змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Cэнсацыя дня: Нават рэжымны ЦВК!

Пасярод кволай “выбарчай кампаніі” (папулярызатарскія пікеты “кандыдатаў” мерзнуць на вуліцах, а публіка грэбліва абмінае іх, ідучы па сваіх справах) нудную атмасфэру разрадзіў непаўторны пэрсанаж псэўдаапазыцыйнай арэны. Цытуем СМІ:

“У інфармацыйных улётках, што выпусьціла Шклоўская акруговая камісія пра кандыдатаў у дэпутаты, няма інфармацыі пра тое, што Рыгор Кастусёў, які балятуецца ў Магілёўскі абласны савет, зьяўляецца кіраўніком партыі БНФ.

Няма і іншых істотных зьвестак пра кандыдата, у прыватнасьці, таго, што Рыгор Кастусёў вывучаў мясцовае самакіраваньне ў эўрапейскіх краінах, што ён зьяўляецца аўтарам выданьняў і артыкулаў па рэфармаваньні эканомікі, няма інфармацыі пра яго месца жыхарства.

На думку Кастусёва, скарачэньне істотных пунктаў біяграфіі зроблена наўмысна, каб прынізіць яго статус кандыдата. Спачатку Кастусёў падаў скаргі ў Шклоўскую акруговую камісію, у Магілёўскую абласную камісію. А 10 лютага палітык накіраваў скаргі ў Цэнтарвыбаркам і Генэральную пракуратуру.”

Крыніца: https://www.svaboda.org/a/29033176.html

 

Тут брытанскі класік гукнуў бы вуснамі свайго героя: “Бедны Ёрык!” І нам шкада “кандыдата-палітыка”. Гэта ж трэба было, так усё наладзілася, “палітычная кар’ера” ўдалася, кар’ерны рост адбыўся і такі ўдар у плечы! Ды ад каго, ад самых крэатараў крэатуры!

Стрымаем эмоцыі і патлумачым па парадку. У 1999 годзе антыбеларускі рэжым прыступіў да канчатковага (як рэжымным здавалася) разгрому Беларускага Народнага Фронта. Актывізавалася групка дзеячаў (Вячорка, Хадыка, Баршчэўскі і драбнейшыя), якая прыступіла да выкананьня заданьня па расколу магутнай патрыятычнай адраджэнскай арганізацыі, якая ў драматычным змаганьні пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка дамаглася аднаўленьня незалежнай Беларускай дзяржавы ў жніўні 1991 года. “Раскольнікам” было пастаўлена заданьне выдаліць з кіраўніцтва Зянона Пазьняка і актывізаваць развал Народнага Фронта. Правакацыя правалілася на чарговым зьезьдзе БНФ, бальшыня сяброў у структурах арганізацыі і ўдзельнікаў зьезда падтрымалі нацыянальнага лідэра і прагаласавалі за старшынства Зянона Пазьняка. Тады “раскольнікі” выдаліліся з залі паседжаньняў зьезду і на асобным паседжаньні ўтварылі “свой БНФ” (празваны ў народзе псэўда-БНФам або “Партыяй Галіхвэ”) са сваім “генсекам” В. Вячоркам. А рэжым у парушэньне свайго ж заканадаўства зарэгістраваў іх пад той жа назвай. Народны Фронт пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка працягвае змаганьне за вызваленьне Беларусі ад расейскага акупацыйнага рэжыму, псэўда-БНФ усе гэтыя гады дэманструе цуды палітычнай імітацыі і прафанацыі, вэгэтуе і зьяўляецца спарынг-партнёрам ва ўсіх справах рэжыму. Праз некалькі гадоў групку вышэйзгаданых “інтэлектуалаў” груба пасунулі з псэўда-БНФ “маладыя лейтэнанты” начале з новым генсекам А. Янукевічам, а летась генсекам стаўся наш пэрсанаж Р. Кастусёў. Усе назіралі, зь якім трыюмфатарскім выглядам гэтая чарговая шклоўская зорка (так, і ён адтуляка!) узышла над мутным рэжымным даляглядам. Супэрстар хоча стацца дэпутатам на рэжымных псэўдавыбарах (у якіх сапраўдны Народны Фронт ня ўдзельнічае), і тут такое – ўзялі і пачысьцілі ад самага галоўнага кандыдацкую тытулатуру. Слушна, тав. генсек, у Генпракуратуру на іх, “расхитителей социалистической собственности”!

Нават лукашыстоўскія пігмаліёны, якія сваімі рукамі зьляпілі і фальшыва пафарбавалі свой прадукт у бел-чырвона-белыя колеры, не хаваюць, што гэта не сапраўднае, не Беларускі Народны Фронт, не фронтаўскі лідэр. Нават яны!

І вось у Маскве шугануў сінім полымем скандал з бабруйскай Рыбкай, а ў нас пасыпаліся іскры з пракурорскіх папер шклоўскага, адстажыраванага ўшчэнт “гиганта мысли”. Атмасфэра накаляецца, публіка ажывілася…

Алесь Хадасевіч / 12-02-2018
Псеўда-БНФ Кастусёў
Абмеркаваньне
Кастусёву Аўтар: Джон Жарптушкін 2018-02-13

Зь яго сьмяюцца, пагаржджаюць,

Бо ён мужык, дурны мужык!

Бяз тэмы Аўтар: Шэкспір 2018-02-13

Бедны Ёрык!

Бяз тэмы Аўтар: рар 2018-02-13

Якія ўсё ж у іх фізіяноміі. Усё на іх напісана і пячатка пастаўлена.

Аоо Аўтар: Менчанин 2018-02-14

Грантовское иждивение движет постсоветскими активистами в надежде на финансовую удачу и лихое обогащение,а не четкая общественная и государственная направленность. Народ это понимает и отвергает пустые лозунги быстрого обогащения и наживы, сравнимой с грабежом.

Бяз тэмы Аўтар: Мікола 2018-02-14

Назірайце і чувайце - так заклікае Сьвятое Пісьмо. Прыгледзьцеся і ўбачыце: усе, хто ідзе супраць Зянона Пазьняка і ягонай справы, рана ці позна атрымліваюць фіяска і заслужана. Чаму? Таму што зь ім - Праўда! Боская, Адвечная! Усьведамленьне гэтага - на карысьць і ягоным прыхільнікам, і ягоным ворагам. Гэта - не патэтыка, а рэальнасьць, якую варта ўжо даўно заўважыць і ўлічваць. Жыве Беларусь!

Аоо Аўтар: Менчанин 2018-02-15

Шпана.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: