змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Бураты ў змаганьні супраць Масквы

Прасоўваньне “русского мира” на землі буратаў у сучаснай расейскай гісторыяграфіі падаецца як мірнае зьбіраньне ардынскіх земляў. Бураты, маўляў, зусім не аказвалі супраціву і радасна падносілі ясак землепраходцам з Масковіі.

На самой справе, бураты сустракалі каланізатараў стрэламі і дзідамі на працягу ўсяго 17 стагоддзя. З-за малалікасьці бурцкіх плямёнаў гэтыя бітвы ня мелі грандыёзных маштабаў, што і дазваляе расейскай прапагандзе сьцьвярджаць пра мірны характар экспансіі ў Забайкальлі.

У 17 стагоддзі колькасьць буратаў, паводле розных ацэнак, была ад 25 да 70 тысячаў чалавек. Зусім ня шмат для вялізных прастораў Усходней Сібіры і Забайкальля, дзе пражываў гэты народ. З-за невялікай шчыльнасьці насельніцтва бураты фізычна не маглі сабраць вялікія атрады, таму гісторыя супрацьстаяньня буратаў і маскавітаў ня ведае буйнамаштабных бітваў. Тым ня менш, бітваў было шмат, і каланізацыю Бураціі мірнай нельга назваць.

Упершыню “браты” (так яны называлі буратаў) у дакумантах Маскоўскага царства згадваюцца ў 1609 годзе. Атрад маскавітаў выйшаў з Томскага астрогу для збору ясака, і адкрыў, што частка плямёнаў адмаўляецца аддаваць футры ў казну гасудараву, аргумэнтуючы тым, што ўсё ўжо сплочана бурацкім князям. Можна сабе ўявіць выраз твараў маскоўскіх служылых людзей, агаломшаных такім нахабным таптаньнем “духоўных скрэпаў” і асноваў царскай каланіяльнай палітыкі. Слугі гасударавы чухалі рэпы, але экспэдыцыі ўглыб Бураціі не былі падрыхтаваны.

Прасоўваньне Масковіі ўглыб зямлі Сібірскай зьдзяйсьнялася паводле аднаго сцэнару. Спачатку будаваліся апірышчныя крэпасьці (астрогі). Потым у іх зьбіраліся матар’яльныя і людскія рэсурсы. З астрогаў зьдзяйсьняліся набегі і выправы на навакольныя народы.

Першапачаткова галоўным цэнтрам экспансіі ў Бурацію быў Янісейскі астрог, пабудаваны ў 1618 годзе. Адсюль у пошуках футраў і срэбра, па Ангары, выпраўляліся атрады людзей гасударавых у землі “братоў”. Першыя вылазкі зьдзейсьнілі ў 1620 годзе атрады Фірсава і Цюменцава, але яны ня здолелі пранікнуць у землі буратаў.

Ліхі пачатак. У 1623 годзе ў землі Бураціі выправілася экспэдыцыя Дубенскага, якая да мэты не дайшла. Але затое прыгледзела ўтульнае месьцейка для будаўніцтва астрога ў Красным Яры. Праект пабудовы астрога быў пададзены гасудару ваяводай Якавам Хрыпуновым, і атрымаў высачэйшае адабрэньне. У 1628 годзе быў пабудаваны Краснаярскі астрог, які стаўся важным плацдармам маскоўскай экспансіі ў бурацкія землі.

У 1626 годзе ў паход выпраўляецца новы атрад каланізатараў начале з Максімам Пярфільевым. І гэтая выправа завяршаецца няўдала – атрад вяртаецца дахаты, павярнуўшы назад усяго толькі ў трох днях падарожжа ад бурацкай зямлі. Вяртаецца з распаленымі ад сквапнасьці вачыма і расповедамі пра вялізныя багацьці Бураціі. У наступным годзе Пярфільеў са служывымі зноў выпраўляецца за футрамі “да браткоў”. Гэтым разам ён дайшоў да земляў буратаў, і быў разгромлены кааліцыяй бурацкіх і эвэнкійскіх князёў Іргінея, Мукацея і Балкея. Недабіткі атрада каланізатараў вяртаюцца ў Енісейскі астрог, каб у 1629 годзе паўтарыць заваёўную выправу. Гэтым разам выправай кіруе асабіста янісейскі ваявода стольнік Якаў Хрыпуноў, якога спураваджае Пярфільеў. Мэта экспэдыцыі – ясак і срэбныя руднікі бурацкага князя Окуня.

Атрад Хрыпунова выйшаў з Янісейскага астрогу, другі атрад з Краснаярскай крэпасьці. Рухаючыся па Ангары, каланізатары дабраліся да вусьця Акі. Выправа ня стала для заваёўнікаў прыемным шпацырам. Адбылося некалькі бітваў з буратамі Каля 1630 года грэшная душа Хрыпунова пакінула тленнае цела.

Кіраўніцтва экспэдыцыяй ўзяў на сябе Пярфільеў. Нягледзячы на супраціў мясцовага насельніцтва нападаючыя здолелі сабраць ясак і аб’явіць царскімі падданымі некалькі заходніх бурацкіх улусаў. Для зьдзяйсьненьня кантролю над (пасьля некалькіх бітваў) “дабраахвотна адышоўшымі пад гасудараву руку” бурацкімі землямі М. Пярфільеў будуе Брацкі астрог.

У 1631 годзе Максім Пярфільеў і Пётр Бэкетаў зьдзяйсьняюць новую выправу на “браткоў”, аднак, без значных вынікаў.

У 1634 годзе князь Кагоня, нібыта скораны Пярфільевым у 1629 годзе, зьнішчае атрад Васіля Дунаева, які прыйшоў быў у Брацкі астрог па ясак. Замест ясака Дунаеў знайшоў сваю сьмерць, астрог быў спалены і разбураны.

У наступным годзе на вогнішча Брацкага астрога прышоў карніцкі атрад сотніка Мікалая Рудакоўскага. Атрад зьдзейсьніў шэраг нападаў на бурацкія стаянкі, абрабаваў іх (“сабраў ясак”), захапіў закладнікаў (аманатаў) і пабудаваў новы Брацкі астрог, разьмешчаны далей па Ацэ.

Валадараньне маскавітаў над буратамі было даволі хісткім. Так, пераемнік Рудакоўскага – Васіль Чарамнін – у 1637 годзе паднёс бурацкай шляхце падарункі “ад гасудара”, а атрыманыя ў адказ дары залічыў як сплату ясака. Але ў наступным годзе, на патрабаваньне сплаціць ясак ён атрымаў рашучую адмову. Бураты толькі пабілі зборшчыкаў ясака, але ніводзін з рэкэціраў не загінуў.

У 1639 годзе выправілася новая карніцкая экспэдыцыя, з пагромамі, рабункамі, захопам закладнікаў. У выніку “праяўленай мужнасьці і гераізму” карнікам удалося сабраць два саракі сабалёў.

Супрацьстаяньне каланізатараў і карэннага насельніцтва нарастала. Для працягу апэрацыі па “дабраахвотнаму ўваходжаньню” буратаў у Маскоўскае царства зь Якуцкага астрогу ўзімку 1641 года ў вярхоўі ракі Лены выправіўся Васіль Уласьеў начале буйнога атрада.

Першы ўдар быў нанесены па ўлусу князя двух родаў эхірытаў Шаптухэя (Чапчугэя). Бураты не схілілі галовы перад захопнікамі. Бой доўжыўся цэлы дзень, загінулі трыццаць буратаў разам са сваім князем, які адхіліў усе варожыя прапановы здацца, і быў спалены жыўцом. Маскавіты захапілі ў палон 28 жанчын і дзяцей. У закладніках сэнсу не было, таму ўсіх “пабілі з пішчаляў” (расстралялі).

Пасьля паразы Уласьеў аддаў загад адыходзіць. Падчас адступленьня атрад заатакавалі бурацкія ваяры начале з братам забітага Шаптухэя Куржумам. Атака была адбіта. Куржум панёс паразу, прысягнуў на вернасьць цару, сплаціў ясак і аддаў свайго сына ў закладнікі.

У тым жа 1611 годзе Мартын Васільеў пабудаваў Верхаленскі астрог, які стаў новым важным фарпостам экспансіі маскавітаў.

У 1643 годзе атрад Курбата Іванова зьдзяйсьняе рэйд на выспу Альхон, рабуе бурацкія ўлусы. У выніку выправы Іванова бураты вымушаны былі зьняць аблогу Верхаленскага астрога, якая доўжылася больш з агод.

Кур’ёзна, што расейскія “гісторыкі” называюць Курбата Іванова “першаадкрывальнікам Байкала”. На думку імпэрскіх прапагандыстаў, да Іванова ніхто з карэннага насельніцтва, што жыло ў навакольлі возера шмат стагоддзяў, не заўважаў Байкал!

У 1644 годзе на рацэ Баргузін бураты разграмілі атрад захопнікаў пад камандваньнем С. Серабракова. У тым жа годзе зь Янісейскага астрога па Ангары выпраўляецца вялікі атрад Васіля Калесьнікава. Яны будуюць астрожак у вусьці ракі Восы, потым рухаюцца на Баргузін. Але сустрэўшы на Селензе значныя сілы буратаў, Калесьнікаў са таварышы пасьпяшаліся рэціравацца. У 1646 годзе яны будуюць у нізінах Верхняй Ангары астрог.

У тым жа годзе бураты паспрабавалі захапіць Верхаленскі астрог. У адказ на паўстаньне ангарскіх буратаў выпраўляеца карніцкая экспэдыцыя Максіма Пярфільева.

У 1648 годзе буратамі зьнішчаны астрог на рацэ Воса. Але на рацэ Баргуза каланізатары будуюць новы астрог.

У 1650 годзе бурацкія плямёны, якіх кантраляваў ваявода Брацкага астрога, адмовіліся плаціць ясак. Увесну 1651 года адбылася няўдалая спроба штурма Брацка, бураты спустошылі нівы каланізатараў і пасьля паразы адступілі.

У 1652 годзе Пётр Бэкетаў ўзначаліў карніцкую экспэдыцыю ў раён спустошанага Восінскага астрога. У выніку былі забіты сотні буратаў, сабраны ясак, пабудаваны Ірген астрог, аб’ясачаны тунгускія плямёны.

У тым жа годзе Іван Пахабаў са служылімі людзьмі заклаў зімоўе Іркут (цяпер горад Іркуцк).

У 1654 годзе сын баярксі Дзімітры Фірсаў пабудаваў Баланганскі астрог, дзе ў хуткім часе стаў начальнікам Пахабаў. Жорсткасьць і сквапнасьць Пахабава справакавалі абурэньне мясцовага насельніцтва. Бураты перабілі зборшчыкаў ясака і адкачавалі ў бок Манголіі. У Баланганску засталіся адны каланізатары.

У тым жа годзе бураты разбурылі Удзінскі астрог.

У 1655 годзе князь тунгусаў Ганцімур пад ціксам гвалту выплаціў маскавітам ясак, але потым тунгусы зьнішчылі апірышча каланізатараў – Ірген астрог.

Між тым Іван Пахабаў, які кіраваў у Балангінскім астрогу, перайшоў ад збору ясака да набегаў на карэннае насельніцтва. Акрамя рабункаў і падпалаў, ён заняўся рабагандлем.

Дзейнасьць Пахабава выклікала супраціў мясцовага насельніцтва. Расправіўшыся са боршчыкамі ясака, уінгінскія і акінскія бураты ў 1659 годзе перасяліліся ў Манголію.

У 1661 годзе князі Эхэй і Буурай адабралі быдла ў каланізатараў і адкачавалі ў Манголію. У тым жа годзе брат Пахабава – Якаў, стварае з Іркуцкага зімоўніка астрог.

У 1693 годзе ў змаганьне з маскавітамі ўступілі хандагоры (бурацкі субэтнас) на чале з князям Багатэям. Вайна доўжылася пяць гадоў. Хандагоры разграмілі цэлы шэраг астрогаў каланізатараў (буйнейшыя – Бельскі і Туркінскі). Удзельнікі вызвольнага руху жорстка расправіліся з калабарацыяністамі.

Супраціў захопнікам адбываўся і ў іншых раёнах Бураціі. У 1695 годзе адбыўся масавы зыход буратаў ад гвалту начальніка Баласангінскага астрога Хрыстафора Кафтырова.

У 1696 годзе мясцовыя бураты паспрабавалі захапіць Іркуцкі астрог.

На пачатку 18 ст. супраціў буратаў пайшоў на спад. У 1727 годзе Расейская імпэрыя і Кітай падпісалі Бурынскую дамову, якая рэгулявала пытаньне мяжы і забараняла буратам перакрочваць яе. Уступленьне дамовы ў сілу ў 1728 годзе лічыцца годам падпарадкаваньня Бураціі Расейскай імпэрыі.

Нацыянальна-вызвольны рух у ХХ стагоддзі

Да рэвалюцыі 1905 года асноўнай формай бурацкага супраціву была падача прашэньняў цару аб адмене законаў, якія ліквідавалі традыцыйныя інстытуцыі мясцовага самакіраваньня і забіралі зямлю ў карэннага насельніцтва.

У 1905 годзе бурацкая эліта пачынае склікаць зьезды. Галоўным патрабаваньнем было стварэньне ворганаў мясцовага самакіраваньня, разьвіцьцё нацыянальнай адукацыі і культуры, супрацьдзеяньне сталыпінскай аграрнай рэформе. У пытаньні самакіраваньня думкі падзяліліся. Прыхільнікі панмангалізма выступалі за адраджэньне традыцыйных формаў – сьцяпных думаў, а сацыялісты – прапанавалі ствараць земствы паводле расейскага ўзору.

Новым этапам становіцца Лютаўская рэвалюцыя 1905 года. Ужо з 6 сакавіка 1917 года ў Чыце ўзьнікае бурацкі камітэт. У красавіку 17-га ІІІ агульнабурацкі зьезд стварыў вярхоўную выканаўчую ўладу – Цэнтральны Бурацкі нацыянальны камітэт з рэзыдэнцыяй у Чыце. Актыўна адраджаецца нацыянальнае самакіраваньне на месцах. Удзельнікі бурацкага вызвольнага руху не прынялі камуністычную дыктатуру, падтрымлівалі белы рух.

Аднак, сярод бурацкай эліты ўзмацнялася разуменьне таго, што і белыя і чырвоныя расейцы – адным імпэрыялістычным сьветам памазаны. Сярод найбольш прагрэсіўнай часткі бурацкага народа расло разуменьне неабходнасьці стварэньня незалежнай дзяржавы на аснове палітычнага і культурнага адзінства мангольскіх народаў.

У 1920 годзе частка буратаў у спадзяваньні на стварэньне нацыянальнай аўтаноміі пайшла на супрацоўніцтва з камуністычным рэжымам марыянэтачнай Далёкаўсходней рэспублікі (ДВР). Камуністы – як д’ябал, заўжды падмануць. Бальшавікі пайшлі на стварэньне бурацкай аўтаноміі, але не ўсур’ёз і не надоўга.

26 верасьня 1937 года адзіную Бурат-Манголію расчлянілі на пяць частак, паміж рознымі адміністрацыйнымі адзінкамі. Ад Бурат-Мангольскай АССР адкроілі траціну тэрыторыі і каля паловы насельніцтва. У 1996 годзе Кангрэс бурацкага народа пастанавіў адзначаць 26 верасьня як “чорны дзень” у гісторыі бурацкага народа.

Але аднымі тэрытарыяльнымі рэформамі сталіністы не абмежаваліся. Пад маскай барацьбы з “панмангалізмам” у 1938 годзе былі зьнішчаны кіраўнікі Бурат-Манголіі, творчая інтэлігенцыя, ламы і шэраговыя працоўныя. У якасьці “ворагаў народа” было асуджана каля 20 тысяч чалавек, зь іх асуджана да пакараньня сьмерцю – 6 тысяч. Камуністычны тэрор цалкам спаралізаваў нацыянальны рух.

Толькі ў другой палове 80-х гадоў, падчас “перабудовы”, пачаўся новы этап нацыянальнага адраджэньня. Створаныя ў тыя гады арганізацыі палітаб’яднаньне “Гэсэр”, Народны фронт, Бурат-Мангольская народная партыя, Рух нацыянальнага адзінства “Нэгэдэн” і інш. ставілі сваёй мэтай узьяднаньне ўсіх бурацкіх тэрыторый, адраджэньне мовы і культуры, разьвіцьцё аўтаноміі і самакіраваньня рэгіёна.

Але паступова ўлада ў сучаснай РФ, якая складаецца з былой камуністычнай намэнклатуры і супрацоўнікаў КГБ, зьвяла на нішто ўсе спадзяваньні, народжаныя “перабудовай”. У наш час людзі, якія актыўна выступаюць за культурнае адраджэньне Бураціі, падзьвяргаюцца перасьледу.

Улетку 2013 года з-за перасьледу вымушаны быў шукаць палітычнага прытулку ў ЗША доктар гістарычных навук Уладзімір Хамутаеў. Галоўнай прычынай перасьледу навукоўца ў РФ стала ягоная кніга “Уваходжаньне Бураціі ў склад Расеі: гісторыя, права, палітыка”. У ёй на аснове багатага дакумэнтальнага матар’ялу абвяргаецца міф пра дабраахвотнае далучэньне Бураціі да Рсаеі. Матар’ялы з гэтай кнігі былі выкарыстаны для дадзенага артыкула.

Ідуць працэсы расейскай асіміляцыі бурацкага народа. Як зазначыў Ул. Хамутаеў, Бурація стала “маўклівай калоніяй Расеі”.

Юры Гарматны

Пераклад з расейскай.

Крыніца: https://garmatny.blogspot.com/2018/05/blog-post_19.html?spref=fb

/ 16-10-2018
Акупацыя Расея Расейскія акупанты Масковія Буратыя Бураты
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: