змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Аркадзь Бабчанка: Буду ваяваць супраць вас

Мне прыйшло мабілізацыйнае прадпісаньне. Зьявіцца ў ваенкамат па адрасе. Ажно холадам дыхнула. Як успомніш, так здрыганешся. Стаіш, глядзіш на гэтую паперку, успамінаеш, як твой эшалон спыніўся на рэйках у Маздоку, а побач, на суседніх рэйках стаяў эшалон з распляжанай тэхнікай АДТУЛЬ, і мы глядзелі на яго ва ўсе вочы, на гэтую разарваную, раскурочаную нейкай неверагоднай, нечалавечай сілай браню, зь якой яшчэ не была змыта кроў забітых у ёй людзей, прыкусіўшы адразу свае сьмяшкі і гераічнае натапырваньне пер’я, і гэта было па-сапраўднаму страшна, упершыню ў нашых кароткіх жыцьцях сьмерць глядзела на нас вось так вось у вочы, блізка, з суседніх рэек.

А потым нас прывезьлі на ўзлётку ў Маздоку, і там побач ляжалі нейкія дзіўныя чорныя мяхі. Іх прывозілі круцёлкі адтуль, з-за хрыбта, куды везьлі нас, выгружалі, а потым у гэтыя самыя круцёлкі загружалі нас і везьлі туды. І мы доўга не маглі зразумець, што гэта за чорныя пластыкавыя мяхі. А потым мы зразумелі…

І неяк зараз я вельмі рады, што я цяпер тут, а гэтая позва – там.

Таварыш ваенком. Я ў вашыя гульні нагуляўся ўжо тады. У дзевяноста шостым. І потым яшчэ раз. У дзевяноста дзевятым. А потым яшчэ ў дзьве тысячы восьмым. І ў дзьве тысячы чатырнаццатым.

Я служыў у вашай арміі два разы. І я вам больш нічога не вінаваты. Ні вам, ні Радзіме, ні дзяржаве, гэтаму цудоўнаму народу. Нікаму і нічога.

Усе вашы кірзачы, падштаньнікі і анучы я вярнуў вам яшчэ дваццаць гадоў таму.

Наадварот, гэта вы мне дагэтуль вінаватыя. Вінаватыя чатырыста даляраў, вылічаныя вашымі начфінамі за выдадзеныя мне бушлат, штаны і каску, якія былі пашкуматаны і выкінуты мною ў Грозным, а па нормах матар’яльнага забесьпячэньня павінны былі праслужыць два гады, і Радзіма спісвала ў сваіх жаўнераў па чатырыста баксаў за штаны. Вінаватыя за набор хранічных хваробаў, якія я лекаваў за свае грошы і часам лякую дагэтуль. За тыя жоўтыя пігулкі, якія я піў на прыёмах у псіхатэрапэўта, калі спрабаваў прыглушыць свой сіндром посткамбатанта. За маці, якая састарэла адразу гадоў на дваццаць, якая езьдзіла за мной туды, начуючы на блок-пастарунках, і ўсё бачыла на ўласныя вочы. За тое, што я так дагэтуль і не магу пачаць займацца ўласным жыцьцём, зарабляць грошы і наладжваць сваю будучыню, таму што вы, бл.дь, усё пнецеся і пнецеся да іншых. Усё забіваеце і забіваеце.

Не, я не пярэчу, пайсьці яшчэ два месяцы прабухаць у казарме з натоўпам такіх жа партызанаў – гэта, зразумела, весела. Але ўсе гэтыя прыколы я ўжо ведаю. Я ўсе іх прайшоў. А потым дваццаць гадоў займаўся тым, што спрабаваў здабыць пакінутым Радзімай інвалідам-жаўнерам вазкі, мыліцы, акуляры, гемадыяліз, апэрацыю, потым я бадзяўся па чарговых распаленых вамі войнах, потым я пісаў пра новыя трупы і новыя гемадыялізы, і я ўжо да такой ступені ванітую ад адной думкі пра вашыя кірзачы, што ўвесь гэты ваш вясёлы тэатр мяне ўжо не цікавіць абсалютна.

Але. Адно “але” я ўсё ж хачу сказаць.

Так, безумоўна.

Я лічу, што мужчына ня можа застацца ў баку, калі ягоная краіна захварэе вайной.

Таму давайце пакінем гэтыя курсы перападрыхтоўкі машыністак і пяройдзем адразу да справы.

Я вам клянуся – калі Расея ўвяжацца ў новую вайну, і захоча зноў убачыць на гэтай вайне мяне, я ня буду бегаць па закутках і абавязкава, у першых шэрагах запішуся ў дзейсную армію. У дабраахвотнікі.

У “Правы сэктар”.

У Кіеве.

Бо, калі мне ўжо і давядзецца ваяваць яшчэ раз, то цяпер я абсалютна дакладна буду ваяваць супраць вас…

Гэта не вымушанае рашэньне пад ціскам абставінаў – гэта мой усьведамлены выбар.

Я ня ведаю, як складзецца маё жыцьцё і дзе я апынуся заўтра, ці ў Чэхіі, ці ў Ізраіле, ва Украіне, але я вам клянуся – я ў гэтым ужо ні на сэкунду не сумняваюся – пасунецеся ў Чэхію ці зноў ва Украіну, я пастараюся прыкласьці ўсе магчымыя намаганьні, каб запхнуць вас назад. І зрабіць гэта максімальна балюча – каб запомнілася максімальна надоўга.

Са шчырым бандэраўскім прывітаньнем, камандзёр разьліку АГС-17, гвардыі старшына Бабчанка.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: Фэйсбук.

/ 19-05-2017
Расея Вайна Аркадзь Бабчанка
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: Макс 2017-05-19

Палезуць -- дамы адлуп гадам.

Бяз тэмы Аўтар: Сяржант 2017-05-19

Сапраўдная пазыцыя сапраўднага мужчыны.

Бяз тэмы Аўтар: БурБон 2017-05-19

Словы сапраўднага мужчыны

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
Пачатак канца (відэа)
“Ня трэба перабольшваць іхнія разумовыя здольнасьці…”
Прагрэс у змаганьні за ўкраінскую мову
Зянон ПАЗЬНЯК: Лепшае наперадзе