змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Фотападтасоўка

У Сеціве распаўсюджваецца тэкст і фота аўтарства Белсата пад тытулам “Раўнапраўны ўдзел немагчымы”: Таварыства аховы помнікаў пра конкурс на праект мемарыялу ў Курапатах”. Матэр’ял у асноўным прысьвечаны жаданьню згаданага ў тытуле Таварыства паўдзельнічаць у злачынным рэжымным “конкурсе на праект”. Таварыства, як і рэжым, робіць выгляд, што Народнага Мэмарыялу ў Курапатах няма, што там пустое месца і яго трэба “обустроить”.

Хаця не зусім так, гаворка вядзецца зусім не пра пустое месца, і аўтарытэтнае “дэмСМІ” дае чытачам-гледачам “поўную інфармацыю” аб тым, што там маецца ў наяўнасьці. А менавіта перад сваім тэкстам выстаўляе адно фота. На ім бачна, які “беспарадак і хаос” пануюць у Курапатах: усё залівае вада, крыжы нахіліліся… Ну як жа тут, маўляў, не “обустроить”!

Фота дакумэнтальнае, яно зроблена пасьля дажджоў. І, на жаль, гэта тыповая карціна ў гэтым месцы (на пачатку) тэрыторыі Курапатаў у такіх умовах надвор’я. Бо менавіта тут рэжым, пашыраючы на магілы Кальцавую дарогу, узяў і вывеў на магілы вялікую трубу зьліўнога калектара ды яшчэ некалькі меншых жалабоў для зьліву дажджавой вады. Іншага месца не знайшлося. Больш таго, у 2001 годзе рэжым загадаў, а рабочыя-будаўнікі (хутчэй разбуральнікі) выкапалі ад трубы ў бок магіл глыбокі роў-канал, па якім вада павінна была разьлівацца па ўсёй тэрыторыі Курапатаў. Але на наступны дзень прыйшлі фронтаўцы з рыдлёўкамі і канал засыпалі.

Паглядзець на фота з “дэмСМІ” дык складзецца ўражаньне, што гэта патрыёты так занядбалі ўсё на тэрыторыі пахаваньняў, што гэта беларусы самы, а не рэжым, праклалі сюды трубу. Што да пахіленых крыжоў, то гэта крыжы, зробленыя фронтаўцамі падчас абароны Курапатаў у 2001 годзе проста на месцы, са ствалоў паваленых дрэваў. Абаронцы пакінулі іх тут як сьведчаньне народнага рушаньня абароны.

Ну і ўрэшце, на фота бачна, што паўсюль валяюцца спілаваныя ствалы і гальлё (“беспарадак”!). Дык жа бачныя і фігуры рабочых “Лесгаса”, якія займаюцца прачысткай лесу. Ужо на наступны дзень рабочыя і фронтаўцы расчысьцілі гэтае месца.

І што ж гэта фатографы з “дэмСМІ” не далі фотаграфій зь іншымі выявамі, на якіх бачны крыжы Народнага Мэмарыяла, помнікі ад народаў, дзе адчуваецца вобразная моц зьдзейсьненага беларусамі дзеля памяці? Пытаньне рытарычнае. Фатографы не захацелі даваць такую інфармацыю. Яны спрабуюць пераканаць людзей, што па ўсіх Курапатах вось такая “карціна неахайнасьці”, што ўмяшальніцтва антыбеларускага рэжыму вельмі пажаданае “для навядзеньня парадку”.

Дэмрэдакцыя затуманівае галовы не наўпрасткі, а “25-м кадрам”, гэткай “дакумэнтальнай падтасоўкай”. Трэба чакаць, што ў бліжэйшы час зьявіцца шмат такіх тэндэнцыйных “фотадакумантаў” ад розных нячыстых на руку спэцоў. Бачна, што ўся журармія атрымала загад даказваць, нашэптваць, намякаць, што Народнага Мэмарыялу няма, нічога няма. Што трэба “урэшце мэмарыялізаваць Курапаты”.

Гэта адзін з тых выпадкаў, калі адкрытая антыбеларуская варожасьць і агрэсіўнасьць рэжымных СМІ выглядае больш рэспэктабэльна, чымсьці хітрамудрыя падтасоўкі дэмспэцоў. Ды толькі беларусы разьбяруцца дзе што.

Крыніца: http://belsat.eu/news/yak-budze-vygdyadats-memaryyal-u-kurapatah-tavarystva-ahovy-pomnikau-prapanue-uladze-prymirenne/

Валеры Буйвал / 08-04-2017
Фота Курапаты ДэмСМІ Валеры Буйвал Белсат
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: Фронтаўцы 2017-04-08

Якая мярзота!

Бяз тэмы Аўтар: багаслоў 2017-04-08

Я быў у Курапатах. Фронтаўцы там падтрымліваюць парадак, даглядаюць магілы. Мэмарыял ёсьць!

Бяз тэмы Аўтар: Мікола))) 2017-04-08

Як частка нашай псэўдаапазыцыі заўсёдна вядзе людзей на сабачнік і псэўдавыбары... дык і з "конкурсам" пра курапаты нейкае нядобрае прадчуваньне...

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: