змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

АБАРОНІМ КУРАПАТЫ І ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ!

(Красавіцкі Сойм 2017 г. Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

9 красавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Народ адзіны. Нельга йсьці за правакатарамі канфлікту” (публікуецца). З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўца прааналізаваў наступствы падзей апошняга часу. Беларускае грамадзтва ўбачыла, зь якой нянавісьцю, як зьняважліва ставіцца прамаскоўскі рэжым да беларусаў. Людзі выйшлі на мірнае сьвяткаваньне свайго найвялікшага сьвята – Дня Волі, а рэжым кінуў на іх паліцэйскія сілы, прадэманстраваў сваю брутальную антычалавечую сутнасьць. Цяпер мільёнам людзей канчаткова зразумела, што ў Беларусі існуе рэжым акупацыі, кіруемы антынацыянальнымі коламі, які ня мае нічога агульнага з законнасьцю, Канстытуцыяй і самой нашай дзяржавай. Людзі ў адкрытую і без страху кажуць, што рэформы і прагрэсіўнае разьвіцьцё магчымыя толькі пасьля адхіленьня ад улады тых, хто выконвае палітычную волю і абслугоўвае эканоміку чужой дзяржавы, толькі пасьля ўсталяваньня ў нашай краіне беларускай дэмакратычнай улады.      Грамадзтва адчула, што ў сакавіцкія дні адбыўся выразны пералом у сацыяльна-палітычным жыцьці – беларусы перасталі баяцца рэжыму і прызналі неабходнасьць нацыянальнай кансалідацыі і змаганьня за вызваленьне Айчыны. Ідэя разьвіцьця руху “Вольная Беларусь” зьяўляецца вельмі своечасовай. Наша задача – пашыраць гэтую ідэю, гуртаваць грамадзтва пад нашым сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Групы падтрымкі павінны ўзьнікнуць па ўсёй краіне. Менавіта разгортваньне магутнага шырокага палітычнага руху – Беларускага Народнага Фронту – дазволіла нашаму народу перамагчы камунізм і аднавіць сваю незалежную дзяржаву. Іншага шляху невідаць і цяпер.

Таксама выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра абурэньне людзей дзікімі дзеяньнямі рэжыму супраць мірных грамадзян у сталіцы і іншых гарадах. Нават такая кансэрватыўная частка грамадзтва, як настаўніцтва, не маўчыць, а рэзка асуджае расправы і арышты. Ніхто ўжо не называе гэтую ўладу сваёй, беларускай.

Сябры Сойму выказалі заклапочанасьць планамі рэжыму разгарнуць “будаўніцтва дзяржаўнага мэмарыялу” у Курапатах. Мэмарыял там ужо ёсьць – Народны Мэмарыял, створаны за апошнія 20 гадоў нашым народам у адпаведнасьці з нашымі нацыянальнымі, культурнымі і рэлігійнымі традыцыямі. Усе гэтыя гады антыбеларускі рэжым рабіў спробы зьнішчыць, абылгаць памяць ахвяраў, пахаваных у Курапатах, разбурыць крыжы на магілах пакутнікаў. І вось цяпер рэжым са сваёй “арганізацыяй” РПЦ зьбіраецца акупаваць Курапацкую сьвятыню і прыступіць да  зьнішчэньня крыжоў і магіл расстраляных.

У людзей выклікае агіду рэжымная заява аб тым, што ў Курапатах “будзе помнік прымірэньня і яднаньня ўсіх”. Ня можа быць “прымірэньня і яднаньня” фашыстоўскага СС з ахвярамі фашызму і маскоўска-бальшавіцкага НКВД з ахвярамі расейскага тэрору. Тым больш, што ў справе расейскага тэрору і арганізаванага Масквой генацыду беларускага народу яшчэ не было трыбунала, а пры ўладзе знаходзяцца спадчыньнікі і прадаўжальнікі справы забойцаў, і яны кіруюцца камандамі з таго ж цэнтру – імпэрскай Масквы.

Сябры Сойму прышлі да высновы, што маскоўска-рэжымная правакацыя ў Курапатах павінна стацца нагодай для кансалідацыі нашага грамадзтва і агульнай мабілізацыі патрыётаў на абарону сьвятыні. Па ўсёй краіне людзі зьбіраюцца ехаць у Менск, каб далучыцца да абаронцаў. Якраз абарона дазволіць распаўсюдзіць і ўмацаваць гарызантальныя структуры руху “Вольная Беларусь”. Беларусы павінны разглядаць абарону Курапатаў як першы крок да агульнанацыянальнага змаганьня за вызваленьне Беларусі.

Сойм абмеркаваў і ўхваліў дакуманты, якія неўзабаве будуць апублікаваны.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

9 красавіка 2017 г.

Інфармацыйная камісія БНФ “Адраджэньне” і КХП–БНФ / 13-04-2017
КХП-БНФ Курапаты Народны Фронт БНФ Змаганьне Барацьба Сойм КХП-БНФ Вольная Беларусь
Абмеркаваньне
Бяз тэмы Аўтар: Гамельчук 2017-04-13

І мы зьбіраемся ехаць у Менск бараніць Курапаты. Гадам не дазволім разбурыць сьвятыню.

Бяз тэмы Аўтар: Scooter 2017-04-14

Хутчэй за ўсё такая раптоўнасьць і пасьпешлівасьць з "дзяржаўным мемарыялам" робіцца як чарговы этап "зачысткі" нацыянальных сілаў перад восеньскім уводам маскоўскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі (папярэдні этап быў на Дзень Волі). Задума Масквы прымітыўна простая - выявіць і нэўтралізаваць (пасадзіць) абаронцаў Курапатаў, якія маглі б аказаць супраціў маскоўскай інвазіі ў Беларусь...

І ня трэба залічваць мяне ў правакатары і г.д. (тыпу хачу адбіць жаданьне ў людзей абараняць Курапаты). Я думаю, што для Лубянкі што "правільныя", што "няправільныя" змагары за незалежнасьць Беларусі - ўсе аднолькава дрэнныя. У дадзеным выпадку гэбня разьлічвае на тое, што патрыёты не змогуць не прыйсьці на абарону Курапатаў, а значыць, паводле яе задумы, гэтых патрыётаў можна будзе пахапаць (як яна спадзяецца)... Інакш навошта гэты аўрал з "мемарыялам" перад маскоўскімі гэтак званымі "вучэньнямі"?

Бяз тэмы Аўтар: Абаронца 2017-04-16

Аўрал з псэўдамэмарыялам зьвязаны з наступным: Масква, наступаючы на Беларусь, хоча зьнішчыць-ліквідаваць галоўны "вешчдок", сьведчаньне свайго жудаснага злачынства на беларускім народзе. Маскве трэба выставіцца культуртрэгерам, цывілізатарам, носьбітам дабра і справядлівасьці. Але патрыёты перакуляць паскудства.

адказ Скутэру Аўтар: Anielka 2017-04-17

Рэжым ужо "выявіў" і "занатаваў", каго хацеў на бязглуздых прагулках апазыцыі пад кіраўніцтвам (вочным і завочным) правакатара Статкевіча. Так што абарона Курапацкай сьвятыні тут ужо нічога рэжыму не дадасьць. Ну і потым -- нельга ўсё жыцьцё хавацца, калі рэжым зьнішчае краіну. Усяроўна ўрэшце рэшт цябе -- які так добра хаваўся -- знойдуць акупанты і павалакуць зьнішчаць. Тады ўжо позна будзе супраціўляцца. 1930-я гады таму прыклад. Таксама мільёны людзей спадзяваліся прыстасавацца за маскальскай акупацыі, пражыць спакойна, крыўды нікому не зрабіць, пераседзець. І апынуліся ў Курапацкіх магілах.

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: