змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

"Баёў завадатар... ліцьвінка Эмілія Плятэр!"

23 сьнежня 1831 г. сышла з жыцьця Эмілія Плятэр – беларуская Жанна Д'арк. Менавіта так называлі гэтую беларускую дзяўчыну эўрапейскія сучасьнікі.

Пражыўшы ўсяго 25 год, Плятэр назаўжды пакінула ў гісторыі Эўропы яркі, адважны і гераічны сьлед, натхніўшы не аднаго мастака на стварэньне прысьвечаных ёй твораў.

Нарадзілася Эмілія Плятэр 13 лістапада 1806 г. у Вільні. Атрымала выдатную хатнюю адукацыю. Як сьведчылі яе сучасьнікі, Эмілія заўсёды ўсёй душой імкнулася да беларускага Народу, яго культуры і мовы.

Жывучы на Віцебшчыне ў сваякоў, Плятэр зьбірала і апрацоўвала беларускія народныя песьні. Віртуозна валодала жанрам галашэньняў, выконвала на фартэпіяна народныя мэлёдыі, захаплялася беларускай харэаграфіяй, сама танцавала народныя танцы. Спрабавала пісаць беларускія вершы, у тым ліку стылізаваныя пад народныя галашэньні.

Удзельнік Паўстаньня Каліноўскага Максімільян Маркс так апісваў Эмілію Плятэр: "Яна, бадай, не памылюся, першая з запалам, уласцівым чуламу і шляхетнаму сэрцу аддалася душой беларускаму люду, добра бачыла яго бяду і спачувала яму, намагаючыся як толькі было можна, аблегчыць долю. Яна збірала і спявала беларускія народныя песні, штодня плаціла тым, хто ёй напяваў іх. Слухаючы гэтыя песні, сама спрабавала складаць нешта ім падобнае. На фартэпіяна яна ўмела вельмі выразна перадаць і зухаватасць, і тугу народных матываў, і нават тэмбр сапрана-жалейкі і баса-дудкі".

У лістападзе 1830 г., калі Эміліі Плятэр было ўсяго 24 года, на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага выбухнула магутнае антырасейскае паўстаньне. Будучы ўсёй душой з беларускім Народам і яго культурай, Эмілія не магла застацца ў баку барацьбы за яго Волю, і ўжо ў сакавіку 1831 г. Плятэр разам са сваем сваяком арганізоўвае і ўзначальвае паўстанцкі атрад. Складаўся атрад з 280 стралкоў, 60 коньнікаў ды некалькіх соцень касінераў. Сярод паўстанцаў было нямала беларускіх дзяўчат.

Пад камандваньнем юнай, але адважнай і мужнай, беларускі Эміліі Плятэр паўстанцкі атрад рашуча разьбіваў маскоўскія войскі і здабываў перамогу за перамогай. Так, 30 сакавіка паўстанцы разьбілі расейскі аддзел каля паштовай станцыі Даўгелі. 2 красавіка адбыўся бой з ахоўнай часткай генэрала Шырмана, потым — бой пад Уцянай і 4 красавіка захоп мястэчка Езяросы.

За сьмеласьць і рашучасьць у баявых дзеях камандаваньне паўстанцкімі сіламі прызначыла Э. Плятэр ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіла ёй званьне капітана. У ліку іншых паўстанцкіх груповак атрад браў удзел у бойках супраць расейскіх войск (пад Радзівілішкамі, Вільняй, Шаўлямі і ў іншых месцах).

Юная беларуская дзяўчына сваёй адважнасьцю натхняла паўстанцаў на пераможнае і самаадданае змаганьне за Волю.

Але сілы паўстанцаў і войска Расейскай імпэрыі былі няроўныя. Імпэрыя кінула супраць паўстанцаў сотні тысячаў салдатаў. Народны выбух крывава душылі расейскія карнікі.

Пасьля адыходу корпусу, у якім змагаўся атрад Эміліі Плятар, у Прусію, яе атрад спрабаваў дабрацца да Варшавы... 23 сьнежня 1831 г., ад цяжкіх раненьняў, атрыманых у баях, Эмілія Плятэр памерла.

Вобраз 25-ці гадовай мужнай і адважнай змагаркі, аддаўшай жыцьцё за Волю свайго Народу, натхніў не аднаго эўрапейскага паэта, мастака і пісьменьніка. У Францыі Эмілія Плятэр атрымала славу "беларускай Жанны Д'арк".

Свой верш нашай славутай зямлячцы прысьвяціў і знакаміты беларускі паэт Адам Міцкевіч:

 

"Сьмерць палкоўніка"

На палянцы зялёнай, між думных бароў,

Дзе пад клёнам хацінка старая,

Бы застыў у зняменні атрад ваяроў:

Іхні там камандзір памірае.

 

Людзі з вёсак збіраюцца тут, ля варот.

Ён, палкоўнік, быў слаўны, няйначай,

Раз яму спагадае так просты народ,

Пра яго ўсё пытае ды плача.

 

Вось палкоўнік каня асядлаць загадаў

І прывесці бліжэй да парога.

Перад смерцю яшчэ раз хоць глянуць жадаў

Ён на друга свайго баявога.

 

Загадаў свой прынесці паходны мундзір,

Свой кінжал, зброю, пояс стралецкі.

Ён хацеў і з рыштункам сваім, камандзір,

Развітацца, як колісь Чарнецкі.

 

А калі ўжо ад хаты каня адвялі,

Ксёндз туды увайшоў з панам Богам.

Людзі з вёсак маліцца хутчэй пачалі,

Ціха ўкленчыўшы перад парогам.

 

Спалатнеўшы, паўстанцы стаялі ў дзвярах.

Нават воі Касцюшкі былыя,

Што прайшлі ўсе агні, агрубелі ў баях,

Слёз сваіх не хавалі, сівыя.

 

Раным-рана ў капліцы званіць пачалі.

Ды хаваць камандзіра жаўнеры

Не змаглі: наляцелі якраз маскалі...

У капліцы для ўсіх - насцеж дзверы.

 

Там ляжаў ён на лаве - ў спакоі чало.

У руках яго - крыж, збоч - нягнуткі

Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі - сядло.

Люд дзівіўся: такі маладзюткі!

 

Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі...

Хто ж мог знаць, што баёў завадатар

Быў... дзяўчынай! Была - слёз не трэба, жанкі -

То ліцвінка Эмілія Плятэр!

(Пераклад – Кастусь Цвірка)

 

Эмілія Плятэр

«Эмілія Плятэр на чале касінераў у 1831». Карціна Я. Розэна.

 

Слава беларускай Нацыі! Слава беларускім Героям!

Мікіта Літвінаў / 23-12-2013
Слава Героям! Паўстаньне 1831 г. Эмілія Плятэр
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: Гамяльчук 2013-12-24

У вызваленай Беларусі гераіне Эміліі будуць пастаўлены помнікі. Будзе адноўлена народная справядлівасьць. Сабачыя косьці маскальскіх агрэсараў будуць дагніваць у нашай зямлі.

Наша Эмiлiя - гэта наша лiцьвiнабеларуска. Аўтар: Каваленка 2013-12-24

Маскалi зараз распрацоуваюць плян перайменавання лiцьвiнабеларускi y жмудзiнапoльску. Бо калi няма героя у нацыi, то i няма нацыi. А "нашыя" "гicтокi" потым будуць часаць макушку i казаць, што нельга нам казаць беларускую прауду.

Эмілія Плятэр Аўтар: Дрыгант 2013-12-24

Прыйдзе час калі ў імя гераіні Эміліі Плятэр па ўсей Беларусі паставяць помнікі і выдадуць яшчэ сотні твораў мастацтва. Памяць пра яе ніколі не зьгіне ў нашым народзе.

Слава нашай гераіне Эміліі Плятэр!

Слава Беларусі-Вялікаму Княству Літоўскаму!

Бяз тэмы Аўтар: Аляксей 2013-12-24

Слава Героям!

Эмілія Плятэр Аўтар: Раман 2013-12-25

Беларуская зямля даўно чакае помнікаў сваёй слаўнай дачцэ. Мы гэта зробім пасьля вызваленьня! Але ўжо зараз трэба казаць беларусам пра іх забітых й забытых герояў й рабіць макеты іх помнікаў, пісаць кнігі пра іх.

Бяз тэмы Аўтар: jhjkl 2013-12-25

даволі цікавы артыкул, заадно і верш Міцкевіча прыгожы пачытаў

Бяз тэмы Аўтар: беларуска 2013-12-25

Дзякуй "Перамозе" за артыкул.Толькі тут я магу знайсьці праўду пра нашу мінуўшчыну,пра нашу слаўную гісторыю.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: