змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Андрэй Піянткоўскі: Ядзерны афшор Крамля

Упершыню мантра “Супрацоўнічайце з намі, інакш вас будуць працягваць падрываць!” была поўнамаштабна адпрацавана пуцінскай прапагандай і яе замежнай агентурай пасьля тэракту, зьдзейсьненага братамі Царнаевымі на Бостанскім марафоне. Любы амэрыканскі пракурор, журналіст, палітык, які пажадаў даведацца праўду пра тэракт Царнаевых, мог бы пераканацца ў тым, што “Бостанская выбухоўка ўжо даўно зараджана” (“Новая газета”, 27 красавіка 2013 года). Старэйшы Царнаеў, перш чым зьдзейсьніць тэракт, восем месяцаў бавіў у Расеі ў 2012 годзе пад дбайным кантролем ФСБ. Чалавек, які двойчы названы Масквой у перапісцы з Вашынгтонам ісламістам, не хаваючыся накіраваўся з ЗША ў Расею не ляснымі сьцяжынамі, а праз аэрапорт Шарамецева. Царнаеў ніколі не рашыўся б гэта зрабіць, калі б ня быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што ў Расеі ён будзе ў поўнай бясьпецы, што ён едзе да сяброў і куратараў, якія па-добраму накіруюць яго назад у ЗША на сустрэчу з лёсам.

Бостанская трагедыя адкрыла новую эпоху ў псіхафізычным узьдзеяньні крамлёўскіх апэратараў на заходні істэблішмэнт і заходняе грамадзтва. Замест спарадычных актыўных мерапрыемстваў была выпрацавана сістэмная, эмацыйна зараджаная канцэпцыя замбаваньня Захаду. З тае пары пасланьне “Супрацоўнічайце з намі, інакш вас будуць працягваць падрываць у вашых дамах і на вашых вуліцах!” рэгулярна пасылаецца з Масквы пасьля кожнага буйнога тэракту ў ЗША, Францыі, Нямеччыне. Што міенавіта Масква разумее пад тэрмінам “супрацоўніцтва”, даступна растлумачыў, напрыклад, знатны расейскі прапагандыст Сяргей Маркаў: “Трэба тэрмінова спыняць канфлікт Расеі і Захаду з-за Украіны. Хунту замяніць тэхнічным урадам, зьмяніць Канстытуцыю, выдаліць нэанацыстаў. Кіеўская хунта – гэта адна з галоўных перашкод для сумеснай барацьбы ЗША, ЭЗ і Расеі супраць тэрарыстаў”. Пасьля тэракта ў Францыі адзін калега Маркава пашкадаваў: ён ня ўпэўнены, што аднаго тэракта ў Парыжы хопіць для пачатку размовы з Пуціным. А Дзімітры Медведев наўпрост заявіў на сваёй прэс-канфэрэнцыі: тэракты ў ЭЗ і астатнім сьвеце адбываюцца з тае прычыны, што краіны Захаду трымаюць курс на ізаляцыю Расеі.

Крэмль адкрытым тэкстам прапануе Захаду “дах” ад далейшых тэрактаў – але, зразумела, на сваіх жорсткіх умовах. Тое, што Масква мае агентуру і валодае пэўным уплывам у джыхадзісцкіх структурах, даўно не сакрэт. Гэта і людзі, завэрбаваныя яшчэ КГБ па лініі нацыянальна-вызвольных рухаў, і садамаўскія афіцэры, што вучыліся ў СССР і складалі частку кадравага касьцяка “Ісламскай дзяржавы”, і маладыя парасткі каўказкіх ваяроў Алаха, якіх дбайна забясьпечвае ФСБ расейскімі замежнымі пашпартамі і накіроўвае на Блізкі Усход. Сутнасьць “супрацоўніцтва”, якое дакучліва навязвае Крэмль Захаду, фармулюецца крайне шчыра: новая “Ялта”, падзел сфэраў уплыву, прызнаньне выключнага дамінаваньня Масквы на тэрыторыі былога СССР.

Постсавецкая прастора павінна заставацца пад братнім кантролем Крамля, каб ніводная зь яе краін ня здолела вырвацца з посткамуністычнага ланцуга і тым самым стала б крайне непажаданым прыкладам для грамадзян Расеі. Захад павінен быць да такой ступені запалоханы, зваблены, разбэшчаны, каб ня толькі не падтрымліваў уцякачак (Грузію, Украіну), але пад канвоем вяртаў бы іх назад у зону прывілегіраваных інтарэсаў расейскай клептакратыі. Такімі ёсьць мэты абвешчанай Крамлём Захаду гібрыднай Чацьвертай сусьветнай вайны і сфармуляваныя ім жа ўмовы капітуляцыі Захаду. Пуцін у 1999 годзе пайшоў па падрывы дамоў у Расеі, каб прысьці да ўлады. Пуцін з Бортнікавым у 2012 годзе паслалі Царнаева-старэйшага ў ЗША, каб даходліва пераканаць амэрыканцаў у думцы аб неабходнасьці “супрацоўніцтва” з Крамлём.

Адміністрацыя Барака Абамы, якая цудоўна ведае пра абставіны бостанскага тэракту, не насьмелілася зірнуць праўдзе аб яго арганізатарах у вочы і адказаць на выклік, бо надта пачварнай была гэтая праўда і надта адказных высноваў яна патрабавала. Асноўнай мэтай крамлёўскай апэрацыі “Трампнаш”, якая адбылася потым, было пасадзіць у Авальным кабінэце карыснага буржуазнага ідыёта, гатовага паўтараць: “We need Russians. Нам патрэбныя расейцы для сумеснай барацьбы зі ісламскім тэрарызмам”.

Аглушальны посьпех Трампа парадаксальна стаўся каласальным правалам Крамля. На Лубянцы зусім не разумелі і дагэтуль не разумеюць палітычнага ладу ЗША. Злучаныя Штаты – разьвітая дэмакратыя са шматузроўневай сістэмай стрыманьня і супрацьвагаў. Перамога Крамля аказалася піравай. Супраціў прапуцінскім сымпатыям Трампа абазначыўся ад самага пачатку, а ягоныя дагодлівыя ў адносінах да Пуціна паводзіны на іхняй першай сустрэчы ў Гамбургу, падобна, сталі апошняй кропляй для амэрыканскага палітычнага істэблішмэнту.

Прыняты амаль адзінагалосна Кангрэсам і крайне неахвоча падпісаны Трампам 2 жніўня закон аб санкцыях супраць Расеі – гэта абвяшчэньне па-за законам усяго расейскага палітычнага кіраўніцтва, якое акумулюе ў Злучаных Штатах свае багацьці. Фінансавай выведцы ЗША даручаецца на працягу 180 дзён выявіць усе актывы, што належаць вярхушцы расейскага кіруючага класа, і абнародваць гэтыя дадзеныя. Пасьля чаго будуць прыменены дзейсныя ў ЗША законы па барацьбе з адмываньнем капіталаў, нажытых злачынным шляхам. Гэта прынцыпова новы характар адносінаў ЗША з пуцінскім рэжымам.

У гібрыднай сусьветнай вайне вызначыўся выразны пералом. Ніякай “Ялты” не прадбачыцца. Пятля санкцый, уключна з канфіскацыяй “пуцінскага трыльёна”, зашморгваецца на шыі крамлёўскіх клептакратаў. Трэба тэрмінова мяняць дынаміку паводзінаў. І Пуцін як азартны гулец кідае на кон новую карту: на сцэне зьяўляецца Ягоная Шляхетнасьць Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі генэрал арміі Анатоль Іванавіч Антонаў (уключаны ў санкцыйныя сьпісы ЭЗ, Украіны, Канады). Задача Ягонай Шляхетнасьці – рэзка павысіць узровень палітычнага шантажу. Цяпер пан амбасадар будзе прымушаць краіну знаходжаньня да “Ялты” і да гарантый недатыкальнасьці крамлёўскага абшчака ўжо не пагрозай ядзернага апакаліпсіса ў амэрыканскіх мэгаполісах. І, зразумела, усё ў тым жа духу канструктыўнага супрацоўніцтва, агульных інтарэсаў, высакародных традцый антыгітлерскай кааліцыі – з нашай агульнай гісторыі вы павінны памятаць, як падчас Другой сусьветнай вайны мы аб’ядналіся супраць фашызма.

У двух сваіх дэбютных выступах: на сустрэчах у  World Affairs Council у Сан-Францыска 29 лістапада і ў Стэнфардскім унівэрсітэце 1 сьнежня таварыш генэрал навязьліва прадаваў амэрыканскай аўдыторыі ўплыў Масквы на паўночнакарэйскае кіраўніцтва, зноў і зноў вяртаючыся да думкі аб тым, што без садзейнічаньня Расеі ЗША ня здолеюць забясьпечыць сябе ад паўночнакарэйскай ядзернай пагрозы: “Расея зьяўляецца сталым членам Рады Бясьпекі ААН і другой буйнейшай ядзернай дзяржавай. Мы гатовыя запрапанаваць сваю дапамогу ў перамовах з КНДР, бо таксама занепакоены растучым ядзерным патэнцыялам Паўночнай Карэі. Таксама мы можам дапамагчы ЗША ў барацьбе зь “Ісламскай дзяржавай”.

Ну, што тычыцца ўплыву Масквы на Пхэньян, то хто б сумняваўся! Пуцін асабіста выступае на міжнароднай арэне нястомным лабістам ракетна-ядзернай праграмы Кім Чэн Ына. З кожным новым узьлётам паўночнакарэйскай тэхналагічнай думкі ў экспэртаў застаецца ўсё менш сумневаў у расейскім забесьпячэньні імклівага прагрэсу Пхэньяна апошніх гадоў. Афіцыйнае рассьледваньне крамлёўскага ракетна-ядзернага сьледу праводзіцца зараз у Кангрэсе ЗША. Але ці не адхінуцца кангрэсмэны ад высноваў уласнага рассьледваньня, як гэта зрабілі іхнія калегі тры з паловай гады таму пасьля іхняга візыту ў Маскву па сьлядах бостанскага тэракта? Дарэчы, аб скандальных абставінах таго візыту шмат мог бы расказаць тадышні амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол. Той самы, што арганізаваў каліфарнійскі ваяж Антонава, прадстаўляў яго ў Стэнфардзе і, калі верыць расейскім крыніцам, прасіў таварыша генэрала паспрыяць зьняцьцю зь яго, Макфола, які сумуе па Маскве, несправядлівых крамлёўскіх санкцый.

Лубянская апэрацыя “ядзерны афшор” зьяўляецца па-свойму геніальнай. Падклаўшы амэрыканцам міжкантынэнтальнага вожыка ў штаны, Масква праз 55 гадоў пасьля Карыбскага крызісу зноў расставіла на дошцы фігуры прайгранай ёю тады партыі, але гэты разам у значна больш моцнай для сябе пазыцыі. Яна ж не нясе цяпер ніякай адказнасьці за дзеяньні свайго ядзернага афшору, яна можа толькі велікадушна прапанаваць ЗША сваю дапамогу. На пэўных умовах, зразумела. Першай заявай Джона Кэнэдзі ў дні крызісу былі словы: “У адказ на ядзерны ўдар з тэрыторыі Кубы ЗША нанясуць поўнамаштабны ядзерны ўдар па СССР”. У Хрушчова ж не хапіла тады нахабства адказаць: “Мы гатовыя запрапанаваць вам нашу дапамогу, пан прэзыдэнт, у перамовах з Кубай, бо таксама занепакоены яе растучым ядзерным патэнцыялам”.

Андрэй Піянткоўскі

Пераклад з расейскай.

Крыніца: https://www.svoboda.org/a/28913420.html

/ 24-12-2017
ЗША Расея Захад Тэрарызм Тэрарысты Трамп
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: С.Р. 2018-01-14

Спачуваньні.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: