змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Як у ваду глядзелі…

Зусім нядаўна “белрэдакцыя” Радыё Свабода апублікавала спробу “біяграфічнай паралелі” жыцьцяў польскага дыктатара генэрала Ярузэльскага і галоўнага начальніка антыбеларускага рэжыму (ніжэй мы падаем гэты тэкст). Нават з тэксту вынікала, што паралель і параўнаньне прыцягнута за вушы. Але мы тады выказалі меркаваньне, што такім чынам запачаткоўваецца тэма ваеннага становішча і адмены канстытуцыйных свабод у Беларусі (нібыта на ўзор польскіх падзей 1980-х гадоў). І трэба ж, мы як у ваду глядзелі. Да галоўнага начальніка напрасіўся на аўдыенцыю галоўны дэмрэдактар РБ тав. Сярэдзіч (газэта “Нар. Воля”). Там ён павучаў дыктатара, як кіраваць рэжымам. А галоўнае прагучэла ўжо на самым пачатку, бо ў тытуле – “Сярэдзіч падчас сустрэчы з Лукашэнкам прапанаваў яму пайсьці шляхам Ярузэльскага”. Цытуем лекцыю галоўрэдактара:


“Я ўспомніў таго ж Ярузэльскага. У крытычны час для палякаў Ярузэльскі ініцыяваў нацыянальны польскі круглы стол. Я думаю, што над гэтай прапановай задумаецца і Лукашэнка, і я не выключаю, што такая магчымасьць будзе. Трэба садзіцца і спакойна вырашаць”.

Крыніца: http://www.svaboda.org/a/28306624.html

 

Тут трэба нагадаць, што “у крытычны для палякаў час” – на прыканцы 1981 года – генэрал Ярузэльскі на загад з Масквы ўвёў у Польшчы ваеннае становішча і распачаў адкрытае здушэньне польскага народу з рознабаковай падтрымкай Масквы. Дзесяткі тысячаў людзей былі арыштаваны і ўвязьнены, вымушаны былі эміграваць замяжу, пазбаўлены працы па спэцыяльнасьці, былі забаронены ўсе дэмакратычныя арганізацыі. Падчас рэпрэсій і ў выніку таемных замахаў спэцслужбаў былі забіты сотні і паранены тысячы патрыётаў. На працягу сямі гадоў прамаскоўскі васальны рэжым Ярузэльскага вёў змаганьне з польскім народам, разваліў эканоміку. А тут у СССР пачаўся крызіс “перастройкі”. І ўжо тады хунта Ярузэльскага пайшла на “круглы стол” і на саступкі.

Кароткая памяць у “дэмакрата”-галоўрэдактара, што ён забыўся пра ўсё гэта. А можа не забыўся, і гэта быў публічны намёк дыктатару? Але ў выніку тэма ажыла і трэба чакаць, што яна будзе разьвівацца. Нават да такой ступені, што ў “Нар. Волі” пачнуць друкаваць “пісьмы працоўных” з заклікам “зрабіць, як Ярузэльскі”.

 

***

“Черёмушки” або парны партрэт двух тыранаў

У жоўтую тканіну, сатканую з дэзінфармацыі, падтасоўкі фактаў, фальшывых акцэнтаў і поп-гапонаўскай “аналітыкі” запушчана “чырвонай ніткай” яшчэ адна маніпуляцыйная тэма. Ткачы з цэху “дэмСМІ” ўзяліся за стварэньне сродкамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва парнага партрэту двух тыранаў – Лукашэнкі і Ярузэльскага. Бліжэйшы час пакажа, якая мэта гэтага “рукоделия”, але ўжо на пачатковым этапе зразумела, што йдзецца пра чарговую лубянскую “інтэлект-ініцыятыву” з мэтай адцягненьня ўвагі беларусаў ад сапраўды важных праблем і для збочваньня з шляху нацыянальнага Адраджэньня. Сярод іншага, йдзецца пра публікацыю ў “белрэдакцыі” Радыё Свабода вялікага інтэрв’ю з аўтарам маскоўскай біяграфіі польскага генэрала і палітычнага дзеяча Войцэха Ярузэльскага. У якасьці кароннай ілюстрацыі гэтага матэр’ялу РС выставіла фотапартрэты згаданага генэрала і начальніка антыбеларускага рэжыму (патрэт згаданага начальніка мае падкрэсьлена карыкатурны характар). І з чаго яны раптам? Гэтыя дзьве асобы належаць да розных (хаця і блізкіх па часе) гістарычных пэрыядаў, ніколі не сустракаліся, не рабілі ніякіх узаемных выказваньняў наконт партнёра. Гэта той выпадак, калі два боты зусім не пара. Але “свабодаўцы” не сумеюцца і гнуць сваё…

Няма сумневу, што постаць генэрала Ярузэльскага надзвычай цікавая, нават фэнамэнальная для гістарычнага дасьледваньня, інтэлігентнага чытаньня і навуковых параўнаньняў. Але паўстаюць пэўныя (рытарычныя) пытаньні. Чаму “свабодаўцы” выцягнулі ў свой эфір маскоўскага спэца тав. П. Чаромушкіна зь ягонай сьвежа надрукаванай манаграфіяй пра Ярузэльскага? Гэта што за падзея для нас – выданьне кніжкі ў Маскве? Мы тут пры чым? Польскія палітыкі, дасьледчыкі, удзельнікі падзей таго часу ўжо напрацавалі цэлыя стосы надзвычай рэвэляцыйнага навуковага, мэмуарнага, аналітычнага, папулярнага матэр’ялу па тэме, створаны дакумэнтальныя фільмы ў жанры факту і рассьледваньня. Праца над тэмай працягваецца, але ўжо зараз існуе даволі поўны рысунак генэзісу фэномэна Ярузэльскага і ярузэльшчыны. У “белрэдакцыі” ёсьць моўны бар’ер? Дык папрасілі б каго з нашых паланістаў, тыя б і дапамаглі ім. Але ж з маскоўскім выданьнем яно, мабыць, прасьцей і весялей.

Дзякуй, што “белрэд” пазнаёміла ў дзьвюх словах з аўтарам маскоўскай біяграфіі. Чытаем пра жыцьцё тав. Чаромушкіна. “Работал в ТАСС и в еженедельнике «Эхо планеты», проходил стажировку в отделении ТАСС в Польше. Почти 15 лет проработал в пресс-службеи в политическом отделе посольства США в Москве. В конце 2000-х – собкор агенства «Интерфакс» в Вашингтоне”. Як кажуць маскоўскія дысыдэнты, “каков пострел, везде поспел”. Нават цяпер уладкаваўся ў расейскай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Не напісана толькі, якія зоркі на сініх пагонах у гэтага вэтэрана “пяра, плашча і кінжала”. Хаця, напэўна, мундзіра на людзях ён ніколі не надзяваў. І вось гэты кадр піша кніжку пра падзеі, у якіх ён (як засланец Масквы) прымаў непасрэдны ўдзел якраз у пэрыяд ярузэльскай дыктатуры ў Польшчы. Мы дапускаем, што лубянскі сабкор у сувязі з новай пасадай у расейскай дэмжурналістыцы ўзяў і зьмяніў свой сьветапогляд. Ды толькі ня памятаем, каб ён публічна сарваў з сябе сінія пагоны або прынамсі пакаяўся ў дзяржынскіх грахах. Пра ўсё гэта “свабодаўцы” ня згадваюць ні словам. Яны прапануюць нам прыпасьці да гэтай “чыстай крыніцы” гістарычнай інфармацыі і далучаюць да яе сваё параўнаньне асобаў тыранаў.

Пераказваць і аналізаваць тэкст інтэрв’ю падрабязна мы ня будзем, ён таго ня варты. У ім столькі няпраўды, паўпраўды і чвэрцьпраўды, што ўсё становіцца зразумелым адразу. Сказана, напрыклад, што Ярузэльскі ўдзельнічаў у выправе польскага войска ў Чэхаславакію ў 1968 г. А было ня так, ён на працягу ўсяе гэтай апэрыцыі сядзеў у Варшаве і адтуль камандваў арміяй (гісторык абавязаны быў бы зазначыць гэта). Ёсьць проста сьмешныя пасажы. Чаромушкін сэнтымэнтальна распавядае, як Ярузэльскі “стаў русафілам”, бо “перажыў ліха разам з рускім народам”. Аўтар нават не згадаў, што саветы ня проста выслалі сям’ю Ярузэльскіх у Сібір, а і забілі ягонага бацьку (такое было “ліха” у гэтага русафіла). Кур’ёзна чытаць, як ён “перажываў” наступствы “антысэміцкай чысткі ў войску” у 1968 г. Чаму ж не згадаў Чаромушкін, што менавіта Ярузэльскі быў галоўным (!) выканаўцам гэтай ганебнай праграмы, што ён вытурыў з войска нават генэралаў, якія былі стваральнікамі ягонай асабістай кар’еры? Але ён “потым перажываў”. Ну, і г.д. У цэлым зразумела, што кніжка маскоўскага спэца – гэта суцэльны панэгірык здушальніку Польскай рэвалюцыі.

Крыніца: http://www.svaboda.org/a/28217338.html

 

І ўрэшце самае галоўнае. Чаму (як кажуць простыя людзі, “якога хрэна?”) да ўсяе гэтай маскоўскай гаварыльні прыплялі фотапартрэт Лукашэнкі? Ды далі “сэнсацыйны” тытул разьляпістаму па аб’ёмах тэксту? – “Чым Лукашэнка падобны да Ярузэльскага”. Нідзе ў словах Чаромушкіна начальнік рэжыма не згадваецца. Параўнаньня, параўнальнай аналітыкі, высноваў зь яе ў тэксьце проста няма. А парны партрэт ёсьць. Мяркуем, што для гэтага і гарадзіўся ўвесь “свабодаўскі” гарод.

Мяркуем, што ў бліжэйшы час гэтае параўнаньне знойдзе свой працяг. Нам будуць даказваць, што пры ўсёй агульнай брыдкасьці і шкоднасьці тыранам “ничто человеческое не чуждо”, што яны здольныя перажываць, думаць пра народ і хацець яму дабра (па-свойму, па-тыранску, зразумела). Вось і Ярузэльскі душыў-душыў свой народ, а потым адбіўся ад рук Масквы і арганізаваў “круглы стол” з апазыцыяй, пасябраваў з Валэнсай, распачаў новы, дэмакратычны пэрыяд у гісторыі сваёй краіны. Тэарэтызатары-параўнальшчыкі не згадаюць, што ўжо раскрыта: Валэнса – гэта агент спэцслужбаў Болек, а выкарыстоўвала яго ў якасьці вывескі група левакоў міхнікаў-кураняў. Што сапраўдныя польскія патрыёты-антыкамуністы былі супраць махінацыі “круглага стала” і выступалі за поўны дэмантаж прамаскоўскай сістэмы і пакараньне яе злачынцаў.

Нам будуць распавядаць казкі аб тым, як “беларускі Ярузэльскі” (вядома хто) можа сесьці за “круглы стол” з “беларускім Валэнсай” (Статкевічам або Лябедзькам, даруйце за параўнаньне) і павесьці нашу краіну “польскім рэфармацыйным шляхам”. Нагаварыць тут можна тысячу і адну ноч. Абы знайшліся вушы, якія будуць слухаць.

Замест яснай прапановы думаць і дзейнічаць ў інтарэсах сваёй нацыі і дзяржавы, маніпулятары падсоўваюць нам чарговую гарбушку, зьлепленую ў Маскве. Абы заняць людзей, абы было, аб чым менціць языкамі. Яны шчодра аплочаны за сваю міфатворчасьць. Але няўжо знойдуцца людзі, якія бясплатна павераць у гэтую ахінею? 

Сяргей Камароўскі / 20-02-2017
Псеўды Лукашэнка ДэмСМІ Народная Воля Лубянка Псэўдаапазыцыя Расейскія акупанты Іосіф Сярэдзіч Ярузэльскі
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: рар 2017-02-20

Сярэдзіч -- рэдкасная сьвіньня.

Бяз тэмы Аўтар: Цзю Сю 2017-02-20

Сапраўды, нітачка праглядаецца. З Лукімуды будуць цяпер ляпіць Ярузэльку. Абы чым заняцца і заняць людзей. Абы было пазаблытаней.

Бяз тэмы Аўтар: журботны 2017-02-21

Сярэдзiч зусім абнаглеў.

Я помню яшчэ той час, калі Народная Воля выдавалася то ў Смаленску, то ў Вільні. Калі тыражы заптрымлівалі масава. Тады там было, што пачытаць...

А потым, калі раптам пасьля 2006 года яна раптам легалізавалася, як і наша ніўка гэбэшная, ды патрапіла ў кіёскі - я доўга ня мог гэтага зразумець ды вырашыў у рэшце рэштаў. што тут штосьці ня так, штосьці тут нячыста. Ня можа рэжым, які не мяняецца, раптам стаць "дэмакратычным".

гэта я яшчэ тады разумеў.

Вось і прыплылі)))

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: