змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

Аб’ява на слупе: “Приехали из России!”

Апошнім часам на абшарах самага дэмакратычнага віда інфармацыі – на слупах і платах – назіраецца проста рэвалюцыйная зьява. Калі раней у нашых гарадах навязьліва стракацелі дадзыбао з заклікамі “Работа в России! Высокие зарплаты. Хорошие условия”, то цяпер пачынаюць зьяўляцца ў вялікай колькасьці іншыя тэлеграфныя радкі з частым ужываньнем клічнікаў. Прыводзім прыклад нейкай пасіянарнай (і, можна сказаць, сярэднестатыстычнай) Міланы.

Яна хоча набыць кватэру ў Менску. Прычым ёй гэта так закарцела, што проста ніяк. І грошы ў іх “на руках”, і на ўсё яны гатовыя… Расейка чамусьці мяркуе, што прызнаньне ў паходжаньні павінна выклікаць у беларусаў шырокую амплітуду пачуцьцяў: ад афіцыёзнага “гонару за саюзную дзяржаву, мову і гісторыю” да больш інтымных сэнтымэнтаў кшталту “мыжебратья-Крымнаш-огниМосквы”. Прайшла ўсё ж пагалоска ў Масковіі, што беларусы схільныя да спачуваньня пакрыўджаным і пацярпелым. І забыліся яны, што паспачувалі б нашы людзі сапраўды нейкім няшчасным, напрыклад, на заклік “Мы з Сірыі! Нас разбамбілі расейскія самалёты…”

І што ж гэта здарылася? Як казаў Чабурашка пра пуцінізм: “Мы строили-строили и наконец построили!..” Раптам аказалася, што жыць у гэтай навабудоўлі немагчыма нават тады, калі ты не паклоньнік Навальнага. На Захад ужо не прарвешся, там пасьля дотыку да пашпарта РФ людзі рукі мыюць. І вось застаўся апошні прытул для будаўнікоў пуцінізма, дзе цяперашнім “дэ-юрэ” яны прыроўнены ў правах з беларусамі. А колькі было хіхіканьня і кпін нават у іхніх інтэлігенцкіх колах: “да вы не государство, и нации такой нет – белоруссов!..”

Цікава, а сярэднестатыстычная Мілана як зьбіраецца існаваць у нашай краіне? Можа “Русский мир” прадстаўляць? У казацкую форму апранецца? Сумняваемся, каб яна зацікавілася вывучэньнем беларускай мовы, засвойваньнем элемэнтарных правілаў беларускага этыкету. Практыка паказвае, што яны ўпэўненыя ў сваёй турэмнай псіхалогіі дамінаваць на зоне і кідаць «панты» (гэта зн. раздзьмувацца)

Далейшыя падзеі пакажуць, з чым зьвязаны такі нечаканы заплыў навыперадкі з Усходу. Вядома, што на працягу дзесяцігоддзяў пуцінізма расейскія асаднікі ў вялікіх колькасьцях засяляліся ў нашы гарады. Бальшыня зь іх былі дзьве катэгорыі: “людзі ў пагонах” і “бізнэсоўцы”. Тыя пра сябе на платы аб’явы не ляпілі. А цяпер вось чарга дайшла да сярмяжнай публікі, якая дзейнічае без імпэрскага прыкрыцьця.

Першыя сімптомы раскулачваньня капіталаў у розных слаях насельніцтва РФ ужо праявіліся. Крамлёўскаму кіраўніцтву выразна бракуе грошай для ўтрыманьня сваёй сістэмы. А зусім нядаўна ў Маскве адбылася інфармацыйная ўспышка. Людзі загаманелі аб тым, што крамлёўскія зьбіраюцца перавесьці валютныя рахункі кліентаў у банках з валюты ў рас. рублі. Ня трэба чытаць “Капітал” Маркса, каб зьлёту зразумець, што гэта будзе значыць. Калапс 1990-91 гадоў успомніўся адразу, а старэйшыя прыгадалі і хрушчоўскую “грашовую рэформу” 1961-га. Грошы ў руках дорогіх россіян раптам сталі гарачымі, і яны кінуліся ўкладаць іх у нерухомасьць. І вось жа як бывае, Беларусь стала прывабным полем для закопваньня сольдзі маскоўскіх бурацінаў.

Усё гэта ёсьць дадатковым штрыхом да абрыдлай усім эклектыкі нашага існаваньня. Кожная бяда, што здараецца ў Расеі, ломіцца ў нашы дзьверы. Абсурд стаўся нормай штодзённасьці. Здаецца, нічым ужо не зьдзівіш наш народ. Самае прыкрае ў гэтым усім – гэта штучная злучанасьць з расейскім імпэрскім паноптыкумам і ўсімі ягонымі антычалавечымі праявамі.

Алесь Хадасевіч / 26-08-2018
Расея Беларусь
Абмеркаваньне
РБ как регіоны Россіі, но только больше Аўтар: карэнны 2018-08-27

Панаехаўшыя за часы рэжыму аніяк ня хочуць вучыць беларусшчыну. Некаторыя ажно з 1991 так і не навучыліся зьвязаць два словы па-беларуску. Але часам іх логіку варта пачуць: “Беларусь это как регіоны Россіі, но только больше... Дорогіе россіяне, пріезжайте в Беларусь, белорусы говорят на русском і народ нам не чужой...”. Гэта па спасылцы:

https://youtu.be/0UX3pSJ1CRc

дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць:
ЗАЦЕМКІ ПРА ТВОРЧАСЬЦЬ МУЛЯВІНА І КУПАЛЫ
Галеча і шлях да вайны
Народнае адзінства: Дзюнкерцкі цуд (3)
Масква – “Трэці Рым”?