змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Годнае жыцьцё магчымае толькі ў сваёй мове і культуры

(Чэрвеньскі Сойм 2018 г. КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

10 чэрвеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” – «Забаўляльны рэстаран ля Курапатаў мусіць быць ліквідаваны». (Публікуецца). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту, і сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Партыі і Фронту.

Старшыня Партыі зьвярнуў увагу сяброў Сойму, што рэстаранна-забаўляльны комплекс ля Курапатаў – гэта адмыслова прадуманая правакацыя і маскоўскі палітычны праект. Рэзкая перамена пазыцый ўсіх уладных структур, асобаў і фактычная падтрымка злачынства паказвае на адміністрацыйна-палітычны чыньнік. Мяркуючы па характары дачыненьняў ініцыятыва яго ў Маскве. Масква гэтую афёру кантралюе і праз васальную ўладу накіроўвае.

Выступоўцы падвялі вынікі важнейшага масавага мерапрыемства, якое было арганізавана 3 чэрвеня КХП-БНФ. “Дзень памяці пра генацыд” аб’яднаў людзей некалькіх пакаленьняў. На тэрыторыі Курапацкай сьвятыні сустрэліся беларусы, якія жылі ў часы тэрора расейскай акупацыі Беларусі, людзі, што 30 гадоў таму пачыналі працу па стварэньню Народнага мэмарыялу Курапаты, і сёньняшняя моладзь. Курапаты, памяць аб нашых пакутніках аб’ядналі ўсіх, каму дарагая Беларусь, яе культура і мова, наша дзяржава і будучыня. Не выпадкова, што менавіта да гэтай падзеі рэжым на загад Масквы пачаў правакацыйныя дзеяньні вакол рэстарана-бардэля “Бульбаш-хол”. Адказам на гэта ад беларускага грамадзтва будзе яшчэ больш актыўная асьветніцкая праца з мэтай данесьці да нашых людзей і сусьветнага грамадзтва праўду пра генацыд беларускага народу пад маскоўскай акупацыяй, пра працяг антыбеларускай палітыкі пад рэжымам унутранай акупацыі, кіруемай з Масквы. Задача беларускіх патрыётаў – абараніць і захаваць магілы ахвяраў тэрору і сотні крыжоў на тэрыторыі Народнага мэмарыялу Курапаты. Факты сьведчаць аб тым, што ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі крамлёўскі рэжым перайшоў да адкрытага зьнішчэньня магіл ахвяраў сталінскага тэрору, а таксама да спаленьня ўсіх дакумантаў, што тычацца лёсаў рэпрэсаваных людзей, статыстыкі і падзеяў тэрора. Калі гэта робіцца ў РФ, то, безумоўна, мясцовы васальны рэжым будзе рабіць тое ж самае ў Беларусі. Масква прыступіла на ўсіх падпарадкаваных ёй тэрыторыях да ліквідацыі сьлядоў сваёй тэрарыстычнай дзейнасьці. Гэта вымушае ад нас пільнасьці, арганізаванасьці і салідарнасьці.

Выступоўцы зьвярнулі ўвагу на пагрозу вялікай вайны, якую рыхтуе Масква. Адэкватныя аналітыкі ў розных краінах і самой Расеі праводзяць аналагі з гітлерскай Алімпіядай 1936 года ў Бэрліне. Прыводзяць таксама больш сучасныя прыклады з Сочынскай Алімпіядай Пуціна 2014 года, на наступны дзень пасьля завяршэньня якой пачалася расейская агрэсія супраць Украіны. Цяперашні Чэмпіянат сьвету па футболу, які днямі мае распачацца ў Расеі, выклікае не радасьць сьвята спорту, а трывожныя думкі і асацыяцыі. Міжнародная ізаляцыя, глыбокі сістэмны гаспадарчы і сацыяльны крызіс вымушаюць крамлёўскае кіраўніцтва шукаць паратунку сваёй улады і імпэрыі ў брутальных захопніцкіх дзеяньнях.

На жаль, палітыкі і грамадзтвы дэмакратычных краін не да канца разумеюць характар і разьвіцьцё гэтых працэсаў. Але беларусы ня маюць права на наіўнае стаўленьне да маскоўскай пагрозы. Нашаму грамадзтву трэба рыхтавацца да абароны Бацькаўшчыны ад агрэсара ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і нашай нацыянальнай традыцыяй.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра далейшае зьбядненьне людзей, пра антыбеларускую дзейнасьць рэжымнай сістэмы адукацыі, дзе на афіцыйным і паўафіцыйным узроўнях распаўсюджваюць брудны паклёп, хлусяць навучэнцам, кажуць ім пра “недаразьвітасьць і непатрэбнасьць беларускай мовы”, працягваецца татальная русіфікацыя. Многія людзі проста ня бачаць пэрспэктывы далейшага жыцьця на радзіме, імкнуцца выехаць за мяжу, жывуць у дэпрэсіі.

Перад патрыётамі стаіць задача пераканаць грамадзтва, што годнае, заможнае жыцьцё магчымае толькі ў сваёй мове, культуры і традыцыі, што русіфікацыя ёсьць шлях да беднасьці і рабства пад уладай маскоўскай імпэрыі.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

10 чэрвеня 2018 г.

Інфармацыйная камісія БНФ “Адраджэньне” і КХП–БНФ / 12-06-2018
КХП-БНФ Родная мова Народны Фронт Беларусь БНФ Сойм КХП-БНФ Культура
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: