змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Фальшывыя галасы сірэн

Зразумеўшы, што беларусы гуртуюцца, каб абараніць Народны Мэмарыял у Курапатах ад лукашысцкай “мэмарыялізацыі”, рэжымныя служкі пачалі блытаць сьляды. Зьявіліся публікацыі, у тытулы якіх выведзена наступнае: “Крыжы ў Курапатах чапаць ня будуць”. Прыкладна тое ж выдаў у інфармацыйную прастору лукашэнкаўскі міністр культуры тав. Святлоў: маўляў, крыжы не зачэпім. Міністр яшчэ паспрабаваў патлумачыць ненармальную і жульніцкую па сутнасьці тэрміновасьць у правядзеньні “конкурса на праект мэмарыялізацыі”. Маўляў, праекты ўжо даўно ляжаць у тэчках у выглядзе эскізаў, іх цяпер толькі трэба дастаць і паказаць.

Хлусяць і адзін і другі. Фронтаўцы амаль штодня сустракаюць на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу ў Курапатах групкі асоб з фотаапаратамі. Тыя ходзяць па магілах і нешта ўсё прыкідваюць. У выніку знаёмства высьвятляецца, што гэта архітэктары і скульптары. Яны ўжо скалочваюць “творчыя групы” і з ходу робяць накіды сваіх будучых “конкурсных праектаў”. Абсалютная бальшыня гэтых асобаў НІКОЛІ НЕ БЫЛА Ў КУРАПАТАХ, апынулася тут упершыню. Хаця йдзецца пра людзей творчых прафэсій, якія жывуць у нашай сталіцы. Курапаты іх ніколі (ніколі!) не цікавілі. Зразумела, што ў народных абаронах сьвятыні, крыжаўзьвіжаньні, даглядзе за магіламі яны ніколі не ўдзельнічалі. Гэта мякка кажучы людзі абыякавыя і выпадковыя. Быў бы конкурс на мэмарыялізацыю дасягненьняў гэбізма-лукашызма, яны б і туды панесьлі свае праекты.

Фронтаўцы не грубяць гэтым людзям, але па-даросламу тлумачаць, што грошай зарабіць на конкурснай авантуры ім ня ўдасца. Антыбеларускі рэжым ня вечны і Масква таксама. Усе грошы, атрыманыя ў рамках блюзьнерскага праекта будуць вернуты ў казну: дабраахвотна або праз суд. Суд над удзельнікамі і кіраўнікамі “рэжымнай мэмарыялізацыі” непазьбежны. Імёны супольнікаў антыбеларускага рэжыму будуць пакрытыя ганьбай.

Яны крыжы “ня будуць рушыць”? Ня выключана, што на першым этапе яно так і будзе. Паставяць бэтонную пачвару ў самым цэнтральным месцы Народнага Мэмарыяла і зробяць “дорожки” і “лавочки”, як паабяцаў міністр Святлоў. Але гэта будзе толькі пачатак. Калі такое здарыцца, беларусы дапусьцяць на тэрыторыю сьвятыні лютых ворагаў ўсяго нацыянальнага і сьвятога. Ня ўсе ведаюць, але ведаць трэба: усе праекты культавых пабудоў і помнікаў павінны атрымаць афіцыйнае ўзгадненьне ў КГБ РБ (гэта яшчэ савецкая традыцыя). Уяўляеце сябе, кантора – спадчыньнік НКВД, расстрэльшчыка людзей у Курапатах і паўсюль – будзе даваць сваё “адабрам-с” на нешта пластычна-архітэктурнае, што нагародзяць на магілах ахвяраў. У сучаснай эўрапейскай гісторыі такога яшчэ не было. Разам з “часовней” і печкамі-лавачкамі ў Курапаты ўлезуць папы чужой беларусам арганізацыі РПЦ. Масква ім падкажа, што рабіць далей. Ведаючы гэты рэжым, Маскву і памятаючы іхнія ранейшыя дзеяньні вакол Курапатаў і на тэрыторыі сьвятыні, можна не сумнявацца, што галоўная іхняя задача – у бліжэйшы час зьнішчыць крыжы і магілы, заліць сьвятыню бэтонам і назаўжды схаваць сьляды расейскага злачынства на нашай зямлі. Будзе зьнішчаны ўжо вядомы ў цэлым сьвеце Народны Мэмарыял, створаны беларускім народам.

Але так ня будзе. Па ўсёй краіне людзі рыхтуюцца да абароны сьвятыні. Гэта будзе негвалтоўная абарона хрысьціянамі крыжоў і магіл пакутнікаў. Беларусы будуць ставаць з крыжамі на шляху бульдозэраў, папоў РПЦ і рэжымнай цемры. Беларусы зноў (як гэта было ў 2001 годзе) зьвернуцца да міжнароднай супольнасьці, Папы Рымскага, парлямантаў, палітычных, культурных, грамадзкіх і рэлігійных дзеячаў дэмакратычных краін з заклікам спыніць зьнішчэньне сьвятыні. Ужо зараз патрыёты паведамляюць у сьвет пра пагрозу, якая навісла над Народным Мэмарыялам. Вораг ня пройдзе!

Менавіта ў абароне Курапатаў умацуюцца групы падтрымкі народнага руху “Вольная Беларусь”.

Алесь Хадасевіч / 14-04-2017
Народ Курапаты Змаганьне Супраціў Абарона
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: Фронтаўцы 2017-04-14

Не дапусьцім НКВД у Курапаты! Ні пад якім соўсам.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: