі месяцаў і толькі для таго, каб адбіць агрэсію. Існуе мноства лістоў, у якіх Напалеон просіць сваіх генэралаў умацаваць крэпасьці ў Эўропе, -- пра які наступ можа быць гаворка?

Напалеон мяркуе таксама, што калі ён павялічыць колькасьць арміі, то Аляксандр напалохаецца і адмовіцца ад сваіх планаў.

Але шызоідны Аляксандр не адмаўляецца, ён разрывае дыпламатычныя адносіны. Мала хто ведае, што Расея абвясьціла вайну Францыі яшчэ ўвесну 1812 года.

У траўні Напалеон прыязджае ў Дрэздэн і два тыдні яму выказваюць пакорлівасьць і дружбу эўрапейскія манархі. Тым самым ён спадзяецца паўплываць на Аляксандра, мяркуючы, што той адумаецца, бачачы як зь ім сябруе ўся Эўропа.

Але Аляксандр няўмольны, ён упэўнены ў сябе, бо ў яго і войскаў больш. Паводле афіцыйных дадзеных, у 1812 годзе ў Расеі было 975 тысячаў жаўнераў, а ў Напалеона (паводле дадзеных беспамылкова дакладных архіўных ведамасьцяў) для адбіцьця агрэсіі ўсяго 400 тысяч (прычым, палову складалі “хаўрусьнікі”, якія да гэтага шмат гадоў змагаліся супраць Францыі).

На заходняй мяжы Расея сканцэнтравала больш за 400 тысяч жаўнераў, для абароны гэта больш чым дастаткова. Да таго ж Аляксандр заключае пагадненьне са Швэцыяй і Англіяй, і Англія па “лэнд-лізу” пастаўляў ў Расею зброю, амуніцыю і грошы.

Але далей здарылася вось што.

Справа ў тым, што ў Расеі не было прыстойнага, таленавітага палкаводца для вайны з Напалеонам. Усе расейскія генэралы яму прайгравалі: Кутузаў у 1805 годзе, а Бэнігсэн, Баграціён, Барклай і іншыя ў 1806-07 гг.

Тады Аляксандр зьвяртаецца адразу да трох: да Вэлінгтона ў Англію, да французкага генэрала, які жыў у эміграцыі ў ЗША, Маро і да былога маршала, які здрадзіў Напалеона, да Бэрнадота, які стаўся кронпрынцам Швэцыі.

Ён просіць іх ачоліць расейскую армію. У тую эпоху гэта было зусім нармальна, калі замежнік становіцца начале арміі. Напрыклад, Лявонці Лявонцевіч Бэнігсэн, які камандвў расейскай арміяй у 1807 годзе, заўжды заставаўся падданым ангельскага караля. У 1812 ён ачольваў галоўны штаб расейскай арміі.

Але ўсе тры напалохаліся ваяваць з Напалеонам. Яны адмовіліся. Аляксандр застаўся з вялізнай арміяй, але без галоўнакамандуючага!

Уся гэтая махіна стаіць на мяжы, цар пасьпеў абвясьціць вайну, а што далей рабіць – ня ведае…

Тады Напалеон пасылае да Аляксандра з прапановай міру генэрала Нарбона. Але ўжо быў адслужаны ўрачысты малебен, цар ужо з помпай выехаў з Пецярбурга і ўвесь Пецярбург ведаў: мы ідзем наступаць! І Аляксандр адмовіў.

Што заставалася рабіць Напалеону?

Армія сабрана, праблема ня вырашана, уся Эўропа чакае…

 

Ж.: Ну так: лепшая абарона – гэта напад…

Я.П.: І ён пераходзіць мяжу, мяркуючы, што альбо Аляксандр заключыць мір адразу ў Вільні, проста таму, што ў яго няма галоўнакандуючага, альбо расейцы дадуць бой, прайграюць яго і зноў жа заключаць мір…

І людзі не гінуць, і Масква не гарыць…

Але Аляксандр шызафрэнічна ненавідзеў Напалеона.

Ён зайздросьціў яму зь юнацтва, бо той быў кумірам усяе Эўропы, гравюры зь ягонай выявай віселі ва ўсіх арыстакратычных дамах Расеі, а Аляксандр пасьля паразы пад Аўстэрліцам уцёк з поля бою і сьвіта знайшла яго пад дрэвам у сьлязах і пакутах ад дыярэі…

Пра гэта ведаў увесь Пецярбург, увесь сьвет.

Ці мог Аляксандр дараваць сваё прыніжэньне Напалеону?

Зразумела, не.

Мір ён не заключыць і тады, калі французы перайшлі мяжу.

Расейцы проста бягуць, без якога-кольвечы плана, “скіфскі план” – гэта выдумка пазьнейшых гісторыёграфаў. Першым, хто пабег, быў Баграціён. Аляксандр паспрабаваў быў спыніць уцёкі, але Баграціён не паслухаўся, ды ў яго і не было іншага выйсьця: ён быў адрэзаны.

Напалеон адразу ж уклініўся паміж дзьвюх армій, якія былі раз’яднаныя, бо ад пачатку рыхтаваліся да наступу.

Наогул Баграціёна баяліся, бо ён быў каханкам сястры цара Кацярыны, а яна у сваю чаргу, ачольвала пецярбургскую змову супраць расейскага імпэратара. Тады Аляксандр уцёк дахаты, ён страшна напалохаўся, што яго альбо прыкончаць у арміі, альбо безь яго ў Пецярбургу наладзяць пераварот.

Расейцы бягуць і бягуць, яны прайграюць і Смаленск, і Барадзіно. Французаў ужо нішто ня можа спыніць, іхнія баявыя страты мінімальныя – яны страцілі толькі 10 тысяч жанераў пад Смаленскам і 22 тысячы ў Барадзіне. Для параўнаньня, Кутузаў у Барадзінскай бітве страціў 53 тысячы, бо няправільна разьмясьціў свае войскі і ніяк не кіраваў боем.

Прабелам для французаў была ў іншым: хваробы і холад. Небаявыя страты Напалеона склалі 150 тысяч жаўнераў толькі ўлетку. А ўзімку ўжо абедзьве арміі панесьлі каласальныя страты з-за маразоў, сур’ёзных баёў ужо не было.

Расейская армія, па сутнасьці, была зьнішчана менавіта ў Барадзінскай бітве. Акрамя страты амаль паловы рэгулярнага складу, яшчэ каля 30% тых, што засталіся жывыя, ператварыліся ў марадзёраў.

Калі Напалеон ужо адступаў з Расеі, расейцы страцілі яшчэ больш: Кутузаў вывеў з Таруціна 130 тысяч, а прывёў у Вільню 27 тысяч жаўнераў.

А вось Напалеон вывеў з Масквы 108 тысяч, а прывёў на мяжу каля 30 тысяч, ня лічачы 100-тысячных флангавых карпусоў.

Расесйкая армія была фактычна зьнішчана, і пра гэта сам Кутузаў напісаў у данясеньні Аляксандру.

 

Ж.: А ў школах дагэтуль дзяцей вучаць таму, што Расея перамагла ў той вайне, а Напалеон ганебна ўцёк…

Я.П.: Вельмі складана патлумачыць абывацелю з, даруйце, гопніцкай сьвядомасьцю, што ў Напалеона наогул не было планаў заставацца ў Расеі, пашыраючы за яе кошт сваю імпэрыю. Але менавіта так і разважае расейскі абывацель: калі Напалеон перамог ва ўсіх бітвах, то чаму ж ён не застаўся ў Расеі? Але Напалеон не заставаўся ні ў Аўстрыі, ні ў Прусіі, хаця ў адрозьненьні ад Расеі прайшоў іх наскрозь два разы (пасьля таго, як яны напалі на яго першыя, і ён іх перамог). У яго проста не было такой задачы.

Трэба помніць, што эўрапейскія краіны не разьвіваюцца, як арда – экстэнсіўна. Расея – адзіная краіна ў Эўропе, якая потым спрабуе ўсімі сіламі ўтрымаць усё ў сябе – і ня можа.

Цікава, што Літва абвясьціла аб незалежнасьці адразу пасьля ўступленьня ў яе Напалеона і нават накіравала ў ягоную армію адзін корпус.

Менавіта па гэтых прычынах можна і трэба сьцьвярджаць, што вайна 1812 года была для Напалеона абарончай. Гэта даказана яшчэ й тым, што эўрапейцы спрабавалі ўвайсьці ў Парыж яшчэ з 1792 года, а ўвайшлі толькі ў 1814 годзе. То бок Францыя ўсе гэтыя 20 з рэштай гадоў абаранялася.

Калі б гэтая вайна была абарончай для Расеі – расейцы ня сталі б пераходзіць мяжу сьледам за французамі. Тады ўсе, уключна з Кутузавым, былі супраць. Праўда, ён быў супраць не з-за таго, што хацеў захаваць армію, а таму што выпадкова і нечакана прайграўшы ўсё што можна, раптам аказаўся “выратавальнікам айчыны”, і яму зусім не патрэбныя былі новыя паразы.

Напалеон яшчэ раз разьбіў расейскую армію пад Лютцэнам і Баўцэнам увесну 1813 года, але Кутузава да гэтага часу ўжо адсунулі.

Кутузаў пачаў неверагодна “тармазіць” планы Аляксандра, але судзіць яго нельга было.

Камічнага генэрала Кутузава, які замінаў прасоўваньню армій у Эўропе, па віне якога ўзімку загінула армія, бо ён не забясьпечыў яе ні ежай, ні адзеньнем, чалавека, які “падставіў” адмірала Чычагава пад удар Напалеона ў баі на Бярэзіне, бо Чычагаў выявіў карупцыю Кутузава ў Дунайскай арміі, гэтага чалавека нельга было ні судзіць, ні караць сьмерцю: ён ужо валодаў статусам “выратавальніка айчыны”.

Аднак яго можна было забіць.

І, па ўсёй верагоднасьц (я прыводжу масу доказаў гэтай вэрсіі, якую я агучваю ўпершыню), Кутузаў быў забіты.

 

Ж.: Дастаеўскі, як і Талстой, таксама не любіў Напалеона…

Я.П.: Нам трэба кінуць быць хворымі людзьмі і глядзець на сьвет скрозь акуляры Дастаеўскага.

Перш за ўсё, Расея – гэта краіна Дастаеўскага па сваіму нездароваму погляду на падзеі і на самых сябе. І гэтая праблема зусім не Напалеона і сьвету, а толькі наша, гэта ўнутраная праблема, і сумна тое, што хворы, закамплексаваны, непрыстойны, зласьлівы, хлусьлівы, хітры чалавек стаў адным з “сумленьняў нацыі”. Ён быў нечыстаплотны ў фінансавых справах, жорсткі з людзьмі. Ён гуляў, пазычаў і не аддаваў, біў, здраджваў, зласловіў, даносіў… І я не разумею, чаму Напалеон павінен адказваць за нейкага страшнага тыпа, які будзе жыць праз 50 гадоў пасьля падзей?

Дастаеўскі ненавідзеў асобу, бо сам асобай стаць ня здолеў. Першапачаткова гэта быў дастаткова вясёлы чалавек, які ненавідзеў рэжым, што быў тады ў Расеі, і шмат чаго, што ў ёй адбываецца. Яго нечакана арыштавалі ў гуртку петрашэўцаў, калі яны чыталі ліст Бялінскага Гогалю аб адмоўнай ролі праваслаўя.

Усё, што адбывалася потым, было зьнішчэньнем псіхікі гэтага чалавека.

Усё было гатова да пакараньня сьмерцю, але ў апошні момант яе замянілі на катаргу, а гэты чалавек зьехаў з глузду, чакаючы пакараньня сьмерцю.

Далей гэта быў ужо чалавек таленавіты, але вар’ят. У гэтым і трагедыя. Ён ператварыўся ў зламаную, асобу-неўдаха, яго сапраўды зьбілі з глуздоў у наўпроставым сэнсе слова. У Дастаеўскага былі фізіялагічна хворыя мазгі. Ён неавідзеў людзей, што стваралі, людзей прыгожых, людзей прагрэса. Таму і Напалеон як сымвал посьпеху, сымвал стварэньня новага (а ён стварыў новую Францыю, новы звод законаў, новую эпоху, новы стыль – ампір), чалавек, які перабудаваў Парыж, перабудаваў Эўропу, ня мог ня стацца галоўным ворагам Талстога і Дастаеўскага.

Гэтыя два пісьменьнікі, хаця і вельмі розныя, але і вельмі падобныя сваёй непаўнавартасьцю. І пекла заключаецца ў тым, што гэтыя людзі вельмі таленавіта сваю непаўнавартасьць выказалі.

 

Ж.: Адкуль узялася знакамтая фраза Напалеона, якую цытуе Тарле ў сваёй кнізе: “З усіх маіх бітваў самая жахлівая тая, якую я даў пад Масквоў. Французы ў ёй паказалі сябе дастойнымі атрымаць перамогу, а расейцы атрымалі права быць непераможнымі”?

Я.П.: Гэта вядомая фальсіфікацыя, але Тарле пра гэта ня ведаў. Ён ніколі не займаўся гэтай тэмай, і сваю кнігу напісаў толькі за некалькі месяцаў на замову, нават не спасылаючыся на крыніцы. Гэтая фраза – выдумка, адмыслова прымеркаваная да 100-годдзя вайны. Напалеон ніколі такога не казаў.

У ягоным бюлетэні французкай арміі, проста на полі бою запісана: бліскучая перамога.

У асабістым лісьце Марыі-Луізе з полю бою: бліскучая перамога.

У лістах усім маршалам і генэралам: бліскучая перамога.

Ва ўсіх крыніцах адно і тое ж: бліскучая перамога.

Нават так: больш бліскучая, чым пад Аўстэрліцам.

Існуюць сотні лістоў не маршалаў і генэралаў, а простых французкіх жаўнераў, многія зь іх, у адрозьненьні ад амаль пагалоўна непісьменных расейскіх, былі пісьменнымі. Лісты іхнія тады даходзілі да Францыі ўсяго толькі за два тыдні. І ўсе яны пра перамогу. Больш таго, жаўнеры пісалі, што расейскай арміі больш не існуе ні маральна, ні фізычна!

Тут усё вельмі проста: калі б расейская армія існавала пасьля Барадзіна, яна б дала бой перад Масквой. Усе былі ўпэўнены, што Маскву абароняць, яна нават ня была эвакуявана, там засталіся ўсе каштоўнасьці кароны расейскай імпэрыі, арсэнал у 150 гармат, 100 тысяч ружжаў! Гэта, дарэчы, пацьвярджае і тое, што ніякага плану глыбокага адступленьня ў расейцаў не існавала.

Дык вось усё пералічанае загінула, усе біблітяэкі, дзяржаўны архіў, усё.

Чаму Сталіну і патрэбны быў міф пра Кутузава. Ён хацеў падстрахавацца прапагандысцкі: Напалеон сышоў – і Гітлер сыйдзе! Барклай яму не пасаваў па прозьвішчу, а Кутузаў, які таксама быў па свайму роду не расеец, пасаваў яму і па пысе, і па прозьвішчу…

У Расеі нічога не мяняецца, і калі будзе яшчэ вайна, то дакладна такая ж. Зноў падпалы ўласных гарадоў, гераічнае адступленьне.

Але вораг не застанецца, ён сыйдзе. І ўсё будзе як было.

Але, праўда, у наш час ужо ніхто не пацягнецца па палях і сьнягах – войны вядуцца гандлёвыя і інтэрнэтныя.

Яўген Панасенкаў

Пераклаў з расейскай В. Буйвал.

Крыніца: https://newizv.ru/article/general/23-12-2017/evgeniy-ponasenkov-kto-vyigral-v-borodino-szheg-moskvu-i-ubil-kutuzova-ba88d7ef-51c2-4d69-95d9-cabed2d39169

/ 04-01-2018
Расея Гісторыя 1812 г. Панасенкаў
Абмеркаваньне
по теме Аўтар: Серж 2018-01-06

Давно смотрю и слушаю Понасенкова. Могу сказать, что несмотря на молодой возраст, он является одним из немногих учёных, которые пользуются реально научными подходами к исследованию исторических вопросов. Кстати, больше всего мне симпатизирует в нём то, что он настойчиво доказывает, что историография – точная наука. Обратным утверждением («нет истории, есть историки») массово пользуются всякого родо проходимцы от науки и уродцы-"охранители".

глел Аўтар: Менчанин 2018-01-07

Известно,что Москва пользовалась тактикой кочевников -напали,ограбили и ушли.Никакой там имперской идеей и не пахло.Если у Британии,морской державы ,была идея развития капитализма,во всей империи,то сегодняшняя Россия пытается повторить тезисы Британии 19 века,мол мы развиваем Сибирь,Якутию и т.д.Они мол до нас в шкурах ходили,а то ,что Москва пользуется их ресурсами и ничего за это не платит,они не вспоминают.У русских колонизаторское сознание,мол мы создали "Великую Страну",а интересы народов этой страны не учитываются,вот и нам пытаются навязать сознание покоренного народа,вышедшего из леса,мол до нас "русских" беларусы прятались по лесам от поляков. Вот такое братство нам навязывают более 100 лет.Кто хочет быть темным селянином? Лукашенко?

Бяз тэмы Аўтар: Каваленка 2018-01-08

Во рубануу́!

Але тады цiкава чаму Не адрадзiлася Княства Лiтоу́скае? Згубiлася iдэя яго iснаваньня, пшэкi пад сябе усю нашу гiсторыю з часткай земляу́ пакралi? Цi маскаль пасьпеу́ усix павыразаць?

Проо Аўтар: Менчанин 2018-01-15

Дело в том,что РФ нужна сейчас высокая цена на нефть и она стремится всеми силами давить на соседей и мир , иначе ей капут. Известно,что после войны СССР получил доступ к архивам 3 Рейха и документам на

немецкие индустриальные гиганты, чем шантажировал и оказывал давление на промышленные круги ФРГ. Это явление сохранила и развивает РФ. Беларусью оппозицию создала ФРГ под диктовку Москвы, чтобы проводить здесь совместные интересы.Когда офисы что-то задумывают,как тот Статкевич Беларуссии спецслужб ы уже готовы и реагируют.Методы шантажа и давления РФ

сохраняет и ныне, но теперь под либеральной риторикой. Вот они и боятся национальных кругов,потому что не могут их контролировать и влиять, т.к. те отстаивают национальные интересы.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: