змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Яно не наша, яно русіфікатарскае

Анонс СМІ тычыцца адной лакальнай, здавалася б, падзеі абласнога маштаба. Цытуем:

“25 лютага ў 1839 годзе Полацкі сабор прыняў акт пра падпарадкаваньне грэка-каталіцкай царквы праваслаўнаму сыноду.

Гэтая падзея будзе згаданая ў пропаведзях сьвятароў Гомельскай эпархіі па блаславеньні архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана. Таксама пройдуць памінальныя малітвы за 24 падпісантаў акту, найперш — мітрапаліта Іосіфа (Сямашку).

Мітрапаліт Іосіф «праславіўся сваёй рольлю ў узьяднаньні ўніяцкай царквы Паўночна-Заходняга краю з праваслаўем; праводзіў русіфікаратскую палітыку ў Заходнім краі, супрацьпастаўляючы яе палянізацыі», — адзначаецца на сайце Гомельскай эпархіі.”

Крыніца: https://www.svaboda.org/a/29061315.html

Гомельская епархія РПЦ так і сфармулявала: “проводил руссификаторскую политику в Западном крае”. Прызнацца, мы адразу не паверылі прачытанаму, працерлі вочы і прачыталі яшчэ раз… Хто сумняваецца, адсылаем да подлініка – сайта гомельскай РПЦ:

http://eparhiya.by/main/5875-pominovenie-duhovnyh-lic-podpisavshih-sobornyy-akt-12-fevralya-stst-1839-goda-v-polocke.html

У 1839 годзе і яшчэ шмат часу ў сьвеце не лічыліся злачынствам дзеяньні па аслабленьню, забароне і нават зьнішчэньню моваў, помнікаў гультуры і гісторыі, нацыянальных традыцый народаў і груп насельніцтва перш за ўсё на падпарадкаваных, акупаваных, падкантрольных, захопленых тэрыторыях. Гэтым, як правіла, займаліся акупацыйныя, эксплуататарскія, каланіяльныя сілы і структуры, часьцей за ўсё сама дзяржава-каланізатар. Не лічылася злачынствам нават абмежаваньне правоў, увязьненьне, выгнаньне і нават забойства прадстаўнікоў і носьбітаў згаданых моваў і традыцый – як паасобных людзей, так і нацыянальна-культурных элітаў у цэлым, і нават тысячаў і мільёнаў людзей гэтых народаў. Гэтым займаліся ня толькі туркі-асманы, але і высокаразьвітыя ў эканоміцы і, здавалася, у культуры брытанцы ў Ірляндыі, Афрыцы і Індыі, немцы у Афрыцы і Кітаі, бэльгійцы ў Конга, французы ў Афрыцы і Інда-Кітаі. Расейская імпэрыя культывавала гэтую злачынную практыку (узьведзеную ў ранг дзяржаўнай палітыкі) на працягу ўсёй сваёй гісторыі.

ХХ стагоддзе стала часам канчатковага асэнсаваньня каштоўнасьці кожнай мовы, нацыянальных культур і традыцый. У згаданых вышэй эўрапейскіх краінах даўнейшая злачынная практыка дэнацыяналізацыі і гвалтоўнага культурнага і моўнага паняволеньня была асуджана, былі дадзены заканадаўчыя гарантыі па недапушчэньню паўтарэньня злачынстваў. У Расеі (пасьля фальшывага асуджэньня царскай “турмы народаў” і пры фактычным працягваньні гэтай палітыкі на практыцы пры саветах) мы назіраем, як пад уладай “новай рускай дэмакратыі” ажывае гідра расейскага імпэрыялізма, якая атрымала новае імя – “Русский мир”. Замест фінансаваньня і дзяржаўна-грамадзкага клопату аб паратунку і разьвіцьці жудасна дэфармаванай расейскай мовы, занядбаных мясцовых традыцый ва ўнутраных рэгіёнах РФ, дзе сапраўды здаўна пражываюць вялікія колькасьці расейскага этнасу, Масква (а за ёю і абсалютная большасьць замбаванага расейскага грамадзтва) у адкрытую вяртаецца да экспансіўнай і экстэнсіўнай палітыкі гвалту, падпарадкаваньня і разбурэньня на тэрыторыях і ў дзяржавах іншых народаў. Русіфікацыя – навязваньне сваёй мовы, школы, ардынскага спосабу жыцьця коштам ліквідацыі мясцовых моваў і культур – зьяўляецца важнейшай часткай гэтай крымінальнай палітыкі. Дзейнічае класічная аксіамальная формула – “чыя школа – таго й мова, чыя мова – таго й дзяржава”. Гэтым Масква праз сваю шчодра аплочаную агентуру займаецца ва ўсім сьвеце (нават у нечаканых месцах), але самыя цяжкія ўдары русіфікацыі накіраваны на народы і мовы, якія мелі няшчасьце застацца ў межах РФ (татары, башкіры, народы Сібіры і Каўказа), а таксама супраць Беларусі, дзе русіфікацыя зьяўляецца сапраўды “крымінальнай масьцю” мясцовага антыбеларускага рэжыму, які дзейнічае ў інтарэсах дзяржавы-каланізатара. Трэба зазначыць таксама, што само слова “русіфікацыя” даўно ўжо не ўжываецца ў афіцыйным дыскурсе маскоўскіх русіфікатараў (яго не ўжывалі ні пры Леніне, ні пры Сталіне, ні пры Хрушчове з Брэжневым). Русіфікацыю рабілі ў самых дзікіх і брутальных формах, але называлася гэта “цывілізатарствам”, “культуртрэгерствам”, “дабраахвотным пераходам на рускую мову” і г.д. Слоўца дрэнна пахне, ад яго ідзе задушлівы каланізатарскі смурод.

І вось РПЦ (якая на тэрыторыі акупаванай Беларусі любіць эўфэмістычна называцца “Белорусской православной церковью Московского патриархата”)махае кадзіламі і перад усім нашым народам “с пламенного амвона” усхваляе герояў русіфікацыі ды заклікае беларусаў маліцца за іх. Робіцца гэта ў адкрытую, цынічна; слоўца маскоўскім бацюшкам не пахне. У практыцы рэлігійных структур у сьвеце бывае, што сьвяткуюць і моляцца за рэчы супрацьлеглыя. Каталікі могуць сьвяткаваць угодкі Трыдэнцкага сабору, які выратаваў ад татальнай Рэфармацыі Рыма-каталіцкі Касьцёл. А пратэстанты ў сваю чаргу шырока адзначалі ў 2017 годзе 500-годдзе Лютэравых тэзісаў. У адных і ў другіх розныя гістарычныя і тэалагічныя каштоўнасьці. І сьвяты розныя. Самае галоўнае, што ніхто з абодвух бакоў не заклікае да рэлігійных войнаў і гвалтаў, а часам яны нават моляцца разам, заклікаючы да адзінства хрысьціянаў. Можна зразумець, што РПЦ можа маліцца за 1839 год і называць тую беларускую трагедыю “воссоединением с православием”. Маўляў, даўно тое было, і “победа была наша”. Тым больш, што трыбунала на тэму справы разгрому нацыянальнай беларускай Грэка-каталіцкай Царквы і прысудаў кіраўнікам разгрому (Сямашку і іншым) яшчэ не было. Афіцыйна злачынцамі яны яшчэ не прызнаныя. Але гэта абавязкава адбудзецца ў недалёкай будучыне, пасьля вызваленьня нашай краіны. Усё вышэй сказанае ёсьць разважаньнем аб маскоўскай стратэгіі ў Беларусі.

Але надта ж цікава прыгледзецца і да іхняй тактыкі. Чамусьці не асоба, вядомая як “бацюшка Кранік”, услаўляла разгромшчыка Сямашку. І само ўслаўленьне павінна шырока адбыцца не ў сталіцы, а ў адным з рэгіёнаў, можна сказаць, на правінцыі. “Победа же ваша”, што ж вы так хаваецеся? Здавалася б, усё і ўсіх перамаглі маскоўскія “культуртрэгеры” у нашай краіне. А са сталіцы ім пачаць свой трыюмф над уніяцтвам (чытай: беларусамі) пачынаць неяк няёмка. На нашу думку, яны такім чынам “мацаюць глебу”, асьцярожна, нагой у каваным лубянскім боце, што тырчыць з-пад “облачения”. Для трыюмфа абраны гомельскі край, дзе (як мяркуюць акупанты) з беларушчынай ужо ўсё скончана. Раптам русіфікатарскі трыюмф пройдзе там гладка, дык можна будзе і ў сталіцы яго апрабаваць.

Кожная рэлігійная структура ў хрысьціянскім сьвеце імкнецца несьці Слова Божае на мове народа, сярод якога вядзе душпастырскае служэньне. Са статыстычна буйных царкоўных структур толькі РПЦ паўсюль, дзе толькі можа, прэзэнтуецца ў якасьці галоўнага русіфікатара (канкурыруючы ў гэтым з акупанцкай адміністрацыяй і акупанцкай школай). Падобна, што там у хуткім часе будуць німбы сьвятых раздаваць за агіяграфічныя подзьвігі ў русіфікацыі.

Яны невыпраўляльныя, гэта невылечнае. Русіфікатарства ў любой упакоўцы, нават у дэкаратыўна-тэалагічнай, ёсьць злачынства супраць нашага народа. Яно (РПЦ) нам чужое і варожае. Яно не наша.

Валеры Буйвал / 26-02-2018
Русіфікацыя Акупацыя Валеры Буйвал РПЦ Расейскія акупанты
Абмеркаваньне
Опппо Аўтар: Менчанин 2018-02-27

Хотят Гомель превратить в Донбасс.Так где здесь религия? Это политика и пустой фанатизм. Еще бы инквизицию освятили б ,во потеха была б. Кто-то настраивает нас на поклонение перед Москвой и ее агрессией. Говорят,если б в Крыму дали отпор,они б дальше не пошли б.

Опппо Аўтар: Менчанин 2018-02-27

Продажные попы чувствуют момент и слабость властей, по сути они на содержании Москвы. А что там этот Семашко, если и до него унматы массово переводились в РПЦ. Ничего он такого святого не сделал для РПЦ,лишь констатировал факт. Кто-то явно раздувает эту тему. Значит попы не уверены в пастве. Скоро эта религиозность пройдет.

Бяз тэмы Аўтар: Мікола 2018-02-27

Пагаджаюся з аўтарам. РПЦ (Руская праваслаўная царква) - зьлейшы вораг усіх народаў. Па сутнасьці, яна - не рэлігійная канфесія, а тэрарыстычная арганізацыя ідэалагічнага кшталту. Яе ахвяры - ачмураныя, прыніжаныя і маральна забітыя мільёны жыхароў тых краінаў і тэрыторыяў, дзе яна "прапаведуе". Іх ніхто не лічыў, бо пакуль адсутнічае кваліфікацыя такіх злачынстваў. Калі ж адбудзецца той Вялікі Суд, які вынесе вырак гэтай антычалавечай, сатанісцкай структуры?!

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Валеры БУЙВАЛ: Зьнішчэньне Курапацкай сьвятыні спосабам рэжымнай “мэмарыялізацыі”
ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: "СІСТЭМНАЕ РАЗЬВІЦЬЦЁ АФЁРЫ"
Шызафрэнія
Iмітація вбивства Бабченка виявила дві мети російських спецслужб