змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА

(Заўвагі на маргінэсе)

Цяпер сьнежань, 2016 год. Пайшла шчыльная паклёпніцкая дэзінфармацыя з боку Масквы пра Беларусь. Гэта зьвязана з тым, што Расея рыхтуецца да захопу Беларусі з выкарыстаньнем войска. У 2017 годзе можа пачацца шквал расейскай паклёпніцкай навалы. Думаю, што хутка беларусы, якія слухаюць і гладзяць маскоўскае гёбэльс-тэлебачаньне, даведаюцца адтуль, што яны ўвогуле ня людзі,  што іх прыдумалі белапалякі ды бальшавікі і што ўвогуле – іх няма. Падрыхтуймася.

Наша заўвага пра назву краіны -- Беларусь. Тут ёсьць шмат чаго ўжо пераканаўча напісана (у тым ліку і аўтарам гэтых радкоў). Некаторым, аднак, назва нашай краіны пачала не падабацца. Пытаньне, зразумела, ніхто сур’ёзна не абмяркоўвае, бо назва “Беларусь” глыбока ўкарэненая ў рэальнасьць, існуе гістарычна, і сэнсу пацьвярджаць відавочныя рэчы няма. Тым ня менш бесаўшчына, трольна-агентурны піск не спыняюцца. Задача нейкім пастаўлена і мэтадычна ў розных месцах у сродках масавай інфармацыі ўзьнікае ненавіснае шыпеньне: “Беларусі няма”, “беларусы не існуюць”, “мы – Літва”, “мы – ліцьвіны”, “уся бяда ў назве”, “расейская царыца прыдумала беларусаў” (хаця ўжо ж вядома, што беларусаў прыдумала ў 1926 годзе ВКПБ), “трэба мяняць назву Беларусі на Літву, каб нас ня блыталі з рускімі” і г. д. (маецца на ўвазе – з маскоўцамі).  

Сур’ёзнай рэакцыі на гэтыя пэрманэнтныя сьпевы я не заўважыў. Прапаганду ўсур’ёз не ўспрымаюць. Тым ня менш некаторым агентурным падкатам мусіць быць дадзена ацэнка, бо ўсё тут ня так проста. Ідзе мэтадычная зьнявага беларусаў і беларускай нацыі.

Агентурны тролінг пазнаецца па прыкмеце нянавісьці. Тэзіс “Беларусь – гэта Літва” (гістарычна яно сапраўды так) падаецца нібыта ў плане агульнай занепакоенасьці і зацікаўленасьці прыдуманай “праблемай”, але выяўляецца ў артыкуляцыі нянавісьці да назваў “Беларусь”, “беларускі”, да беларусаў увoгуле. Сябры, патрыёты, разумныя людзі пісалі б інакш, іншымі словамі, іншым тонам. Гэта той выпадак, калі зь мяшка вылазіць шыла.

Ёсьць яшчэ адна (псіхалагічная) інтэрпрэтацыя гэтай мэдыйнай зьявы – дэструктыўны нарцысізм асобы. Цяпер такіх псіхалагічна збочаных тыпаў разьвялося шмат у лібэралістычным кантэнце. Асобы з дэструктыўнымі якасьцямі псіхікі, як правіла, запатрабаваныя спэцслужбамі ў інфармацыйнай вайне дзеля развалу грамацтва.

Тролінг ахайваньня назвы “Беларусь” пад выглядам вяртаньня да назвы “Літва” абсалютна бясплённы, бо спазьніўся гадоў на сто пяцьдзесят. Ніякага “забурэньня” мазгоў тут не атрымаецца. Не атрымаецца, бо за апошнія 150 гадоў на аснове Вялікага Княства Літоўскага стварылася новая беларуская нацыя. З прычыны розных гістарычных абставінаў яна яшчэ не валодае дастатковай нацыянальнай пасіянарнасьцю і выглядае сьведамасна пасіўнай, не скансалідаванай. Але цэльнае набыцьцё гэтых якасьцяў – пытаньне часу, бо працэс ідзе, і спрыяе яму рэальнасьць дзяржаўнай незалежнасьці.

Беларуская нацыя – моцная нацыя. За кароткі час яна стварыла вялікую беларускую нацыянальную літаратуру. Беларускі нацыянальны тэатр, які на працягу апошніх 70-ці гадоў 20-га стагоддзя быў загнаны акупантамі ў беларускае гета, -- тым ня менш стварыў шэдэўры нацыянальнай сцэны і драматургіі, выявіў галерэю вялікіх нацыянальных акцёраў сусьветнага ўзроўню. (Майма на ўвазе, што вялікая нацыянальная літаратура і нацыянальны тэатр ёсьць прыкметамі сьпелай нацыі.)

Беларуская нацыя, заявіла аб сваім незалежным дзяржаўным існаваньні 25 Сакавіка 1918 года. Яна панесла каласальныя страты за часы маскоўска-бальшавісцкай акупацыі і камуністычнага генацыду, калі была вынішчана, выбіта, расстраляная, згноеная ў Гулагу практычна, уся беларуская культурная і сацыяльная эліта. І тым ня менш, нацыя, распалавіненая па жывому ўсходнімі і заходнімі акупантамі, выжыла, аднавіла эліту, стварыла шэдэўры мастацтва і літаратуры, і 25 Жніўня 1991 года дасягнула дзяржаўнай незалежнасьці.

Цяжкі час, які мы перажываем вось ужо 22 гады, скончыцца беларускай перамогай. Крок за крокам у дрэнных, жахлівых, антынацыянальных умовах беларуская нацыя набывае патрэбныя па сваёй грамадзкай прыродзе нацыянальныя якасьці – патрыятызм, салідарнасьць, кансалідацыю. Будзе яшчэ і Вялікае Княства Літоўскае, і моцная Беларусь. Будзе ў адным значэньні.

Цяпер -- пра этымалогію тэрміна “Беларусь”, які заблыталі. Тэрмін “ліцьвін”, (“ліцьвінскі”) – гэта палітонім на этнічнай аснове (“ліцьвін як ня дзэкне, так умрэ”). Дзяржава называлася Вялікае Княства Літоўскае (цяперашняя Беларусь), Рускае (цяперашняя Украіна) і Жамойцкае (цяперашняя Летува). Назоў “Беларусь” існаваў ад самага пачатку ВКЛ. Так часам тады называліся ўсходнія тэрыторыі Вялікага Княства – Віцебшчына, Магілеўшчына, Смаленшчына,  – аж па Вязьму, Вялікія Лукі і Пскоў. Тут насельніцтва гаварыла так, як і на Віленшчыне ды Гарадзеншчыне (у цяперашняй тэрміналогіі – па-беларуску). У ХІХ-м, першай палове ХХ-га стагоддзя гэтая беларускасьць былога Вялікага Княства Літоўскага (канкрэтна – Літвы) была этна-лінгвістычнай рэальнасьцю, дасьледваная фалькларыстамі, этнографамі, археолагамі, лінгвістамі.

Назва “Беларусь” – гэта неафіцыйны назоў усходняй тэрыторыі ВКЛ. Практычна, да самага ХІХ-га стагоддзя гэтае найменьне ня мела этнічнага значэньня. На пачатку гэта быў тэрытарыяльны тэрмін, які стаў набываць этнічны сэнс пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай. Этнічнаму асэнсаваньню спрыяла палітыка Расеі, якая была зацікаўлена драбніць і падзяляць захопленыя тэрыторыі па этнічных, канфэсійных, тэрытарыяльных і іншых  падзелах. Расея ўхапілася за назву “Беларусь”, бо імкнулася зрусіфікаваць Літву і ўсе захопленыя славянскія землі. Гучэньне «русь» у назове абшару давала магчымасьці для прапагандовых  асіміляцыйных маніпуляцый. 

Хаця (тут паўтару вядомае)  «Расеяй» Масковія пачала называцца толькі з 1721 года па загаду цара Пётры І-га. З гэтага часу ўводзіцца ў шырокае карыстаньне і тэрмін «рускі», які ў пэўным кантэксьце (але не ў дзяржаўным) існаваў і раней, аднак маскоўскія цары мелі ардынскае паходжаньне і рускімі сябе не называлі (цар Іван ІV, напрыклад, лічыў сябе «нямецкага роду»).

Адносна назвы «Беларусь» Расея тут нічога не прыдумала. Усё існавала задоўга да «Расеі».  “Беларуская мова” і пераклады зь беларускай мовы адзначаны ў Масковіі ўжо ў ХVII стагоддзі, тады, калі там спрэс беларуская мова называлася “ліцьвінскай”, “літоўскай”, “кнігі літоўскага друку”, “літоўскае пісьмо” і г. д. Царызм імкнуўся  перш за ўсё  даць назову «Беларусь» сваё імпэрскае акупацыйнае тлумачэньне. І як мы ўбачым далей гістарычна ў гэтым моцна прайграў.

Якраз у гэты час (час пасьля падзелу Рэчы Паспалітай) заходнюю, з большага каталіцкую частку ВКЛ, у неафіцыйных дачыненьнях насельніцтва, шляхта сталі выразна вылучаць як “Літва”. І зноў жа ўдакладняю, тут быў у аснове тэрытарыяльны тэрмін, назва заходняй часткі акупаванага ВКЛ, у адрозьненьне ад усходняй часткі (Беларусь). Гэта факт, пацьверджаны ў літаратуры і дакумантах (Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, філаматы і інш.)

У беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя цяперашні чытач, адукаваны на савецка-маскоўскіх міфах, можа спаткаць для сябе нават зусім не зразумелыя рэчы, калі Дунін-Марцінкевіч, напрыклад, які падарожнічаў зь Менску ў Барысаў (у сваты езьдзіў), з захапленьнем пісаў, як ён, “жывучы сярод ліцьвінаў (гэта значыць, у Менску – З.П.) палюбіў беларусінаў” (гэта значыць барысаўскіх людзей). Па паняцьцях Марцінкевіча і ягонага асяроддзя, Менск – гэта Літва, а Барысаў – Беларусь. Але існаваў адзіны народ, адна мова, адна гісторыя.

Цікава, што царскі ўрад і імпэрскія ідэолагі чуйна ўлавілі новую нацыянальную тэндэнцыю, падставу для якой самы стварылі. У 1840 годзе рашэньнем расейскага Сената было забаронена ўжываць назоў “Беларусь”. Гэты ж указ па духу сваім спрычыніўся і да забароны беларускай мовы. Але спыніць беларускае нацыянальнае разьвіцьцё царызму ўжо не ўдалося.

“Падводная” дынаміка фармаваньня новай беларускай нацыі ў ХІХ-м стагоддзі пад жорсткай расейскай акупацыяй адбывалася даволі напружана, але няўхільна. Гэта сапраўды быў “падспудны”, “падводны” працэс, які прывёў да паўстаньня 1863 года, калі Каліноўскі сцьвердзіў унівэрсальнасьць новага нацыянальнага назова “Беларусь”, а вялікі беларускі паэт Францішак Багушэвіч – удзельнік гэтага паўстаньня – прыпячатаў навечна геніяльныя словы новай нацыі: “Шануйце ж мову нашу беларускую, каб ня ўмёрлі”.

Тым часам паслухайце як у новым нацыянальным кантэксьце гучыць  паўстанцкі пароль Каліноўскага:

-- Каго любіш?

-- Люблю Беларусь.

-- Так. Узаемна.

Далей былі гоманаўцы, БСГ, “Наша Ніва”, Беларуская Народная Рэспубліка (БНР).

У ХІХ стагоддзі ў навуковай сістэме Расейскай імпэрыі расейскімі і (у тым ліку) беларускімі вучонымі  былі праведзены шматлікія навуковыя дасьледваньні Беларусі і беларускага народа ў галіне фальклёру, этнаграфіі, лінгвістыкі і мовазнаўства, археаграфіі, археалогіі, архітэктуры, промыслаў ды геаграфіі. У выніку гэтых дасьледваньняў былі надрукаваны дзясяткі кніг і фаліянтаў. У кнігах і дасьледваньнях беларусы вымоўна “гучэлі”, называліся як народ, які жыве і размаўляе па-беларуску ад Вільні да Чарнігава, ад Берасьця да Смаленска ды Вязьмы (у рэальнасьці тут была адлюстравана ўся Літва). Навука ўжо моцна заявіла пра Беларусь сваімі дасьледваньнямі. Палітыкам засталося толькі ўсё гэта скарыстаць.     

Для людзей, якія не разумеюць працэсаў нацыятворчасьці, тут узьнікаюць пытаньні ды “парадоксы”. Рухаючай актыўнай нацыятворнай сілай у стварэньні новай беларускай нацыі і адраджэньні ВКЛ пад назовам “Беларусь” была якраз не Беларусь, а Літва, гэта значыць заходняя частка былога ВКЛ. Асноўнымі змагарамі за Беларусь, лідарамі, нацыянальнымі беларускімі дзеячамі былі найперш прадстаўнікі заходняй ліцьвінскай інтэлігенцыі і шляхты.

У чым прычына такой зьявы? Перш за ўсё, гэта сьведчаньне таго, што рух быў не лакальны, ня месьніцкі, не тэрытарыяльны і не шляхецка-кансэрватыўны, а нацыятворны, які абапіраўся на ўвець народ і кіраваўся нацыянальнай ідэяй – ідэяй стварэньня незалежнай нацыянальнай дзяржавы Беларусь у межах былога Вялікага Княства Літоўскага (ужо этнічна акрэсьленых тагачаснай навукай як межы  Беларусі).

Чаму так сталася, што нацыянальна актыўнай і антырасейскай выявілася умоўная «Літва», захад былога ВКЛ, а не ўсход? Гэта зьвязана з тым, што пераважнае каталіцкае насельніцтва Захаду знаходзілася ў натуральнай апазыцыі да Расейскай імпэрыі. Расея сама выштурхоўвала каталікоў у апазыцыю да сябе. Беларускі нацыянальна-вызвольны рух тут знаходзіў натуральныя ўмовы і больш скансалідаванае асяроддзе для падтрымкі і разьвіцьця.

Ва ўсходняй Беларусі, якая пасьля ліквідацыі Вуніі ў 1839 гг. стала ўжопераважна праваслаўнай, апазыцыйнасьць да царызму была слабейшай, а ўплыў рускай праваслаўнай царквы і афіцыёзу быў мацнейшы. Таму і нацыянальна-вызвольны рух тут быў менш актыўны. Канфэсійная раскладка і палітыка, якая за ёй стаяла, мелі значэньне.

І нарэшце, чаму нацыянальныя дзеячы ўмоўнай «Літвы», разумеючы гісторыю, ня выступілі пад аб’яднаўчым тэрмінам “Літва”, але пад назвай “Беларусь”? Адказ на паверхні: таму што аб’яднаўчым тэрмінам у гэтай сытуацыі магла быць толькі Беларусь.  Гэта ўжо была навуковая і палітычная рэальнасьць. Нашыя нацыянальныя дзеячы таго часу – гэта былі мудрыя людзі, якія грунтаваліся на аб’яднаўчай нацыянальнай ідэі, умелі стратэгічна думаць і глядзець наперад, абапіраліся на навуку і на рэчаіснасьць.

Сытуацыя была такой, што калі б яны кансэрватыўна ці рамантычна выступілі пад назовам “Літва”, то ўсходнюю Беларусь мы маглі б страціць назаўсёды. Царская Расея скарыстала б канфэсійны падзел і тэрміналёгію ў сваіх інтарэсах з усёй магутнасьцю імпэрскай  прапаганды, бюракратычнага апарату і царквы. Вось тады зьявілася б у Расеі рэальная Белая Русь, якую б яшчэ і натравілі супраць “католической литовской ереси” ды “сэпаратызму”. Бальшавікі давяршылі б гэты падзел ужо ў сьведамасьці. А сьведамасны падзел, як вядома, нашмат горшы і разбуральны, чым падзел тэрытарыяльны. Стаўка на назву “Літва” была б у тых умовах ужо сэпаратысцкай і тупіковай. У лепшым выпадку – маргінальнай.

Нацыянальныя дзеячы-адраджэнцы абазначылі і ўключылі ў нацыянальны рух усю літоўскую тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага (умоўную Літву і Беларусь) пад агульнай назвай Беларусь. У выніку расейская прапаганда не змагла фармальна ўклініцца ды падзяліць адзіную ідэю (хоць увесь час імкнулася). Расея ў такіх абставінах вымушана была агулам непрызнаваць і змагацца зь беларускім нацыянальным рухам. Расейцам у ідэёвым плане фармальна нічога не дасталося. Як кажуць расейцы – «за что боролись, на то инапоролись».

Увогуле, гледзячы ўстыч на нашае нацыянальна-вызвольнае змаганьне за Беларусь-Літву, пачынаючы ад Марцінкевіча, Каліноўскага, Багушэвіча, Луцкевічаў, Ластоўскага, дзіву даешся, якая пакутлівая, якая ахвярная і якая геніяльная гэта была палітыка. Калі б уявіць, што беларускія адраджэнцы паддаліся тады схаластычнай спакусе за назву “Літва”, то ў лепшым (вельмі малаверагодным) выпадку гэта была б краінка з Гарадзенскай ды Берасьцейскай вобласьцяў, і ня факт, што Сталін захаваў бы ёй Вільню. Што было б зь Меншчынай, Полаччынай, Магілёўшчынай, Гомельшчынай, Віцебшчынай? А было б тое самае, што сталася цяпер за ХХ-е стагоддзе з Пскоўшчынай ды Смаленшчынай, зь Веліжам, Бранскам ды Вялікімі Лукамі.

За часы БНР адзначана высокая беларуская сьведамасьць беларускага насельніцтва на Смаленшчыне ды ваколіцах. Яшчэ за царом (згодна крыніц аб перапісе насельніцтва) тут беларусамі сябе лічылі 85 адсоткаў жыхароў (і гэта ў тых акупацыйных умовах). Невыпадкова і БССР была ўтворана бальшавікамі са сталіцай у Смаленску. Але як адрадзіць беларускую культуру на тэрыторыях, якія даўно нам не належаць (там, дзе цяпер расейская прапаганда і «русскиймир»)?!

Палітыка адраджэнцаў была правільнай, але, вядома ж, і рызыкоўнай. Яна пэўным чынам паспрыяла фэнамэну “тутэйшасьці”, бо людзям на захадзе ва ўмоўнай Літве была яшчэ непрывычнай назва “Беларусь” ва ўмовах чужой акупацыйнай улады і антыбеларускай палітыкі. У канцовым выпадку ўсё вырашала адзіная беларуская мова, якая гучэла ад Беластока і амаль да Вязьмы.

Беларуская нацыя адбылася ў пачатку ХХ стагоддзя. Вяршыняй гэтага працэсу было стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, прытым дакладна ў дзяржаўна-этнічных межах гістарычнай Літвы.

Ёсьць яшчэ адзін пабочны аспэкт гэтага няроўнага беларуска-расейскага змаганьня, які ўвесь час надакучліва раздражняе беларусаў. У выніку зьбегу асаблівых абставінаў, што ў выніку барацьбы ўтварыліся на беларуска-расейскім «фронце», найбольш выйграла Жамойць – маленькая тэрыторыя, населеная малавядомым народам, які ня меў нават сваёй пісьмовасьці. За часы нацыянальнага абуджэньня жэмайты падабралі сабе назву  «Літва», (якая з прычыны няпростага становішча ў змаганьні з Расеяй валялася ў баку) і пабудавалі сабе на гэтым ня толькі фантастычную нацыянальную гісторыю ды дзяржаўную ідэалогію, але і сфармавалі нацыю. Прытым даволі стойкую жыцьцездольную і салідарную.

Гэта фэнамэнальна, але далёка ня рэдкасьць у гісторыі. Расейская імпэрыя, напрыклад, цалкам сьведама пабудавана на сфальшаванай гістарычнай міфалогіі і існуе зь ёй ужо сотні гадоў. Пытаньне ў іншым. Фантастычная міфалогія гісторыі, на якой трымаецца Летува, ёсьць перакручаная рэальная гісторыя Беларусі (гістарычнай Літвы). З адраджэньнем вольнай Беларусі і станаўленьнем моцнай дэмакратычнай дзяржавы, міфалогія нашых суседзяў разьвеецца, сама сабой, як туман, у выніку вольнага разьвіцьця беларускай гістарычнай навукі (якая цяпер рэпрэсавана) і рэалізацыі яе ў палітыцы.

Выкарыстаньне беларускай гісторыі Летувой – гэта не беларуская праблема, а праблема Летувы. Там міфалогія гісторыі ўжо сыграла сваю нацыятворную ролю, пара будзе спусьціцца на рэальную зямлю і заняцца рэальнымі этнічнымі і культурнымі карэньнямі сваёй жэмайцкай мінуласьці. Чым раней там гэта зразумеюць, тым лепш будзе для Летувы.

У заключэньне павінен сказаць, што ў тых неверагодна жорсткіх умовах вынішчэньня, непрызнаньня і забароны Беларусі пры царскай Расеі, тое, што зрабілі беларускія адраджэнцы па выратаваньні “ліцьвінска-беларускай” нацыі, ёсьць геапалітычны подзьвіг, за які пакладзена тысячы ахвяр і жыцьцяў людзей.   Трэба разумець, што і беларусы, і ўкраінцы знаходзіліся ў найгоршых умовах у царскай імпэрыі. Яны ня мелі абсалютна ніякіх нацыянальных правоў. Усё беларускае і ўкраінскае было забаронена, бо па законах царскай Расеі беларусаў і ўкраінцаў падступна не лічылі асобнымі народамі, але толькі “ветвью русского племени”. Тым часам нацыі, якія мелі статус “инородцев”, пэўнымі нацыянальнымі правамі карысталіся. І грузіны, і армяне, азэры, татары і іншыя мелі свае рэлігійныя і сьвецкія школы, абмежаваны нацыянальны друк, тэатр і інш. Нават якуты ўжо у 1905 годзе мелі сваю паўпрафэсійную тэатральную трупу. Беларусаў у гэты час за спробы наладзіць спэктаклі хапалі і саджалі ў астрог.

Барацьба за Беларусь-ВКЛ ня скончана. Яна пэрманэнтная. Яна будзе працягвацца ўвесь час, пакуль будзе існаваць маскоўская імпэрыя і яе палітыка Арды. Наша становішча можна дакладна параўнаць са становішчам дзяржавы Ізраіль у арабскім сьвеце. І дакладна гэтак, як Ізраіль, мы мусім дзейнічаць, каб быць і адстойваць сваё існаваньне, а ў канцовым варыянце – перамагаць. Дзяржаўнымі прыярытэтамі мусяць быць – Беларуская мова, высокатэхналягічная эканоміка, рынкавая нацыянальна абумоўленая вытворчасьць, адукацыя, моцная сучасная армія і тэрытарыяльная абарона.

Барацьба працягваецца. Беларусы маюць дзяржаву, але ня маюць нацыянальнай улады. Тым ня менш беларуская нацыя ёсьць і рухаецца наперад.

Сьмешнымі выглядаюць патугі розных неадукаваных блытанікаў і спробы нешта тут наблытаць ды падважыць назоў дзяржавы. І справа ня ў тым, што ня хопіць ім розуму. Справа ў тым, што, як кажуць валійцы, -- мы ўжо за вуглом. Нельга павярнуць назад тое, што рэальна існуе, і тое, за што заплочана мільёнамі народных жыцьцяў. Беларуская дзяржаўнасьць і незалежнасьць дасягалася найвялікшай народнай крывёй і суправаджалася генацыдам, вынішчэньнем эліт. Такое не перакуліш. Такое не забываецца.

Якая пэрспэктыва? Цяпер жа такі цяжкі і вынішчальны для нацыі час. Будуць ахвяры і страты, нельга таго адмаўляць. Але Беларусь пераможа. І вось тады вольная, сьветлая і магутная Беларуская дзяржава, грунтуючыся на праве і справядлівасьці, падсумуе працэс адраджэньня Вялікага Княства Літоўскага і мадэрновай беларускай нацыі.

Генеалогія, гнасеалогія і гісторыя Беларускай дзяржавы будуць адлюстраваны ў Канстытуцыі краіны. І кожны школьнік, кожны беларус будзе тое ведаць, як гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. І гэтая гісторыя беларуска-ліцьвінскай нацыі і барацьбы стане адлюстравана ў шырокім назове Беларускай дзяржавы, дзе будуць словы пра Вялікае Княства Літоўскае. Я пра гэта неаднойчы пісаў, але не казаў пра тэхналёгію дзеяньня, бо яна вымагае дыпляматыі, і палітыкі ведаюць, як тое рабіць.

Трэба разумець, што мы знаходзімся ў такім геаграфічным і палітычным зьбегу абставінаў, што стратэгія нашай нацыі вымагае цярпеньня, доўгага часу і рашучасьці ў паваротных момантах. Мы, беларусы, павінны навучыцца думаць далёка наперад і дзейнічаць згодна пэрспэктывы. Неўрастэнікі ў нашай справе тут непатрэбныя.

Верма ў Беларусь! Верма ў перамогу! Верма ў нашую будучыню!

27 сьнежня 2016 г.

Зянон Пазьняк / 31-12-2016
Зянон Пазьняк Беларусь Гісторыя Нацыя Літва Літвіны
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: Фронтаўцы 2016-12-31

Абаронім Беларусь і ад падсадных шурыкаў. Сапраўды, злая шантрапа гэтыя "самаробныя літвіны-антыбеларусы". Адчуваецца, што гэта ўсё запушчана ворагам нацыі.

Бяз тэмы Аўтар: Тысяцкі 2016-12-31

Гэбоўскі мярзотнік Стральцоў (намесьнік генсека ў Партыі Галіхвэ-псэўдаФронце) камандуе ўсёй гэтай антыбеларускай "літвінскай" бадзягай. Зразумела, што гэта ёсьць заданьне ад канторы перасварыць беларусаў і аслабіць народнае рушанбне.

Жыве Літва, жыве вечна Аўтар: Віцень 2017-01-01

"Тои же весне преставистася у Ярослава сына 2: Изяслав бяше посаженъ на Лукахъ княжити и от Литвы оплечье Новугороду"

Полное собрание русских летописей. Том 43. Новгородская летопись по списку П ...

https://books.google.by/books?id=AbAoAgAAQBAJ&pg=PA77&lpg=PA77&dq=от%20литвы%20оплечье#v=onepage&q=%20%D0%BE%D1%82%20%D0%BB%D0%B8%D1%82%D0%B2%D1%8B%20%D0%BE%D0%BF%D0%BB%D0%B5%D1%87%D1%8C%D0%B5&f=false

---

Аўтар мае рацыю у тым што тады назва "Беларусь" была неабходна каб кансалідавацца.

Але зараз - у той рэчыіснасці калі інфармацыю рассылаць прасцей, калі Беларусь незалежна - трэ вяртацца да спрадвечнай назвы. Таму што небяспечна заставацца пад назвай звязанай з "руссю".

Таму што нельга пакідаць гэты блытаніну тэрмінаў.

Старажытную Літву зараз лакалізуюць і на Полаччыне.

Рагвалод - літоўскі кароль у песнях. Ноўгарадскіе летапісы з "аплеч'ем ад Літвы пад Лукамі".

Калі косць зрастаецца не верна - яе ламаюць і складаюць заноў.

Нацаўтварэнне адбывалася пад акупацыяй, вядома. І гульгаць лепей чым ляжаць. Але яшчэ лепей ісці роўна.

БелоРУ-СС-КИЕ дурни Аўтар: Прабеларус 2017-01-01

Зянон Станiслававiч! Да "нашых" дуркаватых, прадаушых расейскiм iмперцам сваю Радзiму - Беларусь чыноу ды й сiлавiкоу трэба давесьцi, што 32000 расейскiх вайскоуцау, прыйдуць у Беларусь найперш, каб адабраць у бело-РУССКИХ (?) чиновников, сотрудников МВД и КГБ iх утульныя габiнэты, iхнюю маемасьць - катэджы, кватэры, дарагия ауто i адправiць iх на службу Расеi у сiбiр на Далекi Усход - падыхаць на вайну на Пауночны Кавказ, Сiрыю, Усходнюю Украiну...калi яшчэ "белоРУССКИЕ" чыноунiкi сумняваюцца што расейскiя iмперцы будуць, на iх жа зямлi, у Беларусi "мочить их в сортирах" - няхай пачытаюць агрэсiуныя выступы Решетниковых

А пауль што .... Аўтар: Міхал 2017-01-01

Выкарыстаньне беларускай гісторыі Летувой – гэта не беларуская праблема, а праблема Летувы.

------------------

Але на сеньня, і пры тым ВА ЎСІМ СЬВЕЦЕ, выглядае, што праблема якраз гэта наша. Гэта МЕНАВІТА нас не ўспрымаюць за стваральнікаў вялікай гісторыі ВКЛ. І зрабіла гэта "...нацыя. Прытым даволі стойкая, жыцьцездольная і салідарная"

крыўя Аўтар: студэнт Аляксей 2017-01-01

Мне будзе вельмі цікава пабачыць аналагічны артыкул Зянона Станіслававіча пра крывіцкую канцэпцыю.

Бяз тэмы Аўтар: Бялун 2017-01-01

Цалкам слушны і пісьменны адказ ўсім т. зв. "ліцьвінам" (і канторскім, і з собскае дурноты). Дзякуй, сп. Зянон!

Бяз тэмы Аўтар: Віцень 2017-01-02

И.Д. Беляев. (19 век Профессор-историк МГУ, специалист по архивным делам)

"Полоцк был построен на границе Летголы с Литвою".

Польский историк Крашевский:

"Двина....течёт частью по ДАВНЕЙ ЛИТВЕ...."

Седов, советский академик археолог. Из статьи "Кривичи и Литва".

"Таким образом, устанавливается, что Литва и Кривичи были в некотором отношении родственными образованиями, первые - балто-славянские, вторые - славяно-балтским."

http://jyvelitva.com/t/topic/125/4

Бяз тэмы Аўтар: Ахрэм 2017-01-03

Цалкам згодны з Зянонам Пазьняком! Ад пачатку як пачали супрацьпастауляць гистарычны тэрмин "Литва" тэрмину "Беларусь" несла антынацыянальнай дэструкцыяй ды штучнасьцю! Видавочна без канторы (КГБ-ФСБ) тутака не абышлося! Гэта суркоуская крэатыуна-гибрыдная мэтода- падзяляць й уладарыць! Сучасная маскоуская Арда й ва Украине-Руси праз сваю агэнтуру у кожнае вобласьци абвяшчали сваю "рэспублику" як прамежкавы тактычны крок акупацыи! Тое самае хочуць зрабиць у нас! Ужо лунаюць кагэбоуския "слухи" пра "свае" "днр" на усходзе Беларуси!Тая ж тактыка у Эуропе! Таким чынам импэрская Арда змагаецца з антыимпэрскай салидарнасьцяй народау адначасна паслабляючы их знутры ды нацкоуваючы адзин на аднаго! Ня мусим заглынаючы суркоускую нажыуку ставацца неразумными ахвярами Арды!

Маскоуская Арда- узурпатар Руси! Аўтар: Лицьвин 2017-01-03

"Литва" як и "Беларусь" - абодва гистарычныя НАШЫЯ назовы! И так было за часами ВКЛ! Справа нашых патрыетау- злучаць их! А справа "карысных идыетау" для Масквы- супрацьстауляць их!

Бяз тэмы Аўтар: Леанід 2017-01-04

Чарговы раз пра фэйкавыя указы імператара і імператрыцы, пра нейкую Беларусь, якая існавала ў часы ВКЛ, назву Рускае у вадносінах да Украіны, хаця назва гэта ў назве ВКЛ была задоўга да ўключэння гэтых тэррыторый у склад княства, бо належыла Полаччыне - Полацкай Русі, пра беларусцаў - жыхароў цяперашняй Віцебшчыны і Магілёўшчыны, хаця даўно ведама, што назва гэта выкарыстоўвалася маскоўскімі ўладамі ў вадносінах да праваслаўных літвінаў, ну і г.д. Адным словам - замест фактаў эмоцыі і фэйкі.

schanounamu Viteniu Аўтар: Jag förstår inte 2017-01-05

Старажытную Літву зараз лакалізуюць і на Полаччыне.

Рагвалод - літоўскі кароль у песнях. Ноўгарадскіе летапісы з "аплеч'ем ад Літвы пад Лукамі".

Napäuna Ragvalod - skandynauski kniaz´ (ne karol´!) na Rusi vel´my by uzbudziusia, kali paznau schto en Litvin i jago kniastva litva a ne rus´ :-)

Rus´- nazva tol´ki skandynauskaja!!! Tak nazyvali Vikingau trymauschyh shliah ad baltyki da chornaga mora! Isnavau i inshy termin - Gardarika (aznachae umacavany bastyenami abshar)

Takim chynam - Rus´ gäta Rus` a ni u jakim raze ne Maskovija, jakaja peraniala nazvu!!!

A z´ Letuvisami nam träba siabravat´, a ne kanfliktavac´, bo jak pamiataece na sen´nishniaj Belarusi ranej isnavali baltskija pliameny - i nash etnas - gäta balta-slavianskaja kanfedäracyja pa genafondu. I u nas agul´naja gistoryja.

Najvazhlivae - gäta nasha MOVA!!! Jak by vy jae ne nazyvali - gäta nasha MOVA.

Бяз тэмы Аўтар: Маладзён 2017-01-06

Быў калісь такі ідыёлаг крывіцкай ідэі Дзермант. Дык вось, чудзік гэты ўсё даказваў, што Беларусь -- гэты Крывія. Што трэба вяртацца да крывіцкіх каранёў і адмаўляцца ад навязанай нам назвы Беларусь.

Цяпер гэты чудзік працуе ў фашыстоўска-расейскай газеце "Спутнік".

Маладзёну Аўтар: Джон Жарптушкін 2017-01-06

Дзермант не чудзік, а педзік.

Беларусы далекага и блiзкага замежжа Аўтар: Valery 2017-01-14

Цалкам згодны з Зянонам Пазьняком! А што рабiць з Беларусамi далёкага и блiзкага замежжа? Калi Импэрская Масковiя захапiла у палон Лiтвiнау-Беларусау i якiя будавалi Масковiю и Крэмль i вымушаны былi застацца у Масковii 30 -адсоткау жыхароу масковii, а Беларусы якiя былi вымушаны зъехать у Сiбiр да 1915 рoky i пазней высланыя бальшавiцкай уладай? А цвет нацыi ( навукова-асветнiцкай-культурнай, дзеячы izкуства и др) якiе вымушаны былi зъехать за лепшай долей нi толькi у блiзкае замежжа , а i у далекае? Трэба працаваць нi толькi з Беларусамi, якiе зараз пражываюць у Беларусi, але i з Беларусамi замежжа. Калi апошнi раз збiралiсь на сход Беларусы замежжа и жыхары Беларусi? Жыве Беларусь!

Бяз тэмы Аўтар: суботнiцкi дзяцюк 2017-01-20

Дарагi мой Зянон, як жа я цябе паважаю!

Беларусь Аўтар: журботны 2017-01-21

Беларусь = гэта і ёсьць Літва = і гэта і ёсьць Крывія таксама. Вось і ўсё. Гэта тоесныя паняцьці. Яны павінны аб'ядноўваць нас, і калі гэта так, то мы на правільным накірунку.

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА Аўтар: Алесь 2017-01-31

Белорусский общественный деятель и учёный начала 20 века, закончивший Пражский университет, Т. Грыб писал:

"Надо иметь в виду при этом и отличие между Литвинами (старожитными Лютичами, Велетами или Волотами) и жмудинами. Особенно теперь, когда жмудины, приняв древнее наименование Литва, стремятся завладеть и историческим содержанием этого слова - историческим прошлым белорусского народа..."

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Пачатак канца (відэа)
“Ня трэба перабольшваць іхнія разумовыя здольнасьці…”
Прагрэс у змаганьні за ўкраінскую мову
Зянон ПАЗЬНЯК: Лепшае наперадзе